“З днём нараджэння!”
Апавяданне
Белыя – італьянскія, між іншым! – міжпакаёвыя дзверы ад злоснага ўдару толькі лёгка адспружынілі ад сцяны і проста ціха зачыніліся.
“Нават тут не змог эфектна”, – хіхікнула пра сябе Воля і падміргнула ўласнаму адбітку. Яна сядзела за сталом перад невялічкім круглым люстэркам і дарабляла макіяж. Ëй падабалася, як яна выглядае. Ну і што, што сёння ёй пяцьдзясят. Ну і што, што муж зноўку зладзіў скандал – гэта ўжо не баліць. Сёння яе свята. Да таго ж – Каляды.
Жанчына акуратна склала ўсе слоічкі ды пэндзлікі ў касметычку і схавала ў шуфляду. Пакруцілася трошкі, папраўляючы сукенку, потым нетаропка падышла да ложка. Тут, на яе палове, ляжаў кінуты ім падарунак: чырвоная аксамітная скрыначка расчынілася, адна завушніца вывалілася на посцілку. Воля ўздыхнула: падарунак быў, як і звычайна, зусім не ў яе стылі. Але сяброўкі ацэняць. Асцярожна ўзяла ў рукі, пакратала пальцам каменьчыкі і пачала зашпіляць на сабе. Прыгожая. Дарагая.
– Волечка, як жа я рада!..
– Альбіна, даражэнькая!
Жаночыя воклічы, абдымкі, пацалункі, шоргат вопраткі. Невялікі пакой вітальні адразу стаў цесным, зменшыўся і перапоўніўся разнастайнымі водарамі: кветак, парфумы, прынесенай зімы з вуліцы.
Мужчыны віталіся спакайней – моцныя поціскі рук у суправаджэнні простага кіўка галавой:
– Хрыстос нарадзіўся, Юрык!
– І цябе са святам, Мікола! Эт, пастарэў жа ты!..
Коля ўручыў гаспадыні вялікі букет, які выцягнуў з-за спіны:
– Волечка, дарагая ты наша! Прымай віншаванні! З днём нараджэння! Расці вялікая, здаровая і шчаслівая!
– Каб дзеткі радавалі, унукаў большала і ўсё цешыла! – палымяна дадала Альбіна. Яна лёгенька абняла Юрыя і працягнула сяброўцы прыгожы пакет, у якім угадваліся контуры вялікай скрынкі.
Вольга пасміхалася, дзякавала, паўтарала звыклае: “Ну што вы, ну навошта…” – пакуль госці распраналіся і разуваліся. Потым падхапіла сяброўку пад руку і павяла за сабой – у вялікім пакоі іх чакалі Аляксандр і Ала. Мужчыны пайшлі следам.
Іх кампанія сябравала, фактычна, усё жыццё: яны нават выраслі ў адной вёсцы. Але з цягам часу бачыцца выпадала ўсё радзей, і апошні раз яны збіраліся гадоў з пятнаццаць таму. Сёлета Воля адзначала юбілей (а яна нарадзілася роўненька на Каляды), і высветлілася, што на святы ні ў каго няма планаў.
Воля скарысталася паўзай, пакуль госці былі занятыя ўзаемнымі прывітаннямі, паклала падарунак, дастала хрустальную вазачку на кветкі. Яна паставіла падораны букет на камоду, у кампанію да ружаў ад Алы і Сашы. Задаволена агледзелася вакол, быццам спрабуючы зразумець як бачаць яе дом госці: свежы рамонт, высокая ялінка пад столь, якую яшчэ да святаў дзеці з унукамі ўпрыгожылі буйнымі цацкамі, падрыхтаваны, застаўлены бутэлькамі і талеркамі стол… Выглядала ідэальна.
Госці таксама паспелі агледзецца, хаця больш – адзін на аднаго. Звонку яны ўсе пастарэлі, але і жарты, і жэсты, і выразы ў іх былі такія ж, як і ў вясёлыя гады маладосці. Гэтая звязка новага і старога ап’яняла, хвалявала, размовы пераскоквалі з аднаго на другое, перарастала ў хвалі агульнай эйфарыі ад сустрэчы. Першым з гэтага вэрхалу эмоцыяў вырваўся Юры і гучна заклікаў:
– Ну што, мужыкі, мо па чарачцы? Чаго яе грэць!..
