Лавіць матылькоў…
* * *
Заблудзіўся ў жыцці, навакол цішыня,
няма сілы змагацца і нешта змяняць.
Бачу Бога, але нехта выключыў гук,
цела быццам аплёў павуціннем павук.
І гадзіннік зламаўся, час раптоўна памёр,
нам пакінуўшы сумных імгненняў узор.
У руку – па цвіку, і ўжо не паляціш,
адчуваючы целам няструганы крыж.
Спадзяванні на літасць зніклі ў жудасным сне
ні святла, ні надзей не пакінуўшы мне.
Толькі шэрань на вуснах, слёзы ўжо не стрымаць –
страшна думаць пра Неба, калі ў сэрцы зіма.
Папяровыя ружы замест кветак жывых.
Мару Бога пачуць і напружваю слых.
Чую – плачуць анёлы за чорнай гарой
словы песні маркотнай, як поўня, старой.
* * *
Іду па вуліцы ў белай кашулі,
заплечнік за плячыма.
Магчыма,
я вельмі шляхетны ў вачах бабулі,
што васількі прадае.
У яе
набыў сузор’е сініх кветак,
сонцам сагрэтых,
сарваных ранкам старанна,
напоеных хлорнай вадою з-пад крана…
З васількамі ў руках,
у белай кашулі,
пайду між бетонных гмахаў
па чорным асфальце вуліц,
праз цёплы пяшчотны дождж,
як Максім Багдановіч, самотны,
ды толькі старэйшы ўсё ж,
і не сухотны.
Нічога ўжо не перайначыш,
хоць ёсць у гэтым патрэба.
Так хочацца сонца ўбачыць,
а бачу – паэтава неба
з безліччу зор, да якіх мы
ляцім. Даляцець – дарма!
Між зораў схаваліся рыфмы,
ды часу шукаць іх няма:
“Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
ў ціхую сінюю ноч…”
* * *
Грэшнікі да споведзі ішлі,
твараў не хаваючы у цемры.
З гонарам, нібыта каралі,
грэшнікі да споведзі ішлі,
маючы па кроплі даўняй веры.
Кожны крок пакутліва-цяжкі,
быццам басанож па голках вострых,
і няма сяброўскае рукі,
кожны крок пакутліва-цяжкі,
кожны ўдых атрутны і няпросты.
Сонца ім не асвятляла шлях,
месяц не паказваўся з-за хмараў…
Толькі свечкі ў стомленых руках…
Сонца ім не асвятляла шлях –
абдавала іх пякельным жарам.
Цепліцца надзея ў іх вачах,
свечкі ў іх руках, нібыта зоркі.
І губляе сваю сілу страх.
Цепліцца надзея ў іх вачах,
поўных смутку і чаканняў горкіх.
* * *
Апошні сон
складаецца па частках.
І з іх
я добра памятаю тры.
У першай
тры анёлы ў страшных масках
спрабуюць непакорлівых скарыць.
Ўсё аплялі яны
калючым дротам,
што цягнецца ажно за небакрай,
забыліся на святасць і на цноту –
без спеху дабудоўваюць свой рай.
Другая –
белы снег да далягляду
і злосная нямая цішыня.
Чакае зграя воўчая загаду,
каб разарваць нявіннае ягня.
А я крычу: “Спыніцеся! Не трэба!”
Спрабую засланіць яго сабой…
Дарэмна… Засталіся толькі неба,
пакуты, ціш і невыцерпны боль.
У трэцяй –
вочы выпалілі зоркі,
калі сачыў прыгожы зарапад,
схаваўшыся на кургане-пагорку,
і стала цемра страшная па-над
зямлёй. І сцежку, што расой блішчала,
не мог убачыць і не мог знайсці.
Сляпую цемру, што наўкол паўстала
нат з сонцам немагчыма перайсці.
Наступную я не магу ўжо ўспомніць.
