Адам Глобус (№109)

Цой

Словы пра рок-зорку

Колеры

Цой – мастак. Таму выбар колераў быў у яго невыпадковым. Віктар Цой свядома апрануў на сябе чорны, праўдзіва-чорны, радыкальна-чорны, рэвалюцыйна-чорны колер. Ён выбраў колер баявой анархіі, колер сцягоў, што ўздымаюцца над галовамі вольных анархістаў, колер рэвалюцыі.

Аскетычна-чорны Цой працаваў качагарам. Ён закідваў ву­галь у агніста-чырвоную пашчу чорнай печы. Чорны Віктар Цой з гуртом «Кіно» супрацьстаяў ружова-блакітнаму «Ласкаваму маю» з салістам Юрам Шатуновым, які спяваў пра ружовыя і белыя ружы. Рокер Цой спяваў пра іншае, спяваў па-бунтарску, спяваў: «Маці – анархія!!! Бацька – глыток партвейну!» Чорнагаловаму Цою верылі, як вераць прарокам.

 

Кіно

Вялікі акцёр павінен мець малапрыкметную знешнасць, каб на сцэне або перад камерай стварыць шмат самых розных і запамінальных вобразаў. Знешнасць акцёра мусіць быць нулявой, каб была магчымасць ад таго нуля сыходзіць у мінус ступень – да адмоўных герояў – і ў плюс ступень – да герояў станоўчых. Так лічыцца, і гэта правільнае меркаванне. У Віктара Цоя ж была зусім іншая прырода акцёрскага майстэрства, бо ў кіно, на рок-сцэне і ў качагарцы ён заставаўся Віктарам Цоем.

Яго найлепшая роля здарылася і адбылася ў фільме «АССА» Сяргея Салаўёва. У фінале кінакарціны Цой праспяваў хіт «Перамен» і стаў кумірам мільёнаў. Адзін эпізод у фільме зрабіў з Віктара культавую постаць. Роля змагара з наркамафіяй у кінастужцы «Іголка» дадала Цою папулярнасці. Кранальна да слёз была зроблена сцэна з забойствам героя, у якой персанаж Віктара Цоя атрымаў удар нажом і ўкленчыў на снезе, сціскаючы ў руцэ запальнічку з кволым агеньчыкам, які праз імгненне мусіў згаснуць.

Дзве ролі, дзве фінальныя сцэны ў фільмах Віктар Цой выканаў так, што я магу напісаць: ён – выбітны кінаакцёр.

 

Мастакоўскія майстэрні

Рускі рок, як і беларускі, дарэчы, быў створаны ў мастакоўскіх майстэрнях. Пэўна, там самае вольнае паветра. Водары алейнай фарбы, пінену, лаку, сырой гліны, льнянога палатна ствараюць непараўнальны ні з чым дух свабоды. Мастак – апошняя свабодная прафесія. Аголеныя натуршчыцы, палітычныя показкі, гучны магнітафон заўсёды ў мастакоўскай майстэрні пачуваліся натуральна. Мастакам дазвалялася і дазваляецца значна больш, чым усім астатнім. Чаму? З-за таленту. У мастаках без таленту не затрымаешся.

Дух свабоды, што лунаў у мастакоўскіх майстэрнях, сканцэнтраваўся ў рок-кампазіцыях. Ігар Варашкевіч і Лявон Вольскі, Іван Маркаў і Міхал Анемпадыстаў у мастакоўскіх майстэрнях стварылі наш беларускі рок. Тое самае адбылося і ў Расіі. Юрый Шаўчук і Віктар Цой, Вячаслаў Бутусаў і Андрэй Макарэвіч пісалі свае першыя і лепшыя кампазіцыі ў мастакоўскіх майстэрнях…

Калі я чую голас Цоя, дык згадваю піцерскае мастацкае вучылішча, куды ездзіў разам са студэнтамі і выкладчыкамі мінскага мастацкага вучылішча. Мы два тыдні начавалі там, спалі на спартыўных матах, пілі віно і спявалі пад гітару песняроўскія хіты. У піцерскім вучылішчы выдатна пілося і спявалася. Там і выспеў талент найвыдатнейшага рускага рокера – Цоя. Там было самае смачнае і самае свабоднае паветра ў Расіі. Кажу так, бо сам там быў, там дыхаў і там спяваў разам з Алесем Ласём, Жанай Башук і Уладзімірам Сцяпанам.

