Людка Сільнова (№89)

У КАНЦЫ БУДУЦЬ ГОРЫ

 

Свежае імя

Кіслы, як антонаўка ўлетку,

Гарадок…

Вёска Селівонаўка –

Сіні васілёк.

 

Асвяжае памяць мне

Імем – маладым, свежым –

Ад Адама як! –

Зялёны наліў.

 

Кусь! – і Маладзечна аж

Мне відаць здалёк!..

Вёска Селівонаўка,

Сіні васілёк.

2017 г.

 

 

Белая ружа

           Таццяне Сапач,

           беларускай паэтцы

А магло ўсё быць іначай: святы

Доўжыцца, і цешыцца бабуля ўнучкай…

Мы па Тані гучна плачам: я, ты, –

Адкідаем снег – нагой, а хто анучкай.

 

Гэтак сумна на кладах вясною!

Гэтак традыцыйна і фармальна:

– Ты фарбуй, а я пакуль пастою,

Абцяру яе партрэт авальны…

 

– Малады зусім памёр, за сорак…

– А да гэтага ніхто не ходзіць.

Божа ж божа! Бачыш, зарасло як?..

Тыя словы рэхам доўга бродзяць

 

У душы маёй, яшчэ не сталай –

І не маладой ужо пры гэтым…

Гэтак плакалі, Таццяны як не стала,

Беларускім нашым колам-светам!

 

Без яе лістка рудога, Вільні,

Без Шапэна, траў сухіх, тэатра,

Дому і дзвярэй, што адчынілі

Нам дарогу ў Сад, – не далі б рады.

 

Вобраз твой і створаная казка –

Як чытанне перад сном дзіцятку! –

Застануцца ў памяці нязгаслай

Белай ружай і канцом пачатку.

 

А магло ўсё быць іначай; Таня,

Ты жывая, ездзіш разам з намі!..

 

Кажуць – лепшых забірае неба!

Мы ўсе – з горшых, і, відаць, так трэба.

2016 г.

 

Часопіс “Дзеяслоў”

Ад сузірання, мілы брат, – да дзеі слоў!

Містычнай, рэлігійнай пагатоў!

 

Глянь, лодачкі з артыстамі плывуць,

Каб нас у рух містэрыі ўцягнуць…

 

Каторы год, каторы горад мы

Збіраемся як дочкі і сыны –

 

Аціхлыя – на свята Дзеі слоў…

– А ты чытаў апошні “Дзеяслоў”?

                                        2017 г.

 

 

Прысвячэнне да кнігі “Горад Мілаград”

Каб кожны пагартаць быў рады

“Бульвары”, “вулачкі”, “прысады”,

Хадзіць па бруку Мілаграда,

Глядзець з мастоў на вадаспады,

Вам аўтар “места” гэта ўзвёў

З найлепшых сноў сваіх і слоў.

                                    21.01.2017 г.

 

Прысвячэнне да зборніка

“Там, дзе Уша серабрыцца”

(Верш, напісаны ў Аўтобусе

вандроўных літаратараў)

Там, дзе Уша серабрыцца, –

Сонца ўстае і садзіцца,

Вецер так сэрца трывожыць,

Кніга старонкамі ходзіць.

Гэта празрыстая кніга –

Тонкім лядком у адлігу,

Шкельцам блакітным і звонкім…

З ранку да ночы старонкі

Нехта нябачны гартае,

Пра Маладзечна чытае.

Потым – кладзе на парог

Чысты, драўляны… Мо – Бог?

 

Недзе на небе – таксама

Кліча маленькага мама:

“Сынку мой! Сонейка села.

Хутка ўжо ноч… і вячэра

Стыне… ў талерку табе я

Цёплай заціркі надзеі –

Белай і поўнае сілы,

Глянь, апалонік наліла…”

22-23.05.2016 г. Мінск – Маладзечна –

Кушляны – Заскавічы

 

 

Сіняе і чырвонае

Бэз, шыпшына, званочкі,

Васількі і півоні –

Усё Сіняга дочкі

І сыны ўсё Чырвонага.

