Уверцюра прадвесня
БАЛГАРСКАЕ ЛЕТА
Чыё імя над берагам па літарах
Дарыў птах неспакойнай вышыні,
а мора гулам безупынна клікала
з якіх дарог, з якой далечыні,
чый голас, кім у гэты дзень пачуты,
чыю хаду, ацэньваюць якой
секунды і мінуты
ўсё золата вякоў
усіх мацерыкоў?
* * *
Адрасы з вясны ляцяць у лета –
матылі іх пішуць за вакном
на кляновых новенькіх канвертах,
барвянець якім асеннім днём.
Ад былой любві – святой ці грэшнай –
іскры ўваскрасаюць у вачах,
быццам не ачахлі галавешкі
на пагаслых над зарой кастрах.
І чытаеш: вуліцам зялёным,
гарадам якім ты блізкі зноў?
Подыхам успыхвае знаёмым,
гарадам якім ты блізкі зноў?
Подыхам успыхвае знаёмым
на губах гарачы свет кастроў.
КАРАГОД СТАНЦЫЙ
У далеч якую хаваюць гады
той квецені шчодрай дыханне,
што брала
ў палон і пасёлкі, і гарады,
не абмінала бяссонніц вакзалаў?
А свет не нямы, не сляпы і ў імгле,
і сеюцца службы дыспетчарскай словы
на прывакзальны перон, дзе хмялеў
залётны лісток і пад сонцам, і громам.
Варожаць аб чым і туман, і агні
прастораў зямных і нябесных?
Праз ночы імчаць цягнікі і праз дні
на гук веснавы з пасівелаю песняй.
* * *
На гальфстрымы дыхання твайго
зоры моляцца ці не моляцца
сцюжнай ноччу над цішай снягоў,
над акном з неспакоем-бяссонніцай?
Зор далёкіх чакаць адказ –
як ляцець на Юпітэр ці Марс:
пасівееш апошнім воласам,
не рэнтгенам прасвечаны – космасам…
І Ў СЦЮДЗЁНЫМ СВЕЦЕ
Праз імглу, віхуры завірухі
клічуць на дарогах – ноч ці дзень –
рукі, без якіх нямеюць гукі,
вочы, без якіх святлее цень.
Купалы калумбамі стагоддзяў
і званы – сыны зямных надзей –
моляцца:
– На снезе і на лёдзе,
як раней, душа, не халадзей.
* * *
Сёння студзіць рэчку не слуга –
раніцы марознай яркі позірк.
Дзе той бакен (зваўся ён “куга”),
што ківаў і плёсам, і нябёсам?
Лёдам успамін ці закране
заўтра снегавая з ветрам сцюжа,
ці ў завею, нібы па вясне,
зноў анёлы над зямлёй закружаць?
ВУГАЛЁК
Вугалёк жывы схаваўся ў прысак.
Вугалёк жывы падварушу –
і рассыпле ён агніста іскры
на маю душу.
Вугалёк – ты сябра мой вячэрні –
не шкадуй, гусцей, жарчэй сыпні
і гукання, і маўчання зерне
ў роднай цішыні.
Асвяці і тое, што пагасла,
знікла ў далячынях лет і зім,
дзе хадзіў гасціць да зораў ясных
неазяблы дым…
* * *
Тваёй рукі кранаюся, нібыта
кранаюся малітвы вечароў,
дзе пацалункі зорнымі арбітамі
блукаюць над сцяжынамі гадоў.
У гэты час марозны, час зімовы
тваёй рукі кранаюся, каб зноў
бярозы пра любоў шапталі долу,
укрытаму прызнаннямі снягоў.
Тваю далонь пад небам прамяністым
дыханнем саграю, як птушаня.
І дзён далёкіх флейты голас чысты
ляціць сініцай у абдымкі дня.
ПОМНЮ
Словы цёплыя і позіркі за мною
зноў ідуць з бязмежжа сцюжных зім –
там яшчэ без горычы і дым,
не падвешаны журбой зямною.
Там з вакзальнай мітуснёй і з неспакоем
голас ціхі парадніўся твой,
а сцяжынкі кружаць грайным роем,
ружаю марознай – вышынёй.
Хочуць што данесці ў свеце раннім
да тваіх разбуджаных вакон,
за якімі – залатыя грані
на бярозах сонечных ікон?
* * *
Ледзьве ліст страпянецца сцямнелы,
толькі зорка ледзь чутна міргне –
неспакоем асветляцца цені
ад святла ў непагаслым акне.
