Генадзь Бураўкін (№113)

Служыў праўдзе
Пра адно літаратурнае сяброўства

«З перакананнем, што пачуцці сяброўства даўжэйшыя за жыццё»

Генадзь Бураўкін не пакінуў успамінаў, хоць Васіль Быкаў і Рыгор Барадулін (дый каб толькі яны) настойвалі на гэтым. Спачатку Генадзь Мікалаевіч пазбягаў пісьмовага стала, бо меркаваў, што яшчэ зарана брацца за працу, гаварыў: «Калі Васіль Быкаў напісаў успаміны, я зразумеў, што ён пастарэў. У мяне ж такога адчування пакуль што няма». Аднак пралятаў за годам год, і аднойчы Бураўкін у часе нашай з ім гутаркі нечакана прызнаўся, што адчуў, што й для яго надышоў такі час. Нават назва ўжо была ў будучай кнігі – «Вузлы памяці».

Зрэшты, задума засталася толькі задумай, бо Генадзь Мікалаевіч паставіўся да пытання з містычнай фатальнасцю ці, лепш ска­заць, асуджанасцю: казаў, што пасля таго, як мемуары напісалі яго блізкія сябры Васіль Быкаў і Валянцін Болтач, яны хутка, надта хутка пайшлі з гэтага свету. У гэтым Бураўкін бачыў безумоўную прадвызначанасць нябёсаў, і гэта пэўна палохала яго сваёй няўмоль­най наканаванасцю. Таму, імкнучыся перахітрыць лёс і нябёсы, ён адкладваў працу да апошняга, калі й адкладваць не было ўжо куды…

Гэткім чынам успамінаў пад назвай «Вузлы памяці» ў бібліяграфіі Бураўкіна няма – ёсць толькі асобныя тэксты, якія былі ці напісаны Генадзем Мікалаевічам ці прамоўлены ім у розныя часы. У тым ліку пра Васіля Быкава, з якім яго звязвала даўняе сяброўства, якое ніколі не перапынялася і нічым не азмрочвалася. І хоць розніца ва ўзросце была немалая – 12 гадоў, усё адно справядліва будзе сказаць не толькі пра ўзаемнасць, але і пра роднаснасць і сугучнасць дзвюх гэтых душ. «Вельмі хочацца, аднак, каб ты быў тут. Каб хоць пагаварыць. Бо без цябе зусім разбрылося-рассыпалася наша брацтва. Хаця наўрад ці яго цяпер можна ўжо склеіць…» – пісаў Васіль Уладзіміравіч у лістах да сябра. І іншым разам прасіў: «Пішы, дружа, заўжды – радасьць тваё пісьмо. Нават сумнае». І называў яго ў часе юбілейнага вечара (Бураўкіну споўнілася яшчэ толькі 50) чалавекам «вельмі шырокага душэўнага дыяпазону» і адным «з самых выдатных паэтаў Беларусі і нашага славянскага свету», «з чуйнасцю надзвычайнай», вершы якога «ўвабралі ў сябе шмат пяшчоты, кахання, усяго самага тонкага і інтымнага ў чалавечых перажываннях».

А праз дзесяцігоддзе ў «Сціплым слове вітання» Быкаў сярод найбольш важных чалавечых якасцяў сябра называў «абвостранае пачуццё таварыскасці, прыязнасці» і «сяброўскую цеплыню ягонай душы, якою ён надзелены шчодра і якую рэалізуе ў жыцці поўнаю мерай». «Менавіта ў памянёных якасцях Генадзя аўтар гэтых радкоў пераканаўся даўно, – распавядаў Васіль Быкаў следам, – можа, на самым пачатку нашага з ім знаёмства і пасля – на працягу немалых гадоў няпростых і нялёгкіх, але заўжды самых таварыскіх, самых цёплых адносін».

Размова ішла пра даўнюю гісторыю, калі маладыя паэты Генадзь Бураўкін і Анатоль Вярцінскі паўсталі на абарону аўтара «крамольнай» аповесці «Мёртвым не баліць». «Некаторыя з сяброў і равеснікаў перасталі вітацца, іншыя пачалі выступаць супроць – у друку і асабліва ў прысутнасці начальства, – згадваў Быкаў. – І толькі нямногія, азіраючыся, калі побач не было старонніх, палахліва паціскалі руку і вымаўлялі словы спачування. Генадзь жа не казаў нічога. Абураны беспадстаўнымі нападкамі на аўтара крамольнай аповесці, ён разам са сваім сябрам Анатолем Вярцінскім напісаў ліст у ЦК і паехаў па кватэрах пісьменнікаў збіраць подпісы. Па тым часе тое было няпроста: добраахвотныя заступнікі справядлівасці наслухаліся рознага – ад глыбакадумных абгрунтаванняў немагчымасці заступіцца да пагрозаў наступствамі. Рызыкавалі яны таксама ўласнай партыйнай рэпутацыяй і, безумоўна, – кар’ерай, па сутнасці, на самым яе пачатку: абодва тады былі зусім маладыя. <…>

Але справа не ў выніках заступніцтва, якое практычна ці мела сэнс, – для пакрыўджанага болей важна было звычайнае пачуццё спачування, чалавечай спагады, якія грэюць болей, чым міласэрны прысуд начальства, якога тады якраз і не дачакаліся. І для мяне, і для маіх заступнікаў, якіх у Саюзе пісьменнікаў набралася аж за 60 асобаў, то быў учынак сумлення, хрысціянскай міласэрнасці. Ён не даў памерці надзеі і пабудзіў светлую спадзяванку, без якой чалавек – не чалавек. Тым болей не творца і наўрад ці грамадзянін».

Гэтае «сціплае слова вітання» завяршалася па-быкаўску аголенай эмоцыяй: «Але нічога, мілы Генадзь Мікалаевіч, не трэба смутку нават на рубяжы сталасці-старасці. Зробленае застанецца. Ацэненае, недаацэненае, зусім не ацэненае. На такім рубяжы лёс непадуладны суду людскому, тым болей начальніцкаму. Тут ужо судзіць Бог. А Ён, можа, адзіны ў свеце судзіць па справядлівасці і не робіць памылак. Будзем жа спадзявацца на Яго Боскую ласку, дарагі мой дружа Генадзь…»

Помню, як Генадзь Мікалаевіч гаварыў потым, наколькі каштоўным было для яго слова старэйшага сябра – даражэй за многія іншыя пахвалы і ўзнагароды…

Зрэшты, пра стаўленне Васіля Быкава кажуць не толькі гэтыя выступленні, але і дарчыя аўтографы на кнігах, што пасёння знаходзяцца на сваіх пачэсных месцах у бураўкінскай бібліятэцы: «Гена, разам з абдымкамі і братнім пацалункам… І болей – без слоў. Твой Васіль. 3.ІІІ.79 г.»; «Дарагі Генадзь, прымі гэты шматпакутны дар ад удзячнага аўтара – за дружбу, вернасць і так – назаўжды. В. Быкаў. 11.VІ.84»; «Дарагому Генадзю, які заўжды дарагі. Са шчырасцю, В. Быкаў»; «Дарагому Генадзю – з перакананнем, што пачуцці сяброўства даўжэйшыя за жыццё. Васіль Б. Лістапад 89». Нарэшце, апошні, развітальны надпіс: «Міламу Генадзю, даўняму і нязьменнаму сябру майму, з сардэчнай ласкай. Васіль. 28.V.03»1.

У сваю чаргу пра адносіны Генадзя Бураўкіна да Васіля Быкава лепш распавя­дзе, бясспрэчна, яго ўласны аповед. Таму каб не паўтарацца, узгадаю толькі тое, што засталося па-за гэтым маналогам – гэта, вядома, найперш бураўкінскія артыкулы пра сябра: «Суровая правда войны» (Советская культура, 1974, 16 ліп.), «Крупным планом: герои военных повестей В. Быкова на телеэкране» (Правда,1976,5кастр.), «По долгу и праву солдата: несколько мыслей вслух о судьбе и книгах друга» (Неман, 1980, №1), «Салдат праўды: Васілю Быкаву – 60» (Беларусь, 1984, №6), «Гонар і сумленне» (Звязда, 1994, 18 чэрв.), «Вялікі» (Народная воля, 2003, 19 чэрв.), «Дарогамі памяці» (пра «Доўгую дарогу дадому» В. Быкава; датуецца 12.V.2003 г.; месца публікацыі не выяўлена), «Жывы Быкаў» (прадмова да альбома фотамайстра Яўгена Коктыша, 2008). Гэта і дарчыя аўтографы на кнігах – вось толькі некалькі прыкладаў: «Дарагому Васілю Быкаву – з любоўю і вернасцю даўняй і нязменнай. Генадзь. 11.VII.1978 г.»; «Васілю Быкаву, якога даўно і глыбока люблю, дружбай з якім даражу і ганаруся, – шчыра. Генадзь. 4.II.1996 г.»; «Дарагому Васілю Быкаву –
з вернасцю, верай і любоўю. Генадзь Бураўкін. 20.XI.2000 г.»2.

