* * *
Усё, што я вачыма бачыў – рай.
А ўсё, што зведаў розумам, то – пекла.
Як сонечныя шкельцы не збірай, –
паранішся і ўсё звядзеш да кепства…
Бо з’яўленае намі хараство
і прыгажосць – не болей, чым хімеры.
Паэзія – здзіўленне пусткай: што?!
пяра на чыстым аркушы паперы.
29 жніўня 2016
* * *
Паэзія нікому не патрэбна,
апроч паэта, што стварыў яе,
і ўся яна – са зрэб’я ці са срэбра –
адно яму і плача і пяе.
Яна і разняволіць да нябёсаў,
і ўвязніць у самоту і запой,
пакінуўшы паэта безгалосым,
спакутаваным словам і сабой.
Але для творцы то наканаванне –
ёй слугаваць да самага канца,
не прагнучы ні славы, ані звання –
прыняўшы крыж, нібыта знак вянца…
17 снежня 2016
* * *
Крый Бог, сказаць каму, што ты – паэт,
каб прыхаванай не адчуць насмешкі…
З зямнога каменным зрабіўся свет,
душу згарнуўшы да маленькай флэшкі.
30 жніўня 2017
* * *
Маўчання не агучвай, там – хаос.
Гармонія гайдаецца ў калысцы,
дзе немаўля намацвае свой лёс,
гарлаючы па мацярынскай цыццы…
31 студзеня 2016
* * *
Максім Багдановіч
вяршынь паэзіі
дасягнуў рана,
а вянца славы –
толькі пасля
сваёй смерці…
Бацька ж мой
быў цесляром,
будаваў хаты
і кожную з іх
вянцом завяршаў.
Многія з іх
ужо абязлюдзелі
і струхлелі…
Што ж, ён быў
рукатворным майстрам,
і нічога не рабіў навечна,
а ўсё – для пэўнага часу
і для канкрэтных людзей…
Вось жа й Максім калісьці
нарадзіўся ў бацькоўскай хаце…
3 кастрычніка 2015
ПОШУКІ МАМІНАЙ РАДАСЦІ
Мы бачым адны толькі матчыны рукі,
Адны яе рукі, адны іх рухі.
Анатоль Вярцінскі
Успамінаю:
мама корміць, спявае, распавядае,
нас шкадуе, лашчыць і апранае;
мама працуе, сумуе, плача, бядуе,
нам спагадае, дорыць, даруе…
…і толькі шчасця яе, хоць знак,
успомніць я не магу ніяк.
Значыць,
трэба перазагрузіць памяць быцця,
вылоўліваючы імгненні яе жыцця.
Дарэчы, я першынцам быў у мамы,
то, можа, момант шчаслівы самы
і быў у час з’яўлення майго?
Зрэшты, я з болем на свет выходзіў,
каб мець на тое хоць нейкі сподзеў…
Са мною шчасця быць не магло.
1 кастрычніка 2016
* * *
Так хочацца вярнуцца мне туды –
да маміных дагодлівых далоняў,
да вымаўленых першых родных слоў,
да басаногіх дзён,
да шэпту таямнічага: “кахаю”…
…ад утравелай матчынай магілы,
ад мовы пад счужэлым языком,
ад збабленай і сплаканай жанчыны
чаму ж іду я ў супрацьлеглы бок,
а не туды, куды хачу вярнуцца?..
1 лютага 2017
* * *
Калі б мінулае вярнулася сюды,
то ўсе мае бабулі і дзяды,
тым болей, прадзяды і прабабулі,
ўсяго б свайго не ўбачылі й не ўчулі,
а згледзелі б засушаны выток,
дзе прашчураў квітнеў жыцця куток.
Цяпер тут іншы рэй і іншы тлум,
дзе новы свет стары пусціў на глум,
каб тут раскашаваць яму прыгожа…
Ды ад збыцця ўцячы ніхто не зможа, –
і кожны з нас між небам і зямлёй
пакіне крыж адсутнасці сваёй.
7 кастрычніка 2016
АПОШНЯЯ РАЗМОВА
Светлай памяці паэта Алеся Каско
Ну, вось, Алесь, з табой апошні раз
гаворым мы на ўскраі нашай драмы
без лішніх слоў і рытарычных фраз
па два бакі пустой магільнай ямы.
“Адразу я, – ты гэтак мне сказаў, –
а ты чакай, калі паклічуць Зверху…”,
нібы крывёй з ахвярнага ляза
апёк, – і як бы спраўдзіў паняверку…
Калі ж паклалі слухаўкі, нібы
з натомленых і потных рук рыдлёўкі,
стаў адступаць заценены нябыт,
вяртаючы паперу і алоўкі…
Ды што пісаць, калі ў Айчыне ўсё
духоўнае й бацькоўскае на схіле,
і ўсё святое сцёрта на рыззё,
а грэшнае – ва ўсёй красе і сіле?!
Ну, што ж тады няхай ужо зямля
прымае нас, як высахлае семя,
якое, можа, – некалі, пасля –
рассуне жвір і дол сабой засее…
27 лістапада 2017
* * *
Шчаслівыя, хто ведаюць мову Бога.
Цар Саламон
Аснова мовы – маўчанне…
Алесь Разанаў
Пакутна мне быць паэтам
нямеючай мовы,
збіраць, як жабрак манеты,
ў падворках маміны словы.
Ціха шаптаць, таемна,
нібы ў малітвах млосных,
гукі жыцця пайменна –
зычныя да галосных…
Небу з прадоннем млечным
іх адпускаць бяссіла,
каб захаваць навечна
ў мове Айца і Сына.
7 чэрвеня 2018