Дарагі Валодзя, Уладзімір, Ладысь, Ладымер…
Невядомыя лісты Уладзіміра Караткевіча
да Уладзіміра Лучука
№1
16 красавіка 64 г.,
Чалябінск
Дарагі Валодзя, Уладзімір, Ладысь,
Ладымер – выбірай сам сабе імя па
густу і менавіта так буду звяртацца!
Божа мой, як недарэчна і як непрыгожа ўсё так атрымалася, браце. Ты (давай перайдзем ужо, сапраўды, на ты, не ведаю, ці зручна гэта будзе Вам, таму, зрабіўшы прапанову, пераходжу на Вы зноў і чакаю адказу са згодай ці зберажэннем старога звароту) [1].
Вы напісалі мне ліст на Мінск 45. Павіншавалі з новым годам. А я атрымаў яго толькі нядаўна і ўвесь час здзіўляўся, чаму гэта Вы змоўклі. Справа ў тым, што я там не жыву больш. Пасварыўся з сябрам, з якім даўно жылі ў адным доме (праўдзівей, з ягонай жонкай), і так яно ўсё і пайшло макам. Разбурыліся старыя адносіны, і я ад яго з’ехаў [2].
Мой новы адрас: Мінск 12, вул. Чарнышэўскага 7, кв. 57, Караткеевічу У. С. [3]
Яшчэ большая злосць апанавала мною, калі даведаўся, што ў сябра некалькі месяцаў ляжала пяць лістоў да мяне і, у тым ліку, Ваш ліст. Я разумею, яму сорамна было мне вочы паказаць. То мог бы кінуць лісты ў паштовую скрынку ў маім пад’ездзе. Аднак ён гэтага не зрабіў. І толькі нядаўна, відаць, не вытрымаў, прыйшоў, прынёс лісты. Селі мы з ім, узялі па чарцы, высветлілі адносіны. Ён шкадуе, асабліва яшчэ таму, што, як кажа, зрабілі яму з дома турму. Здаецца, усё і добра, але былога не склеіш. Па-мойму, друг ёсць друг. І чалавек не павінен верыць ні плёткам, ні намаўленням. Не павінен паддавацца нічыім падбухторванням.
Тое не здарылася. Шкада старога сяброўства.
Ну, гэта, урэшце, Вам не цікава. Проста гэта маленькая гісторыя павінна растлумачыць маё маўчанне.
Атрымаў нарэшце Ваш ліст і ўсё не ведаў, як мне сесці за адказ, як апраўдацца. Вельмі мне сорамна было, ды яшчэ асабліва таму, што не выканаў тэрміновых Вашых заказаў і не адказаў на цудоўную кнігу [4].
Не ведаю цяпер, што і рабіць. Праўда, папрасіў перад ад’ездам Рыгора Барадуліна, каб даслаў сваю апошнюю кніжку. Але гэта і ўсё. Ці патрэбен Вам яшчэ Таўлай, ці трэба рэкамендаваць яшчэ 3–4 аўтараў і іх вершы? Мінула столькі часу. Калі яшчэ трэба, я, па вяртанні адсюль у Мінск, згараючы ад сораму, усё ж выканаю Вашу просьбу.
Не злуйцеся на мяне, Уладзімірэ, дальбог, усё было так, як я Вам пішу, а там судзіце мяне самі.
Я ўцёк у Чалябінск да сястры, каб тут пісаць новы раман (не ведаю, ці пісаў я Вам аб ім) [5]. У Мінску не даюць. Цягнуць са студыі мастацкай і дакументальнай, ганяюць на розныя справы, клічуць на паседжанні. А ну іх. І вось я месяц ужо амаль сяджу тут і працую па дзесяць гадзін у дзень. А канца не відаць. А здаць рукапіс трэба ў канцы красавіка. І я, відаць, зраблю так: адшліфаваную першую кнігу аддрукую і пакладу для іх. Няхай нешта маюць. Усё адно гэта фармальнасць і да канца года ніхто ў яе не загляне. А я прыеду чысла 21–23 дадому, зраблю ўсе справы, у тым ліку і Вашы, ды месяцы на два зноў уцяку, некуды на мой Дняпро (магчыма, у Рагачоў да дзядзькі), дый буду пісаць. Аб змене адраса паведамлю, а то, магчыма, надумаеце прыехаць на Беларусь, то буду сустракаць [6].
Віншую з Першамаем, бо, відаць, другога ліста да таго часу атрымаць не паспееце.
