Людміла Паўлікава-Хейдарава (№104)

*  *  *

Хай не ведаю – хто ты,

і не варажу.

Як далонь –

падаю на знаёмства душу…

 

 

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Паз’ехалі з вёсак

народныя дзеці.

Сталіца, заробкі,

дзе лепей на свеце…

Забітыя вокны

фанерай, кардонам…

– Жыве Беларусь!

 

…Усё больш за кардонам.

Пазычылі мову

ў другога народа.

Па-польску, наогул,

красуня – урода.

На пальцах гаворыць

нямко без’языкі.

– Жыве Беларусь!

 

…Усё больш на пазыкі.

 

Мы ў роднай матулі

няродныя дзеці.

З гадамі ўсё меней

нас робіцца ў свеце.

Няма ў нас вайны

і няма халакосту…

– Жыве Беларусь!

 

…Усё больш на пагостах.

 

 

*  *  *

Радзіны, храмы, суполкі, працы…

Гушчарнік зайздрасці, пыхі межы.

Усім павінны і ўсім належым –

а да сябе – дык і не дабрацца.

 

А час блыхасты мігціць бязважка,

і кожны ў часе – адно прахожы,

і верна служыць нам геній божы –

жыццё тутэйшае, як цяльняшка.

 

Хто ж мы такія на гэтым свеце,

дзе ўсё даецца крывёй ды потам,

дзе ўсё трапляе ў было ці ў потым…

 

…У свет наш з плачам прыходзяць дзеці…

 

 

*  *  *

Мы – Слова плоць.

І нам адплата:

за слова праўды ці ілжы

у кожным з нас

Хрыстос распяты

на бессмяротнасці крыжы.

 

 

*  *  *

Паўстануць горы і рухнуць сцены,

і сонца свету праб’ецца з хмар –

і будзе жудасна рушыць з цемры,

як навічку на падмосткі сцэны,

па горнім шляху – у светлы Храм.

 

Прастора – іншых прастораў дзверы,

замкі ўва мне і ўва мне ключы.

Не азірнуцца б на покліч цемры,

не спатыкнуцца б на вокліч цемры

па промню Ісціны ідучы…

 

 

У ГАРАХ

Дождж нахрапісты

вочы дзяўбе.

Годзе ўжо,

наталіў неспатолю!

Кожны крок

адгукаецца болем.

Крок наверх.

Колькі іх да сябе?

 

 

СПЕЎ ЗДАРОЖАНАЙ ДУШЫ

Зямля мая, зямля надзеі,

я зноў з табой, люблю цябе я,

нібы ў юнацтве халадзею

ад гэтых слоў –

люблю цябе.

 

Калі навучалі чужому кланяцца,

мяне ашчаджала ты цішай ураніцы,

забытыя сцежкі пад ногі клаліся,

забытыя словы ўсплывалі ў памяці.

 

Зямля мая, калыска долі,

мая душа шчыміць ад болю,

як птушка, просіцца на волю

ад гэтых слоў –

люблю цябе.

 

Калі па табе ўжо складалі рэквіем,

мяне падымала ты зёлкамі-лекамі,

жыццё спавядала – атрутнымі рэкамі,

мурамі ўтравелымі і калекамі.

 

Зямля мая, зямля надзеі,

я зноў з табой, люблю цябе я,

нібы ў юнацтве халадзею

ад гэтых слоў –

люблю цябе.

 

 

*  *  *

Выходжу ў поле. Вечнасць і дарога

нязбытным вабяць, клічуць – здаганяй!

Як птушка, адлятае з асцярогай,

дыстанцыю трымае небакрай…

 

 

*  *  *

Над дахамі Менску – ноч.

Вецер-свавольнік свішча.

І калыхае Свіслач

долі маёй вянок…

 

 

*  *  *

Акно расчынена. У раме я і ты,

як дзве безабаронныя мішэні…

…Здзімаў пад ногі белыя лісты

скразняк сутулы з зоркамі ў кішэні…

 

 

РАСФОКУС РЭАЛЬНАСЦІ

На вуліцы Прытыцкага

пажар.

Ад хаты, што гарыць,

разносіць вецер

праз крону дрэва

дым па белым свеце,

і патыхае ў твары гар і жар.

 

Машыны зазяваліся,

але

ніхто не пасігналіць разявакам,

відовішча засмоктвае,

што вакуум,

што ўшчэнт галодным

страва на стале.

 

Вось і Тарасава. Ды што ў ім? Божа мой!

Дарогі перакрытыя. Абвесткі

наўкол пра небяспеку. Ну і весткі!

Як быццам кажуць: не хадзі дамой…

 

А што дамой? Не надта і ахвота,

як быццам запаўзла туды змяя.

Сям’я? Так, ёсць яна, заможная сям’я:

сабака, два каты ды адзінота.

 

Але ж куды? І дзе яны, дарогі?

Зірнула на руку… Ну й каляя!

Пярсцёнак з жэмчугам згубіла недзе я…

Хай сыдуць разам з ім мае трывогі!

 

 

*  *  *

Люблю дарогу думкі – напрасткі.

Навошта далікатнічаць з сабою?

На кроснах долі тку свае радкі

з любові, палыну і лістабою…

 

 

*  *  *

Былое! Твой учэпісты палон,

што пастка! Неадчэпны, як праклён,

дзе мы з табой жывем яшчэ дагэтуль,

там нашае няўрымслівае лета,

тры поўні і адзін смаркаты ветах,

што зазірнуў пад раніцу ў акно…

…Былое… Не мінаецца яно!

 

А тут дажджы…

 

 

ПАХАВАННЕ ПЧАЛЫ

Прыгублены мой.

Прыгублены мной.

Так і быць.

Ты хочаш мяне забыць.

Хочаш мёду любоўных мар.

Богам – на лёсу майго алтар.

Голаў далоў!

Джаліць любоў –

Гіне пчалой.

Узнімае з далоняў хмар

Сонца высокае сваё чало…

 

 

*  *  *

Ноч у душы варочаецца –

зорны калматы звер.

Доля мая, прарочыца,

што мне чакаць цяпер?

 

 

БЕЛАРУСКАЯ МОВА

          Ахвярую Алесю Бяляцкаму

над брукам вякоў

пышная астра цвіце

на квёлай назе

                       12.09.19 г.

 

 

*  *  *

На халодным ветры

квітуць яснакветы.

Не заплюшчаць вочы

нават паначы.

Адцвітае ў садзе бабінае лета.

Не вярнуць пялёсткі,

не дапамагчы.

 

…Адцвітае ў садзе бабінае лета…

 

На халодным ветры

цвітуць мае кветы.

Не пытаю, дзе ты,

дзе тваё цяпло…

Адцвітае ў сэрцы бабінае лета.

Што магло саспела,

што было, сышло.

 

…Адцвітае ў сэрцы бабінае лета…

 

 

ЗА ВОЛЬНУЮ БЕЛАРУСЬ!

Святы. Пачатак года.

Радзіму трымаць за б…дзь!

Судзяць сумленне народа –

тых, хто не ўмее маўчаць.

 

Анёлы! Ці з вашай згоды

дасюль Курапаты ў крыві?

Судзяць душу народа –

тых, хто яшчэ жывы.

 

Годнасць! Якой аблудзе

служыш? З якой маны?

Не прадаюцца людзі,

калі не рабы яны!

8.01.20 г.

 


Апублікавана

у