Вандроўка
Апавяданне
Ён сядзеў на Фрыдрыхштрасэ за столікам каля в’етнамскай кавярні, у якой толькі што паабедаў (востры духмяны суп з крэветак, кавалак смажанай свініны з таксама вострай марынаванай моркваю на гарнір, дзве чаркі моцнай, 70 градусаў, кітайскай рысавай гарэлкі), і вось, без 20 еўра ў кішэні, затое з поўным страўнікам і з лёгкай душою, сядзеў, курыў, расшпіліўшы куртку, паклаўшы на столік побач з попелкай шапку і пальчаткі (жонка б за гэта не пахваліла – кепская прыкмета).
Зіма, снежань, хутка Новы год, а ні снегу, ні марозу. На дрэвах сям-там жоўтае лісце. Пакуль ён абедаў, яшчэ больш пацяплела, нават нейкая пазнака сонца прабілася: не так было відно, колькі ўгадваўся яго дыск, прасвечваў праз смугу аранжава-апельсінавым святлом. Збоку, на газоне, свяцілася блакітная сінтэтычная елачка, пад якой стаялі два пузаценькія лялечныя Санта-Клаўсы – у чырвона-белых кажушках і шапачках, з белымі бародамі; адзін звычайны, падобны на нашага Дзед-Мароза, другі – негр; для поўнай еўраталерантнасці не хапала яшчэ аднаго – жаночага полу.
“Усё па два, – падумаў ён. – Дзве чаркі гарэлкі, два Санта-Клаўсы, два сябры цяпер са мною”.
Ён расслаблена, задаволена, сыта курыў, пазіраў на елачку, на вітрыну насупраць, якая падміргвала, пералівалася, пульсавала агеньчыкамі, фарбуючы ў розныя колеры тратуар, на машыны, на людзей, і думаў пра эвалюцыю беларускага пісьменніка, дзівіўся, як рассоўваюцца яго геаграфічныя межы. Вось сядзіць ён у цэнтры Берліна, а яшчэ ўчора быў у Мінску, а пазаўчора (ці калі? васямнаццатага? не, дзевятнаццатага, на Міколу) – у роднай вёсцы, калі прыехаў да Тані, стрыечнай сястры, і яны пайшлі на могілкі; была сапраўдная беларуская зіма, мароз, сонца і адначасова снег – падалі з неба рэдкія, буйныя сняжынкі, кружыліся, блішчалі на сонцы – а мы сунемся па цаліку, сястра з палкай паперадзе, я маладушна ззаду, ступаючы ў яе сляды, шкадуючы новых чаравікаў; я і цяпер у іх, у гэтых жоўтых чаравіках, на якіх, канечне ж, хоць нейкія мікраскапічныя родныя пылінкі засталіся… А прыемна так плаваць то ў першай, то ў трэцяй асобе, думаць пра сябе то “ён”, то “я”.
Раптам крыху запознена пачало дзейнічаць спіртное. Мацней забілася падагнанае тытунёвым дымам сэрца, ажыла кроў, цёплая хваля пайшла ў кончыкі пальцаў ног. Стала беспрычынна лёгка, амаль радасна. Хаця чаму беспрычынна? Наадварот, многа прычын. Гэта і апельсінавае святло, і блакітная елачка, і што хутка любімы Новы год. І што апавяданне яго пераклалі на нямецкую мову, дзякуючы чаму ён тут і апынуўся, запрошаны на кніжную выставу. Што ў яго атрымліваецца спраўджваць дадзенае некалі самому сабе абяцанне: колькі б разоў ні быў у Берліне – абавязкова прайсці тым самым маршрутам, што і некалі ў першы свой прыезд сюды, гадоў 20 назад, таксама на нейкую кніжную выставу, толькі звязаную з драматургіяй. Тады было лета, ён – з картай у руцэ, аглушаны чужагалоссем мовы, зусім непадобнай на тую, якой вучылі іх у школе і ВНУ (хто б мог падумаць, што яна спатрэбіцца? альбо што спатрэбіцца калі-небудзь яму нямецкая драматургія?) – ішоў, куды вочы глядзяць, пакуль не апынуўся перад саменькімі дзвярамі Літаратурнага дома-музея Брэхта (ці Брехьта, як немцы змякчаюць), драматурга! – але не надта здзівіўся, гэтаксама, як не здзівіўся аднойчы ў Маскве, калі, таксама ўлетку, ратуючыся ад невыноснай спёкі, – пеклам патыхала ад дарогі, ад сцен, асфальт нават на ценевым баку вуліцы прыліпаў да падэшваў, – ішоў, думаючы чамусьці пра Гогаля, завярнуў у нейкі стары маскоўскі дворык, і першае, што ўбачыў – пад цяністымі ліпамі чорны бюст даўганосага чалавека, далей двухпавярховы асабнячок літарай П; шыльда на сцяне пацвярджала, што гэта той самы дом, дзе паміраў Гогаль; праз лісце ліп можна было разгледзець комін, з якога вылецелі ў вечнасць “Мёртвыя душы”, том другі.