Зараз сяджу тут, назіраю за беднай уральскай вясною, дый думаю, што каля Тарашчы, дзе я настаўнічаў, пэўна і пралескі ўжо цвітуць, і ряст лілавее [7].
А на Беларусі смаршкоў у лясных котлішчах поўна, як груш з узвару [8]. Вось ад якой прыгажосці даводзіцца ўцякаць, каб мець спакой.
Раман мой стары, як кажуць, пэнкнуў. Так яго, раба божага, і прыкрылі. Ну і д’ябал з ім. Адзіным я задаволены: на кампрамісы не пайшоў. Жыць, што праўда, цяжкавата матэрыяльна, але вылезем. Не першы раз [9].
У Рагачове вазьмуся за пераклады. З усіх, каго Вы назвалі, няма ў мяне збірак Ліны і Василя Симаненкі [10]. Але нічога, дастану.
Васіля шкада ад усяго сэрца. І не дапамагае чорная прыказка старажытных, што “той, каго любяць багі, памірае маладым”, асабліва калі ён паэт. Дурная прыказка, дурны свет! Як горкі нейкі лёс над зямлёю. Як расцвітае нешта рана, молада, гожа, як захопляцца ім людзі – так, нібы злосная насмешка нейкая, возьмуць і адбяруць ад людзей і зямлі. Якая хаця таму прычына была, га?
Збірку ягоную новую – дашліце. Такія вось незваротныя страты бываюць у жыцці. Магчыма і пагаварылі б з ім ды з Вамі калісьці. А тут – як бездань.
Думкі мае, наогул, невясёлыя. Ратуе праца. Асабліва думаць не на яе тэму не даводзіцца. Сёння вось толькі вырашыў з раніцы напісаць Вам вялікі ліст, бо сорамна мне ўжо, а там і зноў за працу (сёння павінен загінуць на мядзведжым паляванні бацька майго героя). Вечарамі толькі чытаю перад сном хвілін па трыццаць, па сорак. Ведаю, што лепей бы адпачыць мазгам, але гэта ўжо такі ўедлівы звычай, што не заснеш без слова (не прыміце ў дрэнным сэнсе), і дзень нібыта страчаны, калі хаця трохі не пачытаў.
Чытанне, пры такім тэмпе, ідзе, вядома, павольна. Другі тыдзень мучаю адну кнігу.
Чамусьці атрымліваецца так, што ўвесь час тут чытаю ўкраінскія кнігі. Чытаю “Уладзімір” нябожчыка Сямёна Склярэнкі [11]. У пазнавальным сэнсе цікава, а ўвогуле трохі незадаволены. Ніяк не можам мы адмовіцца ад звычак апраўдваць дзяржаўнага дзеяча ва ўсіх яго ўчынках. Адрыжка тых яшчэ часоў. Забіў бацьку і братоў будучай жонкі, яе – “поя”, потым разбіў пад Любечам брата, прагнаў яго ў Родню, прапанаваў мір, завабіў у Кіеў, дзе брат загінуў пры таямнічых абставінах. На трызне быў, пасля трызны “поя” ўдаву брата, так што невядома, чыё дзіця… ну і гэтак далей. І на ўсё апраўданні: Рагвалод полацкі грамату яго падзёр і “збіраўся выступіць” супраць яго (як быццам і дагэтуль гэта не ёсць першае апраўданне для агрэсіі: “збіраліся напасці”. Гэх, нічому не вучацца людзі ад гісторыі), брата забілі баяры, з жонкай ягонай не вытрымаў і г.д.
Меў рацыю бацька Тарас [12], калі не верыў ніякай такой лухце і ўсё выпрабоўваў ядучым квасам скепсісу. Таму і памылак пазбегнуў, таму і кампрамісаў не ведаў, таму і дагэтуль у шмат якіх пытаннях мы да ягонага звышчалавечага і звышгуманнага разумення не дараслі. Памятаеце, аб чым “по біблії чытає” святы чарнец? Склярэнку б часцей у яго заглядаць.
І дарэчы, ніякага такога апраўдання не трэба было. Ну, зрабіў, ну, узяў, ну, не вытрымаў. Людзі ёсць людзі. А тыя, продкі, былі яшчэ неўтаймавана страсныя, гарачыя, з нераскіданымі пачуццямі. Паганцы, ледзь не варвары. Ну і малюй жа ты іх так, чорт! Як пілі, ды як ваявалі. Як утаймоўвалі коней і жанчын, вераломствавалі, хлусілі, трымаліся рыцарства. Памятаеце, як аднаму такому феадалу сказалі, што заб’юць ягоных дзяцей, калі не здасць фартэцы. То ён, сукін сын, сказаў: “Вазьміце, у мяне заўсёды пры сабе зброя, каб нарабіць новых”. Падлюга, свіння, а жывы. Або, памятаеце, як два паплечнікі Качубея пасля катавання кнутом ляжалі ў цямніцы, пад крывавымі дзяругамі, чакалі смерці. Нейкі там палкоўнік і, здаецца, казацкі паэт.
