Белае шматкроп’е
Вяртанне
Дробязі знікаюць
у татальным белым:
завіруха
спакушае
забыць
пра чорныя вежы
самотных літар,
пуцявіны-радкі
паміж быць і не быць.
Стомлены снег
шукае прытулку
у цёмных завулках –
старонках душы.
Дробязь?
Здаецца,
няма паратунку
у тэкстах зімовых,
прабач!
…Нябачныя літары
забытых імёнаў
чакаюць вясны…
* * *
Сваёй чароўнасцю
скрадае роспач холаду
студзеньскі снег.
Сёння ён – як пялёсткі язміну –
мае водар збаўлення і дабрыні.
Замест чорнага шматкроп’я –
Белы снег.
Абнаўленне надзеі
і абнуленне тугі.
* * *
Амаль вясна. Памежжа прадчуванняў.
Архітэктоніка імклівага святла.
Ля берага няспыннага вяртання –
зноў сілуэты нашага жыцця.
Іншы колер
Чорна-белая графіка
нашай размовы
пакрыху
губляе
выразнасць малюнку
і насычанасць тону.
Кампазіцыя словаў
вось-вось ператворыцца
у суцэльную пляму
нічыйнай свабоды,
без межаў і без адценняў, –
паглынуўшы цябе і мяне.
Шкада:
не прыйшло ў галаву
пашукаць іншы колер
для нашай размовы.
Авантурная гарбата
Сумяшчаюць
лекавае і атрутнае
кветкі постмадэрну:
гарбата з іх двухсэнсоўная,
як грэчаскі фармакон.
Класічны дуалізм
хаваецца
у (не)звычайных кветках?
Рызыка набліжэння да сучаснасці –
зранку?
Мо лепш не каштаваць
такую авантурную гарбату?
Нацюрморт
Твая вытанчаная рацыянальнасць
нагадвае
стары галандскі нацюрморт:
узаемасувязь рэчаў
і неабходныя акцэнты.
Мёртвая прырода або ціхае жыццё?
Ты з лёгкасцю прачытваеш
усе алегорыі,
падлічваеш,
узважваеш,
параўноўваеш.
Але раптам…
апантана кідаеш
лупіну лімона
на падлогу
мне пад ногі.
І я бачу:
твой рацыянальны досвед –
хлусня – trompe–l’œil*.
* * *
Апраўдваю пялёсткамі вясны
няспраўджанасць як заканамернасць.
Прыступкі мармуровыя ў цішы
я блытаю з пяшчотай ў тваім сэрцы.
Праз крокі дзьмухаўцоў
жыццё ляціць,
нястомнае паветра аблачынак,
пялёсткі зноў як завушніцы кніг,
прачытаных паміж зімой і летам…
* * *
Меланхолія звольнена з пачэснай пасады
па збіранні ўраджаю каменняў
у скляпеннях займенніка “я”.
Меланхолія ў дождж і з вялікім пасагам
па знаёмай мясцовасці
вольна крочыць
да княжацкіх замкаў –
старажытным руінам нясе камяні…
Сэрцабіццё
У кровазвароце маіх летуценняў
ружы гатычных сабораў
аздоблены промнямі сонца.
Праз цені сумневу –
світанні спатканняў,
надзея.
Ружы гатычных сабораў
святлом атуляюць
задымлены ранак
заблытанага ўяўлення.
Над стральчатым парталам –
падарунак інакшасці,
сустрэча ў паветры
дзівоснага ўвасаблення.
Спадчына думкі
ўплецена ў разнастайнасць
свабоды.
У кровазвароце маіх летуценняў
ружы гатычных сабораў
рупліва ахоўваюць
сэрцабіццё…
Лёс
Стары калодзеж
чыстай вады
абдымае
крыніцу пяшчоты.
Журботу маўчання майго –
паглыні!
Перамяні на мову!
Ночы праходзяць
і дні настаюць.
Новыя людзі і словы.
…Лёс мой крынічны,
бы плёскат вады
зорнага мора.
“Старыя яблыні” Фердынанда Рушчыца
Сцяжынка – паміж небам і зямлёй –
Мінулае злучае і сучаснасць,
У родным садзе: блізкі шлях дамоў,
У родным садзе: восеньская памяць.
“Старыя яблыні” – ўвесь радавод сям’і,
Граматыка і сінтаксіс пачуццяў,
Задумкі для карцін сярод галін,
Узнёсласць колеру ў смарагдавым ландшафце.
Танцуюць дрэвы ці пакутуюць ад болю,
Спяваюць ці стаміліся ў маўчанні?
Журботная паэзія прызнання…
“Старыя яблыні” – мастацтва і жыццё.