Букет
Мініяцюры
Немка
У 1970 годзе я вучыўся ў пятым класе і быў упэўнены, што жыць у Савецкім Саюзе лепш чым дзе. І нават у шостым яшчэ верыў, але веры той крыху паменела. Была ў тыя школьныя гады мода сярод гэпэшных дзяцей перапісвацца з аднагодкамі з іншых краін. Дзе мы бралі адрасы, як знаёміліся – не памятаю. Я перапісваўся з дзяўчынкай з польскага партовага горада Гдыня. Мой сябар – з дзяўчынкай з Чэхаславакіі. Фоткі з замежжа прыходзілі ў дзіўных канвертах, адказы ляцелі ў яркіх канвертах “АВІА” па сем капеек за адзін. Старэйшая сястра маёй аднакласніцы Томкі Шаўцовай – Любка перапісвалася з дзяўчынкай з ГДР. І вось за месяц да зімовых вакацый стала вядома, што тая нямецкая дзяўчына прыязджае да сястры маёй аднакласніцы на дзесяць дзён.
Аднакласніца мая жыла ў суседнім доме, у адным пакоі трохпакаёвай камуналкі, на першым паверсе. Бацькі працавалі на шклозаводзе. За два тыдні да вакацый пачаўся неверагодны рух. Дзве сям’і з той камуналкі некуды перасялялі. Прыйшлі будаўнікі і пачалі фарбаваць падлогу і падваконні, паклеілі яркія шпалеры, розныя ва ўсіх пакоях. Адрамантавалі прыбіральню і душавы пакой, пабялілі столь і пафарбавалі пад’езд. Завезлі новыя шафы, вялікую лядоўню, два тэлевізары, кніжкі розныя. Найбольш усіх здзівілі вялізныя бурачковыя дываны ў кветкі і акварыум з рыбкамі. Посуду рознага навезлі, пераапранулі ўсю сям’ю ў новае. Час ад часу побач з пад’ездам спыняліся легкавікі, і мужчыны ў шэрых паліто хутка заходзілі ў пад’езд.
І дарослыя, і дзеці шукалі нагоду, каб зазірнуць у кватэру Шаўцовых, але не ўсім шанцавала. На дзвярах з’явіўся званок, і не ўсім Шаўцовы адчынялі. Некалькі разоў я прапаноўваў аднакласніцы паднесці партфельчык, яна не адмаўлялася. І толькі за дзень да вакацый Томка сказала, што я ёй зусім не падабаюся і сябраваць са мной яна не будзе.
Немка выглядала звычайна. Шэрае паліто, швэдар, шалік, вязаная шапка, акуляры… Немку штодня вазілі ў Гомель: музеі, тэатр, кіно, каток, лыжы (канькі і лыжы прывезлі новыя).
Томка хадзіла па гэпэ важная, не падысці. Немка з’ехала. Мэблю з камуналкі вывезлі, канькі і лыжы забралі, суседзі вярнуліся ў два чысценькія пакоі.
Вуліцы і людзі
Дзядзька Юзік-сталяр вучыў свайго сына Вітальку лічыць… Пальцы няспешна свае загінаў. Спачатку на левай руцэ – пяць. Потым на правай – тры… Пяць на левай, на правай – тры.
Мой аднакласнік Віталька толькі восем і скончыў, а потым – турма. Столькі ж пальцаў было ў Куцапалага Юзіка.
Бэз Элеаноры
Язерская шырока сядзела на лаве, побач са Свіслаччу, побач з будынкам тэлебачання. Яна млела і абмахвалася яркай спадніцай. Быў спякотны травень 1999 года. Тэлевежа бялела і чырванела, насоўвалася бэзавая хмара, але і сонца пякло. На лаве стаяла пляжная валіза. У валізе сядзеў белы кот і стомлена каўкаў. Валізу ўпрыгожвалі каляровыя каменьчыкі, кавалачкі люстэрка, ракаўкі. Мы з дачкой прыселі побач. Дачцэ было гады чатыры, і яна дзівілася на белага ката, на яркую разамлелую жанчыну.
