Эдуард Дубянецкі (№104)

Сумная навіна. На 54-м годзе жыцця памёр сталы аўтар “Дзеяслова”, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, гісторык, культуролаг, паэт Эдуард Дубянецкі.

Змяшчаем на сайце ягоную рэцэнзію на кнігу Святланы Явар, якая надрукаваная ў свежым нумары “Дзеяслова”.

Фота: facebook.com/edward.dubianetski

Явар С. Дзівосны сад: выбранае / Святлана Явар; уклад. Т. Барадулі. – Мінск: Кнігазбор, 2018. – 276 с. – (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”; вып. 108).

З гісторыі беларускай і замежнай літаратуры добра вядома, што неўладкаванасць у асабістым і сямейным жыцці таленавітага пісьменніка нярэдка кампенсуецца яго павышанай творчай актыўнасцю, вынікам чаго часам бывае стварэнне вельмі яркіх і самабытных культурных артэфактаў. Але ж бываюць і адваротныя выпадкі, калі асабістыя праблемы ў рэшце рэшт “падточваюць” чалавека знутры, заводзяць яго ў багну адчаю, адкуль, як яму здаецца, няма выйсця. І, як ні дзіўна, усё гэта можа “сумяшчацца” ў лёсе адной асобы, прыводзячы яе спачатку да жыццёвага і творчага ўзлёту, а пазней да заняпаду, роспачы і ранняга сыходу ў іншы свет.

І вось практычна ўсё гэта выпала ў свой час на нялёгкую долю таленавітай пісьменніцы Святланы Явар (сапр. Сачанка), якая была дачкой выбітнага празаіка Барыса Сачанкі. Нават пры мностве жыццёвых выпрабаванняў яна тым не менш паспела выявіць сябе як шматбакова адораная асоба ў галіне навукі ды прыгожага пісьменства – найперш у паэзіі і прозе. На жаль, яе жыццё раптоўна абарвалася ў няпоўныя 43 гады і яна не паспела цалкам рэалізаваць свой немалы творчы патэнцыял. І вось цяпер у якасці своеасаблівай даніны памяці гэтаму недаацэненаму пры жыцці чалавеку можна разглядаць выхад у свет кнігі паэтычных і празаічных твораў Святланы Явар “Дзівосны сад”, выбранага са створанага ёю на працягу прыблізна двух дзесяцігоддзяў творчай дзейнасці. У якасці прадмоў да кнігі апублікаваныя невялічкае ўступнае слова яе сястры Галіны Багданавай і пранікнёнае эсэ паэткі й журналісткі Таццяны Будовіч-Барадулі.

Так, Святлану Явар можна з поўным на тое правам назваць паэткай трагічнага лёсу, няшчаснага кахання і сумна-роспачных вершаў, якія заўважна дамінуюць у кнізе. Аднак яна амаль заўсёды спрабавала адужаць шматлікія выпрабаванні й турботы, паспрабаваць змяніць да лепшага свой нялітасцівы жыццёвы кон, знайсці выйсце з самых складаных сітуацый. І такі выхад яна бачыла акурат у творчасці, у духоўным памкненні да высокага, прыгожага, узнёслага:

 

Душа мая так прагне хараства,

Таму і рвецца матыльком слабенькім –

Замучаным, але яшчэ жывенькім:

Яна ляціць туды, дзе зор жарства.

 

Адной з найбольш удалых і яркіх метафар Святланы Явар стаў вобраз “дзівоснага Сада”, які яна карпатліва даглядала і дзе вырошчала свае прыгожыя кветкі-вершы, якія потым раздарвала сябрам, сваякам, калегам. Дзе ёй заўжды было ўтульна і спакойна. Дзе яе на пэўны час пакідалі штодзённыя турботы й хваляванні. Дзе яна атрымлівала зарад бадзёрасці і натхнення. Дзе, урэшце, ёй плённа тварылася і дзе яна была сапраўдным уладаром мастацкага слова. Безумоўна, гэты апаэтызаваны ёю ў некалькіх вершах незвычайны “паэтычна-прыродны сад” з’яўляўся ў яе творчасці сімвалам сапраўднай прыгажосці і хараства, куды паэтка наяве ці ў марах заўжды хацела збегчы ад шэрай будзёншчыны і дзе ратавалася ад усіх трывог і душэўных пакут:

 

Прыступак рад

вядзе ў дзівосны Сад:

там асыпае зоры лістапад.

 

Вясны пагляд

уміг мяняе Сад:

там апякае вусны сэрцапад.