 

Распраналка

У дзяцей ёсць такое традыцыйнае выхвалянне, якое пачынаецца з «я бачыў…». Нехта пабачыў жыўцом касманаўта, а нехта – прэзідэнта. Зоркі кіно і сцэны маюць высокі рэйтынг у падобных выхваляннях. Горшыя каціроўкі ў міністраў і генералаў, але сустрэчамі з імі гэтаксама хваляцца. Рок-зоркі далёка не на апошніх месцах, яны нездарма дзеляць арэны з зоркамі спорту.

Каб я вярнуўся ў школьнае дзяцінства, дык мог бы выхваляцца тым, што зблізку пабачыў Міка Джагера на барселонскім алімпійскім стадыёне. Віктара Цоя я пабачыў на мінскім стадыёне «Дынама», калі разам з рок-гуртом «Фарпост» стаяў у распраналцы. Туды зайшоў Цой… Ён быў значна вышэйшы, чым я яго ўяўляў, калі бачыў на экране. Ён гаварыў больш мяккім голасам, чым той, якім спяваў. У яго будзённым голасе не было шурпатасці. «А дзе нашы?» – спытаў крыху разгублены Цой, аглядаючы вялізную распраналку. «Вашых тут няма!» – неяк занадта катэгарычна і паспешліва адказаў прадзюсер з «Фарпоста». «Ясна», – кінуў нам Цой і выйшаў з распраналкі. Дзверы ён зачыніў акуратна. Ён быў не з тых, хто бразгае дзвярыма.

Яшчэ я пастаяў каля самай сцэны і зблізу паразглядаў усіх музыкаў з цоеўскага гурта «Кіно». Была вялікая спакуса дачакацца заканчэння канцэрта і паехаць павесяліцца з «кіношнікамі», але я пераадолеў яе. Не шкадую, бо і таго, што пачуў і пабачыў, мне было больш чым дастаткова.

 

Круглянскі

У творчасці журналістаў і літаратараў шмат што трымаецца на моднай тэме і актуальных героях. Сёння гаворыцца, пішацца і фільмуецца пра адных, а заўтра – пра другіх. Адмоўных персанажаў на старонках выданняў і на экранах не менш за станоўчых. Кіраўнікі тэлебачання і рэдактары газет пільна сочаць за модай і пасылаюць падначаленых распрацоўваць тэмы, запатрабаваныя публікай. Нечакана для многіх напрыканцы 1980-х гадоў у самыя топавыя прафесіі выбіліся прастытуткі і псіхіятры. У паводзінах валютных прастытутак людзям убачыліся свабода нораваў і вольны дух, а ў псіхіятрычных лячэбніцах ім прымроіліся катоўні савецкай рэпрэсіўнай машыны. Зразумела, што самі прастытуткі і псіхіятры занялі кругавую абарону, яны адмаўляліся сустракацца і размаўляць з журналістамі.

Тэлерэжысёра Сяргея Равункова, які спрабаваў зняць сюжэт пра «дактароў-катаў», выгналі з псіхбальніцы і сказалі, што больш ніводзін журналіст не пераступіць яе парог, а калі і пераступіць, дык толькі ў якасці пацыента. Тады Равункоў папрасіў мяне арганізаваць інтэрв’ю з псіхіятрам. Мой знаёмы доктар Круглянскі пагадзіўся паразважаць пра мастакоў, хваробы і нармальныя паводзіны.

