Свежы – 95-ты! – “Дзеяслоў” выпраўляецца ў шлях да чытача!
Адкрывае нумар фрагмент з рамана “Садомская яблыня” Алены Брава. Густоўна-іранічны “Букет” мініяцюраў прапануе чытачам Уладзімір Сцяпан.
Да 130-годдзя Язэпа Драздовіча гісторык літаратуры Лія Кісялёва падрыхтавала “самнамбулічна-тэлевізійныя эскізы” “Жыцьцё на плянэце Сатурн” з прадмовай да іх. Гэтая публікацыя сталася мажлівай дзякуючы фундацыі Паўла Падкарытава. Цэнтральным тэкстам у літаратуразнаўча-крытычнай частцы нумару ёсць даследаванне Сяргея Кавалёва “Тутэйшыя”: паміж літаратурай і палітыкай. Дарэчы, у нумары прадстаўленыя творы аж чатырох чальцоў гэтай легендарнай суполкі. Акрамя названага вышэй Уладзіміра Сцяпана, друкуюцца творы Адама Глобуса (“Таня”. Словы пра паэтку Таню Сапач), Вітаўта Чаропкі (фрагменты з нізкі “Запасная кніжыца жыцця”) і, уласна, сам Сяргей Кавалёў, як вядома, — “тутэйшавец”.
У нумары таксама — аповесць Івана Клімянкова, апавяданне Вольгі Бабковай, вершы Васіля Зуёнка, Людмілы Хейдаравай, Крысціны Бандурынай, Яўгена Бяласіна, Валерыя Ягорава. Сяргей Вайніцкі дэбютуе ў “Дзеяслове” (і літаратуры) з апавяданнем “Ліхтар”.
Рубрыка “Пераклады” знаёміць чытача з творамі амерыканскай паэткі СіДзі Райт у перакладзе Вольгі Гапеевай, а таксама — польскага паэта Ежы Плютовіча ў перакладах Надзеі Артымовіч і Ціхана Чарнякевіча.
І гэта яшчэ толькі сярэдзіна нумара. Да 135-годдзя Вацлава Ластоўскага Таццяна Кабржыцкая падрыхтавала артыкул пра ўкраінскі катэкст жыццёвага і творчага шляху славутага адраджэнца. Валянцін Акудовіч знаёміць чытача з фрагментамі сваёй новай кнігі “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым”. Уладзімір Мароз дзеліцца згадкамі пра сваю “Спатоленасць Парыжам”. У рубрыцы “In memoriam” — Слова Алеся Бельскага пра Любоў Тарасюк. Заканчэнне ўспамінаў бібліёграфа-бібліятэкаркі Юліі Бібілы, рэпрэсаванай у 1930-я гады, пра Менск 20-30-х гадоў (сярод іншага, — пра супрацу з Янкам Купалам). Гэтая публікацыя, падрыхтаваная Таццянай Кекелевай і Арсенем Лісам, сталася апошняй прыжыццёвай для спадара Арсеня.
“Бульба і бугі” — гэтак называюцца “раптоўныя замалёўкі” Міхала Рубіна.
“Дзеяслоўскі” кніжны аглядальнік Леанід Галубовіч піша пра зборнік вершаў Сабіны Брыло “Это буквы”.
Завяршае нумар традыцыйны агляд кніжных навінак на паліцах “Дзеяслова”.
Прыемнага чытання!