 

Мая любая гама!

І любімая музыка!

Мае Тата і Мама,

І сцяжыначка вузкая.

 

Цераз лес, цераз поле,

Над балотам матэрыі

І над Бібліі горадам –

Новым – у Эзатэрыку.

 

Барбарыс і вяргіні,

Гладыёлусаў пашчы,

Касачоў пысы львіныя…

У чырвоным і сінім,

Фіялетавым, “зімнім”

Сімвал Тайны гарачай.

 

 

Восеньскі эцюд

Пліткі тратуарнай краты.

І лістоўка кандыдата

(“А-чатыры”) ў дэпутаты

 

На зямлі валяецца,

Смеццем называецца…

 

Я ўся мокрая іду,

Каб схавацца ад дажджу.

 

У празрыстым магазіне

Скрозь цуркі на свет гляджу…

 

 

Тры галубкі ля пад’езда

Галубкі мне

Нізкім голасам-

Стогнам

Прабурчэлі: “Скончылася ўсё.

 

Скончылася ўсё. Бур-бур!

У будучыню

Ты глядзі:

Там – яшчэ будзе ўсё!..”

4.04.2016 г.

 

 

Электрычнасць

Да чаго б гэта вершы так пішуцца –

Нібы самі з асадкі спускаюцца?

На аркушыку дробненька крышацца,

Па магнітных радках разбягаюцца…

 

Вось разбегліся ўсе! Нібы ластаўкі,

Занялі правады электрычныя,

Што багі ці хлапцы так нацягвалі

Ўсю вясну між слупамі карычневымі…

2.04.2016 г.

 

 

*  *  *

Мне здаецца, я мора энергіі,

Яно ў ёлачнай цаццы качаецца

Майго цела, такога нягеглага:

Ледзь кранеш – і нічога не маецца!

2.04.2016 г.

 

 

Цыркачка

Ты – хто?

Я – цыркачка з вандроўнага цырку “Шапіто”.

 

Уцякачка

У тоненькім зялёна-ружовым трыко…

 

Бога заначка,

Калі пад новыя планы тут не падыдзе ніхто.

28.05.2017 г.

 

 

Гарбатая чара

Знайсці ў сабе сілы – і подзвіг зрабіць.

Па-нашаму сёння – той зрух сатварыць,

Які перайначвае ў нечым быццё

(Ці хоць бы прыватнай асобы жыццё)

У бок да Задумы, Закона, Святла…

Дзе ў Людкі – ужо ні двара, ні кала,

Што значыць – адсутны і дом мой, і лёс,

І страшная чара паэткавых слёз…

 

Гарбатая чара: слязінку яшчэ

Дадаць – і ўся вільгаць у бездань сцячэ.

Расколецца чара, і спрахне метал

Так хутка… як ціхі пралёт матылька.

6.11.2015 г.

 

 

Сёмы ўзрост

Дзясятак сёмы размяняла,

Нібы купюру я на днях

З такім вось дзіўным наміналам –

“Сямёрка”… Проста на вачах

Калег сваіх, з радні найродных

І незнаёмцаў Богу ўгодных.

 

Адна як перст. Сціскаю ў жмені

Гады – манеты без наймення…

 

Як вецер дзьме! У пераходзе

Падземным гулка. Думкі ў лёдзе,

Нібы ў глазуры белай рыба:

З далечыні, на продаж хіба…

 

Ўсё гэта я?.. Паэт ва ўзросце

Складаным робіцца ці простым –

Як немаўля, што, без адзення,

Увесь – адчай, увесь – здзіўленне

Перад чужой магутнай сілай?..

 

Я ў сёмы ўзрост жыцця ўступіла.

3.05.2017 г.

 

 

Зварыла кашу-гарбузянку

І

Зварыла кашу-гарбузянку,

Бо сёння Ўсіх Святых гулянка!

