Адкрывае нумар нізка вершаў Валянціны Аксак «Меню таемнае вячэры». Нізка насычана біблійнымі матывамі (верлібры «Вербы», «Міраносіцы», «Эмануіл», «Міраносіцы», «Вялікдзень-2019» і інш.), што суседнічаюць і пераплятаюцца з няўлоўным хараством, якое паэтка бачыць ў самых быццам бы будзённых рэчах.
Уладзімір Някляеў прэзентуе сваю новую паэму «Зорка Дзіва». Даўней яе назвалі б ліра-эпічнаю (зрэшты, жанравая пазнака Нальшанская легенда ўжо ўказвае на гэта).
Наогул жа, калі казаць пра паэтычную частку нумару, Уладзіміра Пракопавіча акаляе цэлае суквецце паэтак: Галіна Каржанеўская (нізка «Сустрэча з крэўнымі»), Ванда Марцінш душ Рэйш ( «Плод авакада»), Ганна Комар ( «Мора ўнутры»), Таццяна Барысюк («Віртуальнае каханне»), Кацярына Янчэўская («Белае шматкроп’е», рубрыка Дэбют).
Празаічную частку адкрывае апавяданне Вітаўта Чаропкі »Радасць руху». Гэты, дужа папулярны ў 90-я аўтар твораў на гістарычную тэматыку, — нячасты госць на старонках літаратурнае перыёдыкі.
Тэкст Васіля Гігевіча — суплёт эсэяў ды невялічкіх аповедаў, аб’яднаных адной мэтаю — спасцігнуць з’яву творчасці. Некаторыя з іх — свайго роду майстар-класы ад знанага празаіка перадусім для тых, хто сам спрабуе сябе ў літаратурнай справе («З чаго пачынаецца творчасць», «Сюжэт», «Натхненне», «Як пісаць»).
Леанід Дранько-Майсюк завяршае сваё захапляльнае літаратурна-дакументальнае даследаванне — аповесць пра Адама Станкевіча «…Усе бачылі нястачу віна…» Між тым, хочацца спадзявацца, тэксты з вялікага цыклу «У Вільні і больш нідзе», якія цягам 10-годдзя з’яўляліся на старонках «Дзеяслова», будуць доўжыцца.
Адзін з заснавальнікаў магілёўскай філіі аб’яднання «Мартыралог Беларусі Міхась Булавацкі дзеліцца з чытачом сваімі пранізлівымі «Згадкамі маленства».
Храналагічна першы лаўрэат прэміі імя Е. Гедройца Павал Касцюкевіч выступае на старонках 101-га «Дзеяслова» з двума аповедамі, аб’яднанымі не толькі агульнай назваю («Мяне вучыў ангельскай Лі Харві Освальд»), але і галоўным героем — дзедам Імануілам.
Гэтым нумарам «Дзеяслоў» развітваецца не толькі з летам, але і з «непрычасанымі думкамі» Станіслава Ежы Леца — афарызмамі славутага польскага паэта і майстра кароткага філасофскага парадоксу ў перакладзе Міхася Мірановіча.
Вольга Гапеева выступае адразу ў дзвюх творчых іпастасях — як перакладніца (перастварыўшы на беларускую вершы Мохана Рана, аднаго з вядучых паэтаў, які піша на хіндзі і жыве па-за межамі Індыі) і як [анты]крытык (друкуецца яе антырэцэнзія на антыраман Змітра Вішнёва «Калі прыгледзецца — Марс сіні»).
Не паверыце, але ў гэткім звышхуткім аглядным тэмпе мы даляцелі толькі да сярэдзіны нумара (пры тым што гэты, параўнальна з ранейшымі, заўважна патанчэў).
Частку нон-фікшн распачынае артыкул Сяргея Кавалёва, прымеркаваны да 60-годдзя Анатоля Сыса «Прарок — блазан — легенда». Аўтар прасочвае развіццё асобы паэта ў гэтых трох іпастасях, абапіраючыся на сведчанні як даследнікаў, гэтак і паплечнікаў А. Сыса.
Шмат для каго гэтая частка ўспамінаў Валянціна Акудовіча падасца самай цікавай, бо прысвечана яна культаваму часопісу «Крыніца», а дакладней — двум зусім розным часопісам, што мелі адзіную назву. Цэнтральнымі фігурамі гэтых старонак Хронікі беларускага інтэлектуала ёсць паэты Уладзімір Някляеў і Алесь Разанаў.
У рубрыцы Прачытанне архівіст нью-ёркскай публічнай бібліятэкі Лявон Юрэвіч шукае (і, здаецца, знаходзіць!) першакрыніцы аповесці Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя роспачы», а Марыя Міцкевіч (між іншага, унучка Якуба Коласа па бацьку і Янкі Маўра па маці) разглядае асабістыя стасункі ды жыццёвыя перыпетыі трох волатаў Беларушчыны — Якуба Коласа, а таксама Івана і Антона Луцкевічаў.
Наўздагон сотаму нумару, што быў прысвечаны аўтарам, чые тэксты друкаваліся ў першым «Дзеяслове», Васіль Жуковіч прадстаўляе пранізлівы эсэй «Цудадзейны талент Алеся Пісьмянкова».
У рубрыцы Мастацтва друкуюцца Штрыхі да творчага партрэта заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Слабодчыкава. У гутарцы з Уладзімірам Сіўчыкавым знакаміты скульптар разважае пра традыцыі нацыянальнай скульптурнай школы, пра выкланіцкі прэстыж ды статуснасць, пра сваю творчую ды педагагічную дзейнасць, пра ламанне стэрэатыпаў у выяўленні класікаў беларускай літаратуры…
У рубрыцы Кантэкст кандыдатка філалагічных навук Алена Лепішава выступае з артыкулам пра беларускую эксперыментальную драматургію канца ХХ — пач. ХХІ стагоддзя Пакаленне «нетутэйшых». Даследніца разглядае творчасць такіх аўтараў, як З. Вішнёў, В. Жыбуль, Джэці, В. Морт, В. Дранько-Майсюк, І. Сін, В. Гапеева ды інш.
У рубрыцы Кнігапіс галоўны кніжны карыфей часопіса Леанід Галубовіч рэцэнзуе зборнік хайку Уладзімір Сцяпана «Папяровая шапка», што пабачыў свет у бібліятэчцы «Дзеяслова».
Свежыя выданні Васіля Быкава, Сяргея Дубаўца, Леаніда Левановіча, Сары Лундберг, Ганны Янкуты аглядаюцца ў традыцыйнай рубрыцы Дзеяпіс.
Ілюстрацыі на вокладцы Аляксандра Кулажэнкі.
Шукайце незалежны літаратурна-мастацкі часопіс «Дзеяслоў» у менскіх кнігарнях:
«Акадэмкніга» (пр. Незалежнасці, 72)
«Lohvinau» (вул. Караля, 22)
«Галіяфы» (вул. Няміга, 3)
«Кніжная шафа» (пр. Дзяржынскага, 9),
а таксама — у інтэрнэт-краме knihi.by.