* * *
я хацела б пераўтварыцца ў журавіну
або у кроплю вады
зліцца з ландшафтам
згубіцца ў лесе
застацца тут назаўжды
я хацела б зрабіцца разгубленай і бездапаможнай
згубіць квіток
пашпарт
забыцца на асцярожнасць
я хацела б развучыцца плакаць
наогул забыць што такое слёзы
зразумець як правільна і не балюча
але не заўжды выходзіць
бо проста інакш не можна
я хацела б зрабіцца ружовай або фіялетавай кветкай
такой якія растуць каля твайго дома
слухаць дзіцячы смех
вымяраць глыбіню дзён будаўнічай рулеткай
я хацела б сыходзіць
але заўжды да цябе вяртацца
размаўляць
бачыць
дакранацца
* * *
пахнуць валасы тваім домам
гэта як пропуск
pass
афіцыйны дазвол застацца
мы жывем вось так паміж маiм
i тваім айфонамі
і кожны раз як у апошні раз
часам здаецца што так і лепей
больш вастрыні ў пачуццях
больш змагання з сабой
ніхто з нас з табой для другога не лекар
ніхто не хоча як у Карнэліу Парумбою
колькі яшчэ засталося такой свабоды
дзе яе межы і што там пасля яе
я не магу змагацца супраць сваёй прыроды
я не магу больш глядзець у вочы твае
* * *
я не буду нічога аспрэчваць
вы зялёнае тонкае шкло
вы зялёная тонкая вечнасць
у нас з вамі ўсё прайшло
ўсё мінула, сышлі нават згадкі
бездакорныя, як караблі
у стракатых няўмелых латках
яны ціха так праплылі
пазнікалі за небасхілам
і не ўзышлі над зямлёй
мой харошы, мой слабы, мой мілы
не сыходзь і не будзь са мной
* * *
Бываюць такія дні ачышчальныя,
Калі ўсё становіцца крыху больш зразумелым.
Але не надоўга.
Галоўныя прыкметы такога стану:
Уседараванне,
Слёзы,
Любоў.
Часта яму папярэднічае катарсіс,
Развязка,
Кульмінацыя,
Зачын.
Я хачу ведаць прычыну.
Я хачу ведаць прычыну.
Яны хочуць быць ні пры чым.
* * *
Толькі што
сонца ў прорву нябёсаў садзілася.
Я садзілася табе на калені.
Сонца ўбачыла,
Пазайздросіла.
і таксама да цябе папрасілася.
* * *
В.
Кроплі вады падаюць з крана
Ў салатніцу з тоўстага чорнага шкла.
На кухні расце напруга паміж
Мной і маімі адзінотамі.
Я сёння зноў дахаты позна прыйшла
Адкладаць усё што можна й льга
На потым,
На потым.
Графік мой нявызначаны,
Расхрыстаны, раскіданы па кватэры
Без парадку,
Як вопратка ў халасцяка.
Ганюся за тэмпарытмам,
Паспяваю больш чым патрэбна.
І ўсё роўна
Вяртаюся да сябе,
Да свайго пачуцця
Сораму
І віна.
Белага сухога.
Колькі можна гэтага самападману?
Гэтая глухая мана
Не дае засынаць без турботаў.
Наш сусвет абмежаваны тваёй дадзенасцю.
Гэта як дыстанцыйнае навучанне плаванню,
Але спрацоўвае.
Я плыву да цябе,
Прытанцоўваючы.
Я вучуся трымацца нязмушана
На безыменнай глыбіні
Нашаакіянскай упадзіны.
* * *
В.
Крыкма крычу тваё імя, кароль мой.
Птушкай з’яўляюся ў тваіх відзежах.
Рукі трымаю напагатове, каб
Перад табой зняць усю адзежу.
Прывід, фантом, ураган надзеі,
Радасць мая і загадка стагоддзя.
Як апісаць – хто ты ёсць, дзе ты,
Феномен, якога няма ў прыродзе.
Грукаю ў шыбы, прыкусваю вусны,
Ведаю – з гэтага нешта будзе.
Шэптам раскажаш мне ўсё сакрэты,
Схіліш свой голаў мне ціха на грудзі.
* * *
В.
Я кахаю пакуль толькі тых,
Хто аддае мне ўсё,
Але ніколі не знаходзіцца побач.
Хто памятае мой кожны дотык,
мой кожны ўздых.
І пакідае пасля сябе радасць і горыч.
У гэтых драўляных сказах –
Уся сутнасць усіх маіх
Былых
Дасягненняў,
Позіркаў,
Вершаў,
Аргазмаў.
Гэта не дні, гэта арыгамі,
Макет,
Схема прыблізнай вайны
Паміж мной
І фантомамі
З гэтай гіпертрафіраванай чайханы
У абстаноўцы
Інтэрактыўных стразаў.
Гэта не я,
Не я.
Я – ляжу на беразе мора
І дачытваю Джойса
Нарэшце
З дваццатай спробы.
Промні сонца лашчаць
Выгін маёй мускулістай спіны,
І юрлівы позірк мужчыны,
Не дазваляе маны,
І прабірае мяне да нутробаў.