 

І моладзь (“гэткая й такая!”)

У страшных мерцвякоў гуляе.

 

Аматарцы жывых мелодый,

У двор мне лепей не выходзіць…

 

ІІ

Нячысцікі і крывасмокі,

Да раніцы ім будуць скокі!

 

У клубах языкі развяжуць

Ім журналісты і пакажуць

 

На хатнім – днём, а ноччу – яркім

Экране косці, кроў, падвязкі…

 

ІІІ

Згадаю бабу-партызанку.

Вайной Абрэмку, ці Абрамку,

 

Жыдоўскага падлетка (збег ён

Тады з “Даўгінаўскага пекла”),

 

Шмат дзён у лазні ратавала

І людзям іншым перадала –

 

Святым папраўдзе! – хутаранскім

Шматдзетным сем’ям падпалянскім…

 

IV

Зварыла кашу-гарбузянку,

Бо сёння – ўсіх святых гулянка.

 

Успамінаць я буду ціха

Сялян-ратаўнікоў усіх тых.

1.11.2015 г.

 

 

ёлка

Маці ёлку паламала

На галіны і сучкі,

На пляцоўцы іх запхала –

Ўсе! – у чорныя мяшкі.

 

Я да сметніцы па снезе

Доўга ёлку-цуд нясу:

Лёсам сімвалаў і брэндаў

Развярэджваю душу…

 

Ёлка паміргала ў хаце –

Ціха ў Вечнасць адышла.

Бацька-Час, Прастора-маці,

Вам не адагнаць Дзіцяці

Ад Святочнага стала!..

 

Маці ёлку паламала –

У жаданні чысціні.

Нешта важнае прапала…

Без маёй – яе? – віны.

23.01.2016 г.

 

 

Прэч з балота!

Лепей – неяк,

Чым – ніяк;

Крок і дзея,

Чым “чмяк-чмяк!”,

 

У балоце дзён сваіх

Гінуць з енкам: “А!.. цьфу!.. чмых!..”

 

І шукаць чыіхсьці рук,

Як у сне – пра Беларусь

 

У гады Другой сусветнай,

Фільм бы ўспамінаць пра гэта.

 

У нябыт цягнулі боты…

Ўсіх усмоктвала балота:

 

Партызан, дзяцей і баб,

Афіцэраў і салдат…

 

Сёння – і цябе хацела

Ў часе Трэцяй, звар’яцелай

 

І апошняй, мусіць, з войнаў.

Прэч з балота! Стань героем!

28.03.2016

 

 

Памяці Ніла Гілевіча

Сышоў цягнік з нябачных рэльсаў:

Вагоны, людзі, рэчы ў кашы…

Хто нават мог бы – не паспелі

Ўжо на Парнас, дзе “дачы нашы”;

 

Дзе людзі ў строях – тонкіх, белых,

Ля кніг – бліскучых, нават страшна!..

Бывай, наш геній, Ніл Гілевіч,

Яшчэ ў якіх стагоддзях нашых!

 

Быў Ніл – ракой і Сфінксам-стражам

Ля Пірамід, што з кніг без клею…

Каго яшчэ так абавяжам?

Памёр Народны Ніл Гілевіч.

1.04.2016 г.

 

 

У канцы будуць горы

…І вось жа нехта –

Уключыць рэха

Ў між гор прарэхах!

 

Я скамянею,

Як быццам Рэрых…

Ці рэйнджар з прэрый.

 

“Як вецер плача!

Вось мая ўдача!

Фінал…” Задача –

 

Навек запомніць,

Што вочы бачаць…

Так. Не іначай.

22.11.2016

 

 

Непамяркоўнасць

У кнізе не люблю змяшання жанраў

Пад вокладкай адной.

Мне бачыцца – імчыць разлік пажарны

Ў смяротны бой!

 

За дом драўляны, супраць чаду, барвы.

За прынцып мой!

30.05.2017 г.

 


Апублікавана

у