Павал Абрамовіч (№92)

“Бо ён – Рака”
Дняпро як сістэмаўтваральная метафара ў рамане Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”

 

Усіх славутых беларускіх літаратараў яднае натуральная сувязь са сваёй зямлёй, Беларуссю, і ў гэтым – непарыўная традыцыя нашай літаратуры, наш ціхі, але цвёрды моўны патрыятызм з часоў Францыска Скарыны і Міколы Гусоўскага. Любоў да роднай зямлі і замілаванне велічным космасам прыроды, якія літаральна прапаведавалі нашы пісьменнікі, паўплывалі на фарміраванне мастацкага стылю беларускай літаратуры – безумоўна, ён існуе: агуль­ны магутны голас, зладжаны харал нашага класічнага прыгожага пісьменства. 

Але быў (ёсць і будзе) у беларускай літаратуры пясняр Вады. Чалавек, які нарадзіўся ў старажытным горадзе на магутнай рацэ. Гэта Уладзімір Караткевіч. “Пры­дняпровец”, як казаў ён пра сваіх літаратурных герояў, вызначаючы не проста месца іх нараджэння, а сутнасць.

 

Верны сябар

Спецыялісты даводзяць, што вытокі назвы ракі “Днепр” трэба шукаць у эпосе Заратустры, у старажытнаперсідскіх словах са складамі “да”, “до”, “ду”. А то і яшчэ раней: задоўга да пачатку часоў паняцце “рака” вызначалася аднаскладанымі пратаіндаеўрапейскімі словамі “да на” (“цячэ тут”), “до на” (“працякае тут”), “ду на” (“працякае ўнутры тут”)1. Сапраўды, усюды ў гідронімах – “дн”: Дунай, Дон, Днестр, Дзвіна, Дардонь. І Днепр. Дакладней, “Дняпро” – у Караткевіча сустракаем толькі такое напісанне.

Я нарадзіўся ўдалечыні ад вялікіх азёр і рэк, сярод камяністых пагоркаў, якія ў старажытнасці багата наствараў у ваколіцах Койданава ляднік, і таму толькі прыблізна ведаю, што гэта такое – быць народжаным каля цякучай вады, жыць ля яе, бачыць ноччу і днём, чуць раку, думаць аб ёй. Так, я не маю досведу, але ў грунтоўным даследаванні “Тэмза” англійскага гісторыка і літаратуразнаўцы Пітара Акройда даводзіцца, што “сапраўдную “меру” ракі можна ўбачыць у пачуццях, якія яна выклікае”2.

Уласныя пачуцці – някепская дапамога ў літаратурных падарожжах і спасціжэнні асобы пісьменніка, асабліва калі ты ўсё ж бачыў на свае вочы вялікія рэкі сваёй радзімы дый яшчэ шмат чытаў пра вялікія рэкі чужых краін. Прыкладам, кнігу “Жыццё на Місісіпі” Марка Твэна, у якой пісьменнік, ненапышлівы грамадзянін ЗША і дасведчаны лоцман, сказаў пра раку так: “Усё ж басейн Місісіпі – гэта касцяк нацыі. Усе іншыя раёны краіны – толькі чальцы, важныя не столькі самі па сабе, колькі сваімі адносінамі да касцяка”3.

Гэта не проста назіранне, а досвед доўгага жыцця. Караткевіч, які бязмерна абагаўляў сваю раку, але ў той жа час глядзеў на свет пільнымі, разумнымі вачыма грамадзяніна, мастака і гісторыка, аднойчы прыйдзе да той жа высновы пра раку як касцяк нацыі. Аднак падасць яе ў больш разгорнутай, метафарычнай форме:

“Ён [Дняпро] – бацька. Ён калыска наша. Ягоная душа – наша душа, усё яшчэ нястрымная, язычаская, вераломна-праўдзівая, цыганская. Ён і сапраўды язычнік, мнагажонец, і ўсе жонкі ягоныя не чуюць у ім душы. I Друць, і Прыпяць, і Дзясна. А браты ягоныя і сябры, накшталт Сажа, таксама не чуюць у ім душы. Бо гэты не выдасць. Бо ён верны сябар, які не заложыць цябе ўсякай свінні.