У народзе існуе памылковая думка, што ўсе псіхіятрычныя лячэбніцы пера­поўнены паэтамі ды мастакамі. Насамрэч там працэнт мастакоў і літаратараў роўна такі ж, як і на волі. Рабочых і сялян у псіхіятрычных бальніцах значна больш, чым інтэлігентаў. Проста да знакамітых і выбітных асоб мы праяўляем большую цікавасць. Каго зацікавіць ціхі вар’ят з прыбіральшчыкаў смецця? Хіба што сваякоў. Калі ж ад п’янства вар’яцее вядомы пісьменнік, накшталт Уладзіміра Караткевіча, такое хвалюе многіх.

Таму я і спытаў у Круглянскага, у каго з сучасных зорак мастацкага кіно ён бачыць сур’ёзныя адхіленні ад нормы. Доктар назваў Віктара Цоя. На думку Круглянскага, у рокера назіралася шмат адхіленняў ад нормы тагачасных паводзін. Трэба сказаць, што ў тыя часы нават самая просценькая шэра-блакітная татуіроўка лічылася прыкметай вар’яцтва. Спрачацца з паважаным доктарам я не стаў. Хто гэта будзе спрачацца з псіхіятрам у ягонай псіхіятрычнай бальніцы? Вар’ят, не інакш, і нават вар’ят не стане.

Вядома, сам я лічыў Віктара Цоя цалкам нармальным і здаровым чалавекам. Праўда, калі я пачуў навіну пра аўтааварыю, у якой Цой загінуў, дык адразу згадаў дыягназ Круглянскага. Але ўсё адно я перакананы, што ён быў памылковым.

 

Філармонія

Пасля стадыённых канцэртаў рокеру Юрыю Шаўчуку раптам зладзілі выступ­ленне ў мінскай філармоніі. Канцэрт праходзіў вяла. Публіка, што любіла гучны і агністы рок-н-рол, пачувалася няўтульна ў сценах акадэмічнай філармоніі. Гук быў кепскі. Але найгоршым на тым канцэрце сталі разглагольстваванні Шаўчука пра жыццё-быццё. Ён адразу сказаў, што як музыка не дацягвае да выступлення на філарманічнай сцэне, і гэта было горкай праўдай. Але такое самапрыніжэнне крыху ратавала сітуацыю. Калі чалавек сам сябе крытыкуе, сам сябе падае значна меншым, чым ёсць на самай справе, гэта выклікае нават замілаванне. Так і хочац­ца сказаць: «Ну што ты, Юра… Мы цябе і такога недасканалага любім, цэнім і паважаем… Хопіць прыніжацца!»

Так і было, ажно пакуль з залы не кінулі на сцэну запіску з пытаннем: «Як вы ставіцеся да смерці Віктара Цоя?» Шаўчук прачытаў пытанне ў мікрафон, вытрымаў жалобную паўзу і выдаў: «Не пашанцавала Віцю…» Зала цяжка ўздыхнула. Так цяжка ўздыхаюць толькі побач з нябожчыкам. Гэта быў правал Шаўчука. Не было ў тым халодным «не пашанцавала» болю, не было жалю, не было праўды. Фамільярнае «Віця» замест «Віктар» канчаткова сапсавала настрой публікі.

Шаўчук спяваў далей. Жартаваў. Выходзіў граць на біс. Здавалася, што ён зараз спыніцца і ўшануе памяць Цоя хвілінай цішыні. Не спыніўся, не змоўк, не ўшанаваў… Не стану казаць за астатніх, але на тым канцэрце я ўбачыў, пачуў і адчуў, наколькі вышэй постаць Цоя стаіць за ўсю астатнюю стракатую тусоўку рускіх рокераў.

 

Вайна

У дзяржавы могуць быць такія пазначэнні часу, як «да вайны» і «пасля вайны». У імпе­рыі такіх пазначэнняў не існуе, калі ж такія пазначэнні і ўжываюцца, дык яны выкарыстоўваюцца памылкова. У лепшым варыянце – з-за недасведчанасці, а ў горшым – каб падмануць. Імперыя заўсёды знахо­дзіцца ў стане вайны. Таму любімыя паэты імперый – найперш паэты вайны і крыві.

