* * *
Жыццё тваё спрытна круціцца, як вініл –
адныя і тыя ж сюжэты,
як захады і ўсходы,
як вакол сонца планеты,
паўтараюцца.
Нішто так не мабілізуе, як пачуццё віны:
і нашым і вашым,
і тым і гэтым
усё, што ты робіш,
не падабаецца.
Аднак за ноччу прыходзіць раніца,
прыносіць новае і фартовае.
“Толькі каб
аб трывогу забытую не параніцца”, –
думаеш, ставячы новыя трэкі,
і ведаеш –
атрымаецца.
* * *
Калі ты ўпадзеш на самае дно тугі –
адтуль узлятаць вышэй.
Калі развітаўся з блізкім і дарагім –
напаткаеш хутчэй яшчэ
свой лёс выпадкова.
Каб твой імпэт не пагас,
Пегас
дасць на шчасце падкову.
Не спыніцца час.
І не паскорыцца час.
Як мама. Як тата
1.
І сніцца табе, што яна не спіць, трывожыцца,
штохвілю ў акно ўглядаецца, а там – золка, змрочна, туманна.
Шукае цябе, як у тумане вожыка,
а ты за гарамі-морамі, за акіянам.
І раптам заўважаеш, што хвалі паўночныя
б’юцца аб бераг у такт ейнага сэрца,
і што яна насамрэч – усе твае дзённыя і ўсяночныя,
і яно ў вас адно на дваіх агульнае б’ецца.
Холадна тут, настыла.
Апранаеш шапачку і пальчаткі,
як мама вучыла.
Гэта яна – усе завяршэнні твае і пачаткі.
Як мама?
2.
Вы разам з татам (табе 32, тата – ужо на пенсіі),
прыдумляеце імя багоўцы,
што заляцела ў кватэру
і засталася
зімаваць на фіялцы.
Кузьмінічна.
Вы разам з татам
глядзіце забаўныя ролікі
з совамі, якія смяюцца,
і з гаварушчымі папугайчыкамі.
А калі ты далёка,
вы строіце міны адно аднаму
праз відэа ў скайпе,
каб было весялей.
Яму не трэба казаць мне:
Гэта жыццё, дзетка, будзь асцярожнай.
Я і так усё памятаю.
І пытацца: “Почему не звонишь?”
Я і так
патэлефаную.
* * *
Мы прячем глаза за шторами век.
В. Цой
Калі ты замыкаеш душу
на вялізны замок
і закрываеш вочы
павекаў фіранкамі,
каб чорна было табе
і ўваччу і ўвушшу –
не цешся неспадзяванкамі!
Калі б нехта нават і змог
з цёмнага шляху збочыць,
хто ў стане пабачыць цябе і пачуць?
Толькі Бог.
* * *
У той рэдкі момант, калі чутно, як расце трава,
Калі ад будзённых думак свабодная галава,
Калі крыкі чаек на прывакзальных вежах
Нагадваюць пах Балтыйскага мора свежы,
Я трымаю рот на замку, Бог бярэ мяне за руку:
“Сачы, не паказвай шчасця свайго, маўчы!”
– А як забаліць нясцерпна, не варта трываць – крычы! –
дадасць ахоўнік-анёл на маім плячы.
* * *
Ты чытаеш гекзаметры ў рытме хваляў марскіх
гучна, голасна, ледзь не крычыш у сябе ўнутры,
і калі не адмовяць пачуцці, зрок і слых,
ты не здолееш захлынуцца ў сваім віры.
У замкнёнага кола ў нутры схаваны вуглы,
у засмяглай рэчкі ў нутры – бяздонная глыб.
* * *
зноў надзея мая
на найлепшае
на вырашэнне
на ўваскрашэнне
прарасла маладою травой
а ўсяго толькі –
колер юнай лістоты
нованароджанай
сёлета ў модзе
* * *
Ты больш не шукаеш, як перажыць адзіноту.
Ты носіш яе ўнутры, як сасуд,
напоўнены ўспамінамі і пяшчотамі.
І, каб не расплёскаць сваю
самакаштоўнасць,
нідзе
нікому
ніколі
яе не паказваеш.
Нечаканае шчасце
гэтак сама,
як і несуцешны боль,
любіць адно цішыню.
* * *
Калі адчуваеш: нябачная нітка,
што звязвае нас, ледзь-ледзь –
абрываецца,
успомні:
сонечны бераг, непераможная Ніка,
на плечы накінуты плед
і ясная раніца.
Успомні
салёныя хвалі марскія –
аб сілу і гонар іх можна параніцца,
і станеш такім,
бо перамагаюць такія.
Згадай, каб не паддавацца паніцы.
Наш час прарастае
скрозь брудны асфальт,
і напаўняюцца лёгкія цёплым паветрам.
Спеліцца верасень
і ўзмацняецца вера.
Час завяршае гештальт.