Сяргей Дубавец (№94)

«Мяне ніколі так не любілі геніі…»

Вершы з Вісбю

 

1.

Другі тыдзень аж цёмна ад снегу, такія завеі.

Не адчыніш дзверы, не выйдзеш з дому.

У вакне фіранкі ўжо амаль да паловы знізу.

Змрок егіпецкі клейкі можна памацаць рукою,

тварам, крокам, заваленым снегам целам.

Увушшу гудзе манатонна і страшна ці то самое вуха,

ці то мора, ці то завея, ці ветранік на званіцы Бога.

Там, дзе Бог не любіць, а карае з усёй сілы,

Каб няверны не перашкодзіў промыслу Бога,

Будзь ён хоць фараонам. Асязальная цемра,

бездарожжа, бязвыйснасць, бяззорнасць

Вісбю.

 

2.

Віскае снег у Вісбю падэшвамі Asics. Іксамі

Пакідае след за сабою на ровары Олаф –

Быццам яму не так, як табе, не холадна.

Руіны шэрыя рымскія сабачы мароз ціскае,

Хапаючы іх час ад часу за хрыбетнік зубамі.

Анна сёння не прыйдзе. «Яна не з вамі»?

«Чаму не рэстаўруюць помнікі Вісбю?» –

пытаюся ў гугла, ён не дае адказу, але ўжо па-руску.

Незнаёмая Анна ў сваім цацачным доме,

які ад марозу ўціснуўся ў шэраг такіх самых у Вісбю,

Анна не прыйдзе ніколі. Да Анны прыедзе

Олаф.

 

3.

Хто не крычыць на вуліцы, той не дзіцё.

А вы як гледзіцё? Калі наваліла снегу, калі

вы хочаце сэксу (як першы раз), калі выйшлі

з барнае пары, а неба – закрытае. Што, усё?

Сэрца прагне працягу. На санках, на сноўбардзе,

проста на задніцы, на гэтай грэбанай лесвіцы,

не пачышчанай ад снегападаў, з неразрознымі

прыступкамі, ногі намацваюць ледзь…

«Гдзе Александр Грігор’ічь?» Он здзесь.

Таксама і ў Вісбю. Неба адкрыецца ў сне.

Кожнаму па чуць-чуць. Спі. Мая радасць –

заснуць.

 

4.

Вясна ў Вісбю з 30 лютага. Coming soon… Вad news

sir. У апошні момант Вісбвыканкам адмовіў у

гастрольнай ліцэнзіі. У праграме – той самы

завейны свіст. І бяззорнасць. Больш у Вісбю

ніколі не будзе вясны. Толькі сцюжа ды храмаў

разбураных чарапы. Ну і ты, з пустаты, гарбаты

ад ветру, у пустату, пераходзіш пусты.

З першага на другое піва. Ад афіцыянта-сірыйца

ў «Італіян піца» да афіцыянта-сірыйца ў

«Бруклін-бургер». Што паглядзець у Вісбю? Кампутар.

Ці як фільмы цяжкія сны. Больш у Вісбю не будзе

вясны.

 

5.

Храп накрыў прытулак пісьменнікаў Вісбю.

Гюнтар сніць сябе Грасам, Сільвія – Saint.

На сайт выстаўляе Васілій хуліганскія скрыпты

«Вялікая айчынная вясна», «сталінскія

імпрэсіі», «Пуцінскі жым-жым». Мы ляжым

кожны ў сябе, у сабе, са сваім снапом у галаве.

Грас сніць сябе Гюнтарам, Васілій, можа быць,

з Сільвіяй. У Празе я ведаў адну Сільвію…

У снах, у снапах, праз храп прарываецца: Fuck!

Гюнтар страціў канец думкі і ад страху, што

страціў фах, не паказваецца раніцай брызлай

у Вісбю.

 

6.

Калі перайсці на той бок вострава (Па пояс

у снезе, хіба, і гэта самае простае.) ад Вісбю да

Клайпеды зусім блізка, 270 км на вёслах. (Ага,

у гэткі вятрыска.) У Клайпедзе можна спыніцца.

Помніш «Мемфіс каля абеліска»? (Не факт, што цябе

там помняць.) Зрэшты, можна й без стомы, без

спыну, узяць на пуп – з думкай «дадому». Далей

сядаеш на колы і 300 км да Вільні як адзін момант.

(Аўтастрада на вечным рамонце, не разагнацца.)

І яшчэ 170 да Менску. (Плюс мяжа…) Язык твой

будзе свінцовы, калі паспрабуеш вымавіць: бывай,

Свенска.

 

7.

Нізкае сонца любы краявід робіць цікавым

і ў Вісбю. Кавы? Пад табліцай кронпрынца

доўгія гутаркі, доўгія цені ад нізкага сонца

замятае завея. Завея і сонца, як гэта можа быць? –

дзівіцца Гюнтар. І кава. Усё проста. Кава –

ад кронпрынца, завея – ад Маісея. Сонца – ад

госпада нашага Бога. – Ён забраў свяціла ў фараона

і аддаў габрэям, яны ва ўсім вінаватыя, – кажа

Васілій. Сільвія не кажа нічога. З’ехала ўчора

ў сваю Харватыю. Уцякла ад егіпецкай цемры,

ад завеі, ад нізкага сонца, ад кавы кронпрынца і ад

Васілія.