Віктар Цой пачынаў як паэт-анархіст:

 

Мае сябры заўсёды класна маршыруюць.

Прыпынкі ў іх адно каля піўных ларкоў.

 

Пазней Цой ператварыўся ў кананічнага імперскага паэта з сонечным пафасам і зорным шляхам:

 

Зямля. Неба.

А між Зямлёй і Небам – Вайна!

І дзе б ты ні жыў-быў,

Што б ты ні думаў –

Паміж Зямлёй і Небам – Вайна!

 

Кроў і вайна былі асноўнымі тэмамі апошняга героя з савецкіх рок-н-рольных часоў.

Віктар Цой такім і застаецца – любімым рок-паэтам з разбуранай і зніклай імперыі, паэтам, які патрабуе перамен.

 

Аварыя

Цой разбіўся на машыне. Той, хто трапляў у аўтакатастрофу, можа сабе ўявіць, як пачыналася гэтае трагічнае здарэнне…

Сам я быў у аўтааварыі. Машыну вынесла на сустрэчную паласу. Бо на асфаль­це ляжаў роўны і празрысты, як шкло, лёд. Дарога выглядала чорнай, роўнай і сухой. Нашу машыну панесла проста на іншую машыну, якая ехала насустрач. Здавалася, што лабавога ўдара не пазбегнуць. Час замарудзіўся. Небяспека запаволіла час так, што я добра памятаю кожны свой рух у той момант. Я ўвесь згрупаваўся і сціснуўся. Абхапіў рукамі ногі ніжэй кален. Паклаў лоб на калені. Пачуў страшэнны ўдар чужога аўтамабіля ў наш багажнік. Наша машына зляцела з дарогі і перакулілася ў паветры. Шкло растрэскалася і пасыпалася градам. Наша машына стала на колы. Нам пашанцавала…

Віктар Цой, напэўна, таксама адчуў, як замаруджваецца час. Ён таксама згрупаваўся, сцяўся, каб прыняць удар. Шкло трэскалася. Метал гнуўся і карабаціўся. Кажуць, што перад смерцю чалавек паспявае пабачыць сваё жыццё ў скарочаным пераказе. Веру. У аўтааварыі неверагодна доўгі час. Машына з Віктарам Цоем разбілася, ён загінуў. Удар быў такі моцны, што страсянуў усю савецкую імперыю, страсянуў ад падмуркаў да шпіляў.

Пачуўшы пра смерць Віктара Цоя, я вырашыў, што зраблю газету пра рускага рокера. Чаму газету? Чаму не кнігу, не фільм, не канцэрт памяці? Усё проста… Я рабіў музычную газету «Ласкавы май», кожны нумар якой выходзіў накладам у трынаццаць мільёнаў асобнікаў. Зрабіць нумар газеты, прысвечаны Цою, было проста і натуральна.

Газету «Віктар Цой» я зрабіў, і яна выйшла. Для аднаго з матэрыялаў гэтай газеты я нават прыдумаў новы літаратурны жанр – рок-некралог. Сам прыдумаў і сам напісаў яго, прысвяціўшы Цою.

 

Падземныя пераходы

У мінскіх падземных пераходах больш як трыццаць гадоў выконваюцца песні Цоя. Аматары падземных спеваў маюць даволі разнастайны рэпертуар. Ад іх можна пачуць песні Джона Ленана і Лявона Вольскага, Уладзіміра Высоцкага і Андрэя Макарэвіча… Гучыць там і музыка з кінафільмаў ды тэлесерыялаў. Ёсць і народныя беларускія песні, і мелодыі «Песняроў». Нешта з’яўляецца новае ў нашым падземным музычным жыцці, нешта сціхае і забываецца. Словы ж Цоя паўтараюцца ўвесь час. Іх спяваюць, бо за іх плоцяць. За іх плоцяць, бо іх любяць.

 


Апублікавана

у