Да таго ж менавіта Генадзь Мікалаевіч узяўся адразу пасля смерці сябра за архі­складаную працу, якая магла аказацца непад’ёмнай для любога іншага, але толькі не для яго, – сабраў кнігу ўспамінаў, якую так і назваў – «Наш Быкаў». І хоць некаторыя калегі ўпікалі, што зарана падступацца да падобнай працы – маўляў, і помнікі на магілах ставяць праз год, але час паказаў абсалютную слушнасць Бураўкіна, які за паўгода падрыхтаваў адну з найцікавейшых мемуарных кніг у беларускай літаратуры. «Год як няма з намі Васіля Быкава, – пісаў ён у прадмове да зборніка. – Яшчэ выхо­дзяць часопісы з падрыхтаванымі ім да друку творамі. Яшчэ ўсё шлюць яму з далёкіх краёў лісты расчуленыя чытачы. Яшчэ ў пісьменніцкіх даведніках не паспелі пасля ягонага прозвішча закрыць чорную дужку з датаю смерці. Але ўжо не ўсміхнуцца болей пры сустрэчы яго добрыя, мудрыя вочы, не ўскіне ён прывычна на развітанне правую руку, а ў тэлефоннай трубцы не прагучыць ягоны стомлены глухаваты голас: “Ну і добранька… Ну і памагай Божа…”

Паэт сказаў некалі, што вялікае бачыцца з адлегласці. Напэўна, гэта сапраўды так. Але ці заўсёды варта доўгімі гадамі чакаць празорлівай дыстанцыі, калі ўжо сёння відавочна, якой волатаўскай постаццю ўзвышаецца ў гісторыі наш любімы і непахісны Васіль Уладзіміравіч, як трагічна не хапае яго ў нашы трывожныя, акаянныя дні?»

І былі, вядома, паэтычныя ахвяраванні сябру3, у тым ліку адзін з самых пранізлівых развітальных вершаў Генадзя Бураўкіна:

 

ДАРУЙ!

На смерць Васіля Быкава

Даруй, Васіль,

За ўсё,

Што перанёс:

За ворагам нанесеныя раны,

За брудныя пляўкі з тэлеакрана,

За слёзы ўшацкіх ссечаных бяроз.

 

Даруй!

Што ўсе свае зямныя дні

Ты азіраўся з горыччу міжволі

На памяці закінутае поле

І спадзяванняў спаленыя пні.

 

Даруй!

За наш нялітасцівы час,

За ціхае кананне роднай мовы,

За ўдзячнасці запозненыя словы

І ласкі зэканомлены запас…

 

Тужлівымі пакутлівымі снамі

Ты будзеш вечна мроіцца сынам.

Я ведаю –

Ты ўсё даруеш нам…

Але ці зможам дараваць мы самі?..

Нарэшце, вось гэты аповед. Гэта не эсэ і не ўспаміны ў традыцыйным сэнсе – гэта вусны маналог пра адно літаратурнае і чалавечае сяброўства, які складзены з нашых з Генадзем Бураўкіным гутарак, што запісваліся ў 2003-2005 гадах і цяпер у такім выглядзе друкуюцца ўпершыню. Бясспрэчна, калі б быў жывы Генадзь Мікалаевіч, ён напісаў бы пра гэтае сяброўства крыху іначай – з пяшчотай і з той непаўторнай даверлівай інтанацыяй, якая была гэтак уласціва аднаму яму. Аднак не лёс, бо не толькі гісторыя – літаратура таксама не прымае ўмоўнага складу.

Сяргей Шапран

 

Мне цяжка дакладна сказаць, калі мы пазнаёміліся з Васілём Быкавым – відаць, недзе ў сярэдзіне 1950-х. Тады пад Мінскам, у Доме творчасці ў Каралішчавічах праходзіла нарада маладых літаратараў, удзел у якой прымаў і Быкаў. Хоць тое першае знаёмства нельга назваць сапраўдным знаёмствам – проста мільгануў хлопец з Гародні, які пісаў сатырычна-гумарыстычная апавяданні. Дарэчы, на той нарадзе мы пазнаёміліся і з Уладзімірам Караткевічам, які толькі-толькі прыехаў з Украіны. Але ж у нас была свая ўніверсітэцкая кампанія: Рыгор Барадулін, Васіль Зуёнак, Юрась Свірка, і ўсе мы былі паэтамі, а Быкаў – празаік. Таму памятаю, што ён быў, але самаго знаёмства не згадаю. Нават літаратурнага – не прыпомню, каб мне ў душу запалі яго апавяданні таго часу. Прычына гэтага, можа быць, яшчэ й у тым, што Васіль быў старэйшы за нас, а Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Валодзя Паўлаў, Юрась Свірка, Янка Сіпакоў і нават Валодзя Караткевіч – усе мы былі маладзейшыя. Мы былі дзеці вайны, Быкаў быў яе салдатам.

Потым ужо, бясспрэчна, я звярнуў увагу на яго творы, якія друкаваліся ў «Маладосці», бо гэта было ярка і цікава. Асабліва ўразіў «Жураўліны крык» – светлая і маладая і разам з тым шчымлівая і праўдзівая аповесць. Яна адразу легла на душу. Менавіта тады ў самых дарагіх кутках сэрца засталося імя аўтара – Васіль Быкаў…

Я даволі часта бываў у Гародні, дзе ён тады жыў. Але нас падружыла, канечне, не толькі зямляцкая роднасць (мы блізкія землякі, абодва з Полаччыны: я – з Расонскага раёна, ён – з Ушацкага) – з цягам часу мы сталі блізкія і душою, і прынцыпамі, і адносінамі да літаратуры. Мабыць, тое атрымалася яшчэ й таму, што мы паспелі сваімі маладымі душамі ўспрыняць той глыток свабоды, з’яўленню якой паспрыяла грамадская атмасфера пасля ХХ з’езда, калі быў развянчаны культ асобы Сталіна. Апроч таго, нас збліжала тое, што мы разам пачыналі сябраваць з Віктарам Астаф’евым і Андрэем Вазнясенскім, што нашымі агульнымі сябрамі былі Мустай Карым, Алесь Ганчар і Іван Драч… Аднак па-сапраўднаму сяброўства звязала нас у сувязі з той жорсткай крытыкай, якая абрынулась на Васіля ў 1966 годзе ва ўсесаюзнай прэсе і ў нас, у Беларусі.

Быкава абвінавачвалі ў тым, што, паказваючы трагічны бок вайны, ён нібыта тым самым прыніжае гераізм савецкіх людзей. Справа ў тым, што ў той час панавала такое паняцце, як «акопная праўда» – гэта быццам бы не ўся праўда пра вайну, а маўляў, сапраўдная праўда – недзе там, у генеральных штабах! Падобныя пісьмы звычайна пісалі баявыя генералы, якія лічылі, што Быкаў недаацэньвае іх подзвіг. Нібыта Быкаў, які паказваў подзвіг радавых, мог пакрыўдзіць генералаў! Але пра штабістаў пісалі іншыя – напрыклад, Канстанцін Сіманаў, які, дарэчы, вельмі высока ацэньваў творчасць Васіля…

І вось пасля аднаго надзвычай несправядлівага, грубага і рэзкага артыкула, надрукаванага ў «Советской Белоруссии», мы, маладыя – Толя Вярцінскі, я і Іван Чыгрынаў, – вырашылі напісаць пісьмо ў абарону Быкава і звярнуцца з ім у вышэйшую інстанцыю, якая тады была ў Беларусі, – у Цэнтральны Камітэт партыі. Пісьмо з пратэстам супраць такіх ацэнак і супраць праработачнай, як тады гаварылі, крытыкі творчасці Васіля Быкава. Мы пісалі, што, канечне, да кожнага пісьменніка (у тым ліку й да Быкава) можна ставіцца па-рознаму, права крытыкаваць ёсць у кожнага, але якая гэта крытыка?..

Той факт, што пісьмо падпісалі нашы аднагодкі, людзі аднаго з Быкавым літаратурнага пакалення, быў зразумелым: усе мы былі дзецьмі ХХ з’езда. Але мне тады было вельмі важна – я й сёння гэтым вельмі даражу, – што нас у тым нашым парыве барацьбітоў за справядлівасць падтрымалі людзі, на якіх сам я заўсёды глядзеў з душэўным трапятаннем, бо мы вывучалі іх творчасць у школе. Нас падтрымалі выдатныя людзі літаратуры, у якую мы толькі-толькі ўваходзілі: Міхась Лынькоў, Іван Мележ, Аркадзь Куляшоў, Янка Брыль. Прычым для нашых класікаў гэта быў сапраўды грамадзянскі і мужны ўчынак. Іх падтрымка толькі надала нам сіл.