Памятаеце, што адзін другому сказаў?
– От би позичить в москаля того кропила. Як би для нащих з тобою жінок здалося!
І вось такія яны й былі. І ў нас, і ў вас. Героі, распуснікі, святыя, свінні, багі, здраднікі, гумарысты не там, дзе трэба. Але для сябе не манюкі. І, ва ўсякім разе, не поснікі. І вось такіх, жывых, іх і можна нават любіць. А калі не любіць, то верыць.
Дарэчы, Вам не перашкаджае, што пішу па-беларуску? Пэўна, зразумееце. А мне лягчэй. Дагэтуль па-руску пісаў, бо па-ўкраінску мне ўсё ж не так лёгка. Мінула ўсё ж восем год, магу сям-там зрабіць памылку або ўжыць беларусізм [13]. Глядзіце, як Вам зручней.
Ну вось. А цяпер некалькі слоў пра Вашу кнігу. Учора вечарам яе перачытаў (кажу, шанцы на Украіну) [14]. Па-мойму, яна шмат выйграе ў параўнанні з папярэднімі [15]. Збераглася ранейшая чысціня, простасць і тое, у вышэйшай ступені ўкраінскае, што ўласціва вашай цяперашняй моладзі. І, адначасова, з’явілася простая складанасць і глыбокадумнасць. Ёсць, вядома, часам і рыторыка (як у “Вогнищах на шляху” – “З морозу ми й Арктику вирвемо…”), але хто богу не вінаваты. Тым больш, што ў гэтым вершы ёсць добрыя вобразы – гэтыя “свічки в льоху” ды “життя, наче сіто з висівок”.
І роздум расце. Сведчанне таму “Прометеї і пігмеї”, хаця ў некаторых такіх вершах і ёсць яшчэ часам тое, што аўтар “Слова” назваў “мыслію па дрэву”.
Дзеля пана бога нашага не думайце толькі, што ва ўсіх гэтых маіх словах ёсць тон нейкага ментара, на які я не маю права. Гэта мая асабістая думка, з якой Вы можаце і не згаджацца, але якая не можа не быць Вам цікавай, як думка кожнага добразычлівага чалавека.
Сто думак розных людзей – глядзіш, нешта карыснае ў іх і знайшлося. Толькі так і прашу глядзець на гэта.
“Мыслію па дрэву” – я заўважаю, напрыклад, у “Я живу на долоні сторіч”, хаця і тут асноўная думка цікавая і патрэбная: “Мы не серафімы, і няма чаго нас маляваць такімі”… Вельмі неблагі верш “Відозва до лікарів”, але канец зніжае яго. Нібы замахнуўся, каб забіць, а потым толькі канстатаваў факт існавання ганебнай з’явы. Няма канчатковасці. Якой? Я хачу расказаць Вам аб адным выпадку, пра які я хацеў бы напісаць верш, але пакуль што не ведаю, як [16]. Я тады быў на чацвёртым курсе, а астатнія хлопцы з пакоя – першакурснікі. Калі памёр Сталін – я іх падбіў на тое, каб з Кіева ехаць на Маскву, глядзець.
Чалавеку, каб зразумець, вельмі трэба ў такія хвіліны быць там, дзе зварушанні вялікай людской масы. Тады перад ім паўстаюць заканамернасці.
І вось вялікі горад, транспарт не ходзіць, чарга да Дома саюзаў – ад Курскага вакзалу. Тугі ў людзях няма – хутчэй цікаўнасць.
І яшчэ, страшная цісканіна на вуліцах. Гінуць людзі. І вось, ля высотнага будынка, недзе ля павароту на Камсамольскую плошчу, насустрач гэтаму патоку людзей дзед і бабуля, сівыя, вельмі старыя, на саначках вязуць дзіцячую, на немаўлятка, труну. Транспарту няма. Насустрач – натоўпы з дзясяткаў тысяч людзей. І ўсе гэтыя людзі нават не глядзяць на старых.
Жыццё склалася так, што я гэтага чалавека не любіў з сямігадовага ўзросту [17]. І, вядома, і тут я нічога хлопцам не сказаў. Але гэта так засела, што і дагэтуль не магу забыць. А для старых, пэўна, галоўным была малая труна.