А за сцяной гэтага брэхтаўскага Дома-музея пачыналіся могілкі, больш падобныя на парк: зялёны, ідэальна чысты. Старыя і маладыя дрэвы заглушалі гукі мегаполіса. Заліваліся птушкі. Тут не было вянкоў, пластмасавых кветак, агароджаў у чалавечы рост. Каля абеліскаў і склепаў на зямлі не стаялі мутныя, пажаўцелыя і пачарнелыя, налітыя дажджавой вадой чаркі (з якіх у нас частуюцца нябожчыкі). Былі акуратныя дарожкі, дзе выкладзеныя пліткамі, дзе брукаваныя, дзе высыпаныя рознакаліберным гравіем, які асцярожна і прыемна храбусцеў пад нагамі. Паўз дарожкі цягнуліся вечназялёныя кусты, жывая агароджа з мірта, самшыта, вастраліста і, здаецца, нават з экзатычнага карлікавага падуба – усё ў форме геаметрычных фігур: прамалінейныя і крывалінейныя, авальныя, як пад лякала, і круглыя, як пад цыркуль; скрозь па зямлі, па кустах, па ствалах дрэў да самай кроны вісеў, віўся, поўз плюшч. У дальнім кутку хавалася лавачка пад бэзавым кустом, не кустом – дрэвам, так раскідаўся, вымахаў гэты берлінскі бэз – вышэй за ліпы і букі.
Потым ён даведаўся, што выпадкова трапіў на Dorotheenstädtischer, знакамітыя могілкі французскіх гугенотаў, што гэта музей-запаведнік, ахоўваецца дзяржавай, што тут пахаваныя Гегель, Томас Ман, Брэхт, Грас… Так яму там спадабалася, такім сваім, запаветным зрабіўся гэты зялёны куточак, лаўка пад бэзам, што ў кожны свой прыезд у Берлін ён пачаў хадзіць сюды – нібы аддаючы даніну сабе цяперашняму, а сабе ранейшаму робячы справаздачу (“добры дзень, ліндэн-ліпа, пазнаеш мяне? – вось я зноў, жывы, дакранаюся да тваіх трэшчынак…”).
З кожным разам ён быццам падрастаў. Цяпер, у гэты чацвёрты па ліку прыезд, ён ужо мог быць самому сабе, і сваім нябачным сябрам, не толькі экскурсаводам, а і перакладчыкам, бо нарэшце хоць збольшага пачаў разумець па-нямецку. Маленькая перамога. Нібы вылецелі з вушэй серныя пробкі, ці як пасля самалёта, калі заціснуць нос і моцна выдыхнуць праз вушы: піск, трэск, і вось пачынаюць аддалёк вяртацца знаёмыя гукі і словы. Нарэшце ён вырваўся з моўнага палону, з гэтага манатоннага кашмару, перастаў быць удзельнікам нямога кіно, дзе на яго долю перападалі толькі пейзаж, нацюрморт і дэкарацыі. Узрушаны, узрадаваны, ён цэлы дзень тоўкся сярод людзей у выставачным павільёне, спыняўся каля боксаў, стэндаў і прагна слухаў, прычым цікавіла яго не столькі лексіка, колькі асаблівасці маўлення, інтанацыі, а яны, як адбіткі пальцаў, аказваецца, у кожнага розныя: напрыклад, з усіх бакоў ён чуў: бейлін, бегін, берляйн, полен, болен, а ўсё гэта азначала – Берлін.
Сонца на міг зусім вызвалілася з-пад воблака, ад столікаў, сцен, ад прыпаркаваных машын, ад дрэў леглі ўпоперак вуліцы цені, – і зноў гэтае аранжава-апельсінавае святло перанесла на тыдзень назад, зноў пішчыць пад нагамі малады снег, падаюць, кружацца рэдкія вялікія сняжыны… Свеціць сонца. Снег чысты, зіхоткі, аж балюча на яго пазіраць. Збоку па снезе марудна рухаюцца два цені – дзявоча-падлеткавы Танін (а ёй шэсцьдзесят пяць!), і мой – няўклюдны, гарбаты, бо за спінай рукзак, дзе выпіўка і закуска. Іншая справа, чаго туды ісці такой парою, такім снегам – тым больш я толькі прыехаў, нават за сталом не пасядзелі, – але гэта ўжо мясцовая традыцыя: колькі сябе помню, яшчэ калі матка была жывая, як толькі прыязджаў, перш чым сесці за стол, выпраўляліся на могілкі. Больш за тое – гэты паход яшчэ трэба заслужыць, не кожнага возьмуць; напрыклад, Танін кавалер – Валодзя (жыве ў мястэчку Каменка за 4 км, хоча да Тані ў прымы, цяпер яны пасвараныя, і ён прыйшоў мірыцца), пакараны, як малое дзіця за шкоду, і пакінуты дома.