Але зразумела было, як пісьмо будзе ўспрынята ў ЦК, – ах, яны пратэстуюць! Пратэстуюць супраць органа ЦК КПБ газеты «Советская Белоруссия»!.. Тады ж было два бясспрэчныя афіцыёзы – «Советская Белоруссия» і «Звязда». Іх ацэнкі, у тым ліку літаратурных твораў, лічыліся ацэнкамі партыі і кіраўніцтва рэспублікі. А тут мы наважыліся рэзка не пагадзіцца з тым, што было напісана ў пагромным артыкуле не дзе-небудзь, а ў самой «Советской Белоруссии»! Гэта быў акт у нечым больш грамадзянскі, чым літаратурны, сяброўскі.

Пра гэты ліст хоць і не шырока, аднак ведалі і ў Саюзе пісьменнікаў, і ў Цэнтральным Камітэце. Пра яго стала вядома й ў Маскве… Што ж датычыцца Васіля, то пасля я, канечне, расказаў яму гэтую гісторыю – як мы збіралі подпісы, якая ў нас была канспірацыя, як перадавалі пісьмо з адных рук у другія, каб на яго след нельга было натрапіць… З часам да нас далучыліся іншыя пісьменнікі, у прыватнасці, Ніл Гілевіч, – гэта ўжо калі мы пайшлі да нашых класікаў, з якімі Ніл быў больш знаёмы, чым мы. Затым – Алесь Адамовіч. Але мы разумелі, што паколькі да нас прыходзяць усё новыя і новыя людзі – мы самі да іх звярталіся і прасілі паставіць подпісы, – доўга захоўваць сакрэт не ўдасца. Відаць, можна было б і болей сабраць подпісаў, але мы адчувалі, што пісьмо трэба хуценька, як кажуць, класці на стол, іначай хто ведае, чым усё можа скончыцца.

Мы чулі пра магчымасці адпаведных органаў і ведалі сілу ідэалагічнага апарату. Таму калі вырашылі закончыць збор подпісаў, распрацавалі з Анатолем Вярцінскім цэлы план, як здаць пісьмо ў ЦК. Тым больш што мяне паклікаў на гутарку сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі Станіслаў Пілатовіч. Мы здагадваліся, што гэта будзе за гутарка, і склалі план: я еду да Пілатовіча і зацягваю размову як мага даўжэй, а Толя ў гэты час вязе пісьмо ў ЦК. Справа ў тым, што мы з Вярцінскім былі камуністамі і мелі права заходзіць у будынак ЦК КПБ без папярэдне заказанага пропуска. Прычым, што было важна, Анатоль павінен быў здаць пісьмо ў канцылярыю і, зарэгістраваўшы яго, атрымаць адпаведны рэгістрацыйны нумар, каб пасля нам не казалі, што след пісьма згубіўся. Такая вось была задума. І яна спрацавала. Калі я сядзеў у Пілатовіча, у яго было адно патрабаванне: «Дзе пісьмо? Дайце мне пісьмо!» Я адказваў, што не ведаю, дзе яно. І вось падчас гэтай дзіўнаватай – калі б хто збоку паглядзеў – гутаркі Пілатовічу пазванілі. З кароткіх злосных рэплік сакратара ЦК я зразумеў, што Вярцінскі пісьмо здаў. Гаварыць пасля гэтага са мной патрэбы ў Пілатовіча не было, і ён мяне адпусціў.

Менавіта гэтая гісторыя й зблізіла нас з Васілём. Адбылося гэта, відаць, па двух прычынах. Па-першае, ясна было, што мы знаходзіліся на адных пазіцыях – пазіцыях, калі гаварыць гучнымі словамі, служэння праўдзе. А па-другое, гэтая гісторыя, вядома, не магла не крануць душу Васіля – ён жа ведаў, што мы рызыкавалі, асабліва я і Толя Вярцінскі: мы працавалі хай на невялікіх, але ж пасадах у газеце «Літаратура і мастацтва», і рызыкавалі не толькі кар’ерай, але і вялікімі непрыемнасцямі па партыйнай лініі…

У той час і пачаліся нашы вельмі блізкія, чыста сяброўскія адносіны, калі сапраўды не толькі я, але і мая жонка Юля ўбачыла, які гэта мяккі і тонкі чалавек, з якім выдатным пачуццём гумару… Менавіта тады і бяруць адлік доўгія гады нашых сустрэч, калі Васіль, прыехаўшы ў Мінск, сядзеў у мяне дома на вуліцы Янкі Купалы да летняй прыгожай раніцы, а потым, дачакаўшыся першага трамвая, мы ехалі на вакзал, садзіліся на цягнік і ехалі ў Вільнюс пад самае адкрыццё кафэ, якіх тады ў Мінску не было. І цэлы дзень удвух з Васілём шпацыравалі па горадзе, сустракаючыся з літоўскімі сябрамі, і толькі ўвечары раз’язджаліся: я – на Мінск, Васіль – у Гародню…

Ён жыў літаратурай, ніяк не імкнучыся дэманстраваць сваю дасведчанасць. Аднак калі ў нас з ім заходзілі літаратурныя гутаркі… У той час у мяне была «завядзёнка» сачыць за літаратурным працэсам, і таму я выпісваў практычна ўсе літаратурныя «тоўстыя» часопісы, як, дарэчы, і Васіль. І калі мы часам у нашых размовах выходзілі на нейкія творы – ці то Барыса Мажаева, ці то Уладзіміра Дудзінцава, ці то іншыя гучныя імёны, – кожнага разу я пераконваўся, што Васіль не проста прачытаў – зыходзячы з ягоных ацэнак, было бачна, што гэта прачытана і прадумана ім. І адным з тых пісьменнікаў, якога мы абодва заўсёды не проста чыталі, але й любілі, быў Віктар Астаф’еў.

Так атрымалася, што я пазнаёміўся з Астаф’евым раней – мы павінны былі разам ехаць у складзе афіцыйнай дэлегацыі ў Югаславію. Віктар жа, надрукаваўшы тады ўсяго дзве свае першыя рэчы, але цікавыя і прыкметныя, толькі-толькі выходзіў на шырокую літаратурную дарогу. І першае, што ён спытаў, калі мы пазнаёміліся і я сказаў, што родам з Беларусі: «О! Быкава ведаеш?» – «Не толькі ведаю – гэта мой блізкі сябра», – адказаў я. І гэтага было дастаткова, каб мы тут жа сталі сябрамі. Астаф’еў усю дарогу, пакуль ехалі да Белграда ў цягніку, распытваў пра Быкава, а потым сказаў: «Дзякуючы табе лічу, што пазнаёміўся з Васілём. Дзякуй, Гена». І калі пазней яны ўжо самі пазнаёміліся, то ў іх не было ніякой прыглядкі адзін да аднаго, бо яны былі абсалютна блізкія ў сваіх літаратурных прынцыпах і падыходах да таго, пра што пісалі. Яны нават у характарах былі вельмі падобныя, хоць Віктар, вядома, быў больш адкрыты і шумлівы. У літаратурным жа стылі больш сціслы і жорсткі быў Васіль, Віктар жа часам яшчэ купаўся ў рускай мове, якую бліскуча ведаў. Аб’яднала ж іх праўда вайны, якая была ў творах абодвух. Больш за тое, такі выдатнейшы пісьменнік сучаснай рускай літаратуры як Віктар Астаф’еў аднойчы прызнаўся мне: «Васіль Быкаў – мой настаўнік».

Нашы адносіны з Васілём будаваліся на чалавечым даверы і нават на супа­дзенні ў настроі. Усё-ткі характар у мяне эмацыйны і ўзрыўны і, як можа падасца на першы погляд, абсалютна процілеглы спакойнаму і разважліваму характару Васіля. Але справа ў тым, што ў глыбіні Васіль быў паэтам. Нават не сумняваюся ў гэтым. Проста для выказвання сваёй натуры, думак і жыццёвага вопыту ён абраў празаічную форму, бо яна найбольш падыходзіла яму.

Разам з тым за доўгія гады нашых сустрэч, споведзяў узаемных і аднолькавых грамадзянскіх пакут я заўважыў за Васілём адну цікавую рэч: як хутка ён станавіўся мудрым, як ён рабіўся філосафам. І чым больш праходзіць часу, тым відавочней ягоная веліч – веліч таленту і веліч мужнасці, урэшце рэшт веліч яго мудрасці.