Бо ён – Рака”4.

 

Кніга пра Раку

Калі да Караткевіча толькі прыйшла задума “Каласоў пад сярпом тваім” (пісьменнік тады яшчэ быў студэнтам Кіеўскага ўніверсітэта), ён меркаваў абмежаваць геаграфію рамана адным Прыдняпроўем. “Але потым прыйшлося пашырыць рамкі, перакінуць з Прыдняпроўя “мосцікі” ў Вільню, Пецярбург, Варшаву”, – дадае пісьменнік5.

І ўсё ж сэнсавы цэнтр рамана застаўся ў межах роднага Караткевічу Пры­дняпроўя. Пісьменік насамрэч не стаў радыкальна змяняць сваю першапачатковую задуму, нягледзячы на гаркавае слова “прыйшлося”, за якім хаваюцца развіццё, ускладненне рамана, якое адбываецца найчасцей міжволі аўтара, і заўвагі рэдактараў, цэнзараў. Караткевіч быў досыць непахісны ва ўласным жыцці і творчасці, і мосцікі (заўважце, не “масты”!) засталіся толькі мосцікамі – пабудаваны яны ў кнізе, зразумела, праз Дняпро.

Дняпро – чацвёртая па даўжыні рака ў Еўропе – цячэ праз усе “Каласы…” і з’яўляецца глабальнай сістэмаўтваральнай метафарай, дэшыфроўка якой дазваляе спасцігнуць ідэйна-філасофскую аснову рамана.

Вялікая рака суправаджае герояў, цячэ праз іх жыцці. Нават калі дзеянне “Каласоў…” адбываецца ўдалечыні ад ракі, персанажы кнігі звяртаюцца да Дняпра ў сваіх думках, жадаюць бачыць і чуць яго, суадносяць з ім свае назіранні. На ўвесь свет глядзяць яны быццам праз дняпроўскую ваду – рака з’яўляецца мерай рэчаў для герояў кнігі.

Так, у часе летняга падарожжа кампанія падлеткаў знаходзіць крынічку. Майка шэптам, быццам падчас рытуалу, кажа, што гэта бацька вады. Алесь папраўляе дзяўчыну: “Бацька вод”. І дадае: “Вось так і Дняпро пачынаецца недзе”.

Свае асабістыя адчуванні персанажы таксама суадносяць з Дняпром: “Ва ўсіх трохі сціснула дыханне, як перад першым адчайдушным крокам у ледзяную ваду Дняпра”.

Рака – мера, а таксама надзейны арыенцір: “…Война ўбачыў за сабой заліты луг, парушынкі людзей на другім яго краі, а перад сабою зарасці і далёкую-далёкую стужку Дняпра”. У гэтым рамане падчас знаёмства досыць сказаць іншаму чалавеку, з якой ты ракі – і ўсё, гэтага хопіць, каб ахарактыразаваць сябе, пазначыць у свеце. “Ты адкуль такі?” – “Я з Дняпра”.

Дняпро, кажучы словамі Твэна, – касцяк “Каласоў…”. Перафразуючы словы амерыканскага пісьменніка, можна дадаць, што “ўсе іншыя раёны кнігі – толькі чальцы, важныя… сваімі адносінамі да касцяка”.

Прыкладам, у часе навучання ў гімназіі Алесь маркоціцца, сумуе па родных краявідах і красках: “Бразгоча званок. Выйдзеш у калідор, а за адзіным акном не Дняпро, а казённыя гарадскія муры, усе пафарбаваныя ў аднолькавы “іерусалімскі”, а па-простаму, па-малярску, – жоўты колер”. Загорскі-малодшы гібее ў Вільні – Дняпро незаўважна стаў ракой жыцця для падлетка, і ён усведамляе гэта, застаўшыся надоўга без “вялікай вады”. І чым далей ад Дняпра – тым гарчэй настальгія, тым цяжэй. “Другі месяц ён жыў [Алесь] у Маскве, і кожны раз пагрозлівай і гордай прыгажосцю ўражаў яго гэты куток зямлі. Вярнуцца да берагоў Дняпра ўсё не выпадала”.