Таня ў джынсах і ў валёнках, на ёй аранжавая горналыжная куртка-анарак з капюшонам, з-пад якога выбіваюцца махры хусткі-канаплянкі, невядома з якога куфра выцягнутай, бо даўно такіх не выпускаюць. Перад тым, як ступіць, яна мацае палкаю снег.
“Ты пабач, ну! – сама сабе здзіўляецца яна; голас задыханы, але вясёлы, звонкі ў вясковай цішы. – Якая я стала старая шкарбонка, як каракаціца! Хіба я такой была? Я ж не хадзіла, а лётала!..”
Таня ў нашым родзе – блудная дачка, саромная пляма на гонары сям’і. Мне было 5, ёй 15; памятаю нешта імклівае, як агонь, рыжае, як вавёрка, з задзёртым носікам, вострымі зубкамі, над вушамі куцыя коскі з банцікамі; хуліганістая, трохі, а мо і не трохі, без цара ў галаве; як усе такія “адорвы”, сябравала з хлопцамі, прычым большымі за сябе, гуляла ў футбол, хакей, у разведчыкаў, у ножыкі, у чыку і ў карты на грошы. Неяк на летнія канікулы паехала ў пасёлак Цыгламень Архангельскай вобласці ў госці да нашага дзядзькі, які працаваў там у порце, ды так дамоў і не вярнулася – імгненна ўляцела ў нейкую гісторыю, нешта звязанае з ранняй, школьнай цяжарнасцю, а ў тыя часы гэта было страшней за вядзьмарства ў Сярэднявеччы. Яе бацькі, а мае дзядзька з цёткаю, Сцяпан і Каця, хадзілі апранутыя ў чорнае, на фальшыва-спачувальныя роспыты адказвалі: “Горэ, чалавеча! Горэ!” І хоць Таня неўзабаве выйшла там замуж – ці за таго самага мясцовага рускага, які яе акруціў і спакусіў, ці за другога – не ведаю, памятаю толькі, што з таго часу ў нашай радні само імя яе пачало вымаўляцца як непрыстойнае слова, і доўга яшчэ потым, калі згадвалі яе пры дзецях, чырванелі, паніжалі голас, прыкладалі палец да вуснаў.
Зрэдку Таня прыязджала ў вёску да бацькі з маткаю, спачатку з дзецьмі– двума белабрысымі хлопчыкамі-пагодкамі, потым з чалавекам, Валодзем, рахманым паморам-русацяпам з белымі вусамі. Пітушчы. Частаваў нас, малых, цыгарэтамі з фільтрам і расказваў, як выпіваў з Высоцкім. Не ведаю, дзе ён пасля падзеўся, казалі, што нібыта раздавіла бярвеннямі на сплаве, ці то яны проста развяліся; як бы там ні было, Тацяна без мужа, з двума велікаватымі ўжо хлопцамі вярнулася на радзіму, у апусцелую хату – да таго часу неяк раптоўна, у адзін год, не стала дзядзькі Сцяпана з цёткай Кацяю, пачала працаваць у парніках у Каменцы (памятаю сярод зімы памідоры, гурочкі, салатавага колеру маленькія качанчыкі капусты). Сыны выраслі, пажаніліся, абодва ўзялі ў жонкі мясцовых беларусак, гарадскіх, з кватэрамі, – а Таня так і жыве ў бацькоўскай хаце адна, ці, як апошні час, з кавалерам.
Цікава, што ў гэтага яе кавалера з Каменкі мала таго, што аднолькавае з першым мужам імя, дык яны яшчэ і знешне падобныя: светлыя валасы, белыя вусы, нават адзін і той жа світэр пад горла, з аленямі на грудзях і з арнаментам на рукавах; толькі што той архангельскі Валодзя быў роўны характарам, а гэты, каменскі, – пераменлівы. Я бачыў яго ўсяго тры разы, і кожны раз у новай фазе. Першая – звычайны мужчына, працуе ў кацельні, трымаецца годна, гаворыць па тэме, не перабівае, але і сябе не дае перабіць, цікавіцца палітыкай, нават вядзе блог у сацсетках. Другая – калі сарваўся на паўгода на заробкі ў Расію, адкуль прыехаў ганарысты, непрыступны, выцягваў з кішэні жмуткі рускіх рублёў і яшчэ больш іх камечыў, піў чамусьці з рыльца, хоць сядзелі за сталом і былі чаркі, падпіўшы, геройнічаў: “да я! да мне!”, паплёўваў пад ногі, біў сябе ў грудзі, ледзь не рваў на сабе сарочку… І нарэшце фаза трэцяя – прыніжаны, прысаромлены, пакорлівы.