Пагаварылі пра нешта малазначнае – тэлевізійнае. Сабраліся сыходзіць. Элеанора падалася да прыступак, перайшла вуліцу, потым, напрасткі, па траве да вялізнага куста і пачала ламаць бэз. Наламала вялікі букет. Мне зрабілася няёмка ад яе нахабства, але змаўчаў. Элеанора з букетам падышла і сказала: “Валодзя, хіба я не заслужыла?.. Я столькі гадоў гэтаму тэлебачанню аддала”.
Пра каменьчыкі і кавалачкі люстэрка на валізе з катом успомніла дачка.
Я згадаў бэз, які яшчэ добра не расцвіў.
Той куст і сёння ў кветках, але ў звялых, іржавых, якія памалу асыпаюцца, абцярушваюцца…
Гена Ха
Гену Хацкевіча ведаў з 1976 года. Апошні раз сустрэліся 22 красавіка 2014-га, на адкрыцці выставы ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Было тлумна, раптам пачуў голас Гены: “Сцепаненка, здароў!” Гена падышоў, на ім была чырвоная куртка, паціснуў маю руку. Убачыў, што я з жонкай, і сказаў: “Сцепаненкі, пайшлі да мяне, я торт куплю, пасядзім, пагаворым… Няма тут чаго глядзець, а я вам свае новыя карціны пакажу…” Калі мы сыходзілі, то Гена стаяў побач са сваім палатном і даваў інтэрв’ю.
Сёння пра сваю апошнюю сустрэчу з Генам расказаў і Валера Шкаруба. Ён сустрэўся з Хацкевічам 23 красавіка, на плошчы Якуба Коласа, на адкрыцці наступнай выставы. Гена яму сказаў: “Шкаруба, што ты ўсё восень малюеш… Напішы лепш вясновы сад, у кветках белых…” Валера памаўчаў, а потым дадаў: “Каб Хацкевіч быў жывы, то прапанову з садам я і забыўся б, а цяпер не магу… Думаю пра той яго белы сад”.
Мона
Днямі знаёмы лаяўся, калі расказваў пра спатканне з жанчынай. Казаў, што бачыў сотні яе фотак, відэа, а калі першы раз сустрэліся, то не ведаў, як хутчэй развітацца.
У траўні 1974 года, здаецца, была пятніца, я трапіў з дапамогай шэранькага пасведчання навучэнца мастацкай вучэльні імя Глебава ў Пушкінскі музей. Не давялося стаяць у даўжэзнай вулічнай чарзе. Там паказвалі “Джаконду”, карціну, якую бачыў да таго дня толькі ў выглядзе паштовак, чорна-белых і каляровых рэпрадукцый… Мне хапіла часу, пакуль чарга набліжала і падштурхоўвала да невялікага палатна ў цьмяна-бліскучай раме. У мяне добры зрок, і я разгледзеў самы знакаміты партрэт. Гэта было неверагоднае расчараванне, амаль да слёз, але я тады не прызнаўся нікому ў сваім расчараванні…
Тры вуліцы
Яна кароценькая – вуліца Кастрычніцкая. Яна пачынаецца ад плошчы, а заканчваецца возерам. За вадой поле, за ім дрэвы, вёска. Ідзеш па Кастрычніцкай ад плошчы – праваруч паркан сталоўкі, жалезная чорная брама, потым чырвонацагляныя гаражы, школьны двор, а за ім аднапавярховая школа. Потым зноў гаражы і возера. Калі быў школьнікам-пачаткоўцам, то Кастрычніцкая здавалася доўгай і шырокай. На ёй стаіць чатырохпавярховік, дзе я жыў. З вокнаў кватэры школу відаць. На вялікім перапынку прыбягаў дамоў перакусіць, пераапрануцца…
І вуліца Першамайская пачынаецца з плошчы. Як ідзеш па ёй, то леваруч “хабза”, далей лазня, кацельня, гаражы, дрывотні, паркан, баракі, дамы-дамы-дамы, а насупраць дамоў школа, потым дзіцячы садок, а потым дом, дзе жыве мама… Першамайская нашмат даўжэйшая за Кастрычніцкую. Так мне здавалася. Прайсці ад возера да канца Першамайскай – сапраўдная вандроўка, на якую можа дзень сысці.
