АДНОСНА ЭВАЛЮЦЫЙНАЙ ТЭОРЫІ
І ПАХОДЖАННЯ ЧАЛАВЕКА
Пад уплывам Огдана Нэша
дурны мужык як варона
а я не мужык я – баба ягоная
і як прадстаўнік законны
паловы маёй дурной гаротнай
не ўважаючы твары й іконы
заяўляць мушу безапеляцыйна й грунтоўна:
колькі б часу ні мінула з гадзіны чорнай
калі з адамава цела зрабілі іншую персону
эксперты сцвярджаюць што з таго часу арганізм ягоны
больш за ўсё адчувае дэфіцыт у сантыметрах
у раёне полавай зоны
з чаго вынікае што ў выніку трансплантацыі паловы оргОна
адам набыў сабе ўласнага клона
і з таго часу жылі яны доўга й шчасліва аж да ўласнага скону
нашчадкаў праўда не пакінулі што цалкам законна
хаця намаганні прыкладалі мяркуючы па архівах Бабілона
і вось пасля гэтага пачынаецца гісторыя з мадоннай
праматкай прапрапрапрабабкай з першай ікс-храмасомай
з пупкамі рэцэсіўнымі генамі і цмочкамі на цыцках яе і ягоных
карацей шэршэ ля фам як казалі некалі франкафоны
жылі дзяліліся адпачкоўваліся год так прыкладна пару мільёнаў
а потым ля фам шэршэ спосаб не вельмі стомны
пладзіцца і размножвацца калі засвярбіць а не раз у сезон і
заадно прыдбаць сабе для лепшага мацыёну
адвечнае дзіця ўжо з цацкай якраз нараджонае
і калі хто калі памкнецца кідаць закідоны
пра першынства галаву і шыю ды пра прыроды законы
хапайце за цыцку таго цягніце да хірургаў у салоны
бо гэта памылка відаць прыроды – пачварнасць і жах гвалтоўны
а мужык калі і дурны як варона то
гэта мая варона
мая вельмі вялікая варона
* * *
Бог разглядае нас на прасвет
а мы ляжым абсыпаныя яблыневымі пялёсткамі
на прадметным шкельцы двухспальнага ложку
Бог разглядае нас пры вечаровым святле
па колькасці рэбраў вызначае лёс
Бог – малое дзіця – пальцам
адкопвае сакрэцікі ім жа схаваныя ў садзе пад яблыняй
скрозь бутэлечныя каляровыя шкельцы
у прыцемках ён бачыць нештачка іншае чым
абгорткі цукерак мятных і са слівавым смакам
а мы ляжым абсыпаныя яблыневымі прасцінкамі
і Бог разглялае нас на досвітку
сілы няма нават накрыцца
і крыху няёмка – мы ж дарослыя
а ён – ужо падлетак
* * *
на ўсе гузікі майго цела
націскаеш у пошуку прарэшка
дрыготкімі пальцамі ўсе
гузікі майго цела расшпільваеш
аж да душы
і тады
расшпіленыя і кінутыя на падлогу
нашы целы
адно на адным
скамечаныя ляжаць
пакуль нашы голыя душы –
сіямскія блізняты –
хукаюць адна на адну
і робяць адкрыты масаж
на анямелым месцы зросту
КНІЖКА З РАДЗІМКАЙ
старонка першая – як родная:
прадмова – у калысцы немаўляці
на стале – Скарынка з датай выпечкі «15 ст.»
выцертыя карэньчыкі ад сурокаў
пад столлю
і на сцяне Радзімка
надрукаваная на паперы
белага свету
* * *
я прачытаю цябе нагбом
наслімачаным пальцам
буду песціць твае старонкі
адну за адной
пакуль на апошняй не даведаюся
твой штрых-код
я вывучу цябе на памяць
і толькі на апошнім радку
дзе месцы для пацалункаў
буду заўсёды збівацца
ZUG. ACCELERANDO
Ларга
вуліца ад манастыра
спускаецца да возера
і далей ідзе ўглыб
Адажыа
крокі па камянях брукаванкі
знарок не супадаюць
са званамі Святога Освальда
Андантэ
струмяні горнай рэчкі
на хвіліну трапляюць за краты
гарадской каналізацыі
Мадэрата
у пустым купэ я
уяўляю як ты
не скарыстаешся
ўсімі прывілеямі адзіноты
Алегрэта
апладысменты супрацоўнікаў супермаркета
самім сабе
пад канец змены
Алегра
аўтобус
нахіляецца да мяне –
на прыпынку больш нікога
Прэста
вокны цягніка SBB –
карціны размаляваныя
з абодвух бакоў