 

С. Явар жыла, з аднаго боку, прыемнымі ўспамінамі пра розныя (добрыя ці кепскія) жыццёвыя падзеі, а з другога, шматлікімі марамі й надзеямі на лепшае. Пры гэтым, здаецца, што дамінантную ролю ў яе творчасці адыгрывалі менавіта мары-мроі і фантазіі, якія “падпітвалі” яе паэзію, прыўносілі яркія фарбы ў яе вечна самотнае жыццё. Своеасаблівым лейтматывам паэтычнай творчасці Святланы Явар была неадольная адзінота і адчайныя спробы яе пераадолець. Працяглыя і найчасцей бясплённыя пошукі блізкай душы, побач з якой ёй было б цалкам утульна і якой можна было б паспавядацца, моцна знясільвалі цела і дух, даводзячы літаральна да роспачы, пра што сведчаць наступныя вершаваныя радкі:

Страшней за адзіноту ўсведамленне,

што не знайсці больш роднаснай душы

ні ў першым, ні ў апошнім пакаленні,

каб ссохлы свет каханнем асвяжыць.

 

У гэткія горкія гадзіны з даткліва-чуллівай паэтычнай душы вырываліся такія адчайна-роспачныя словы, як: “Паветра не хапае, душна // знясіленым маім грудзям… Аддадзены дарэшты сілы // для гонару бацькоў зямлі”. І ў такія часы яна хацела збегчы з паўсядзённага тлуму, узляцець птушкай у горныя высі, каб пазбыцца адчування бессэнсоўнасці і тупіковасці будзённага жыцця. Увогуле, матыў палёту з’яўляецца, бадай, адным з галоўных і вызначальных у паэтычнай творчасці Святланы Явар. Таму невыпадкова ў адным з ранніх вершаў яна так сфармулявала сваё патаемнае жаданне:

 

Хачу застацца ў снах,

у думках і ўспамінах,

як вольны дзікі птах,

кружыў што над краінай.

 

Паэтка неаднаразова прызнавалася, што толькі натхнёная творчасць хаця б часова вызваляла яе ад пакутаў і перажыванняў, рабіла яе насамрэч шчаслівай, узнёслай і духоўна вольнай:

 

Калі прыходзіць да мяне натхненне,

то адлятаю ў іншыя краі,

бы птушка ў вырай. Там яно, збавенне,

ад дробязных канфліктаў і грызні.

 

Але ж такіх хвілін было, відаць, яўна недастаткова, паколькі ўрэшце паэтка не вытрымала такога напружання і, мяркую, на нейкім жыццёвым этапе папросту перастала змагацца са сваім неміласэрным лёсам, увайшла ў стан глыбокай дэпрэсіі, з якога, на вялікі жаль, так і не змагла выйсці. Увогуле, яна добра ўсведамляла хуткаплыннасць жыцця і крохкасць сваіх ілюзій-надзей, таму ёй нярэдка даводзілася перажываць тое, пра што сама яна сказала ў адным вершы: “Толькі кругі па вадзе разышліся – згінула мара, як не было”. У яе вершах часцяком адчуваецца аголены нерв, а часам нават чуецца адчайна-роспачны крык самотнай душы:

 

Ты рвешся прэч – туды, дзе ззяюць зоркі,

дзе месца ёсць надзеі і вясне,

ды не пускае лёс твой, вельмі горкі,

да тых свабод, што бачыш толькі ў сне.

 

З улікам таго, што каханне (найчасцей трывожна-пакутлівае) адыгрывала ў творчасці і жыцці паэткі адну з вызначальных роляў, цалкам зразумелым выглядае надзвычай цяжкое і балючае перажыванне расстання з рэальным альбо ўяўным каханым. У такія змрочныя часы з яе душы заўсёды вырывалася вось такое (ці падобнае да яго) горкае, але разам з тым вельмі паэтычнае прызнанне-мара: “Дужа хочацца ўбачыць святло // у замерзлым тунэлі расстання”. Мяркую, не будзе памылкай казаць, што каханне для паэткі найчасцей выступала не выратавальнай сілай, а крыніцай дадатковых перажыванняў, стрэсаў, а часам нават і пакутаў – асабліва тады, калі яно было не ўзаемным ці падманным. І прычыны гэтага заключаліся не толькі ў здрадзе яе каханых, але і ў немагчымасці паэткі цалкам аддацца каханню, шчыра адкрыцца яго цёпламу асвяжальнаму брызу ці, наадварот, халодным злым віхурам. У звязку з гэтым яна ў адным з вершаў з непадробным сумам самакрытычна прызналася: “Я не ўмею кахаць, я не ўмею любіць. // І таму давядзецца // пра шчасце забыць”. Таму, відаць, яе каханне найчасцей было не столькі рэальным, пачуццёва-жарсным, колькі мройліва-ірэальным, платанічным. А пры такім “падыходзе” цалкам натуральна выглядалі яе наступныя радкі, з якімі б, натуральна, не пагадзілася большасць сучасных жанчын: “Але не ўцехі пачуццёвай мёд // патрэбен мне цяпер, //
а ўвысь палёт”.