“…Тыя дзеці, тыя ўнукі, – філасофствуе Таня. – Не едуць, не хочуць, а прыедуць, то ўставяцца ў планшэты, ні лесу не знаюць, ні рэчкі… От пакуль здаровая, ды нічога не баліць, а там каму я буду трэба? Цяпер дзеці не глядзяць бацькоў. Шчаслівы той, хто іх не мае! – і адразу ж выцягвае з кішэні смартфон, каб у соты раз пахваліцца: – Паглядзі, якія ў цябе пляменнікі!”
На матавым экранчыку пры ўсім жаданні нічога не разгледзець, але я і так на памяць ведаю: два амбалы з кароткімі прычоскамі, як у фільмах пра 90-я, два сінявокія, белабрысыя нашчадкі Ламаносава, стаяць – адзін каля “бмв”, другі каля “Мерсэдэса”; ведаю таксама, якія яны зухі, спрытныя, удачлівыя, абодва працуюць у Расіі – паўгода там, паўгода дома: цяпер гэта лічыцца (куды мне з маім пісьменніцтвам) неблагой кар’ерай. Няньчачы ўнукаў, Таня прыгаворвае: “Расці, дзіцятко, вялікае, вырасцеш – будзеш, як бацька, у Расію ездзіць…”
Квадратныя могілкі абгароджаны высокім штыкетнікам. Каля плота на пухнатым снезе зусім свежыя заечыя сляды: дзве лапкі-кропкі побач і дзве – адна за адной. Са снегу тырчаць дубцы акацый, побач – такой самай таўшчыні і вышыні высахлыя сцябліны палыну з дробнымі, бы верасовыя, пачарнелымі кветачкамі на канцах.
Памагаю Тані адсунуць варотцы. Тут снегу яшчэ больш, чым на полі, нанесена амаль да паловы штыкетніка, бо ёсць чаму затрымліваць. Магілы дабраліся да самых варот, даўно возяць сюды хаваць з горада, і такое адчуванне, што ўсе гэтыя новыя помнікі, крыжы, агароджы ставяцца і лепяцца абы-як, дзе папала, адно на адно, крыва і коса, не пакідаючы ні сцежачкі, ні праходу.
“Ты пабач, – дзівіцца Таня. – Як я не падумала? Сюды ж не ўлезеш”.
Мы стаім у нерашучасці. Ні ёй, ні мне не хочацца ісці. Тым больш усе Таніны пахаваны ў дальнім ад варот усходнім кутку, мае – у дальнім заходнім.
“Столькі снегу… Яны яшчэ абрыднуць, гэтыя могілкі… Хадзем, мабыць, назад…”
Недалёка, метраў за дзесяць, магіла майго сябра і аднакласніка Сержыка. Вырашаю, раз я ўжо тут, адведаць хоць яго. Ступаю – і адразу правальваюся ў рыхлы снег вышэй каленяў.
“Яны тут не забытыя, – усё нібы апраўдваецца Таня. – Я сюды часта хаджу. І палю, і шышкі вырываю, і акацыі гэтыя сяку – а такое паскудства! – карані, як вяроўкі, самі, як дрот, сякера спружыніць, ссячэш адну, а праз тыдзень на тым месцы дзесяць…”
Сціплы помнічак з гранітнай крошкі. Снег наліп на партрэт, не відаць яго, затое добра бачны залацістыя літары і лічбы, надта мне знаёмыя і не надта прыемныя ў такім месцы – мае год і месяц нараджэння. Нас трое нарадзілася ў адзін год і ў адзін месяц: я, Сержык і Віця Смолер, і былі мы, як браты, жыць не маглі адзін без аднаго, заўсёды разам, усё было агульнае: школа, урокі, кніжкі, рыбалка, гульні… Ніколі не біліся. Але пасля школы– армія, новыя сябры, дзеўкі… Калі з Віцем Смолерам мы яшчэ нейкую сувязь падтрымліваем, зрэдку, у агульны дзень нараджэння, сазвоньваемся (важны, салідны чалавек, рэктар будаўнічага каледжа, у яго дарагая машына, дача ў Крынічным), дык з шалапутным Сержыкам мы ні разу пасля школы не бачыліся, і ў курсе яго дарослага жыцця я быў толькі завочна. У кожны свой прыезд пытаў у маці: “А дзе Сяргей?” – на што атрымліваў пачарговыя адказы:
“– Служыць у Крандштаце!”