Першамайская ўпіраецца ў вуліцу Лебядоўскага. Яна пачынаецца ад шашы. Калі па ёй ісці, то выйдзеш да поля, на ім дрэвы, кусты. Гэта могілкі. Каб не дом на Першамайскай, то са спачывальні можна было б могілкі бачыць.
Сёння ўсе тры вуліцы майго гэпэ падаюцца вельмі кароткімі, асабліва тая, што вядзе да могілак.
Сустрэчы на пахаванні
Выкрышыліся, прапалі, зніклі з майго жыцця… Іх тэксты і фотаздымкі засталіся адно ў старых растрыбушаных часопісах. На зрудзелых старонках газет, якія цяпер не выдаюцца.
У калектыўных зборніках яны маладыя, усмешлівыя і змрочныя, як сапраўдныя паэты. Але іх няма ў інтэрнэце…
Пра некаторых думаў, што яны даўно памерлі, адляцелі хмарамі, сплылі крыгамі… Імёны пазабываў, прозвішчы не мог згадаць. А на пахаванні Барадуліна, яны падыходзілі да мяне, віталіся, паціскалі руку і казалі: “Вось яно як…” Некаторыя фатаграфавалі мяне, фатаграфаваліся са мной, уздыхалі і шапталі ўзбуджана, незнаёмымі галасамі: “А памятаеш, Валодзя?..”
Я вяртаўся з пахавання дамоў і спрабаваў згадваць імёны, прозвішчы. Злаваўся на сябе, але ўсміхаўся.
Мароз і сонца!
Як шпарка ідзе гандаль пляскатымі пляшачкамі гарэлкі, яркімі і звонкімі, як елачныя цацкі. Мужчынская чарга рухаецца хутка, а стомлены грузчык не паспявае прыносіць запаяныя ў цэлафан блокі гарэлкі, празрыстасцю падобныя да кавалкаў лёду… Пляскатыя пляшачкі датыкаюцца адна да адной, як цалуюцца на развітанне. Успомнілася яркае і выразнае, хоць і напаўзабытае слова – “чакушка”.
Мароз і сонца!
І ты, Брут
Раніца. У краме, у аддзеле бакалеі, побач з прылаўкам цётка ў памаранчавым адзенні. Пры яе нагах круціцца кудлаты цуцык. Цётка штурхае яго нагой, скідае капюшон, узірараецца ў недалёкі шэраг рознакаліберных пляшак і кажа ўпэўнена: “Дай-ка мне, Марына, адзін брут! Галава баліць…”, падае картку. Прадавачка задуменна ставіць бутэльку шампанскага. Цётка спрактыкавана набірае код, хавае бутэльку з бліскучым коркам у маленькую торбу, картку ў кішэню, спахопліваецца і просіць аднаразовы кубачак. Посуд атрымлівае, як бонус, задарма.
Разам з цуцыкам і брутам выходзіць з крамы.
Сны
Некалі чытаў, што прысніць можна толькі тое, што насамрэч бачыў у жыцці. Але ў мяне бываюць сны, у якіх бачу абсалютна незнаёмых мужчын і жанчын. Там, у снах, з імі знаёмлюся, размаўляю. Потым праходзіць час, месяц, год ці два, і той сон забываецца, як і не было яго. І раптам, вось як заўчора, еду ў метро. У вагон, на “Усходзе”, заскоквае мужчына. Глядзіць на мяне зацікаўлена і крыху спалохана. Пачынае расшпільваць паліто, толькі верхні гузік паспеў расшпіліць… А я ведаў, што пад паліто – белы швэдар з чырвонымі аленямі, а пад аленямі – тры тонкія чырвоныя паскі… Так і аказалася. Ён сеў насупраць і ўсё паглядаў на мяне, а я на яго аленяў. А яшчэ я ведаў напэўна, што ў правай кішэні цёмна-сіняга паліто – тры каштаны і маленькі ліхтарык…
Я не даехаў два прыпынкі.