Вось чагосьці такога Вы тут не знайшлі. Канчаткова – заканамернага, страшнага, як пячаць, і, адначасова, гордага, бо раз людзі заўважылі такое – значыць, яны яшчэ не зусім прапашчыя, а проста “устають понад всі протиріччя”.
А потым у Вас пайшло! “Сніжички” – дзівосна.
І, урэшце, верш, які мне спадабаўся ледзь не больш за ўсе, відаць, таму, што ў паэта на першым месцы павінен быць боль, а радасць – справа другая, таму што паэт – гэта, перш за ўсё, павітуха, што дапамагае нараджацца ісціне, а ісціна, на жаль, пакуль што нараджаецца ў крыві.
Верш гэты – “Роси”. Чорт вас, хахлоў, ведае, як жа вы выраслі з таго часу, калі я чытаў ва ўніверсітэце зборнікі тагачасных маладых?! Тады гэта былі такія “ясночолі юнаки”, такія, проша паньства, дупы, што павесіцца можна было: “Не був я повік на корейській землі, тепер густо зрошеній кров’ю, але, якби міг, я б за неї поліг: до неї полаю любов’ю”. Аўтара не кажу, ён жыве і друкуецца. І няхай жыве.
Урэшце, усе тады былі такія. І ўсё ж сорамна было. Чуеш, размер які? Пра кроў, а нібы танцуе:
Але, якби міг,
Я б за неї поліг.
Зусім, як у вядомай дрындушцы:
Рассерженный Бишоп сердито
Сказал мне: вы будете биты.
Как две капли жена,
И притом обнажена,
Мистер Грин, постыдились бы вы то.
А цяпер вы мудрэеце проста на вачах. І правільна, бо шчасце не ў тым, каб быць старшыном-звыштэрміновым, а ў пазнанні праўды і, відаць, у доблесці і ведах.
Ах, верш які!
Вы жылі ў Польшчы і, вядома, польскую мову ведаеце. І паэзію [18].
Памятаеце ў Цыпрыяна Норвіда “Жалобную рапсодыю на смерць Бема” [19]? Тут ёсць у некаторых радках нешта, што нагадвае яе. Не складам, вядома, не памерам, не думкай – нічым. Але нагадвае: трагічна-светлым успрыманнем свету. Ёсць радкі выключныя:
…Орали снаряди землю,
косили жита автомати.
Снопами бійці лягали…
Спіткнувся. Ніч.
Чорт, лаканізм які! Або:
– Де він? – у трави питаю.
Питаю: – Де він? – у жита.
– Де? – у пташок питаю.
Питаю про це у людей.
…А сонце, умите, чисте,
червоно встає над світом…
День.
Мне страшэнна хочацца, каб гэта стала маналітам. З часам, праз гады, калі вернецеся, паспрабуйце пазбавіцца ад адцення некаторага сантыменту літаральна ў двух-трох словах. Можа, я не маю рацыі, але пакаштуйце на слых: “Як то очам не ридати?”, “В зажурі діток втішала”, “Невинні сирітські сльози…”. Трошкі б суровей, нават грубей, як сякераю, трэба. Але каб адчувалася, што боль сэрца рве. Не ведаю як. У другім месцы нешта адно пакінуць. Магчыма, замест “втішала” – “казала”, або неяк іначай. Ну, не ведаю ж я. Вы ж паэт!
А верш проста, не баюся сказаць, выключны. І другая частка “Спогадів”, “…Сиві коси” – адзін з лепшых вершаў кнігі. Дарэчы, у ім ёсць тое, што яднае з самымі рознымі, але самымі лепшымі паэтамі з маладых – Оярам Вацыецісам, з некаторымі нашымі і вашымі, з Шота Нішніанідзе і іншымі. Тое, што сведчыць аб тым, што мы людзі аднаго пакалення і гэтага з нас не выб’еш.
Між іншым, і наіў, за якім – няпростасць:
У клітці стояв «фашист»
(підроблений Гітлер),
Хто хтів, той плювався на нього…
Ходзіць, здаецца, такі зявака, спадчыннік “ясночолих”, а, на справе, і смешна, і жах, і ўсе вы, побач з зявакамі, – боўдуры.
Уражае і разнастайнасць кнігі: прызнак добрага паэта. Не сумна чытаць, бо ўсё і ўсякае ёсць. Раней гэтага было менш. Пасля “косаў” і “Воду в долоні черпаю”. Як песня паганца (не злуйцеся, не памятаю, як па-ўкраінску, а па-беларуску гэта – “язычнік”).
