Апошні паэт
* * *
Вяртаюся з лістападу
Слядамі мёртвай вясны
У горад, сонцам пракляты,
Што спіць на лязе слязы.
Вяртаюся, каб пастукаць
У шыбы праведных слоў,
Якімі спавіты вусны
І вочы блудных сяброў.
Вяртаюся, каб убачыць,
Як здзейсніцца неба суд
Над рэхам ціхага плачу
Дажджу і смехам пяску.
Адно баюся, што здрадай
Сады забеляць сляды
Вясны, каб я з лістападу
Не змог вярнуцца сюды…
* * *
Сыходзяць сябры –
Хто ў быт, хто ў нябыт.
Адзін толькі я
Не крочу туды,
Бо пуста ўнутры
Ад шчасця і крыўд.
А ночы змяя
Паўзе да вады –
Нап’ецца, і світ
Абвесцяць званы.
Прачнуцца сябры,
Каб кінуць мяне
У быт і нябыт,
У яву і сны,
У моўкнасць і крык,
Што камнем на дне…
* * *
Дзе ты, светлы, наіўны хлопчык,
Той, што верыў: зменіцца свет?!
У люстэрку іншыя вочы,
А ад веры прастыў і след.
Бедны хлопчык, ты спіш, спавіты
Сном атрутным, часу смугой.
Пасля вашай са светам бітвы
Свет застаўся самім сабой.
Толькі часам бывае ноччу,
Калі свету прыціхне звон,
У душы зварухнецца хлопчык
І гаворыць вершы праз сон.
* * *
Страшны свет. І не зменіш ні трасцы.
Застаецца адно – зачыніцца
Ад калгаснага змроку сталіцы,
Ад сталічнага бляску калгасаў,
Ад званоў златаглавай хімеры,
Ад хіджабаў свабоднай Еўропы,
Ад утопій і антыутопій,
І ад іншай усякай халеры.
Страшны свет. Зачынюся ў Гародні
На замкі ўсіх касцёлаў і замкаў,
А на вокны павешу фіранкі,
Вышываныя позіркам поўні.
І не буду глядзець ні на захад,
Ні на ўсход, толькі ў неба начное,
Дзе душы маёй стомлены човен
Праплывае над плахамі дахаў.
Праплывае, каб знікнуць нарэшце
У вірах непрыдуманых фобій,
Каб на дне непрытомнай жалобы
Край прысніць па-за кратамі вершаў.
Размова
– Ойча, за што мне гэта –
Плыць насустрач сумленню
Хвалямі чорных кветак,
Плёсам бялёсых ценяў?
Ойча, за што мне гэта –
Плыць на скалы і рыфы,
Свет замыкаць у гета
Светлых словаў і рыфмаў?
Ойча, за што мне гэта –
Піць цыкуту маўчання?
– Сыне, дай цыгарэту,
Кінь дурныя пытанні.
* * *
Мае верныя вершы,
Як анёлы-ахоўнікі
Паміж злом і дабром
Сцерагуць мой сусвет
Ад халодных усмешак
Срэбралюбных іконнікаў,
Ад цукровых сяброў
І слязлівых кабет.
Знаю, час праглыне
І апошніх, і першых,
І самоту, і смех,
І сяброў, і кабет.
Не пакіньце ж мяне,
Мае верныя вершы,
Калі сонца ў расе
Не пакіне свой след!
* * *
Восень – туга даматканая,
Бераг нязбытных трывог.
Разам з лістотаю п’янаю
Гніць мне на ўскрайку дарог.
Бо ні самоты, ні памяці
Не засталося ўва мне.
Добра, паспеў хоць пакаяцца,
Перш чым спачыць на дне.
Восень, туга мая шэрая,
Вырай для зграі варон.
Золата цэрквы ашчэрылі
Зрэбным Дзядам наўздагон…
* * *
Не хацелася быць адзінокім,
Але толькі былыя грахі
Не стамляюцца – слухаюць крокі
Адзіноты і нішчаць шляхі,
Што вядуць ад хвілёвага шчасця
У пустэльню нямога кіно.
І няма больш Святога Прычасця –
Толькі звыклыя хлеб і віно.
І няма ні святла, а ні свету.
Усміхаецца змрочны Хаос
Адзіноце, наіўным паэтам
І грахам, набрынялым ад слёз.
* * *
Камяністай пустэльняй трывогі
Адыходзяць апошнія дні.
Што ж, бывайце, шчаслівай дарогі!
Не параньцеся аб камяні.
А калі і параніць хто ногі,
Не вяртайцеся – не прыму.
З камяністай пустэльні трывогі
Я чакаю ночы сурму.
* * *
Крычаць вароны крыкам чорным –
Заблыталіся ў нечых снах.
Іх крык над мёртваю Гародняй
Плыве, як пахавальны сцяг.
Ну што ж, бывай, мой любы горад,
Мая свабода, мой палон.
Да дна я выпіў мёд твой горкі
Пад песню чорную варон.
Сон пра Анатоля Сыса
Сніўся Паэт – у вачах адчай,
Але са смакам корсткім спакою
Мне кажа: “Толічак, выбачай
За вершы, якія цяпер з табою.
Не праганяй іх, а прытулі,
Так, як цябе туліла матуля,
Бо без любові мы ўсе – нулі,
І верш памрэ, калі беспрытульны.
Бо не бывае вершаў чужых,
Як і дзяцей чужых не бывае.
Не пакідай жа, Толічак, іх –
Без вершаў няма ні краю, ні раю…”
* * *
Я – апошні паэт, спадкаемца маўклівых прарокаў,
Чые словы-шляхі зараслі пустазвоннай травой,
А сляды патанулі ў глыбокіх, як гурбы, аблоках,
Сярод матчыных песняў, спяваных на мове чужой.
Я не бачу слядоў, але чую іх пульс пад нагамі.
Я іду ў цішыню, дзе Радзіма пакуль што жыве,
Я адзін, бо астатнім хацелася стацца багамі,
І будуюць бажніцы яны ў пустазвоннай траве.
Хай будуюць, блішчаць і крычаць пра надзею і веру,
Пра каханне, свабоду, самоту, аблом і надлом.
Я адзін адыходжу – за мной зачыняюцца дзверы.
Больш паэтаў не будзе, і я выключаю святло.