Мужчына запытальна глядзеў мне ўслед.
Горад
Ёсць і ў мяне ў Менску: любімая вуліца, месца, будынак… А яшчэ ёсць любімае дрэва – дуб, побач з домікам 1-га з’езда. Я гляджу на яго зімой, калі ён засыпаны снегам, вясной і летам. А найбольш ён мне падабаецца позняй восенню, калі толькі на ім і шуміць калянае рудое лісце…
Мне здаецца, што гэта важна, мець такое дрэва. Любімае.
Партрэт і ўзрост
Мне тады было гадоў дзесяць, калі я ўбачыў сябе дарослым. Не на пяць, не на дваццаць гадоў старэйшым, а значна больш. У падлеткавым узросце, у юнацтве думаеш пра сябе дарослага, але думкі тыя, як і выявы тыя – расплывістыя, неакрэсленыя, размытыя, але ім верыш. Тады, паміж зімой і вясной шэсцьдзесят восьмага, мой настаўнік папрасіў пасядзець мяне пару гадзін нерухома і напісаў акварэльнымі фарбамі мой партрэт.
Я сяджу на казённым крэсле з жоўтай дыктавай спінкай. У шэрым швэдры з расцягнутым каўняром, у карычневых штанах і кірзавых ботах. Мода такая была ў гэпэ на кірзавыя боты, але яны засталіся ненамаляванымі. Нейкі я на тым партрэце засяроджаны, цельпукаваты, з чырвонымі вуснамі і цёмным чубам, вушы ружовыя, а вочы каштанавыя. Глянуў я на той партрэт, на чатырох кнопках, і ўбачыў сябе дарослым…
Мама той партрэт схавала ў шафу. Ён і сёння там ляжыць, на ніжняй паліцы, па-над ім, на старамодных плечках, вісяць плашчы, паліто, сукенкі… Ляжыць ён пад светлым кардонам.
Гляджу на сябе ў люстэрка і бачу, што пакуль яшчэ не падобны я на сябе дарослага, на таго, раптам убачанага скрозь малюнак, зроблены празрыстымі фарбамі на шурпатай паперы. Можа, яшчэ не сышоўся сённяшні я з тым, якога ўбачыў тады. Суцяшаюся думкай, што калі выявы супадуць, то і пачну лічыць сябе старым, дарослым, як лічыш скончаным малюнак.
Снежань 2013
Паліто
Быў у майстэрні мастака. Даўно не бачыліся, шмат гаварылі. Пілі гарбату са шкляных тонкіх кубкаў. Мастак паказваў карціны.
Рамы на палотнах з гадамі робяцца ўсё лепшыя і лепшыя, а творы горшыя і горшыя. Мяне гэтае назіранне напалохала, яго і вынес з той светлай майстэрні.
Згадаў кароткае драпавае паліто на ваціне, якое вісела пры дзвярах, на цвіку, у інтэрнацкім пакоі, па вуліцы Сурганава, на другім паверсе… Гэта было ў васьмідзясятым годзе.