Я ведаю, Вы з Польшчы. А якая мясціна продкаў? Валынь? Галічына? Дзівосныя ў вас людзі, і такія разнастайныя.
У харошым вершы “Ні, той таки не бачив неба” апошнія два радкі нешта не так. Але, урэшце, бог з імі, калі існуе “небоплес”. Самі выдумалі ці ёсць такое народнае слова?
Але зноў горш. “Поле” трохі стандарт, і “Журавлі”. А потым зноў узлёт – “Сповідь Маркіяна Шашкевича”. Апошнія чатыры радкі – той высокі лаканізм, якога заўсёды так не хапала мне. Дый хіба толькі мне?
Франко [20] ў Вас, пакуль што, горшы за Шаўчэнку [21] і Шашкевіча [22].
І “На вулиці” і ў “Валеті”. Не знайдзены неяк, хаця, агаворваюся, як заўсёды, што гэта я толькі так лічу і гэта ні для каго не азначае нічога. Колькі вачэй, столькі і светаў. І дзіва:
І, зсунувши могучою рукою
з-над себе
віко гробове,
встає Бетховен,
б’е в долоні,
аж глухнуть вуха у дерев!
Няпроста і добра. Узор мислення паэта.
Эпітафія Канапніцкай [23] таксама добрая. Памятаеце “Роту”? Люблю яе. Далей раз-пораз наштурхнешся на лепшае і лепшае. І мініятуры, накшталт “Краплини”, і горб, што ад працы нарос на Зямлі, і канец “Ех, який я ненаситний”. Часта ж так здзіўляюцца паэты, як гэта свет патрэбен ім, а жыць можна і без іх. Ёсць недрукаваны верш Навелы Матвеевай [24], дзівоснай паэтэсы і майго добрага друга, “Страна Дельфиния”. Хвалі, існує недзе краіна. Калі туды не паехаць – усё знікне: пасохнуць пальмы і заглохнуць кветкі. І раптам прыходзіць адтуль ліст, а ў ім такое, што дзіву даешся.
Пальмы без меня – не сохнут,
Розы без меня – не глохнут,
Птицы без меня не молкнут.
Как же это, без меня?
Так вось і жывем. І пішам пра Прут, што “послизнувся з обрива” (дый загрымеў, пэўна, бедалага!), ды пра абыякавую, як жанчына, кручу. І лічым, што нічога не змянілася. Ды яшчэ ў “якби” дасягаем такой музычнасці. У гэтых паўторах, такіх, што ў чалавека нібы задыхаецца ад хвалявання сэрца.
Лухта гэта, што ў наш век ды з нашымі шматлікімі каханнямі нельга быць чыстым. Вось хаця ў “Скрыпцы”. Няхай сто баб было, а цнота чалавечая ёсць, жыве! І сум у “повернусь на село” (!!!).
Словам, што ж сказаць, браце.
Усё ўмеем. І жанчын па-чалавечы кахаць, аж неба мружыцца, і, пры выпадку, навалачы рознай даць так, каб аж нагамі накрылася.
Моцны пад’ём. Вельмі моцны.
То што, будзем жыць? Будзем жыць, і няхай яны, ворагі добрага, а, значыць, і нашы, – паздыхаюць.
Ну, вось. Аж абрыднуў, відаць, такі доўгі ліст напісаў. Нічога. Вы не крыўдуйце. Я сказаў тое, што думаў: што стандарт – тое стандарт, а што добра – тое добра.
Спадзяюся, калі праз пару год і я дашлю Вам свой зборнік – Вы адкажаце мне таксама вельмі падрабязна, і таксама шчыра і неліцамерна аб усім, што думаенце.
Ну, бывайце. Моцна цісну руку. Жадаю поспехаў.
Уладзімір Караткевіч
P.S. Не забывайце новы адрас.
1. З Уладзімірам Лучуком Караткевіч пазнаёміўся, верагодна, у Доме творчасці СП СССР у Кактэбелі ў кастрычніку 1962 г. Тады ж, хутчэй за ўсё, ён атрымаў ад аўтара кніжку “Уставати треба рано” (1962), у якой знайшоў і пераклад на ўкраінскую мову свайго верша “Заяц варыць піва”. Верагодна, у Кактэбелі ў адказ ён падарыў Лучуку свой зборнік “Вячэрнія ветразі” (1960), у якім той упадабаў і пераклаў для “Жовтня” (1962, №12) верш “Трызненне мужыцкага Брэйгеля”. Аднак гэтыя кантакты яшчэ не перарараслі ў больш блізкія адносіны. Адсюль – зварот адзін да аднаго “на Вы”.