Канечне, ужо яго першыя аповесці былі таленавітыя, з выдатным веданнем вайсковага побыту, жыцця і чалавечай псіхалогіі. Але разам з тым бясспрэчна і тое, што з цягам часу Васіль усё вышэй уздымаўся над гэтым сваім унікальным жыццёвым матэрыялам. І калі пераехаў у Мінск, быў ужо не проста таленавітым пісьменнікам – ён быў пісьменнікам-філософам. Бо калі ўзяць тую ж «Трэцюю ракету» ці «Жураўліны крык», гэта творы, безумоўна, таленавітыя. Аднак калі параўнаць іх са «Знакам бяды» або «Сотнікавым», дыстанцыя будзе даволі прыкметная. Можа, чытач гэтага не заўважае, бо ўсе Васілёвы творы чытаюцца з велічэзным захапленнем, але калі ў першых яго аповесцях яшчэ не было глыбіні асэнсавання жыцця і філасофскай мудрасці, то пасля ўсё гэта прыйшло.

У дадатак Васіль, відаць, нечакана для самаго сябе станавіўся фігурай грамадскай і нават палітычнай. Хоць ісці ў палітыку ён не хацеў – яго жыццё прывяло да гэтага. Справа ў тым, што ў пэўны момант у Васіля з’явілася адчуванне, што за свае ідэалы і прынцыпы, у якія ён свята верыў, трэба змагацца не толькі творчасцю, але і словам трыбуна. І пачалося гэта не падчас гарбачоўскай перабудовы, як многія думаюць, а значна раней – яшчэ ў 1970-я гады Васіль стаў, як мы прывыклі гаварыць, не толькі пісьменнікам, але і грамадзянінам. І хоць характар у яго быў мяккі, але калі гэта датычылася нечага галоўнага для яго, тут ужо ён быў непрымірымы.

Асабліва гэта было прыкметна, калі стала вядомая праўда пра Курапаты, калі пачаў нараджацца Беларускі народны фронт, калі ўсчаўся духоўны парыў беларусаў да справядлівасці і гістарычнай праўды. Хоць многія знаёмыя масквічы пыталіся: «Што гэта сталася з Васілём Уладзіміравічам? Чаму гэта ён раптам пайшоў у палітыку?!» Але раней ён з прычыны свайго мяккага характару не адчуваў, відаць, неабходнасці ўдзелу ў палітыцы, ці – выкажу крамольную думку – можа, спадзяваўся, што нехта іншы ачоліць гэты рух. Аднак, калі ўбачыў, што гаварыць праўду і прымаць на сябе першы ўдар па вялікім рахунку няма каму, тады й сышоў з галавой у гэтую справу. Зрэшты, думаю, вялікую ролю ў гэтым адыграў Алесь Адамовіч.

Васіля і Алеся разам звёў, безумоўна аднолькавы шмат у чым падыход да вайны. Хоць досвед вайсковы ў іх быў розны: у Васіля – франтавы, у Алеся – партызанскі. Але ў падыходзе да галоўнага – да таго, што яны адчулі і зразумелі на вайне, – яны былі блізкія.

А з іншага боку, калі гаварыць звыклымі фармуліроўкамі: ну якая была ў Васіля адукацыя? – усяго толькі сярэдняя. Алесь жа быў грунтоўна падрыхтаваны вучоны: у яго за плячыма былі ўніверсітэт і аспірантура, урэшце рэшт ён быў доктарам навук. Мяркую, што менавіта Алесева дасведчанасць і дапамагала ў нечым Васілю падняцца ў сваіх развагах на тую вышыню, якая сведчыць пра глыбокую духоўную падрыхтоўку…

Калі я па просьбе Ірыны Міхайлаўны разбіраў некаторыя паперы Васіля, то знайшоў такі мімалётны запіс: Васіль разважаў аб тым, што ў некаторых сапраўды выдатных людзей – у Максіма Горкага, Івана Буніна, у шэрагу замежных пісьменнікаў – не было сістэматызаванай адукацыі. Васіль, відаць, адчуваў гэты свой недахоп – што не ўзяў у сэнсе адукацыі тое, што хацеў бы ўзяць. Але ж ён усё жыццё вельмі многа чытаў, і тыя, хто лічыў яго чалавекам у нечым абмежаваным, былі людзьмі не толькі не інфармаванымі, але і не надта празарлівымі, бо Быкаў – ведаю гэта пэўна – прачытаў практычна ўсё, што было выдадзена ў нас і ў бліжэйшым замежжы на тэму Другой сусветнай вайны: дакументальныя сведчанні, мемуары савецкіх і нямецкіх военачальнікаў, мастацкую прозу, прычым чытаў не толькі сапраўды выдатныя франтавыя рэчы Канстанціна Сіманава, Віктара Някрасава, Грыгорыя Бакланава, Юрыя Бондарава, Канстанціна Вараб’ёва, але і так званую «алілуеўскую», «маршальскую» літаратуру. І хоць сяму-таму здавалася, што Быкаў быў усяго толькі летапісцам салдацкага подзвігу, што ён апісваў выключна абмежаваны кавалак вайны, але насамрэч вайну ён ведаў так, як мала хто яшчэ ў беларускай літаратуры. Безумоўна, у яго творах няма сіманаўскай панарамнасці, але затое там ёсць праўда гэтага салдата і праўда гэтага акопа. І цяпер мы ўжо разумеем, што быкаўская праўда пра вайну – гэта і ёсць праўда ўсёй вайны…

Сам я, канечне, ведаў, што проза ў Васіля часам аўтабіяграфічная, але, чытаючы яго «Доўгую дарогу дадому», даведаўся, што з яго франтавой біяграфіяй у той ці іншай ступені цесна звязаны ледзь не ўсе яго рэчы. Гэтага я, прызнаюся, не ведаў. Аднак і Васіль не любіў пра гэта распавядаць.

Хоць, напрыклад, мне было вядома, што аповесць «Мёртвым не баліць» – якая не толькі праславіла яго, але і прынесла найбольш несправядлівай крытыкі, а разам з ёю і чалавечых пакут, – найбольш аўтабіяграфічная. Размова ў ёй ідзе аб так званай Кіраваградскай аперацыі, кіраваў якой маршал Конеў. Васіль распавядаў, што дачка Конева, якой падабалася ўсё, што піша Быкаў, аднойчы сустрэлася з ім. І Васіль, будучы вельмі тактоўным чалавекам, але памятаючы тую крытыку, што абрынулася на яго пасля выхаду аповесці, а тым больш крытыку людзей у вялікіх пагонах, спытаў у дачкі Конева: «Можа быць, і Іван Сцяпанавіч на мяне крыўдуе?» – «Так, Іван Сцяпанавіч вельмі пакрыўдзіўся», – адказала яна. «Я лічу, што сама Кіраваградская аперацыя, як вайсковая аперацыя, выдатная і, на мой погляд, адна з лепшых, – заўважыў на гэта Васіль. – Але я быў на тым участку ў гэтай аперацыі і ў той момант, калі адбылося так, як я й напісаў у аповесці, – калі адбыўся танкавы прарыў нямецкай арміі. Так, пасля ён быў ліквідаваны, але ж ён – быў». Васіль гаварыў, што пасля была яшчэ адна сустрэча з дачкой Конева, і тая сказала: «Тата дараваў».

…Вядома, гісторыі меркаваць, што мы зрабілі сумленна, а дзе аказаліся з’агітаванымі афіцыйнымі прапагандыстамі.

Ішоў усё той жа 1966 год. Не ведаю, згодна з чыёй задумай з’явіўся гэты ліст – думаю, што ідэя ішла з ЦК КПБ. Я даведаўся пра яе ад пісьменніка і супрацоўніка рэдакцыі вяшчання на замежжа Беларускага радыё Веніяміна Рудава: патэлефанаваўшы, ён сказаў, што ў сувязі з тым, што нацыяналістычная беларуская эміграцыя апошнім часам даволі актыўна заігрывае з маладымі беларускімі пісьменнікамі, робіць цэлыя перадачы пра нашы кнігі, таму ёсць прапанова даць адказ, бо рэверансы ў наш бок робяць людзі, якія заплямілі сябе ў гады Вялікай Айчыннай вайны крывёю суайчыннікаў. Паколькі я падобных перадач не чуў – замежныя радыёстанцыі «глушыліся» – і прэсы эмігранцкай не чытаў, я прыняў на веру тое, што казаў Рудаў. Адказ павінны даць, дадаў ён, найбольш таленавітыя і вядомыя ў Беларусі і за яе межамі пісьменнікі. Я выказаў жаданне прачытаць ліст. Не магу сцвярджаць, ці тэкст у той час быў такім, які пасля з’явіўся ў прэсе, ці трошкі іншым. Я паказаў яго сваёй жонцы Юлі, і мы пагадзіліся: непрыемна, калі на добрыя словы пра цябе адказваеш злосна, аднак што рабіць у гэтай сітуацыі… Я сапраўды верыў, што «дабрадзеі», прозвішчы якіх былі названы ў лісце, не проста супрацоўнічалі з акупантамі, а насамрэч прымалі ўдзел у расстрэлах і іншых карных акцыях. Я сапраўды верыў, што гэтыя людзі – злачынцы і ворагі… Таму і даў згоду падпісаць гэты ліст.