Цяпер у майстэрні, на плечках, вісіць скураное паліто з каўняром з выдры. Пад ім новыя цёплыя чаравікі, чорныя, як жукі…
Анёл
Цырульня. Усіх цырульніц ведаю. Яны збегліся да хлопчыка, які прыйшоў з маладой бабуляй. У хлопчыка неверагодныя валасы: доўгія, на плячах ляжаць, кучаравыя, залатыя, як салома жытняя. І цырульніцы, і бабуля пачалі ўгаворваць дзіцё толькі крышку падкараціць валасы, падраўняць. Хлопчык тупнуў і сказаў, што хопіць, што яму надакучыла быць анёлам, што ён хоча быць звычайным, як Сенька з Ромкам, а таму трэба ўсе валасы адрэзаць. Паглядзеў на мяне і сказаў, каб і яго так пастрыглі. Цырульніцы павагаліся, яшчэ трохі паўгаворвалі малога. Эдзіта пачала пстрыкаць нажніцамі. Два разы чыкнула па кончыках валасоў – нажніцы разваліліся… “Мой «Золінген» – сто дзесяць даляраў…” – разгубілася цырульніца.
Калі я выходзіў, то малога анёла яшчэ стрыглі. На падлогу падалі, як залатыя спружыны, доўгія валасы. Але ўсмешка ў хлопчыка заставалася самаўпэўненай – анёльскай.
Яблык
Дачка доўга прымерваецца, каб падзяліць яблык на тры роўныя часткі. Сабе і бацькам.
Забіраю нож. Рэжу яблык напалам. Палову даю дачцэ, а другую дзялю зноў напалам.
І жонка так робіць. І бацькі, і дзед з бабай так дзялілі яблык.
Натуршчыца 1978
Сюжэта ў гэтай гісторыі няма.
У жанчыны быў выразны маршчыністы твар. Яна пазіравала два сеансы. Усяго двойчы яна сядзела на крэсле, глядзела, куды ж яна глядзела?
Пра гэта я здагадаўся потым. Яна пасміхалася сваім думкам. Рукі, рукавы кофты закасаныя, трымала на каленях. З усёй групы толькі я і Валодзька Мохаў малявалі яе. На трэці дзень і на чацвёрты натуршчыца на заняткі не з’явілася. Драбнатвары і драбнацелы мужчына, які загадваў натуршчыкамі, даў яе адрас, бо каб ведаў тэлефон, сам бы ўсё і высветліў.
Мы з Мохавым паехалі даведацца, чаму яна перастала прыходзіць. Натуршчыца жыла на Камсамольскай, у дварах. Той двор мы адшукалі хутка. Вокны пачыналіся адразу ад зямлі. На падваконнях кветкі ў вялізных, абгорнутых для прыгажосці шпалерамі кансароўках. Бялізна сушыцца. Кастрычнік, але цёплы, а можа мне гэта здаецца, бо спяшаліся і нам зрабілася горача… Падняліся на другі паверх па драўлянай лесвіцы. Дом здаваўся пустым, і пахла дзіўна, па-вясковаму. Пагрукалі ў дзверы, пачакалі, пагрукалі яшчэ. Валодзя паціснуў плячыма і сказаў, што ў кватэры ціха. Я прапанаваў напісаць запіску і запіхнуць пад дзверы. Але дзверы адчыніліся. Бліснуў ланцужок. На нас пытальна глядзеў мужчына. Мы пачалі тлумачыць, што шукаем натуршчыцу, назвалі прозвішча, сказалі, што мы – мастакі. Ён гукнуў у цемру: “Мама, гэта да вас… Мастакі… Прайдзіце”. Наша натуршчыца ляжала на канапе. У нагах руды кот, але ён адразу збег.
Натуршчыца сказала, што не прыйдзе да нас, бо захварэла. Побач з канапай стаяў зэдлік, а на ім бутэлечкі, лыжка, шклянка з вадой, яблык і высокі крыштальны келіх. “Гэта віно… Думала, што яно смачнае і салодкае, а яно кіслае. Я піла яго даўно, з жаніхом…”, – патлумачыла натуршчыца і нават паспрабавала засмяяцца. Але закашлялася, пачырванела.