“ – Жаніўся!”
“– Развёўся!”
“– У цюрме!”
“– Выпусцілі з цюрмы!”
І апошні раз: “– Дзе Сяргей?”
“– На могілках! Картоплі пайшоў красці, ды ўбілі лапатаю!”
Здымаю пальчаткі; па-дзіцячы пахукаўшы на пальцы, змятаю снег. З авальнага партрэціка на мяне ўважліва пазірае Сержык: падрэтушаваны, падфарбаваны, да нельга саладжавы – і ўсё адно надзіва падобны на таго, якім быў у 6 – 7 класе, толькі чамусьці ў касцюме і ў гальштуку з недарэчным шырокім вузлом. Сонца коса падае на помнік, асвятляе партрэцік, ад чаго вочы ў Сержыка як жывыя; здаецца, зараз ён падміргне і скажа: “Як я вас?”
Ззаду ля варотцаў Таня гучна, на ўсе могілкі расказвае:
“…Прыду, па матцы паплачу, а па бацьку не буду, ён на мяне сварыўся: то я п’ю, то куру, то гуляю…”
Вяртаючыся назад, справа ад варот заўважаю новую, яшчэ без агароджы, магілку. Прысыпаныя снегам вянкі. На стандартным, звараным з труб крыжы таблічка, на якой белай фарбаю… зноў мой год і месяц нараджэння! Праціраю вочы. Нейкае сапраўднае le déjà vu.
“Віця Смолер, – абыякава пацвярджае Таня (яна ж не жыла ж у вёсцы і не ведае, што мы былі, як тры жалуды на адной галіне). – Увосень пахавалі! А багата хавалі! з вянкамі! а людзей-людзей было! Лапатаю ўбілі”, – пацішыўшы голас, паведамляе яна інтымна.
“То не яго”, – машынальна папраўляю.
“Яго! Жонка на почве рэўнасці! Недзе на дачы ў Крынічным! Не спецыяльна, яна і не хацела, ды неяк так махнула з гарачкі, так пацэліла ў спіну, што лёгкае адарвалася! Пахіркаў трохі ў бальніцы ды памер… Ты пабач, ну! – раптам ускліквае яна, павярнуўшыся ўбок вёскі і паказваючы палкаю. – А яно ідзе!”
Валодзя, яе кавалер, ішоў да нас па нашых слядах. Пабачыўшы, што на яго глядзяць, спыніўся. Таня грозіць яму палкаю.
“Я табе пакажу! Збіў мяне на сухрак (што такое “сухрак”?). Хай віну сваю помніць”, – але па голасе адчуваецца, што яна задаволеная: і ў такія гады ў яе ёсць кавалер.
Брыду следам за ёю назад і сам з сябе дзіўлюся. Амаль абыякава на душы. Зусім не агаломшыла навіна, што я ўжо адзін з трох застаўся. Толькі варушацца ў галаве – вось яшчэ адзін нумар будзе выдалены з тэлефона, а таксама – нейкая недарэчная (ці наадварот, дарэчная), гуллівая думка, якую хачу і не магу прагнаць: чаму зноў лапатаю? Што за мода? Ці праўда, што існаваў некалі на Заходнім Палессі суровы спартанскі абрад, жорсткі звычай, які так і называўся – “Лапатня”: старых, нямоглых, слабых заводзіць на могілкі і забіваць лапатаю?
Валодзя, чакаючы нас, стаяў навыцяжку. Нават вусы не тапырацца, а вінавата апушчаны кончыкамі ўніз. Калі мы падышлі, ён, каб паказаць, як каецца, сцягнуў з галавы спартыўную шапачку. Пакуль нас не было, ён напаліў грубку, вымыў падлогу, потым, у хаце, не даваў Тані ў рукі нічога ўзяць: дастаў прыпасы, якія прынёс у брызентавым рукзаку, насмажыў каўбасы, яечні на сале, сам сабраў на стол. Не было ніводнага нашага слова, з якім бы ён імгненна не згадзіўся: “усё так, чыстая праўда, правільна кажаце”. І хоць мы выдатна ведаем, што дастаткова мне паехаць, а яму выпіць, як усё можа змяніцца, – але ж так прыемна мець хоць часовую ўладу над кімсьці, лішні раз папікнуць чалавека, які выпрошвае дараванне.