Пазней тагачасны загадчык аддзела прапаганды ЦК КПБ Аляксандр Трыфанавіч Кузьмін паклікаў мяне да сябе і папрасіў з’ездзіць у Гародню да Васіля Быкава і дапамагчы атрымаць пад лістом і ягоны подпіс. Кузьмін так і сказаў: «Калі да Быкава паедзе Рудаў, хутчэй за ўсё Быкаў подпісу не паставіць. Таму прашу вас – з’ездзіце, пагаварыце з Васілём Уладзіміравічам». І што мяне асабліва кранула – дадаў: «А неафіцыйна перадайце ад мяне, лётчыка Вялікай Айчыннай вайны, што ўсё, што ён піша, – праўда, так і было на вайне». Пры гэтым Кузьмін падкрэсліў, што гаворыць гэта не як загадчык аддзела ЦК партыі, а як франтавік. І я паехаў да Васіля. Доўга мы хадзілі з ім вечарам над Нёманам і ўрэшце рэшт прыйшлі да невясёлай высновы: справа непрыемная, але падпісваць трэба… Подпісы астатніх, наколькі памятаю, у той час пад лістом ужо былі.

…Калі пасля я трапіў у Амерыку і пазнаёміўся з эмігрантамі бліжэй, толькі тады даведаўся, які няпросты быў іх лёс. Многія з нашых былых суайчыннікаў не прымалі ўдзелу ў карных акцыях, былі настаўнікамі ў школах ці працавалі ў бухгалтэрыях ці канцылярыях, зараблялі сабе і сям’і на кавалак хлеба, каб выжыць, крыві на іх руках не было. І яшчэ – яны сапраўды хацелі вольнай Беларусі. Даведаўшыся пра гэта, я зразумеў, наколькі крыўдным быў той ліст для іх…

Калі ж да Васіля прыйшлі, нарэшце, слава і прызнанне, ён здолеў вытрымаць выпрабаванне меднымі трубамі як мала хто, а можа, як ніхто з маіх добрых знаёмых. Не буду называць прозвішчаў, але некаторые таленавітыя людзі, якіх я люблю й дагэтуль, часам станавіліся трошкі іншымі, калі на іх навальвалася слава. Але каго гэта абсалютна не закранула, дык Васіля.

У нашым з ім сяброўстве было адно правіла: калі мы сябры сапраўдныя, тым больш выпрабаваныя часам, у нас павінна быць поўная роўнасць незалежна ад таго, на якую пасаду аднаго з сяброў прызначаюць, і незалежна ад таго, якія ўшанаванні ці ўзнагароды атрымлівае твой сябар. Вядома, яно само сабой так склалася, мы пра гэта не дамаўляліся. І Васіль сапраўды ніколі не мог не тое, што сказаць, а нават даць зразумець мне ці каму іншаму: «Даруй, але ў мяне ёсць права маёй славы, права майго таленту, урэшце рэшт права маіх заслуг…». Ён лепш хмыкне і змоўкне. Мы – роўныя, іначай мы не сябры. Васіль вельмі даражыў гэтымі адносінамі. Хоць, канечне, да адных людзей ставіўся з большай увагай, да іншых з меншай, але нідзе і ніколі не дэманстраваў сваю «вышэйшасць».

І хоць у нас з ім была розніца ва ўзросце, прычым вялікая – дванаццаць гадоў, але дзякуючы характару Васіля яна ў нашых узаемаадносінах ніяк не адчувалася. Што ж датычыць розніцы ў літаратурным сэнсе, то я толькі радаваўся, калі бачыў, як Васіль выходзіць на шырокі еўрапейскі прасцяг і ўвогуле на ўвесь свет. Але і тут паміж намі не было ні суперніцтва, ні зайдрасці. Гэта яшчэ адзін урок Васіля, урок ягонага сяброўства – абсалютная роўнасць…

Да слова, я ніколі не называў яго ні «Васіль Уладзіміравіч», ні на «Вы». Хоць ёсць такія людзі – у тым ліку мае равеснікі, ці нават маладзейшыя за мяне, – якіх я не магу называць на «ты». Ці таму віной мая бюракратычная звычка, што прыйшла да мяне на пасадзе старшыні Дзяржтэлерадыё і потым ўмацавалася на дыпламатычнай пасадзе ў Нью-Ёрку, ці таму прычынай самі гэтыя людзі, аднак з Васілём адразу неяк так само сабой атрымалася… Гэта, канечне, не мая заслуга, бо старэйшы ўсё-ткі ён. А можа, мела яшчэ значэнне, што мы сышліся не толькі як Васіль і Генадзь – мы сышліся сем’ямі, і сышліся нашы жонкі – мая Юля і першая Васілёва жонка Надзя. І Васіль добра ведаў маіх дзяцей, якія не толькі любілі яго, а і, паважаючы, пяшчотна ставіліся да яго. Да таго ж яго адрознівала тое, чаго не хапае мне і некаторым маім сябрам, – ён быў унікальна ўважлівы чалавек і ні пра каго ніколі не забываў. Не забываў, што ў мяне ёсць жонка і дзеці, і нават калі жыў за мяжой, то так разлічваў працу пошты, што заўсёды – а Юля нарадзілася 1-га студзеня – за дзень ці два мы абавязкова атрымлівалі яго віншаванне. І гэтыя віншаванні былі не шаблонныя, а вельмі шчырыя. Гэтаксама было і з маімі жнівеньскімі днямі нараджэння. І, вяртаючыся з-за мяжы, ён не мог прыехаць без падарунка…

Наша сяброўства не было паказным. Хоць ёсць такія сябры, якія патрабуюць, калі пішаш нейкі артыкул пра літаратуру, каб нешта абавязкова напісаў і пра іх, дый каб ім былі аддадзены самыя лепшыя словы, каб імя гэтага сябра стаяла сярод самых вялікіх ікон! У Васіля гэтага не было, ён ніколі не прыглядаўся, успомніў ты яго ці не. Ён ведаў, што сяброўства наша праверанае й без гэтага. Васіль і ў гэтым сэнсе быў для мяне ўзорам сябра. Сябра вельмі блізкага і вельмі патрэбнага…

У нас былі ўзаемны давер і ўзаемнае веданне адзін аднаго: калі ў цябе бяда, то гаварылі пра тваю бяду, калі ў цябе вясёлы настрой – так ці іначай гэта перадавалася другому. Ды Божа мой, быў час, калі мы былі маладзейшыя і здаравейшыя, і бралі чарку, а калі пачалі старэць і, як кажуць, «завязалі» з чаркай, але ўсё адно часам успаміналі нашы ранейшыя вясёлыя прыгоды. У гэтай сувязі ў Васіля было два любімыя выслоўі: «Ну што ж, гарэлку не п’еш, адкуль здароўю быць?» (гэта калі некаму прапаноўвалі чарку, а ён адмаўляўся, і тады пыталіся: «Чаму не п’еш?» – «Здароўя няма». – «Канечне! Гарэлку не п’еш, адкуль здароўю быць?!»), і другое, калі садзіліся за стол, Васіль мог сказаць: «Ну што, хлопцы, давайце вып’ем! З раніцы вып’еш – цэлы дзень свабодны!» І ў пісьмах апошняга часу, калі быў кепскі настрой, ён пісаў: выпіў бы як у ранейшыя часы чарачку і стала б весялей, а цяпер і гэтую радасць Бог забраў…

Ён быў вясёлым чалавекам і мог за сталом і анекдот расказаць, і займальную гісторыю. Ён не быў добрым танцорам, як, напрыклад, Барадулін – Рыгор любіў і ўмеў танцаваць. А, скажам, Ніл Гілевіч выдатна спяваў. Затое калі Васіль пачынаў нешта ўспамінаць, гэта быў рэдкі, унікальны расказчык! Не ведаю, ці ўсё было менавіта так, як ён апавядаў, – мо крыху па-пісьменніцку і ўпрыгожваў, але ён быў вельмі ў гэтым сэнсе вясёлым чалавекам. Напрыклад, калі расказваў, як вымяняў у вайну свой падпалены шынялёк на шынель балгарскага генерала. Шыкоўны быў шынель, з чырвонай падбіўкай! Але аднойчы, калі было пастраенне, генерал, убачыўшы Васілёў шынелак, іранічна запытаўся: «А вы, таварыш генерал, што тут робіце?»