Ноч, як бежанка, ходзіць ля вокан,
зазіраючы ў кожнае з іх
запытальна-дапытлівым вокам,
і трывожна напружвае слых.
І ля трасы бетоннай, ля сцежкі
да світання шукае каго
беспрытульніца ціхая, пешкі
ідучы на далёкі агонь?
і пра што між ствалоў стромкіх сосен
і прымоўклых дамоў гарадскіх
ападзе павуцінкай у восень
ці пачуты хоць некім уздых?
ВЯСЕЛЬНЫЯ СУБОТЫ
У суквецці стужак россып яркі
шарыкаў чырвоных і блакітных –
маладою радасцю без хмаркі
далячыні чысцінёй абмыты.
Майскі свет – адкрыты і прыгожы.
Ды ляціць, як роздум нечаканы,
на дарогу на вачах прахожых
жоўты шарык, хуткасцю сарваны.
* * *
Што глыбей глыбокага калодзежа?
Возера падземнага вада.
Што глыбей вады з такога возера?
Дол каменны, цвёрдая руда.
Што глыбей, чым дол той зацвярдзелы?
Дол наступны, а за ім – яшчэ,
як ляднік, калісьці анямелы
дол, што сіверам вякоў пячэ.
Што ж глыбей за той ляднік глыбокі –
сховішча неадшуканых руд?
Чалавека погляд адзінокі
між мільёнаў воч.
Мільёнаў рук.
ЧЭШСКІ ВЕЧАР
Вечнасць моўчкі вечар абдымала.
Космас кос тваіх і космас сэрца
ў горадзе на ўскраіне квартала
вартавала сцішанае вецце.
Што ў тваім разгадвала паглядзе
вышыня – ці скажуць ліпы букам
хоць адным лістком, што промень гладзіў,
хоць адзіным перагрэтым гукам?
Русакосае не адцвітае лета.
Цёплы вечар Чэшскіх Будзеёвіц
і зіму, замоленую ветрам,
маладым тваім дыханнем ловіць.
* * *
Усміхаецца белаю плотачкай раніца,
вынырае ў тумане на плыні вады,
як і ў тыя гады,
дзе яшчэ пра журбу не пытаецца
бераг твой малады.
Вынырае з бліскучай лускою з вады
прывітаннямі даўняе лета,
што лавіла ў свае невады
зор і сонца сакрэты.
Пра чые тут сляды
губы рыбы, як з чыстай слюды,
выдыхаюць склады плёсаў памяці?
Варажу з паплаўком на маршчынах вады.
Усміхаецца белаю плотачкай раніца.
…А твой воблік вадой не змываецца.
РАНІШНІ РАМАНС
Мелодыі над квеценню каштанаў –
знаёмыя, іх ведаеш даўно.
Пытанні – прэч, калі сягоння рана
тваё здалёк паклікала акно.
Такі святлісты, без хмурынак, ранак –
і пчолам кветкі, нібы губы, піць.
Сплывай, сыходзь за моры, акіяны
сум учарашніх рэчак і крыніц.
Снам-туманам ныраць на дно на самае
віроў раскручаных, давераных вясне.
І не адною квеценню каштанавай
захмелена і неба ў сівізне…
Да берагоў, што зберагаць умелі
сакрэты плёсаў і віроў рачных,
лілея подых запытальна-белы
на выдых шле, на ўздых грудзей чыіх?
Дыпціх твайго вобліку
1
Як малітва за ўсё і за ўсіх –
воблік твой, раннім небам атулены,
міражом з варажбою зязюлінай,
з мітуснёй матылёў лугавых.
Глыбіню вымяраць не метрамі.
у якой ты маўчыш ноччу й днём.
Да цябе дакрануцца б – хоць ветрамі,
Хоць дажджынай адной.
Спагадае чаборам і верасам
бор, дзе ў спёку не родзяць грыбы,
без падказкі чыёй:
– Не вернецца,
што аднойчы на свеце згубіў?
2
Сонца з кожнай мурашкай вітаецца,
сваякуецца з хмарамі і воблакам.
Углядаюся ў далечы.
Раніца
Зноў параніцца тваім воблікам…
Вечар пасее агні –
вецер шукае мелодыі
ў свеце. дзе дрэў карані
жывяцца вечнымі водамі.
Знічкі над кожнай вярстой
сыплюць святло мімалётнае.
Неба – не рамай пустой –
поўніцца зорнымі сотамі.
Верасень верыць усім
позіркам, шэптам з прызнаннямі.