 

8.

У балтыйскіх русалак у Вісбю шурпаты дэкор:

завейныя крылы, перфаратары-цыцкі, ашчэр і

хардкор. Яны б’юцца з цёплымі бліскамі, узвіскваюць.

З імі дзядзька іх Балтамор, дабрадушны бязвольны

бамбіза. Ідзе бітва за горад Вісбю паміж градусамі,

ціскамі, пырскамі. Востраў Готланд з папераменным

поспехам захоплены то русалкамі, то турыстамі.

І апошнія фоткаюць першых на тэлефон. Мор-р-р! –

сірэны равуць ад бязвыйснасці, адчуваюць –

пяройдуць на стогн неўзабаве. Русалкі рачкуюць –

крок за крокам здаюць пазіцыі. З імі дзядзька іх

Балтамор.

 

9.

Перакладчыца ці то на ці то з суахілі Сільвія

на развітанне сказала нам і Васілію,

не перакладчыку, проста пісьменніку: «Мяне

ніколі так не любілі геніі…» І з’ехала,

пакінуўшы азадачанага сам-насам з бутэлькай

каньячнаю ў Вісбю. Пад снегападам. «Цікавы

атрымаўся рэбус, – думаў Гюнтэр. – Каго яна

мела на ўвазе?» «Между нами ничего не было», –

паспяшаўся Васілій з адказам. «Дарэмна, –

падумаў Гюнтэр і паўтарыў, – дарэмна»,

разглядаючы ў пакоі Сільвіі на сцяне партрэт

Музарэвы.

 

10.

У Вісбю жыве дзяцінства. Узгоркі, вуліцы,

домікі, ліхтары пакінутыя – як тады. Не

знесеныя ўзгоркі, вуліцы, домікі – «жыдоўскія

клапоўнікі», ліхтары – як у Мазыры, як

у Менску. У Мінску няма дзяцінства. Няма

ў Мазыры пахаў, прысмакаў, водбліскаў –

як тады. «Памяць урастае ў камень» амаль

дзе б ты ні быў: у Вільні, ва Ўроцлаве, у Празе,

у Лондане, у Страсбуры, у домікі, вуліцы,

ліхтары. У Вісбю жыве дзяцінства, бяры.

На радзіме яго няма ні ў Мінску, ні ў

Мазыры.

 

11.

Як жа звалі сабор у Празе, у мяне ў вакне на

намнесці Міру, што адлічваў па галаве кожную

паўгадзіну? Людміла! Такая эротыка, а на

справе – чорная готыка. Такі самы сабор у

Вісбю і таксама ў вакне і па галаве – кожную

паўгадзіну, паўдумку, паўсказу… Толькі ўжо

без эротыкі-готыкі, бо раманіка, самая

ранняя. І не чорная, а светлая. І завецца

Марыяй. Што ж вы так мяне пераследуеце?

Толькі словы складу да паловы – бам! Толькі

новы раздзел адкрыю – у вакне Людміла

з Марыяй.

 

12.

Мне так часта ў Вільні пахла Балтыкай, нават

часам у Менску пахне Балтыкай, ёдам,

соснамі, хвалямі Вісбю і Лімбажы, музеем Мана

ў Нідзе, вядзьмаркамі Ёдкрантэ і вікінгамі

Готланда. У Вісбю мала што нагадвае Вільню

і нішто не нагадвае Менску, апроч жадання

вярнуцца. У Вісбю не пахне Балтыкай. У

Клайпедзе, Нідзе, Лімбажы мне ніколі не пахне

Балтыкай, быццам яна так далёка, як Менск,

як Вільня. На Балтыцы пахне Свенска і,

калі могуць пахнуць жаданні, мне пахне

Менскам.

 

13.

Ты, Марыя, воблачны слуп у вакне маім

удзень і агнявы слуп уначы. Будзь памочніцай

уцячы. Ад мяне за табою паўсюль мора. Стань

мне за спінаю. І расступяцца воды, даючы

мне па дне дарогу дадому паміж дзвюх сценаў

вады. Стань, Марыя, паміж сушай і мной, а калі

я адолею гэты шлях і знікну з вачэй тваіх, ты

вярні свае воды на месца. І няхай ужо

здзейсніцца меса над патопленымі воямі

і калясніцамі. Няхай з волі твае вернуцца воды.

Не дай фараону перашкодзіць майму сыходу

з Вісбю.

 

14.

У Вісбю вяртаюцца гусі, іх крыкі зблытваюць

думак ясныя рыскі, думкі плывуць туманныя,

нібы падманныя. З батыскафаў выходзяць

спустошаныя арганаўты з файламі, флэшкамі,

вершамі і раманамі, ім не падпарадкаванымі.

Едуць у Вісбю турысты, робяць пераможныя

сэлфі з блікамі сонечнымі на сцяне,

значыць, быць у Вісбю вясне, разам з

гусінымі крыкамі, вершамі і флэшкамі,

зблытанымі рыскамі на сцяне, з турыстамі,

зданямі самнамбулічнымі, нібы ў сне. Але

без мяне.

Вісбю, люты-сакавік 2018

 


Апублікавана

у