Ці любіў расказваць пра свайго сябра Аляксея Карпюка, напрыклад, пра тое, як ён вучыўся на машыне ездзіць. Адну ж гісторыю не магу забыць дагэтуль, бо яна на ўзроўні «Прыгод бравага салдата Швейка» Гашака. Адбылася гэтая гісторыя ў 1968 годзе, калі ў Чэхаславакіі надарыліся вядомыя падзеі. У той час няўрымслівы Карпюк захацеў убачыць усё сваімі вачамі і, накіраваўся ў ваенкамат, пасля ўлез у вагон, дзе знайшоў некім пакінутую вінтоўку. Паколькі Карпюк быў чалавек гаспадарлівы, ён узяў вінтоўку з сабой і потым не ведаў, куды яе збыць! І ўжо хацеў быў кінуць, аднак яму казалі: «Не, гэта ваша вінтоўка!» І як потым ён прывёз яе ў Гародню (як палітычна ненадзейнага яго ссадзілі яшчэ па дарозе)… Трэба было бачыць, як распавядаў гэта Васіль, – гэта было бліскуча па сюжэце і вельмі адпавядала характару галоўнага героя. Хоць многія нават не здагадваліся, які Васіль бліскучы расказчык і які наогул вясёлы гэта чалавек!

Разам з тым у памяці ўсплывае і нешта выключна чалавечае, можа, нават у нечым сентыментальнае… Мы ж даволі часта ў нашых узаемаадносінах звярталіся да іроніі, да жарта, але калі цяпер я перагортваю старонкі сваіх ўспамінаў, бачу што й тады ў нашых узаемаадносінах было і нешта сентыментальнае, і нешта дужа чуллівае, якога мы, можа, дарма саромеліся і дарма не хацелі прызнаваць, але яно было. Бо нават у тых надпісах на кнігах, якія рабіў мне Васіль, ёсць нейкая нават не характэрная для такога жорсткага пісьменніка, як Быкаў, замілаванасць… Мяне некалі ў гэтым сэнсе ўразіў Адамовіч, таму што мы з Алесем не былі такія ўжо блізкія. Так, былі добра знаёмыя і былі ў адных шэрагах, па адзін бок барыкады, але блізкага сяброўства, як у Васіля з Алесем, у нас не было. Аднак калі яго ўжо не было на гэтым свеце, я неяк пераглядаў сваю бібліятэку, і толькі тады ўбачыў, якія харошыя і чалавечныя надпісы рабіў Алесь! Хоць раней я так не думаў – можа, з-за маладосці, можа, з-за жыцця, што вакол віравала. Цяпер жа, калі яго не стала, мне падалося, што Алесь адчуваў нашу большую блізкасць, чым яна рэальна была ў нашых узаемаадносінах. Хоць, можа, мы проста не паспелі яе адчуць, не паспелі адзін аднаму пра яе сказаць…

З Васілём жа было іначай. І, ведаючы яго нешматслоўнасць і стрыманасць, я, канечне, вельмі даражу ягонымі выступленнямі пра мяне, напрыклад, калі ён па сваёй ініцыятыве надрукаваў у «Маладосці» артыкул да майго 60-годдзя. Не многімі словамі пра сябе я так даражу, як гэтымі. Можа быць, яшчэ словамі Пімена Панчанкі ці Рыгора Барадуліна, Мікалая Матукоўскага… І хоць мне нават трошкі няёмка ад таго, што напісаў пра мяне Васіль, але ўсё адно гэта, безумоўна, вельмі прыемна.

Я насамрэч не толькі ганарыўся (і па-ранейшаму ганаруся) гэтым сяброўствам, але і вельмі даражыў ім. І Васіль гэтаксама ставіўся да мяне па-сяброўску. Гэта для мяне, мабыць, вышэйшая з адзнак, пра якія я толькі мог калісьці марыць. І таму невыпадкова, калі я вярнуўся з камандзіроўкі з-за акіяна, з пасады пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН, мне была зроблена адна даволі хітрая прапанова: я, маўляў, мог бы разлічваць на высокі пост, калі прынародна адмоўлюся ад сяброўства з Быкавым. Я адказаў: «Перадайце вашаму патрону, што на свеце няма і не будзе такіх пасад, з-за якіх я мог бы прадаць сяброўства з Васілём Быкавым».

Разам з тым не магу сказаць, што лепш за іншых ведаў Васіля. Але я дакладна ведаў, які гэта тонкі і шчыры чалавек. Ён ніколі ні ў чым сябе не ўзвышаў і разам з тым нікому не дазваляў сябе прыніжаць, таму й не падлашчаваўся пад начальства. Так, ён прымаў узнагароды (і не буду сцвярджаць, што гэта было яму непрыемна), аднак прымаў з годнасцю і ніколі не дзякаваў так, каб было зразумела, што ая-яй як ён хацеў! Наадварот, дзякаваў так, што было зразумела, што ён мог пражыць і без іх, але калі ўжо далі…

Апошнім часам некаторыя папракалі Васіля, што ён нібыта несправядліва ацэньваў тыя гады, калі савецкая дзяржава надала яму званне Героя Сацыялістычнай Працы і лаўрэата Ленінскай прэміі. Гэтыя людзі так казалі ці па сваёй недамысленасці, ці подла падмянялі паняцці. Справа ў тым, што ніводнаму рэжыму Быкаў ніколі не прыслужваў – ён служыў адной толькі праўдзе, якую знаў і ў якую свята верыў. А тое, што ў яго ёсць бясспрэчны талент, гэта было вядома нават тым, хто кіраваў ідэалагічнымі структурамі. І яны, прызнаючы ягоны літаратурны талент, проста вымушаны былі даваць яму гэтыя званні і ўзнагароды. Больш за тое, я ўпэўнены, што не гэтыя залатыя зоркі ўзвышалі Быкава – гэта Быкаў падымаў значымасць узнагарод. І як кожны вялікі пісьменнік, ён, думаю, здагадваўся пра сапраўдны кошт таго, што пісаў. І калі яго «Знак бяды» быў выдатнай з’явай, і за яго яму далі Ленінскую прэмію, чаму ён павінен быў адмовіцца? І потым, сярод тых, хто вырашаў даваць ці не гэтую высокую дзяржаўную ўзнагароду, былі ў тым ліку людзі, якіх Васіль паважаў: Чынгіз Айтматаў, Алесь Ганчар… Таму, калі сённяшнія нашы так званыя маладыя ваўкі пачынаюць папракаць Быкава ўзнагародамі, лічу, што гэта ідзе або ад маладой бяздумнасці (што яшчэ даравальна), або ад зайздрасці (што ўжо недаравальна), або ад духоўнай чэрствасці і няведання жыцця (што вельмі небяспечна). І я ніколі не папракаў і не папракну Васіля за тое, што ён прымаў гэтыя ўзнагароды. А тое, што ён не надаваў ім вялікага значэння, сведчыць ягонае завяшчанне – каб падушачак з узнагародамі на пахаванні не было.

Ён стаў мудрым намнога раней за іншых. І калі я ўважліва прачытаў яго «Доўгую дарогу дадому», толькі тады з усёй яснасцю зразумеў, як жыццё дзесяцігоддзямі выпрабоўвала нашага Васіля. Так, як не выпрабоўвала ні мяне, ні Рыгора Барадуліна, ні іншых. І, можа быць, ён і стаў мудрэй раней за іншых, бо прайшоў такую школу жыцця, якую не дай Бог нікому… А з іншага боку, у чымсьці само жыццё дапамагло праявіцца яму. Напрыклад, той жа Уладзімір Караткевіч жыў нацыянальнымі праблемамі не менш, чым Васіль, аднак выказацца напоўніцу не змог, бо жыў у не надта спрыяльны для таго час…

Наогул кажучы, думаю, што свет і асобу Васіля Быкава – не толькі як пісьменніка, але і як чалавека – трэба будзе яшчэ разглядаць і вывучаць гэтаксама, як і свет Льва Талстога, свет Янкі Купалы, свет Кузьмы Чорнага. Гэта адно з нашых няшчасцяў – адсутнасць сур’ёзнай літаратурнай крытыкі. Мы ж дагэтуль не ўсвядомілі, чаму апошнім часам Васіль Быкаў пачаў пісаць прыпавесці. Хоць здавалася, што ў такога рэліста, як Быкаў, прыпавесцей быць не можа, але яны ёсць й прытым якія глыбокія! І ніхто чамусьці не прыгадвае, што ў канцы жыцця і Леў Талстой абраў гэты жанр, і мудрасці там ніколькі не менш, чым у «Ганне Карэнінай» ці ва «Уваскрашэнні». Хоць не скажу, што ўсе прыпавесці Васіля раўназначныя, але ў яго ёсць і выдатнейшыя рэчы – тое ж апавяданне «Сцяна», глыбокая і страшная прыпавесць, у якой вязень, прагнучы свабоды, па пясчынцы, па цаглінцы выкалупвае сцяну, пакуль нарэшце не вырываецца на свабоду, каб убачыць новую сцяну. Хіба гэта рэч не еўрапейскага ўзроўню?..