2. Уладзімір Караткевіч па вяртанні летам 1962 г. з Масквы, дзе ён вучыўся спачатку на Вышэйшых літаратурных курсах (1958–1960), затым на Вышэйшых сцэнарных курсах (1960–1962), пэўны час жыў у хаце свайго аршанскеага сябра В. Краўца. Таму такі нумар ранейшага паштовага аддзялення – “Мінск 15” – на адрасаваным яму канверце.
3. У студзені 1963 г. СП БССР выдзеліў Караткевічу ў Мінску па вул. Чарнышэўскага, д, 7, аднапакаёвую кватэру (кв. 57). Сюды пісьменнік перавёз з Оршы сваю пажылую маці Надзею Васільеўну (бацька Сямён Цімафеевіч памёр яшчэ ў верасні 1959 г.), якая ў далейшым увесь час жыла разам з ім.
4. У. Лучук пасля заканчэння славянскага аддзялення Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (ЛДУ) імя І. Франко (1958) некалькі гадоў працаваў старшым рэдактарам аддзела паэзіі львоўскага часопіса “Жовтень” (цяпер – “Дзвін”), актыўна займаўся перакладам, у тым ліку беларускай паэзіі. У. Караткевіч абяцаў яму дасылаць для перакладу некаторыя зборнікі беларускіх паэтаў. У сваю чаргу, Лучук падарыў сваю кнігу “Полум’я мене овіює” (Кіеў, 1963) Караткевічу, пра якую ён пазней і выказаўся падрабязна ў гэтым лісце.
5. Раман, які Караткевіч пісаў у Чалябінску ў сакавіку–красавіку 1964 г. у кватэры сваёй сястры Наталлі Сямёнаўны Кучкоўскай, – “Каласы пад сярпом тваім”.
6. У. Караткевіч неаднаразова запрашаў сваіх украінскіх сяброў і знаёмых (У. Лучука, Р. Іванычука, Р. Лубкіўскага і інш.) наведаць Беларусь, прыехаць да яго ў госці.
7. У. Караткевіч прыгадвае тут мясціну ва Украіне, у прыватнасці сяло Лесавічы ў Тарашчанскім раёне на Кіеўшчыне, дзе ён настаўнічаў два гады пасля заканчэння Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта (КДУ) імя Т. Шаўчэнкі (1954–1956).
8. Як заядлы грыбнік Караткевіч асабліва любіў і ўмеў шукаць, а таксама смачна гатаваць самыя раннія, вясеннія грыбы – страчкі і смарчкі, якіх многія грыбазбіры ўвогуле не бяруць, баючыся атруціцца.
9. “Стары раман”, пра які гаворыць Караткевіч, – “Нельга забыць” (“Леаніды не вернуцца да Зямлі”). Надрукаваны ён быў у часопісе “Полымя” (1961, №5–6). Але пасля некаторых адмоўных рэцэнзій і абмеркавання яго на секцыі прозы СП БССР (8 ліпеня 1963 г.), дзе пісьменніка абвінавацілі ў абстрактным гуманізме і іншых “грахах”, яго не стала выдавецтва друкаваць, і ў лістападзе 1963 г. ужо гатовы набор кнігі рассыпалі. Раман гэты выйшаў у свет толькі праз амаль 20 год, у 1982 г.
10. “Ліна” – Кастэнка Ліна Васільеўна (н. 1930), выдатная ўкраінская паэтэса, грамадскі дзеяч, лаўрэат Нацыянальнай прэміі Украіны імя Т. Шаўчэнкі (1987), аўтар шматлікіх зборнікаў вершаў, знакамітых вершаваных раманаў “Маруся Чурай” (1979), “Берастэчка” (1999) і інш. Вучылася ў Кіеўскім педагагічным інстытуце, скончыла Маскоўскі літаратурны інстытут імя А.М. Горкага (1956). З кагорты шасцідзясятнікаў. З 1963 г. за “апалітычнасць”, “зацямненне ідэйна-палітычнага зместу твораў”, падтрымку асуджаных львоўскіх пісьменнікаў яе перасталі друкаваць (у тым годзе нават набраную яе кнігу вершаў “Зорны інтэграл” рассыпалі ў друкарні), а пазней забаранілі ўпамінаць у друку і імя паэтэсы. Так працягвалася да другой паловы 1970-х гг. У. Караткевіч, несумненна, быў знаёмы з яе творчасцю. Сярод зборнікаў вершаў, якія ён спадзяваўся “дастаць” праз сваіх украінскіх знаёмых (у т. л. праз Лучука), маглі быць у той час кнігі Л. Кастэнка “Проміння землі” (1957), “Вітрила” (1958) і “Мандрівки серця” (1961).