Дняпро, які шырокай сіняй ніткай праходзіць праз кнігу, даў ёй першы шывок – у прамым сэнсе. Пачатак “Каласоў…” “прыйшоў у галаву [Валодзю Караткевічу] 7 жніўня 1959 года ў Азярышчы над Дняпром, дзе ўзвышалася над кручай пахілая груша”5.

“Вусце” рамана шчыльна звязана з Дняпром, як і аўтар, персанажы ягонай кнігі. І сама рака ад пачатку выступае ў якасці героя кнігі: “Дняпро падбiраўся да яе спакваля, патроху, як разбойнiк”.

Рака – удзельнік падзей і сведка ўчынкаў іншых персанажаў. Дняпро ўважліва і адстаронена назірае, несучы свае воды ў вечнасць, і чуе, запамінае ўсё, у тым ліку словы праклёну, адчаю, кахання, малітвы, спадзеву, наказу.

“Бацька спыніўся на высокім урвішчы Дняпра і абвёў рукою ўсё, што вакол.

– Гэта тваё, – сказаў ён. – Твая зямля і тваё неба. Помні, усё жыццё ты будзеш піць ваду з Дняпра і абмываць гэтай вадой сваіх нованароджаных. І адабраць гэта ў цябе не можа ні чалавек, ні бог, ні д’ябал. Адна смерць”.

Сцэны “Каласоў…”, якія разгортваюцца на берагах Дняпра – нават “простая” бойка і прымірэнне двух хлопчыкаў у пачатку твора – падаюцца ці не самымі яскравымі, псіхалагічна дакладнымі, запамінальнымі, мудрымі. Быццам сама рака дала частку сваёй магутнай велічнай сілы Караткевічу, і пісьменнік не проста напоўніцу ёй скарыстаўся, а зарадзіў сваю кнігу, напоўніў як жывой вадой.

Надзвычай глыбокай падаецца ў гэтай сувязі думка старажытнарымскага філосафа Луцыя Анея Сенэкі пра сутнасць вады і ракі: “Сказаўшы, што яна – элемент, я даў ёй тым самым досыць шмат сіл. Бо ты ж разумееш: што выцякае з элемента, не можа вычарпацца” (трактат “Аб прыродзе”, кніга III “Аб вадзе”)6.

Ідэі, вобразы, персанажы “Каласоў…” не вычарпаліся, не высахлі з цягам часу, яны застаюцца і для новых пакаленняў шчырых беларусаў неабходнымі, прыцягальнымі, гаючымі, як празрыстая рачная вада, – літаратура як від мастацтва сапраўды можа спатоліць духоўную смагу.

“Бясконцае жыццё Тэмзы наводзіць на думку, што прырода ўсяго на свеце цыклічная”, – піша Акройд, і Дняпро, які ў старажытнасці меў назву Барысфен, таксама можа засведчыць гэта – прама ці апасродкавана, праз кнігу Караткевіча.

 

Мора свабоды

Разважаючы пра Дняпро як сістэмаўтваральную метафару “Каласоў…”, трэба адзначыць яшчэ дзве важкія ролі ракі ў рамане.

Па-першае, Дняпро выяўляецца цякучай, але суцэльнай, не пункцірнай мяжой паміж свабодай і прыгнётам, воляй і турмой.

Памятаеце, калі Раўбіч, расклаўшы мапу, паказвае прыдняпроўскім шляхцічам меркаваную дыспазіцыю войскаў у часе будучага паўстання супраць Расейскай імперыі? Пры размяшчэнні ўзброеных атрадаў улічаны найперш павароты, лукавіны Дняпра, і рашуча гучаць за сталом словы: “Трымаць асявую лінію Дняпра”. Караткевіч не збаяўся ўвесці гэтую сцэну ў якасці стрыжнёвай, паказаць дэталёва, як нашыя прадзеды стрымлівалі і білі ворага, менавіта з улікам мясцовасці і перавагаў, якія дае родная зямля. І вада.