Можа быць, таму, што Васіль аддаліўся ад нашай паўсядзённай мітусні, гэта й прывяло яго да новага жанру? Ён нібыта ўзняўся над побытам і марнай тленнасцю нашага жыцця. Хоць, бясспрэчна, Быкаў – чалавек свайго часу. Аднак я лічу, што калі пісьменнік здолеў паказаць жыццё свайго пакалення, то яго дакладна можна назваць выдатным, калі ж творца ўздымаецца над вопытам цэлага пакалення і ўвогуле над жыццём, гэта ўжо геніяльны пісьменнік. Такімі былі Аляксандр Пушкін, Янка Купала і Максім Багдановіч. Такім я лічу і Васіля Быкава. Бо тое, што ён напісаў, жывучы ў нашым часе, было вышэй за гэты наш час. Гэта – своеасаблівы запавет не толькі нам, сучаснікам, але і будучым пакаленням.

І, вядома, несправядліва, што ён не атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Хоць усім – не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, на Украіне, у Польшчы – было ясна, што Быкаў варты яе. І гэта было больш патрэбна нават не яму, а найперш самой Беларусі: тым самым быў бы афіцыйна засведчаны ўклад Беларусі ў сусветную літаратурную скарбніцу. Гэта было важна для Беларусі і з палітычнага пункту гледжання. Але сам Васіль не прадпрымаў ніякіх дзеянняў, каб атрымаць прэмію. Адпаведнай жа працы ні ўнутры Беларусі, ні тым больш за межамі праведзена не было. А Нобелеўская прэмія не абыходзіцца без нейкага ўздзеяння, палітычнага і арганізацыйнага, бо, скажам шчыра, у выпадках з расійскімі нобелеўскімі лаўрэатамі – і з Пастарнакам, і Шолахавым, і Салжаніцыным, і Бродскім – вялікае значэнне мела палітыка…

Я неаднойчы пытаўся ў Васіля: «Як там у цябе з Нобелеўскай прэміяй?» Але ён заўсёды казаў: «Ай, Генадзь, гэта не той клопат, якому я павінен аддаваць столькі думак, душы, часу. Там столькі заўсёды прэтэндэнтаў – 200-250! І што, мне з імі змагацца? Ну, будзе прэмія – дык будзе, не будзе – дык не будзе». Хоць, канечне, ён быў бы рады. А яшчэ больш рада была б наша Беларусь. Але гісторыя не павярнулася да беларусаў і гэтым разам…

У 1998 годзе ён з’ехаў у Фінляндыю з-за нашага вельмі цяжкога, мітуслівага і крыклівага жыцця. З’ехаў таму, што захацеў хоць трошкі папрацаваць у нармальных чалавечых умовах. Каб не спекулявалі яго імем і каб на яго не гаўкалі з розных падваротняў, уключаючы самую вышэйшую падваротню нашай краіны. Ён жа быў чалавекам ва ўзросце, тройчы паранены, не надта здаровы. Хіба ўлады не ведалі пра гэта? Але нічога не зрабілі для таго, каб дапамагчы яму. Дый яшчэ не выдавалі! У нас жа як робяць: калі хто стаў кіраўніком, дык ён лічыць, што ён ужо голас народа! І калі галоўнаму ідэолагу Замяталіну кнігі Васіля Быкава былі не патрэбныя, значыць, Замяталін быў упэўнены, што не патрэбны яны і людзям.

Гэта наша бяда і наша трагедыя, што мы, маючы такога чалавека (а ён быў у нас такі адзін), не змаглі, не пажадалі стварыць яму спрыяльныя ўмовы, каб ён змог развіваць свой рэдкі талент як мага больш паўней. І калі пройдзе час, і людзі ацэняць усе тыя памылкі, што мы нарабілі, жывучы ў гэтым часе, – у сэнсе выбару і шляху, і тых праваднікоў, што вядуць нас па гэтым шляху, – апраўданнем цэламу народу – нам, беларусам, будзе толькі тое, што разам з намі ў гэтым часе жыў такі чалавек, як Васіль Быкаў…

…Ужо вярнуўшыся з Прагі, ён на трэці дзень запрасіў нас да сябе – мяне, Сяргея Законнікава і Валянціна Болтача. Мы павінны былі прыйсці вечарам, але напярэдадні ён пазваніў і папрасіў завітаць назаўтра раніцай. Відаць, Васіль пагана сябе адчуваў, бо пасля прызнаўся, што пералёт для яго і для Ірыны Міхайлаўны быў вельмі цяжкі.

Помню, калі я яго ўбачыў… Я ведаў, якая цяжкая была аперацыя, што ён сябе пачувае не надта добра – мы ж гаварылі з ім па тэлефоне, і хаця ён ніколі не скардзіўся на здароўе, але я добра ведаў Васіля: калі ўжо ён казаў, што яму нялёгка, дык яму сапраўды цяжка, вельмі цяжка… Першае, што мяне парадавала, – выглядаў ён, як мне здалося, няблага. Я чакаў горшага. Адзінае, што адразу ўразіла, – у яго былі ўжо другія вочы, не тыя быкаўскія, якія я добра памятаў. У ягоных вачах была стома, прытым нават не фізічная – здавалася, што чалавек стаміўся жыць. Вось гэта прамільгнула ў ягоных вачах, калі мы сустрэліся і абняліся…

Першае, што я спытаў:

– Васіль, ты надоўга?

Ён паглядзеў на мяне «новымі», сумнымі вачамі і сказаў:

– Назаўсёды.

І тады я зразумеў, што са здароўем у яго сапраўды больш чым дрэнна. Але ён гэтую тэму адразу закрыў. Мы пайшлі за стол. Ён быў, можа, не такі актыўны, як звычайна, аднак такі ж мілы, слаўны Васіль…

А потым, калі мы сядзелі ўжо ў кабінеце, хлопцы зноў спыталіся: «Васіль Уладзіміравіч, а як самаадчуванне?» Ён горка ўсміхнуўся і адказаў:

– Ну якое можа быць самаадчуванне ў чалавека, у якога рак у чацвёртай ступені?

Праз некалькі дзён, калі я зноў да яго забегся, Ірына Міхайлаўна казала, што Васіль адчувае сябе блага. Хоць трымаўся ён па-ранейшаму мужна…

Яшчэ перад прыездам Васіля ў Беларусь мяне праз аднаго майго сябра папрасіў аб сустрэчы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Урал Рамдракавіч Латыпаў. Гаворка павінна была ісці пра Быкава. Я згадзіўся…

Сустрэліся мы ў адным рэстаранчыку. Латыпаў папытаўся пра стан здароўя Васіля, ці не патрэбна якая-небудзь дапамога?.. Я тады збіраўся ехаць у Прагу праведаць Васіля. Заадно Аляксандр Старыкевіч, рэдактар газеты «Салідарнасць», папрасіў мяне зрабіць інтэрв’ю з Быкавым, які катэгарычна адмаўляўся ад усялякіх размоў з журналістамі. І я, тэлефануючы Васілю, сказаў, што хачу прыехаць (ён абрадаваўся) і заадно выказаў надзею, што ён не адмовіць у інтэрв’ю, самым кароценькім. На што ён адаказаў: «Прыязджай, тады паглядзім». Размова адбылася не болей чым за тыдзень да яго прыезду ў Мінск. Я пачаў збірацца. Але Васіль, відаць, ужо тады вырашыў, што вернецца, аднак нічога пра гэта не сказаў. Якраз тады мне і перадалі просьбу Латыпава.

Я так і сказаў Уралу Рамдракавічу, што збіраюся ў Прагу, што Васілю зрабілі аперацыю, вельмі няпростую, што ў яго метастазы ў печані… Латыпаў спытаў, чым можна дапамагчы – лекамі ці яшчэ як? Я адказаў, што, наколькі ведаю, ніякіх праблем з лекамі няма, а які ў яго стан і што наогул Васіль збіраецца рабіць, вось калі вярнуся, тады і змагу даць адказ, калі гэта вас цікавіць… Трэба адзначыць, што Латыпаў падчас размовы неаднойчы падкрэсліваў, што вельмі паважае Васіля Быкава і гаворыць толькі ад свайго імя.

