«Дзеяслоў» № 84 — вершы Законнікава, проза Бабкова, пераклады з Бадлера і Кульбака
У нумары — сучасная беларуская паэзія, «Віленскія казкі» Адама Глобуса, пачатак рамана Валерыя Казакова «Чорны кот», штрыхі да творчага партрэта рэпрэсаванага паэта 1930-х гадоў Змітра Віталіна ад даследчыка Віктара Жыбуля і многае іншае.
Паэзія ў нумары прадстаўленая, акрамя ўжо згаданай нізкі Сяргея Законнікава, творамі Міхася Скоблы, Леаніда Дранько-Майсюка, Аксаны Данільчык, Усевалада Сцебуракі і Кацярыны Сянкевіч.
Асобнай увагі вартыя пераклады: чытачоў “Дзеяслова” парадуюць проза Масея Кульбака ў перастварэнні Вольфа Рубінчыка, паэзія Шарля Бадлера і Таццяны Якавенка, агучаныя па-беларуску адпаведна Андрэем Хадановічам і Людмілай Паўлікавай-Хейдаравай.
З апавяданнем дэбютуе Вольга Мікалайчык, Ігар Бабкоў публікуе аповесць “Эва Дамініка: лінія фронту”, а Алесь Емяльянаў-Шыловіч — россып мініяцюр “Вокны”.
Эпісталярый — з электроннага ліставання Тацяны Сапач (заканчэнне), запісы Міколы Гіля (успаміны колішняга рэдактара “ЛіМ”а), эсэ Сяргея Чыгрына і Анатоля Астапенкі.
Крытыка — Леанід Галубовіч пра Марыю Вайцяшонак і Уладзімір Сівіцкі пра Алену Ігнацюк.
Завяршаецца нумар традыцыйным аглядам кніжных навінак.