Увечары выходжу на двор. Марозік. Пара з рота. Цішыня. Ні гуку. Цені ад слупоў, ад плота. Цераз вуліцу чарнее мая хата, у якой даўно жывуць чужыя людзі. Малады сярпок месяца на чорным, з залатымі крапінкамі зорак, небе – не вертыкальны, а нахілены, амаль ляжыць, як на каляровай вокладцы кнігі Гогаля “Вечары на хутары…” Утульна свеціцца жоўтае вакенца за гіпюрнымі фіранкамі. Абсалютна сіні снег. І пах дыму з коміна – салодкі, першабытна-радасны, як пах смажанага мяса летам у курортных гарадах каля мора.
Вось так стаяў на гэтым самым месцы, калі мне было 5 гадоў, глядзеў на плот, ад якога і тады ляжаў такі самы зубчасты цень на сінім снезе. І якая ж тады, у 5 гадоў, была радасць, якое шчасце! – не ад пазнавання новага жыцця, а ў 100, у тысячу разоў большае – ад вяртання ў жыццё старое, знаёмае (з якім нядаўна так страшна развітаўся, здавалася, назаўсёды); і з кожным удыхам гэтае жыццё ўлівалася ў кроў, з кожным зіркам павялічвалася; вастрэлі пахі, колеры, гукі…
Мае сябры чакаюць мяне на вуліцы, клічуць мяне, і вось мы зноў разам, абдымаемся, радасныя, жывыя, і ўсе блізкія побач, смяюцца, віншуюць: ну вось і скончылася твая вандроўка, і нічога страшнага, а цяпер зноў усё па-новаму! – менавіта так і ўяўляецца мне смерць – як вяртанне да пачатку, да дзяцінства, да маці, сяброў, да маіх дзяўчынак, напаленай печы, дарогі ў школу, да кніг, хакея, цнатлівасці… Усё зноў упершыню, зноў так востра і зусім нястрашна. Калі б людзі не ведалі, што яны бессмяротныя, яны не жылі б і аднаго дня, і адной хвіліны, а, сабраўшыся разам, адной вялізнай атамнай бомбай узарвалі б і сябе, і ўсё на свеце. Але кожны выдатна ведае, што ён бессмяротны, што калі аднойчы нарадзіўся – гэта ўжо навек.
У хаце Валодзя сядзіць, панурыўшыся, Таня ківае яму пальцам:
“…І не дай Бог! не дай Бог! – з лукашэнкаўскім надрывам выгаворвае яна, – яшчэ на мяне падымеш руку! Вазьму якую лапату…”
Ён падняўся з-за століка, уціснуў у попелку недакурак (“ну што, хлопцы, хадзем, павяду вас”), і пайшоў – няспешна, маленькімі крокамі, каб расцягнуць час, балазе, ісці было недалёка. Каля метро U-Oranienburger Tor ледзь не пасярод тратуара, упрытык да жоўтай лініі веласіпеднай дарожкі, стаяў кіёск кшталту нашага “Белсаюздрука”, толькі ў гэтым за вітрынным шклом замест газет, часопісаў і канцылярска-школьна-пісьмовых прыладаў стаялі напаказ спіртныя напоі ў пляшках розных калібраў. Ён абышоў кіёск вакол, нагледзеў бутэльку з цёмна-зялёнага шкла, пляскатую, з зялёным яблыкам на этыкетцы, назбіраў па кішэнях цяжкіх манет па два еўра і дробных, каб без рэшты; фрау з белымі валасамі, перахопленымі чырвонай павязкай, як у біятланісткі Лауры Дальмайер, падзякавала і ўсміхнулася яму. Пляшка прадбачліва была выгнутая пасярэдзіне, яна легла ў кішэню, як там і была; прыемным цяжарам адвісла левае крысо курткі. Ніколі не перастану здзіўляцца такім, здавалася б, простым, а на самой справе дзівосным рэчам: у чужым горадзе, на чужой мове нешта папрасіць, разлічыцца чужымі грашыма, і табе, як ні ў чым не бывала, з падзякай, з ветлівай усмешкай імгненна падаюць менавіта тое, што ты і хацеў, – акурат як некалі ў нашым вясковым магазіне падавалі мне “Яблучнэ міцнэ”.
Яго абагнала маладая мама, немачка з прыгожымі, хоць крыху поўнымі ў калготках ножкамі; за спінай рукзачок, у руцэ ля вуха мабільнік, ззаду сынок, маленькі немчык, адстаўшы, бегаў зігзагамі ад аднаго краю тратуара да другога і на ўсю вуліцу мяўкаў: “мяў! мяў! мяў!” Не паспеў ён здзівіцца гэтаму славянскаму мяўканню, а таксама пазайздросціць, што вось такі маленькі, а ўжо без усялякай вучобы, без курсаў-семінараў-практыкумаў-стажыровак так ведае мову, – як мама ўстрывожана крутнулася ўправа-ўлева, назад, усклікнула – з раздражненнем і адначасова з палёгкай – па-руску: “Руку дай, т-ваю макаўку!..”– і зноў затрашчала ў тэлефон па-нямецку.