Сіманенка Васіль Андрэевіч (1935–1963) – вядомы ўкраінскі паэт-шасцідзесятнік. Скончыў факультэт журналістыкі КДУ імя Т. Шаўчэнкі (1957), пасля чаго працаваў у розных перыядычных выданнях роднай Чаркашчыны. Праўда, папрацаваць змог адносна нядоўга. Пасля апрылюднення (разам з Л Танюком і А. Гурскай) звестак пра ўкраінскія “Курапаты” – Быкоўню, Лук’янаўскі і Васількоўскі цвінтары (там цяпер створаны памятныя мемарыялы), яго жорстка збілі невядомыя асобы, што прывяло да цяжкіх хвароб, доўгага лячэння, а ўрэшце і да смерці на шпітальным ложку ў няпоўных 29 год. Пры жыцці ў
В. Сіманенкі выйшлі толькі два асобныя выданні – зборнік вершаў “Тиша і грім” (1962) і вершаваная дзіцячая казка “Цар Пласкосій та Лоскотонь” (1963). З творамі, змешчанымі ў іх, і мог пазнаёміцца У. Караткевіч. А таксама з некаторымі самвыдатаўскімі публікацыямі, якія былі распаўсюджаны ў тагачаснай Украіне.
11. Склярэнка Сямён Дзмітрыевіч (1901–1962), украінскі савецкі пісьменнік, празаік. Удзельнік грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Пісаў з 1918 г. Аўтар трылогіі пра грамадзянскую вайну ва Украіне – “Шлях на Кіеў” (1937), “Мікалай Шчорс” (1939) і “Польскі фронт” (1940), рамана “Карпаты” (1954) і інш. Меў намер стварыць яшчэ адну трылогію – пра “станаўленне старажытнарускай Кіеўскай лзяржавы Х–ХІ стст.” Напісаў і выдаў дзве першыя кнігі гэтай трылогіі – “Святаслаў” (1959) і “Уладзімір” (1962). Трэцюю, пра Яраслава Мудрага, не паспеў напісаць.
12. “Бацька Тарас” – Тарас Рыгоравіч Шаўчэнка (1814–1861), вялікі ўкраінскі паэт, грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў і класік новай украінскай літаратуры. Стогадовы юбілей яго адзначаўся ва ўсім свеце ў сакавіку 1964 года. У. Караткевіч тады яшчэ раз звярнуўся да асобы і творчасці Кабзара, надрукаваў пра яго арыгінальнае эсэ “І будуць людзі на зямлі” (“Маладосць”, 1964, №3).
13. У. Караткевіч мае на ўвазе час, калі ён назаўжды пакінуў Украіну, правучыўшыся пяць год у КДУ імя Т. Шаўчэнкі (1949–1954) і папрацаваўшы два гады ў Лесавічанскай СШ на Кіеўшчыне (1954–1956).
14. Гаворка ідзе пра дасланы новы зборнік вершаў Лучука “Полум’я мене овіює” (1963), які Караткевіч і аналізує падрабязна ў сваім лісце. Гэтай кнізе ён прысвяціў і арыгінальную эсэ-рэцэнзію “Бетховен б’е ў далоні…” (“Полымя”, 1964, №9).
15. Маюцца на ўвазе дзве папярэднія кнігі паэзіі Лучука: “Довір’я” (Львоў, 1959) і “Осоння” (Кіеў, 1962), з якімі Караткевіч, мяркуючы па ўсім, быў знаёмы.
16. Верш на тэму смерці і пахавання Сталіна Караткевіч не напісаў. Але выразным антысталінскім пафасам прасякнута яго аповесць “У снягах драмае вясна” (1957, апублікавана ў 1988), асноўныя падзеі якой адбываюцца напярэдадні смерці Сталіна, у 1952 г.
