Марыя Бадзей (№96)

ЛОЎЛЯ ВЯТРОЎ

 

*  *  *

Валасы – саломы псалмы, жніва ўжо час,

Стрыжка памяці, што расце скрозь скроні чарніцай.

Канец лета, дзе месяц вятроў грае яблычны джаз,

І да поўні ў вадзе дапаўзае гадзюкай крыніца,

 

І кусае цябе за нагу – не хадзі басанож,

Басадуш ды па дне залатым гаркаводнага краю,

А ты чэшаш укус і лезеш па яблык у дождж,

Дзе аблокі над садам шчабечуць «не раю, не раю, не раю».

 

 

*  *  *

Жнівень з нажніцамі,

Жнівень з сярпом,

Жнівень са скіпетрам.

Спевы чырвані «мі-до-здароў»,

Нагрэтыя сэрцы з залатым семем пад скураю

Ў кашы даспяваюць.

 

Рогат груш і аса на плячы,

Сліў няпростыя словы, і рэкі

Круцяць слёзы ў вірах і адпяваюць соль.

 

О псалмы лета!

Суцэльны дзень

Перарваны крохкімі «спаць».

 

Думкі мёду,

Яблычны боль,

Харэі арэхаў.

 

 

*  *  *

Бралі рэшата і разносілі

Каханне, як прыстрэк:

 

На топкія балоты,

На ніцыя лозы,

На быстрыя рэкі,

На цёмныя лясы,

За крутыя горы,

За глыбокія Дунаі,

Гублялі на вакзалах,

Везлі за мяжу,

Скормлівалі галубам,

Даставалі па начах –

 

Маўляў, ідзі, дзе сонца не грэе, дзе вецер не вее,

Пеўні не пяюць, ваўкі не выюць,

Чорны вол па гарэ ходзя,

Наймічка з парубкам перакачваюцца,

І гарачы камень табе ў зубы.

 

Разнеслі і пішам,

Адправілі, свішчам,

Верхам на вятрах

Па мастах па калінавых

Блукаем, гукаем, галёкаем,

Шукаем

Смалу на язык,

Стралу ў вушы,

Зямлю,

Скуль вяртання няма.

 

 

*  *  *

Жанчыны павязваюць хусткі ў лес, як у храм.

Іх рукі пахнуць ажынамі.

Мужчыны рахуюць:

Дванаццаць грахоў за забойства змяі,

З кіём паляванне як шлях у бязгрэшша,

Але ці трэба такі лёс

Грышкам-пабеданосцам на раварах?

 

Вужы па вежы шкляной не далезуць у царства,

Але зямлі дзеці змеі,

Але зямлі дзеці людзі,

Цалуйма й хадзем!

 

У імхі схіляцца штогрыб,

Укленчыць над модламі ягад,

Узірацца ў сляды на пяску –

Хто тут быў да мяне?

Услухацца ў рэха,

Баяцца людзей больш за ваўкоў.

Рэха – рух вершалінаў,

Дрэвы спяваюць харалы.

Жанчыны павязваюць хусткі ў лес, як у храм.

 

 

Дыптых

І.

верасень – вера

сее сны па пожнях па нівах

каштаны пад вокны выплёўваюць свае сэрцы

манету кінуў летась у кішэню

вяртанне

той самы вір

воды з-пад крана п’ем кроў Нямігі не спім.

 

ІІ.

кашаль попельных ружаў у небе музыка

мы заслужылі мой горадзе музыку мы залажалі

струны ад жалю рвуцца трубы равуць вар’яцеюць

шыя без дотыкаў лімфавузлы набухаюць

шыя твая няроўная горадзе на табе шалік

пахнеш дажджом горад вады горад сонца

лісце п’е сонца золата й медзь

развяртанне

каштан маё сэрца

з кішэні шпурляю ў вакно.

 

 

*  *  *

Хто есць цвілы хлеб – перуноў не баіцца.

 

У кожным арэху па маланцы,

У кожным рэху па ліхаманцы,

Слівы, залевай зламаныя,

Рабінавай роспаччу

Ночы на мяжы.

 

Вецце маланак раве,

Дрэвы ў шыбы рвуцца.

 

Вятры выціраюць твары ў люстэрках.

Гістэрыя назваў,

Вязьмо імёнаў,

Словаспады ў вострыя травы,

Марнатраўныя сны

Да сваіх вешчуноў вяртаюцца.

 

Хата ля лесу, і сабака брэша на дзверы.

 

 

*  *  *

Ружа вятроў жартуе і пахне фугаю,

Скрыпкі восеньскіх студняў,

Брагі журба.

Яблыкаў у траве разгубленасць

Слухаю.

Дзён малацьба.

 

Рызы на цвік, рыззё – цвіркунам, і каб зорныя слівы,

Зрэнкі чорнага перцу, часнок, калыханкі заранак.

Дождж пасталеў і пайшоў, і мы пойдзем на ловы,

Ловы вятроў

У галлі паламаных маланак.

 

 


Апублікавана

у