МАРЫ ДОНА ХУАНА
САШБАШ
Гэта калі бракуе паветра.
Гэта калі ў горле камяк.
Гэта калі на пяць кіламетраў
ў баку
і ў цэлым – таксама галяк.
Гэта калі прыкручаны ножкі
ложкаў.
Калі голас захрас.
Гэта калі нібыта ў апошні
раз уваходзім у спальню штораз.
Страчаны сэнсы й рамсы паблытаны.
Ноч. У сутонні тоне адказ.
Гэта не мы – суткамі й літрамі.
Not with your prayers.
Not “Two of us”.
Гэта не мы малітвамі вашымі.
Гэта не мы ў вашых шыхтах.
Гэта не нас вы не заўважылі
ў ліку аб’ектаў вашых атак…
Чэрвень чарнее новымі стратамі.
Скончыўся джаз, вось жа, не ваш.
Патасны пат упартае партыі.
Паліць у цёмную бездань
СашБаш.
АБВЕСТКА
Мы пьем чай в старых квартирах,
ждем лета в старых квартирах…
Віктар Цой
Прадаецца кватэра. Утульная. Хрушч. У цэнтры.
Два пакоі. Асобныя. Вокны выходзяць у парк.
Капрамонт, шклопакеты, санвузел сумесны. Цэннік
звышгуманны. І поруч – пошта, садок і ламбард.
Хто тут жыў? Ён, яна, двое дзетак, кудлаты сабака…
(Пачыналі удвох, ну а скончылі, вось, упяцёх).
Ён быў муляр удзень, пэцкаў рукі, а ўвечары – вершы пісаў, небарака.
Мог да ночы. Яна ж працавала ў садку, што насупраць. Такое жыццё.
Ёй былі даспадобы даўгія сюжэтныя вершыкі.
Ён любіў паспяваць Башлачова ды Цоя на кухні ціхутка.
Перад сном ёй пачытваў “Лаўца…” і “Забіць перасмешніка”.
Зрэдку – штосьці сваё, ды яна вырубалася хутка.
Што яшчэ распавесці… Цікавяць прычыны продажу?
Ну, якія. Знайшла яна іншага. Кажуць, – сантэхніка,
покуль першы быў на заробках (ці ў Пензе, ці тое ў Варонежы).
Прыязджае – сюрпрыз. Ушасцёх у хрушчоўцы цесненька.
Прадаецца кватэра. Хрушчоўка. Ў цэнтры. Утульная.
Капрамонт, шклопакеты. Карочэ, хутчэй званіце.
Дзе той муляр-паэт цікавіць цяперака туліцца?
Ўзяў сабаку кудлатага. Кажуць, з’ехалі ў Піцер.
Задар, жнівень 2018
* * *
Паспець зваліць ад бытавухі,
пакуль не зжэрла нас ушчэнт.
Паслаць дэдлайны і цэйтноты,
забіць на дэбет і працэнт.
Ў багажнік спальнікі й намёты
закінуць. У салон – сям’ю
(глядзі, Кутузаў, не паблытай).
Па плешку газу, і туды,
дзе з неба знічкі й жалуды,
дзе вышывае неба руны
на чорнай роўнядзі вады…
Дзе каля вогнішча начоўкі,
дзе ветах, зорнае вясло,
дзе сняцца усю ноч паклёўкі,
калі нат клёву не было.
Дзе будзе згадвацца як шчасце
той на паўкілі шчупачок.
Дзе… Зрэшты, досыць. Выбачайце.
Пайду спакоўваць рэчмяшок.
PAUSE
Суботні ранак.
Раптам –
та-дам –
званок у дзверы.
На расслабоне
іду адчыняць
(сам у халаце, жонка ў шорціках).
Гляджу ў вочка:
стаіць дзяўчо.
Вочы ў падлогу.
“Прабачце, можа,
ў вас якіясь прадукты ёсцека?”
“Зараз, – кажу, – пачакай, зірну…”
І перад носам дзвярыма – плясь
(нейк, камандор, машынальна, ну).
Крочу на кухню.
Жонка хвалюецца
“Хто там?”