17. Тое, што Караткевіч, як і многія тысячы савецкіх людзей, не любілі Сталіна за яго жорсткасць, неабгрунтаваныя рэпрэсіі і інш., пісьменнік выказаўся ў напісанай на рускай мове 17 верасня 1964 г. аўтабіяграфіі “Дорога, которую прошел”, варыянт якой (ужо на беларускай мове) быў надрукаваны ў кнізе аўтабіяграфій беларускіх пісьменнікаў “Пра час і пра сябе” (1966). Вось гэты першапачатковы рускі тэкст: “В 39-м вернулся из тюрьмы один из моих дядек, старый коммунист, перед арестом – заведующий камчатским облоно… Несмотря на мой возраст, он ничего от меня не скрывал… Потому и на похороны Сталина поехал и подбил на поездку ребят из комнаты, не из-за скорби, а чтобы видеть собственными глазами. И увидел. И, вместе с хлопцами, помогал санитарам вытаскивать из давки людей. И попал в переделку в Ветошном переулке в день похорон. А это уже не оставляло никаких сомнений и вызывало одно желание: «Скорей бы покончили со всем этим»… Никаких сомнений о его «зрячестве», к счастью, уже на втором курсе у меня не было”.
18. У. Лучук нарадзіўся ў 1934 г. у Грубашоўскім раёне на Холмшчыне, на землях, якія пасля вайны адышлі да Польшчы, і толькі ў 1945 г. разам з бацькамі пераехаў ва Украіну, на Валынь. Таму, безумоўна, польскую размоўную мову ведаў з дзяцінства. Дасканаламу авалоданню і яе літаратурнай нормай, і гісторыяй польскай літаратуры пасадзейнічала навучанне на славянскім аддзяленні ЛДУ імя І. Франко (1953–1958).
19. Норвід Цыпрыян Каміль (1821–1883), польскі паэт, празаік, драматург, жывапісец. Класік польскай літаратуры. Усё творчае жыццё пражыў за межамі Польшчы. У апошнія гады жыў у польскім дабрачынным прытулку каля Парыжа, дзе і памёр.
20. Франко Іван Якаўлевіч (1856–1916), украінскі пісьменнік, вучоны, грамадскі дзеяч. Скончыў Чарнавіцкі ўніверсітэт (1891). Доктар філасофіі (1893), ганаровы доктар рускай славеснасці (1906). Быў яскравым публіцыстам, супрацоўнікам, арганізатарам і рэдактарам шэрагу перыядычных выданняў. Неаднойчы арыштоўваўся ўладамі Аўстра-Венгрыі. Яго геніяльнасць выявілася, бадай, ва ўсх жанрах літаратуры, у многіх галінах гуманітарнай навукі (гісторыя, паліталогія, фалькларыстыка, культуралогія, мовазнаўства, мастацтвазнаўства і інш.). Шырынёй, разнастайнасцю прыроджанага таленту Караткевіч тыпалагічна набліжаецца да І. Франко.
21. Шаўчэнка Тарас Рыгоравіч, гл. пра яго заўвагу 12.
22. Шашкевіч Маркіян Сямёнавіч (1811–1843), украінскі паэт, грамадскі дзеяч. Служыў святаром на Галіччыне, якая тады ўваходзіла ў склад Аўстра-Венгрыі. Заснавальнік (разам з Я. Галаацкім і І. Вагілевічам) “Руської трійці” – славянафільскай дэмакратычнай арганізацыі, якая з канца 1820-х гг. распачала на заходнеўкраінскіх землях нацыянальна-культурнае адраджэнне, змагалася за ўвядзенне ўкраінскай мовы ў школьнае навучанне і царкоўную службу.
23. Канапніцкая Марыя (1842–1910), польская пісьменніца, перакладчыца. Аўтар многіх вершаў і паэм патрыятычнай і гуманістычнай скіраванасці. Сябравала з Э. Ажэшка, наведвала Беларусь. Зрабіла значны ўплыў на тэматыку і праблематыку творчасці маладога Янкі Купалы, які пераклаў на беларускую мову шэраг яе вершаў (“Варажбітка”, “Тры дарогі”, “Родны дом” і інш.), адгукнуўся на яе смерць вершам “Памяці Мар’і Канапніцкай”.
24. Матвеева Навела Мікалаеўна (1934–2016), вядомая руская паэтэса, перакладчыца, літаратуразнавец, бард. Блізкая знаёмая У. Караткевіча перыяду яго навучання ў Маскве на Вышэйшых літаратурных і Вышэйшых сцэнарных курсах. Скончыла Вышэйшыя літаратурныя курсы пры Літаратурным інстытуце імя А.М. Горкага (1962). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі РФ у галіне літаратуры (2002). Аўтар многіх зборнікаў вершаў (“Лірыка”, 1961; “Душа рэчаў”, 1966; “Рака”, 1978 і інш.), музычнага альбома з 14 песень ва ўласным выкананні (2009).
Цалкам публікацыю невядомых лістоў Караткевіча да Лучука – з прадмовай, падрыхтоўкай да друку і каментарамі Вячаслава Рагойшы – чытайце ў папяровай версіі “Дзеяслова” №108.