Так хочацца, каб там было святло.
Няхай не сонца, хай самотнай поўні,
але каб толькі там яно было.
Апошні сон складаю я па частках.
Не склеіць іх,
не сшыць
і не звязаць.
На чалавека Бог паставіў пастку:
час знікне і не вернецца назад.
А разам з часам знікнуць
успаміны
пра шчасце,
пра сяброўства,
пра любоў…
І сыплюцца пясчынкамі хвіліны
ў гадзінніку,
які не бачыць сноў.
* * *
Паэт піша вершы свае
сінім колерам
чарговага натхнення.
Крэсліць,
палюе на рыфму,
рытм адбівае,
аж губу закусіў
ад напругі
ў чаканні
шэдэўра…
…А ў гэты час на беразе Начы
Мікола Купрэеў сядзіць нябачна,
Світання чакае, заплюшчыўшы вочы,
слухае музыку жнівеньскай ночы.
І словы з’яўляюцца, быццам здалёк,
цяжкія, як жалеза, лёгкія, як матылёк,
мудрыя, як стагоддзі, крохкія, нібы лёд,
горкія, бы палыновыя, салодкія, быццам мёд…
І свецяцца вершы на лісці кляновым,
і плывуць, плывуць па ціхай рацэ…
А на беразе Начы ўсміхаецца словам
Мікола Купрэеў з цыгаркаю у руцэ…
* * *
У анёла крыло забалела,
моцна-моцна – ляцець не можа.
Летась лётаў прыгожа і смела,
а цяпер – ён нібыта стрыножаны.
Плача ціха – ніхто не чуе,
ды й каму – навакол нікога,
пад адкрытым небам начуе,
бо не можа ўзляцець да Бога.
Я крыло яму перабінтую
і скажу: “Зараз холадна, браце,
і ў небе ніхто не вандруе –
ты пакуль пажыві ў маёй хаце.
Мы крыло тваё трохі падлечым,
ты не будзеш баяцца ўночы,
і тым часам раскажаш пра Вечнасць
і ўсёбачныя Богавы вочы…”
* * *
Боль
вымераны табой,
нават у сне
не міне.
А пад раніцу ўвесь я – суцэльны апёк,
быццам сонца знарок
мне прыклалі
да цела
і мацней прыціскалі,
каб балела й балела…
І баліць…
Боль не збыць,
не згубіць,
не забіць…
Не забыць на прыпынку,
нібы парасон,
да енку, да крыку
моцны ён.
Не аддаць,
не прадаць,
не зламаць,
не спаліць,
не парэзаць на лусты,
кіслатой не заліць…
Баліць…
Баліць…
Так самотна і пуста.
Пальцы дробна дрыжаць –
голку не ўтрымаць.
Пустату не зашыць
між душою і целам,
мабыць, лёс такі –
жыць,
каб балела й балела…
І чакаць,
калі ты мне апёкі залечыш,
і маўчаць,
і трываць,
уцягнуўшы ў плечы
галаву,
адчуваць,
што жыву,
што жыву…
* * *
Няўдзячная справа – лавіць матылькоў.
Толькі налоўчышся – ён пырх – і паляцеў.
Бывае, садзіцца на далонь
і чакае.
Але рука варухнецца –
і ён ляціць, свабодны й шчаслівы,
крылцамі махае,
нібыта кажа:
“Прабач і да пабачэння…”
Лавіць матылькоў – няўдзячная справа.
Хто лавіў – ведае.
* * *
Не думай, што ты перамог,
таму што так хацеў Бог.
Быць можа, Ён даў магчымасць камусьці ўзысці на крыж…
Не думай, што проста так Бог
ад страшнай бяды засцярог.
Быць можа, Ён разумее, што для цябе гэта звыш…
Не думай, што з сотні дарог
Ён выбраць адну дапамог.
Быць можа, ты сам адказны за шлях, на якім стаіш…