“Ды-ы, гэта… дзяўчо…”
(жонка хвалюецца два)
“Чо?..”
Хутка выходзіць і хутка вяртаецца.
(Дзверы таксама на гэтым баку)
“Памперсаў просіць,
маці яе нарадзіла нядаўна, кажа”.
Дастае макарону, нейкія крупы, кашы…
Пакуем усё па пакетах.
Моўчкі. Аператыўна ды зладжана.
Выходзім на лесвіцу.
Яна стаіць. Тая ж пастава…
Дзякуе і сыходзіць.
Тытры, уласна.
Жыццё працягваецца
(хтосьці з pause націснуў на play):
пошук аўто ды кавамашыны,
запіс старэйшай да артадонта…
Словам, дэдлайны,
рэжым цэйтноту,
які не стрымаць, не спыніць,
тлум, мітусня, трывожнае шчасце.
Толькі дзяўчо ўсё у тамбуры
ў вочку –
ці уваччу –
стаіць…
МАРЫ [ДОНА] ХУАНА
калі прыхільнасці не адсякаюцца
калі галава на плячох не трымаецца
калі гамон пакрысе набліжаецца
ды пані фартуна ўсё не ўсміхаецца
калі не знаходзіцца слова да раніцы
калі дзеяслоўная рыфма… здараецца
калі у танальнасці не патрапляецца
ды штосьці гештальты не закрываюцца
калі час да горла прыставіў лязо
калі не здзьмуваецца пыл з абразоў
калі засталіся сябры на “гражданцы”
калі камандзіры – мудзілы й засранцы
калі паміж рамаў глухая сцяна
каханню хана
ды лайна дахрана
калі мары дона
(ну, мары хуана)
пазбавілі веры ў светлае дно
і хочацца выйсці ў вакно
(пагуляць)
памятай, братка, адно:
гэта
не наша
вайна
можаш не верыць
можаш злавацца
можаш схавацца нібы паца-ваца
можаш сысці у сваю палестыну
скурчыцца скурвіцца згнісці састыгнуць…
ці – Талянову параду згадаць
простыя словы услых паўтараць
(ічы, ні, сан, шы, го)
let’s go:
гэта не наша вайна
гэта не наша віна
гэта не наша мана
гэтанянашаняна…
як? палягчэла?
якое нам дзела?
цела пацела
цела балела
цела сядзела стаяла старэла
цела ляцела
цела ля цела
шалік – пятля
зацягнутая спакваля
voilà
Любоў да галубоў
я кармлю праз акно галубоў
дробна пашаткаваным батонам
я кармлю не таму што любоў
больш няма пакрышыць на каго
у мяне ёсць дзве коткі і рыбкі
трое дзетак у рэшце рэшт жонка
мне стае цеплыні і пяшчоты
каб хацелася зранку ўставаць
хтосьці скажа што чэл я някепскі
што старанна выконваю справу
можа хтосьці нат вершык пахваліць
(я ахвотна паверу усім)
на халеру ж мне лішнія рухі
адчыняць запацелыя шыбы
рэзаць хлеб і крышыць яго птушкам
што загадзяць суседскі карніз?
далібог я не маю адказу
але перш як паснедаць самому
перш як рыб улагодзіць і котак
(а пра жонку лепш прамаўчым)
дастаю дошку ножык і бохан
рытуальна пагрукваю бляхай
і сустрэўшыся позіркам з птахам
прамаўляю: здароўкі, чувак!
* * *
Ні краіны, ні хросту
не хачу абіраць.
На Васільеўскі востраў
я прыйду паміраць.
Твой фасад цёмна-сіні
уначы не знайду,
паміж выцвілых ліній
на асфальт упаду.
І душа ад пагоста
будзе ў цемру імкнуць,
праляцеўшы над мостам
ў петраградскім дымку.
Красавіцкая зліва,
на павеках сняжок,
я пачую: “Шчасліва,
ў добры шлях, сябручок”.
І пабачу два лёсы
дзесьці там за ракой,
да айчыны бялёсай
прыхінуты шчакой:
– быццам дзеўчыны-сёстры
з непражытых тых год
выбягаюць на востраў,
каб правесці яго.
Іосіф Бродскі, 1962