Фрыдрыхштрасэ перацякла ў Chauses str., злева паказаўся хмарачос на Robert-Koch-Pl., справа – цагляная, тэракотавага колеру сцяна, у якую метраў праз сто ўкліньваўся бокам новы хай-тэшны аляпаваты будынак Каталіцкай акадэміі. У сцяне ён убачыў уваход, якога раней не было, – вузкі, мажнаму чалавеку і бокам не праціснуцца, зайшоў і апынуўся на цэнтральнай алеі могілак. Ён ніколі не быў тут зімою. Зіма, нават такая, як цяпер – еўразіма, перамяніла ўсе дэкарацыі. Ён зразумеў, што дарэмна сюды ішоў. Хай бы заставаўся ў памяці зялёны, з сонечнымі плямамі, з птушыным шчэбетам, чысты, ціхі яго куточак. Цяпер больш рэзка кідаўся ў вочы чорны і шэры мармур магіл, засыпаных апалым лісцем; сям-там у цёмных кутках нават ляжалі латачкі снегу, які нібы саромеўся, што такі брудны і так мала яго; ствалы дрэў былі ў плямах лішайніку, у голых вершалінах – гнёзды; унізе слалася нейкая ненатуральна-зялёная расліннасць, падобная на наш бруснічнік ці барвінак, і плюшч – дзе карычневаты, дзе падсохлы, дзе пабіты марозікам. На яго любімай лаўцы, якая і ўлетку заўсёды пуставала, цяпер сядзеў з непакрытай галавой, у расшпіленым паліто, у сініх акулярах сляпы, заціснуўшы між калень белую палачку, падстаўляючы, як сланечнік, твар нябачнаму сонцу. Магіла Брэхта, як заўсёды, была засыпана алоўкамі і шарыкавымі ручкамі і застаўленая лампадкамі. Каля маленькага помніка Гегелю стаялі тры рабочыя (адзін нагнуўся) і разглядвалі зроблены наўскос сінім маркерам надпіс: “Veralten! dummes Lehre!”
Ён пайшоў назад, скараціўшы шлях, і неўзабаве зноў апынуўся ля Каталіцкай акадэміі, толькі з другога боку. На маленькім пляцы паўкругам былі драўляныя лавачкі, пасярэдзіне тырчэлі пірамідкі туй, блакітных елак і з краю – адна маладая ліпа. Ён памацаў лаўку – халодная, дастаў газету, спецыяльна на гэты выпадак прыхопленую са століка каля рэсэпшн; перад тым, як паслаць, зірнуў на першую старонку. Карыкатура, перадрукаваная з “Шарлі Эбдо”. Міжземнае мора, перакуленая лодка з мігрантамі, зверху над усім аграмадны, з барадой, як у Саваофа, Пуцін, з вады цягнецца дзіцячая ручка, сутаргава сціскаюцца пальчыкі, адчайнымі намаганнямі стараючыся ў апошні міг ухапіць хоць валасінку барады і ўратавацца.
Паслаў і сеў. Можна было пачынаць тое, дзеля чаго ён сюды ішоў, і вёў сваіх бедных сяброў: паспрабаваць яшчэ больш ажывіць іх, уваскрасіць цалкам, каб пагаварыць з імі, паўспамінаць, сказаць кожнаму добрае слова, якое адшкадоўвалася пры жыцці.
“Ну што, хлопцы, вып’ем?”
Але паблізу круціліся, выбіраючы месца для сэлфі, дзед з унукамі (двайняткі гадоў па пяць, у чорна-аранжава-жоўтых камбінезончыках, на першы погляд зусім аднолькавыя, і ўсё ж адразу можна было вызначыць, хто дзяўчынка і хто хлопчык), ды на пляцоўцы перад уваходам у Акадэмію таптаўся малады чалавек, абвязаны паўзверх каўняра спартыўнай курткі шалікам з лагатыпам мюнхенскай “Баварыі”. Шустрыя двайняткі, шчабечучы артыклямі: die, das, dem, ein – пабегалі вакол елак (“blau Baum”), туй, выбралі ліпу (“kleine Linden”). Ліпа і праўда была вельмі прыгожая, асабліва на гэтым рассеянным берлінскім сонцы – уся абсыпаная насеннем, нібы жоўтымі вялікімі стракозамі; здалёк можна было падумаць, што яна забыла скінуць восеньскае лісце. На лаўцы ляжала адна такая “страказа” – два празрыстыя сухія крыльцы, прымацаваныя да ножкі, на якой яшчэ і шарык, як гарошынка чорнага перцу. Дзед у цірольскім капелюшы трымаў у адной руцэ сумку, з якой вытыркаўся з’едзены да паловы батон-багет, у другой – сэлфі-палку, выставіўшы яе, як рыбак-мармышачнік вудку, і гэтак сама дзюбаючы ёю. Нарэшце – пайшлі. А малады чалавек усё сланяўся ля паркоўкі, як непрыкаяны; кудлатая галава ўціснута ў каўнер, рукі ў кішэнях; то ён ставіў нагу на бардзюр, то нагінаўся і правяраў надзейнасць металічных слупкоў, якімі ад праезджай часткі былі агароджаны газон і тратуар, то закладваў рукі за спіну, задзіраў галаву ў неба і калываўся з насоў на пяты, і па ўсім было відаць, што чалавеку абсалютна няма чым заняцца.