Прыйшоў яе сын і прынёс кубак з цёплым пітвом. Натуршчыца глынула і перастала кашляць. Побач з канапай стаяла чорнае піяніна. На ім кардонка з цукеркамі, кожная ў бліскучай фользе, як елачная цацка. Натуршчыца папрасіла, каб я падаў цукеркі, а сын наліў віна маладым мастакам. Сын яе просьбу выканаў. Ён усё рабіў з хуткай пакорлівасцю, спрытна, па-жаночы. Мы выпілі, з’елі па дзве цукеркі. Тое віно мне не падалося кіслым. Жанчына расказала, што быў у яе жаніх-мастак. Ён яе маляваў фарбамі, на палатне, але партрэт не захаваўся, бо была вайна.
“Я прыйшла пазіраваць, каб яго згадаць. А глянула на вашы малюнкі – і ўбачыла, якая я старая і ўся зморшчаная, як тая жаба…” – сказала яна з разгубленай усмешкай.
Яе сына звалі Эдзік, і ён правёў нас да дзвярэй. Мы пачулі, як пстрыкнуў замок. Бразнуў ланцужок. У двары я закурыў. Пахла вільготнай бялізнай, дымам, старым Менскам і хлебам.
Ні прозвішча, ні імя той жанчыны не запомніў, а вось па бацьку яна была – Вісарыёнаўна.
Кастрычнік 2013
…Як падлеткі
Сёння бачыў, як немаладыя мужчына і жанчына стаялі ў аўтобусе і трымаліся за рукі. Шчыра, як падлеткі.
Зялёная “сотка” ехала, а потым раптам тарганулася і спынілася…
Мужчына з жанчынай паляцелі, паваліліся на падлогу…
Але працягвалі трымацца за рукі.
Стары вакзал
На старым вакзале пахла чыгункай, прыбіральняй, хлёркай і буфетам… А яшчэ нямытымі пасажырамі, якія нагадвалі чамаданы, клункі, торбы, валізы… Да чыгуначнага вакзала было бліжэй, чым да аэрапорта, а на трамвайны прыпынак бліжэй, чым на тралейбусны.
Я сядзеў і маляваў пасажыраў, якія спалі ці здранцвела сядзелі. Абуджаліся яны адно ад гучных і хрыпатых абвестак, але толькі на адно імгненне, потым ізноў рабіліся нерухомымі. Здаралася, што да мяне падыходзілі міліцыянеры і даводзілася паказваць шэранькае пасведчанне навучэнца мастацкай вучэльні. Міліцыянеры глядзелі дакумент, няскончаны накід, зроблены алоўкам, крыва пасміхаліся і сыходзілі. На вакзале маляваць мне падабалася, бо там па начах шмат нерухомага, запаволенага, спыненага. Застаецца толькі перанесці абрысы на паперу і паставіць дату. Але тады, у 73-74 гадах, я не падпісваў свае накіды, не захоўваў іх. Быў упэўнены, што намалююцца лепшыя, такія, што і падпісаць будзе не сорамна.
Часам я спыняюся на плошчы і гляджу на вакзальныя вежы, якія адлюстроўваюцца, рассыпаюцца і наноў збіраюцца ў нерухомай паверхні шкла… Ні разу не бачыў, каб у новым вакзале нехта старанна і самааддана маляваў.
Хвалі
Можа, гэта засталося яшчэ з тых часоў, калі быў падлеткам. Калі ў цемры паварочваў круцёлку радыёпрыёмніка, а часам і сам прыёмнік, нацэльваў бліскучы пруток антэны ў розныя бакі, трапляў: то на музыку, то на чужую мову, потым на іншую мову, але зноў чужую… А вось музыка не здавалася чужой, ні джаз, ні песні, ні класіка… Можа, гэта толькі мне радыё падаецца таемным, загадкавым, чароўным…
У радыёстанцый ёсць адлегласці, перашкоды, якія замінаюць. Калі атрымлівалася праз тыя перашкоды, трэск-піск, прабіцца, калі музыка, галасы пачыналі гучаць чыста і ярка, то я радаваўся… У інтэрнэце вандруеш хутка, адлегласць не адчуваецца зусім.