Бераг пад лісцем асін
дыхае даўнімі тайнамі…
ГЭТЫ ДЗЕНЬ
Вечнасць – не ламбард, з якога можна
выкупіць мінулых дзён абсяг.
А наступным будзе дням жылплошча
з небам, як калісьці, на пасаг.
Гэты ж дзень ідзе за далячыні
зашыфроўваць захад для каго
і чырвоным колерам, і сінім –
для якіх анёлаў і багоў?
Перад тым, як плёсы і віры ўсе
замуруе маразоў уздых,
цёплы міг, зноў адгукніся з высяў
словам з вуснаў. сэрцу дарагіх.
Гэты дзень і без цябе – з табою.
Так, напэўна, і пустыні слых
ловіць акіянскі гул прыбою,
хваляванне хваляў штармавых…
* * *
Шар зямны вачамі тэлескопаў
рух высочвае начных планет.
Гнецца ў садзе жнівеньская голька:
спее яблык. Залаты ранет.
А ў траве свайго жыцця сакрэты:
для жукоў кірмаш тут і вакзал.
Векавечны космас запаветы
караням вузламі завязаў.
Зорку не сагрэеш на далоні –
Млечны Шлях не закрануць рукой.
А расінка, як дзіцё бяссоння,
чый чытае ў свеце неспакой?
ДНІ ЦІШЫНІ
Ёсць такія дні, калі маўчанне,
як аблога з чатырох бакоў глухіх,
і душа, як на пустым прычале,
хоць рачны пачуць жадае ўздых.
Слухаеш, ці далеч адгукнецца,
у якой рассыпаны вясной
квецень, што ляцела і да сэрца
праз вятры і туманоў сувой.
Ловіш: ці праб’ецца незабыты
летні гук, суніцаў саладзей,
і прамень на восеньскай вадзе
абвянчае дзень святлом абмытым.
Цеплаходам мёрзнуць у маўчанні.
Лёгкі ліст за кім ляціць у свет?
І душа, як на пустым прычале,
гучным дням шле цішыні прывет…
* * *
Серабрыцца пылок снегавы
пры святле ліхтароў і вокан.
Быў учора з табою на “вы”
пад аблокаў малітвай высокай.
Сёння вечар за такой варажбой
маладой –
у здзіўленні:
– Дзе я?
Сёння будзе сустрэча з табой
і на “ты” перайсці
ёсць надзея…
УВЕРЦЮРА ПРАДВЕСНЯ
Яшчэ без зеляніны, ледзь жаўцее
вярба, злавіўшы дух сакавіка
пасля зімы без гурбаў і завеі –
і снежку ёй не кінула рука.
Яшчэ на скразняках лісток баіцца
праклюнуцца цікаўным птушанём
і абвясціць без слоў усім сініцам:
– Я – ваш сваяк, хоць і з адным крылом.
Яшчэ вада на рэках і азёрах
не набрыняла сінню вышыні.
Яшчэ любві не адсырэлы порах.
Пульсуе кроў – жарынкі цеплыні.
* * *
Пра вёрсты распытае, пра гады,
сатканыя і з радасці, і з болю,
як і раней, ля вокнаў бэз густы…
А нам з табою ці сустрэцца болей?
Тут нават верабей умеў мастацтвам
здзівіць сваім, не просячы ўзамен
прызнанняў гучных пад галлём акацый,
калі з табой быў заручоны дзень…
АБНАЎЛЕННЕ
Надрэчны салавей світанню шле прывет.
І сціплы ціўкат верабей зноў дорыць.
Рахманы гром Рахманінавым свет
вітае без эстрадных дутых зорак.
І пра жыццё імкне травіны сказ,
што акрыяла. Так было заўсёды.
Што закране і абміне тут нас?
Мелодыяй нябёсаў – прызнанні-пералёты.
* * *
А без твайго дыхання
так холадна-сцюдзёна
не толькі ў час завей і маразоў –
і ў дзень, калі на гольцы
першынец зялёны
свет спасцігае з веснавых азоў…
НАЧНАЯ МАЗАІКА
1
Дождж тасаваў да раніцы ўсю азбуку,
агучваў літары на шкле акна.
Тваё імя не лобзікамі – лазерам
вырэзвалі маланкі да самага відна.
2
Лісток цалуецца з дажджынкамі. Шчаслівы.
“Ю” ў слове паўтараецца “люблю”.
Далёка ў моры змораныя крылы
абвесцяць пра світанне караблю…