Вось такая адбылася ў нас гаворка, працягнуць якую мы дамовіліся пасля таго, як я вярнуся з Прагі.

І раптам, нечакана для мяне – не ведаю, наколькі нечакана для іншых, – Васіль прылятае ў Мінск. Мы сустрэліся, і, будучы сам-насам, я сказаў Васілю:

– У мяне была сустрэча з Латыпавым, які пытаўся пра цябе і прапаноўваў дапамогу, калі яна патрэбна.

Васіль на гэта адказаў:

– Ты ведаеш мае адносіны да нашых кіраўнікоў.

– Так. Але я лічу Латыпава дастаткова інтэлігентным чалавекам. Тым больш што ўвесь час ён падкрэсліваў, што гэта яго асабістая ініцыятыва. Таму, калі што-небудзь трэба, ты скажы. Я сустрэнуся з Латыпавым яшчэ раз.

– Ніякай дапамогі мне не трэба. Ёсць толькі адна праблема – з прапіскай Ірыны…

Справа ў тым, што Ірына Міхайлаўна ў нашым консульстве ў Празе абмяняла стары пашпарт на новы. Аднак калі пайшла ў ЖЭС, каб паставіць штамп аб мінскай прапісцы, ёй сказалі, што зрабіць гэтага яны не змогуць, паколькі ў яе чэшскі штамп аб пастаянным пражыванні ў Чэхіі.

– Тут, Генадзь, у мяне праблема… – сказаў Васіль. – У выпадку чаго… – Ён сумна і шматзначна замоўк. – Для мяне гэта будзе трагедыя. Таму што, калі не будзе штампа аб мінскай прапісцы, Ірыну выкінуць, а кватэру забярэ дзяржава. Гэта мяне турбуе… А ўсё астатняе неістотнае…

Пасля гэтага я звязаўся з Латыпавым і сказаў, што ёсць патрэба сустрэцца. Ён прыехаў да мяне на дачу. Я папярэдзіў:

– Васіль не хоча быць некаму абавязаным, тым больш каб гэта было звязана з Лукашэнкам. Ён помніць, як Аляксандр Рыгоравіч сказаў, што на пахаванне Генадзю Дзмітрыевічу Карпенку чаравікі купляў. Васіль баіцца, каб нешта такое не было заяўлена пасля яго смерці.

На гэта Латыпаў заўважыў:

– Я ж вам сказаў, што гэта мая асабістая ініцыятыва.

– Калі сапраўды гэта не дойдзе да Лукашэнкі, тады я скажу аб адной турбоце, якая вельмі трывожыць Васіля. Гэта – прапіска Ірыны Міхайлаўны. Наколькі разумею, для вас гэта не праблема.

– Абсалютна… А яшчэ?

– А больш ніякіх просьбаў няма.

– Можа, з лекамі?

– Не. Гэта адзінае, аб чым сказаў мне Васіль.

– Добра. Дапамагу.

Потым я папрасіў яшчэ аб адным, ужо па ўласнай ініцыятыве:

– На паліграфкамбінаце ляжыць набраны першы том Збору твораў Быкава. Каб выпусціць яго, спатрэбіцца літаральна некалькі дзён. Дайце, калі ласка, каманду аддрукаваць хаця б дзясятак экзэмпляраў, каб Васіль патрымаў у руках гэты том…

Латыпаў адказаў:

– Генадзь Мікалаевіч, пастараюся і гэта зрабіць.

Што датычыцца першай просьбы, Урал Рамдракавіч дапамог аператыўна: Ірыну Міхайлаўну прапісалі вельмі хутка – усё было зроблена літаральна за некалькі гадзін. І Васіль сказаў мне: «Дзякуй, Генадзь». Думаю, што добра, што ён паспеў зняць з душы гэты клопат, – гэта было вырашана яшчэ да Бараўлянаў. Што ж датычыцца другой маёй просьбы, дык пазней я даведаўся: званок выдаўцам быў, аднак пасля – не ведаю ўжо, якія сілы ўмяшаліся – быў яшчэ адзін званок: не друкаваць. Гэты званок і аказаўся вырашальным…

А ў Бараўлянах было ўжо зусім сумна, бо мой цёзка – урач Генадзь Мікалаевіч Мураўёў адразу сказаў:

– Васілю Уладзіміравічу засталося жыць зусім-зусім нядоўга. Самая вялікая задача для мяне, каб ён адзначыў свой дзень нараджэння жывым…

У бальніцы Васіль быў мудрым, быў мужным, быў добрым, але ўжо быў слабым. Аднак зноў жа ніколі ні адным сваім словам ці рухам не выдаў, што яму балюча.

Я пытаўся ў той час у Мураўёва, як Васіль, – і Генадзь Мікалаевіч гаварыў, што трымаецца ён вельмі мужна, сціпла і мудра, разумее, у якім ён стане. Хоць многія ў такім становішчы капрызнічаюць, думаюць толькі пра сябе, крыўдзяцца на любую непрыемную для іх рэч. У Васіля гэтага не было зусім. А было яму, як казаў Мураўёў, вельмі цяжка, жахліва балюча…

У той час ён заўсёды прасіў прывезці яму газеты. Я прывозіў, і ён радасна дзякаваў:

– Вось і добранька…

Адзін раз толькі казаў… Я тады спытаў:

– Ну, Васіль, што ты тут робіш?

– Рыхтуюся да сустрэчы з Богам.

Не скажу, што гэта было сказана трагічна – гэта было сказана быццам бы і з усмешкай, а найбольш з нейкім спакоем, як пра нешта такое, што для яго ўжо вырашана…

Не ведаю, як у дачыненні да іншых, а ў дачыненні да мяне ён не хацеў паказваць свае пакуты і ўсведамленне блізкага адыходу. Хоць, цяпер успамінаючы тыя сустрэчы, думаю, што напрыканцы кожнай ён развітваўся назаўсёды.

…Ужо дастаткова многа часу прайшло пасля таго, як мы паклалі яго ў зямлю, але й сёння ў мяне яшчэ адчуванне, быццам ён тут. Ён жа доўга жыў спачатку ў Фінляндыі, потым у Германіі, і я знаў, што ён ёсць, але – далёка. Як пісьменнік ён ёсць і застанецца назаўсёды, а як чалавек… І сёння яшчэ часам міжвольна думаю: а вось жа там ёсць Васіль, і калі што якое, дык можна пазваніць яму і параіцца… Мне лягчэй жылося на зямлі, калі я ведаў, што хай не паблізу, у Хельсінскі, Нямеччыне ці ў Празе, але ёсць Васіль Быкаў, што ён жыве, думае, гаруе. Мне ад гэтага было нашмат святлей. А калі ён прыедзе, мы з ім абавязкова сустрэнемся і будзем хадзіць, як раней, над Свіслаччу, і ён будзе цікавіцца тым, што піша прэса, што робіцца ў Саюзе пісьменнікаў і ў нашай Беларусі… Я цяпер усё часцей задумваюся пра Васіля і ад таго, што ўспамінаю, ён робіцца яшчэ больш блізкім і дарагім…

Літаратурны запіс і публікацыя Сяргея Шапрана

 

1 Дарчыя надпісы на наступных кнігах: Быкаў В. Пайсці і не вярнуцца: аповесці. – Мінск: Маст. літ., 1979; Быкаў В. Знак бяды: аповесць. – Мінск: Маст. літ., 1984; Быкаў В. Праўдай адзінай: літ. крытыка, публіцыстыка, інтэрв’ю. – Мінск: Маст. літ., 1984; Быков В. В тумане: повести. – М.: Сов. пис., 1989; Быкаў В. Доўгая дарога дадому: кніга ўспамінаў. – Мінск: ГА БТ «Кніга», 2002.

2 Дарчыя аўтографы на наступных кнігах: Бураўкін Г. Варта вернасці. – Мінск: Маст. літ., 1978; Бураўкін Г. Узмах крыла. — Мінск: Маст. літ., 1995; Бураўкін Г. Паміж зоркай і свечкай. – Мінск: Бацькаўшчына, 2000.

3 В. Быкаву Г. Бураўкін прысвяціў вершы: «Балада пра мінёраў», «Усё не затухае бой…», «Даруй!» і «Ідзе жыццё…». Апроч таго, узгадаў яго ў вершы «Ну што, браткі Рыгор і Ніле…» (з падназвай «Да “мінімізацыі” праграм па беларускай літаратуры ў школах»).

 

 

 


Апублікавана

у