Дворнік
Наш двор прыбірае дворнік Міця і яго жонка Тамара. Міця робіць цяжкую праца, а яго жонка тое, што лягчэй. У Міці ёсць стары сабака. Філя, які ходзіць за гаспадаром і ведае ўсе яго звычкі. Ніколі не бачыў, каб Міця вадзіў свайго сябра на шворцы. Гэта і не патрэбна, бо Філя дробны, ціхамірны і нават не брэша. Усе да Філі прызвычаіліся, як да нечага нязменнага, што ёсць і будзе. А сёння мне сказалі, што на Міцю завялі крымінальную справу, бо яго Філя некага пакусаў… Усе суседзі ўспрымаюць гэтую навіну з усмешкай, бо ўсе ведаюць, што Філя бяззубы… Міця ходзіць сумны, з суворым і рашучым тварам. З такім жа суворым тварам ён толькі што браў у гастраноме бутэльку гарэлкі. Нават не ўсміхнуўся, як звычайна.
Кума
Калі быў дома, то да мамы прыйшла кума. Яны сядзелі на канапе, на сцяне кілім. Карцінка над якой любяць блогеры смяяцца, і гаварылі пра тое, што жыць цяпер добра, але здароўя няма… І ўсе, хто стараецца, нават у гэпэ, то жывуць спраўна. Пачалі пералічваць знаёмых, якія памерлі апошнім часам… Мама з 30-га года, кума з 41-га… Гаварылі-гаварылі і сышліся на тым, што ўсё добра, і галоўнае, каб вайны не было… Можна было б і ўсміхнуцца, але я стрымаўся. Потым наша кума сказала, што вайны не будзе, таму што ляціць нешта з космаса і ўдарыцца ў Зямлю. Усе загінуць. Мама завойкала, а кума дадала, што загінуць усе і адразу, а таму баяцца няма чаго, спалохацца не паспеем…
Потым яны пайшлі піць чай з зефірам. Пра страшнае больш не гаварылі.
Ніхто
Побач з аўтобусным прыпынкам п’янтос біў сабаку, якога вёў на белым капронавым шнуры. Біў нагой за тое, што сабака схапіў недаедзены і выкінуты бяляш. Людзі за сабаку заступіліся, п’янтосу надавалі кухталёў і выспяткаў, павалілі. Руды і віславухі сабака спалохаўся, кінуўся ўцякаць, ледзь пад машыну не трапіў. Колы легкавіка праехалі па белым шнуры… Гэта было дзён восем таму.
Учора, у дзіцячым парку, у дзіцяці выпаў з рукі банан, які яно ела.
Маладая маці пачала дзіцё біць па плячах, спіне, па твары і цягнуць за руку. Дзіцё крычала, як рэзанае. Ісці не хацела. Побач праходзілі парачкі з букецікамі кляновага лісця, пенсіянеры, праязджалі маладзёны на роварах. Свяцілі ліхтарыкі. За дзіцё ніхто не заступіўся.
Ліхтарык
Ад мужчыны ў скуранцы моцна пахла віном. Ён стаяў на прыпынку і глядзеў у цемру, чакаў аўтобус. Пад празрыстай сцяной прыпынка сядзела чацвёра: дзве цёткі і два дзядзькі. Побач стаялі торбы з яблыкамі і кветкамі. Мужчына ў скуранцы выцягнуў з кішэні ліхтарык і пачаў свяціць сабе на руку, на красоўкі, на торбы, на расклад, на камель дрэва. Потым пачаў свяціць у твары. Спачатку адной цётцы – бліснулі жалезныя зубы, потым дзядзьку – ён прыкрыў вочы рукой, потым наступнай цётцы, якая войкнула і адвярнулася. Калі ж ён зрабіў крок і пасвяціў у твар яе суседу, то бліснула бутэлька. А дзядзька падхапіўся і ўрэзаў ліхтаршчыку па галаве. Ліхтарык выпаў, але не патух. Мужчыну ў скуранцы пасадзілі на лаву пад празрыстую сцяну і запіхнулі ў кішэню ліхтарык.