Па-другое, для ўсведамлення Дняпра як глабальнай метафары ў рамане трэба звярнуць пільную ўвагу на 20-ты раздзел першай часткі рамана, якая напісана ад першай асобы – ад імя самога аўтара. Быццам старонка дзённіка была наўмысна забытая паміж старонак літаратурна-мастацкай кнігі – моцны ход!

Караткевіч распавядае, як ён піша “гэтыя радкі”, лежачы на вялікім камяні ля берага мора. (Пісьменнік наўмысна, дзеля абагульнення, метафарычнасці не кажа, што гэта Чорнае мора.) Найвялікшы рамантык беларускай літаратуры, ён з дакладнасцю мастака-марыніста апісвае наваколле. “Але галоўнае – мора! Гэта тое самае мора, у якое ўпадае мой Дняпро”, – усклікае аўтар “Каласоў…”. Караткевіч кажа, што кожны з нас нясе ў мора ўсё добрае і злое, што мы бачылі, “мы нясём у яго сваё жыццё, нават больш – сваю душу. І кожны ўпадае па-свойму”.

Заканчваецца раздзел кранальным зваротам: “Спяшайся, цурок вады! Мора чакае!” Аўтар мае на ўвазе ці то чытача, ці то самога сябе як простага чалавека, ці то самога сябе як аўтара прыспешвае са стварэннем рамана, ці то наўпрост у стылі постмадэрністаў звяртаецца да ўласнага персанажа – Алеся Загорскага, які аднойчы адкрые Мора (Беларусь), але яшчэ доўга і пакутліва будзе спасцігаць хвалі, з якіх гэта Мора складаецца.

Сімвалы і метафары коцяцца, як воды Дняпра, – неверагоднае ўражанне робіць паэтыка Караткевіча! І адно з вытлумачэнняў: Беларусь – тая ж самая рака, якая аднойчы ўліецца ў вялікае мора свабодных краінаў. Гэта адбудзецца, калі кожны з нас – не як жыхар, а як грамадзянін – усвядоміць: мы ёсць цурок вады і мы ёсць мора.

 

Цемра і золата Дняпра

“Каласы пад сярпом тваім” – гімн роднай Рацэ, якая надае сэнс усяму на свеце. А Дняпро ў сваю чаргу – “вусце” і “выток” рамана, месца дзеяння, стрыжань, адзін з галоўных персанажаў. І адначасна – нацыянальны сімвал, мастацкае ўвасабленне нашай краіны, вызначэнне ідэі свабоды, метафара вечнага імкнення сапраўднага чалавека да абнаўлення, развіцця і спасціжэння моцы адзінства. У адным са знакавых месцаў рамана Караткевіч, быццам вежу, ставіць важкі злучальнік “і”: “Шлях і Дняпро”.

Кожная з вялікіх кніг пра рэкі сканчаецца там, дзе рака ўпадае ў мора. Мудры аўтар “Каласоў…” таксама ведае фінал: “А калi нас не будзе, яна [рака] усё яшчэ будзе бегчы далей i далей, да апошняга, далёкага мора…”

Скон, але і працяг. Караткевіч як сын Ракі прагнуў еднасці з Дняпром і пасля смерці, каб пабачыць тое апошняе мора. Момант уласнага канчатковага злучэння з Дняпром ён красамоўна апісаў у вершы “З вытокаў да вусця ракі”:

 

Калі развітання апошняга прыйдзе пара,

Ладдзя на апошні, світанкавы выплыве плёс,

І прыйме мяне валавокая цемра Дняпра,

Як месячны серп з залацістых дняпроўскіх нябёс.

 

 

1 Шарый, А. Дунай. Река империй. – Азбука-Аттикус, 2015 г.

2 Акройд, П. Темза. Священная река. – Издательство Ольги Морозовой, 2009 г.

Твен, М. Жизнь на Миссисипи. – Петрозаводск, 1960 г.

4 Караткевіч, Ул. Званы ў прадоннях азёр. – Мастацкая літаратура, 1991 г.

5 Мальдзіс, А. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. – Мастацкая літаратура, 1990 г.

5 Мальдзіс, А. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. – Мастацкая літаратура, 1990 г.

6 Сенека, Л.А. Философские трактаты. – Алетейя, 2000 г.

 


Апублікавана

у