Карацей, Святлана заўжды шукала выйсце з жыццёвага тупіка ў самаадданай творчасці, адной з галоўных мэтаў якой была карпатлівая пабудова свайго прыдумана-ўзвышанага і нават ідэальнага свету, дзе ёй было б цалкам утульна і камфортна:

 

Забыўшыся на свет рэальны,

адным якім так сумна жыць,

ствараю свет я ідэальны,

каб у рэальным не тужыць.

 

Прыблізна трэцюю частку кнігі займае проза, прадстаўленая тут трохі больш чым паўтара дзясяткамі невялікіх апавяданняў. Большая часткі гэтых твораў ізноў жа, як і ў выпадку з вершамі, прысвечана тэме самоты і звязанага з ёй няшчаснага кахання. Прычым тут гэты дамінуючы матыў пададзены больш канцэнтравана і ёміста ў параўнанні з паэтычнымі творамі, паколькі ў адрозненне ад невялікай колькасці апавяданняў у паэтычнай частцы кнігі ён нібы “размыты” па некалькіх сотнях вершаў. Складваецца ўражанне, што амаль усе празаічныя творы заснаваны на аўтабіяграфічных матывах, а прататыпам большасці гераінь і нават, як ні дзіўна, некаторых герояў з’яўляецца… сама самотная аўтарка. Найчасцей ад змешчаных у кнізе апавяданняў зыходзіць пачуццё безвыходнасці і бессэнсоўнасці жыцця, адчуванне непатрэбнасці сваёй творчасці і нават нейкай асуджанасці на заўчасную смерць.

Пры гэтым, па шчырасці, апавяданні практычна нічога новага нам не гавораць пра светаўспрыманне, характар і мысленне аўтаркі, бо пра ўсё гэта мы ўжо добра ведаем з яе шматлікіх вершаў. Бадай, хіба толькі адно можа дадаць проза ў яе творчую характарыстыку – гэта ўсведамленне шматграннасці таленту Святланы Явар, якая даволі яскрава змагла сябе выявіць не толькі ў сваёй “улюбёнай” паэзіі. Акрамя таго яе празаічныя творы, на маю думку, пераканаўча пацвердзілі, што аўтарка бліскуча валодае беларускай мовай і з’яўляецца выдатным стылістам. Мажліва, гэтая рыса дасталася ёй у “спадчыну” ад таленавітых сваякоў-празаікаў.

Безумоўна, арыгінальнасці і глыбіні многім вершам ды апавяданням С. Явар найчасцей не ставала – ды, здаецца, яна й сама да гэтага ніколі моцна не імкнулася. Сапраўды, яна нікога не хацела ўразіць празмернай ускладнёнасцю, (псеўда)філасафічнасцю, а таксама катэгарычна не прымала пустога арыгінальнічання і “выпендрожу”. Бо яе паэзія – гэта найперш голас (найчасцей крык) душы, і гэты голас практычна заўсёды ліўся натуральна, бы рачная плынь, часам спантанна-імправізацыйна, але ж ні ў якім разе не загадзя абдумана ці доўга апрацавана. Паэтцы ў першую чаргу хацелася напоўніцу выгаварыцца ў вершах, выказаць усю сваю ранімую душу, прычым падсвядома ёю, відаць, ставілася высакародная задача быць у першую чаргу максімальна натуральнай, а не майстравітай, а таксама гранічна шчырай перад сабой і перад людзьмі, а не штучна-арыгінальнай і глыбакадумна-прэтэнцыёзнай.

Карацей, Святлана Явар уяўляла сабой адметны тып надзвычай чуллівай паэткі з тонкай душэўнай арганізацыяй, для якой аказалася немагчымым доўга жыць і тварыць у нашым прагматычна-цынічным і бессардэчным свеце. Тым не менш яна, нягледзячы на ўсе жыццёвыя выпрабаванні і няўдачы, даволі плённа працавала, знаходзячы ў паэтычнай і празаічнай творчасці пэўную аддушыну ад усялякіх трывог, бед і пошасцяў. Дык хай жа яе дзівосны паэтычны сад чароўным чынам ніколі не засыхае, а толькі квітнее – на радасць усім зацікаўленым добрым людзям. Без перабольшання можна сказаць, што вершы, апавяданні і навукова-папулярныя артыкулы С. Явар пакінулі светлы след у памяці ўдзячных чытачоў, сваякоў, сяброў і проста яе знаёмых. Упэўнены, што творы паэткі яшчэ доўгі час будуць заставацца ва ўспамінах, думках і снах многіх людзей, выклікаючы пры гэтым нямала разнастайных (найчасцей меланахалічна-тужлівых) эмоцый і асацыяцый. І верыцца, што яе неўміручая душа дзесьці высока ў нябёсах яшчэ доўга будзе кружыць над родным краем, над загонам айчыннай літаратуры акурат тым самым “вольным птахам”, з якім паэтка сябе заўжды атаясамлівала.

 


Апублікавана

у