Пад’ехаў аўтобус. Прыпынак апусцеў. Калі аўтобус ад’язджаў, то мужчына заваліўся набок, а ліхтарык выпаў яму пад ногі, у лісце.
Жанчына з жоўтымі хрызантэмамі і жоўтымі зубамі сказала сяброўцы: “А н…й свяціць было…”
Падарожнае
А запомніўся хлопчык.
Ён сядзеў на лаве побач з цагляным дамком чыгуначніка. Ён паклаў на калені галаву, абхапіў ногі рукамі. Ён глядзеў на імклівы і магутны цягнік, які на момант закрыў нерухомы восеньскі краявід. Хлопчык у балоневай куртачцы, у гумовых сініх ботах. Ён сядзеў на шэрай лаве, пад рудым дрэвам (здаецца, клён).
Бачыў яго імгненне, але запомніў і пазайздросціў яму…
Грошы
Калі б чырванатвары мужчына трымаў у руках кнігу і хутка (вельмі хутка) перагортваў старонку за старонкай, то наўрад ці пяцёра пасажыраў плацкартнага вагона, глядзелі б на яго рукі так бессаромна. Але ў руках была не кніга. Дужыя пальцы хутка-хутка перагіналі буйныя зеленкаватыя банкноты па дзвесце тысяч. Усе пяцёра сачылі аддана. І маладзён, і жанчына за сорак, і пенсіянер з крыжаванкай, і мужчына з другой паліцы… Гаспадар пералічыў грошы, перагнуў, схаваў у кішэнь кашулі, гузік зашпіліў, апрануўся, падхапіў заплечнік і пайшоў да дзвярэй. Цягнік спыніўся ў Пухавічах.
Усім, хто глядзеў, як чырванатвары лічыў грошы, зрабілася ніякавата, быццам іх заспелі за непрыстойным.
Аблокі
У жніўні, штодня: плылі, стаялі, ляцелі, сунуліся – неверагодныя аблокі. Я іх спрабаваў намаляваць, але не атрымлівалася нават наблізіцца да таго, што адбывалася на небе, што бачылі вочы. Некаторыя аблачыны нагадвалі лапікі на злінялай джынсе. Неба, некаторыя кветкі, людзей, фантастычных рыб і птушак, а некаторыя нічога не нагадвалі. Сплывалі, як сны, і нават згадаць якія яны былі, не магу.
1965 год
У кабінеце дырэктара сярэдняй школы ў Слуцку, на цвічку, вісела форма нямецкага афіцэра і мандаліна. Навошта мандаліна – не ведаю. А вось навошта форма – раскажу. У мундзір эсэсаўца штогод, на дзень Перамогі, апранаўся настаўнік фізкультуры. У сутарэннях школы, на галінках бярозавых венікаў, распускалася клейкае і яркае лісце. Школа рыхтавалася да свята. Па вуліцах будзе ехаць грузавая машына. На кузаве будзе стаяць шыбеніца. Настаўнік фізкультуры, апрануты ў мундзір афіцэра, будзе накідваць на шыю дзесяцікласніцы, яе рукі звязаныя за спінаю, вяровачную пятлю… Дырэктар школы абавязкова праверыць, ці надзейна прыбілі-прымацавалі да дошак кузава табурэтку. Містэрыя пад умоўнай назвай “Зоя” паўтаралася на вуліцах Слуцка не адзін год. Зоя заўсёды заставалася маладой, а вось кат-афіцэр – старэў.
Другая сярэдняя школа ставіла іншы гераічны спектакль. На кузаве машыны ехала дыктавая Брэсцкая крэпасць, якая абаранялася і абаранялася….
Але мяне хвалюе мандаліна на цвічку…
(Цалкам публікацыю мініяцюраў Уладзіміра Сцяпана чытайце ў папяровай версіі часопіса).