Дарэчы, на смак і на пах “Апфель” – як кальвадос.
Ён заплюшчыў вочы. Вось зіма, Сержык – у кажушку, у шапцы з апушчанымі вушамі, збіраецца на паляванне, чапляе на плячо стрэльбу руляю ўніз і робіцца падобным на героя-падлетка з партызанскіх аповесцяў Валянціна Тараса…
Вось лета, сцежка ў лесе, шышкі пад нагамі, пах чарнічніку і багуну, Віця Смолер вядзе веласіпед, правай рукой трымаючы руль пасярэдзіне, у левай – цыгарэта, па-школьнаму схаваная ў кулак, – ён нешта ціха гаворыць, а напампаваныя колы пругка стукаюць аб карэнні, і пазвоньвае сам сабою званок…
Вось мы ўтрох, галава да галавы, нагуляўшыся ў хакей, ляжым на жыватах на снезе каля расчышчанай нашай хакейнай пляцоўкі і смокчам кавалачкі лёду…
І зноў лета, ружовая раніца, возера, чмокаюць каля берага ў траве карасі, і такі туман, што ледзь можна разгледзець паплаўкі… А вось мы вясною спрабуем футбольным мячом яшчэ не нагрэтую зямлю; а вось позняй восенню чакаем аўтобуса, каб ехаць у горад у кіно, на новую камедыю з Рышарам і Дэпардзьё, звінім у кішэнях капейкамі, спрачаемся, каму чарга купляць білеты, і кожны хоча паказаць, што менавіта ён сёння багаты…
Не, нічога не атрымлівалася. Толькі-толькі яны пачыналі збірацца разам, як усё рассыпалася. Ён напярод ужо быў вінаваты перад імі. Баяўся глядзець ім у вочы. І зразумела, чаму: ён ведаў іхні фінал, а яны – не. Увесь час недзе за кадрам гэтых успамінаў – рэфрэнам да іх – гучала: “Што са мной будзе?”, а ён адводзіў вочы і ніяк не мог вымавіць: “Загінеш ад лапаты”… Тут, канечне, не да рамантыкі і не да лірыкі.
Раптам ён зразумеў (а можа, памаглі некалькі глыткоў “Апфеля”) – так, не атрымліваецца, рассыпаецца, не выходзяць тут і цяпер памінкі па сябрах – бо ўжо яму не трэба гэта. Ён ломіцца ў адчыненыя дзверы, а яно ўжо робіцца само, паміма яго волі, і пачалося яно адразу ж тады, на вясковых могілках, калі, не пытаючы ў яго дазволу, пачаў пісацца ў галаве новы твор. І за гэты час ужо намахана – ён паглядзеў на растапыраныя пальцы – ого, пяць раздзелаў, кожны па 10 старонак… І ў гэтым новым творы, вядома ж, знойдзецца месца і маім бедным сябрам таксама. А цяпер трэба іх адпускаць і вяртацца ў наша апавяданне, тым больш, што малады чалавек, якога я палічыў за гультая-тунеядца, які быў знік, а цяпер зноў з’явіўся – з поліпрапіленавым, вясёлкавых колераў венікам і з сагнутым шуфлікам на доўгай ручцы, і ўжо старанна падмятае і без таго чысты пляц, усё бліжэй да мяне падступаючыся. Можна паспрабаваць угадаць, што будзе далей. Зараз наблізіцца, скажа “хай”, ці старамоднае “гутэнтаг”? Папросіць “раўхэн”? Зробіць выгляд, што яго не цікавіць зялёная, да палавіны адпітая пляшка ў маёй руцэ? Вось ён ужо, спадцішка на мяне пазіраючы, перакладае ў левую руку венік і, выціраючы аб штаны правую, з сарамлівай, вінаватай, як у Танінага Валодзі, усмешкаю падыходзіць да мяне.
2017 г.