Бяседа закіпела. Гаспадыня ўрачыста прынесла з кухні вялікую пасудзіну з запечаным гусаком. Усе вохалі, ахалі, хвалілі густоўны выбар стравы і фантастычны пах. Жанчыны не абмінулі папрасіць рэцэпт, хаця кожная з іх выдатна ведала, што гатаваць гэта не будзе – паспелі прыкінуць кошт такой авантуры. Звінелі прыборы аб посуд, крыштальна дзынькалі чаркі і келіхі з венгерскага сервізу. Жанчыны пілі віно, мужчыны гарэлку.
Святкавалі, найперш, сустрэчу. Усё ішло выдатна. Сустрэча была радаснай: яны ўсе змяніліся, безумоўна, але ў галоўным заставаліся такімі ж. Воля ўжо адзначыла звыклы зайздросны позірк Алы на яе новы камплект упрыгожанняў, за які яна пры ўсіх падзякавала мужу. Яна заўважыла сціпласць Альбіны, якая няўпэўнена трымала ў руках відэлец і нож. Але віно было смачным, гусак атрымаўся лепш, чым яна спадзявалася, і жанчына адчувала сябе нават задаволенай. Вольга зноўку грала сваю любімую ролю – шчаслівай жонкі і шчодрай гаспадыні, шмат смяялася і жартаўліва дакарала мужа. Так, гэтую вечарыну яна дакладна заслужыла!
Аляксандр пакутаваў. Ëн мала пасміхаўся, шмат еў і збольшага маўчаў.
З першай чаркай выдыхнуў з палёгкай: ён піў увесь апошні тыдзень, і арганізм патрабаваў сваёй дозы. Мужчына спрабаваў ігнараваць роспач унутры сябе. Ëн бачыў як касавурыцца на яго Ала, але чаго яна заўсёды чапляецца? Свята, сябры, а ён што, і выпіць не можа?! Яны часта сварыліся, але зараз гэта як ніколі нервавала і выводзіла з сябе. Асабліва горка зайшла трэцяя чарка “за любоў”. Яго ледзь не званітавала ад тугі ўнутры: гэта Воля была яго любоўю. Гэта ён, а не Юры, мусіў сядзець у цэнтры стала і дэманстраваць шчаслівы сямейны пацалунак!..
Юры адарваўся ад жонкі і ніяк не выдаў здзіўлення – яна так балюча ўшчыкнула яго за руку, але і выгляду не падала! От ужо гэтыя бабы. Ëн столькі грошай убухаў у падарунак, а тут такое. А ён і паверыў, што памірыліся… Юры разліваў алкаголь і бесперапынна баяў байкі. Ён вырашыў напіцца да бяспамяцтва, каб не чуць пілаванне мозга, калі госці пойдуць. На язык ужо прасіліся непрыстойныя жарты і гісторыі, якія так ненавідзела яго жонка. Міжволі Юры думаў пра сваю палюбоўніцу – яна б не стала шчыпаць яго падчас пацалунка перад усімі, яна б смяялася з яго гісторый да колікаў…
Ала смяялася. Так, што ў адзін момант з яе рота выскачыў кавалачак селядца і зваліўся на талерку. Але гэты вечар вярнуў яе ў маладосць, калі было шмат надзеі, натхнення, прагі да жыцця. Ала зайздросціла сяброўцы: Воля жыла ў прыгожым доме з багатым мужам, добра апраналася, мела пярсцёнкі на руках і выглядала шчаслівай. Ала ж шчаслівай ніколі не была. Аляксандр быў яе другім мужам, і мужам ён быў абы-якім. Можа таму Ала ўжо каторы год мела перыядычнага палюбоўніка з працы. Таму яна піла віно, злавалася, зайздросціла і – смяялася.
Альбіна няспешна шчыпала нагу гусака, прыкідвала, колькі патрацілі сябры на такі багаты стол, і перабівала жарты Юрыя, бо бачыла, як гэта злуе Волю. Альбіна піла няшмат і ўсё ўглядалася ў сяброўскія твары – як жа яны ўсе змяніліся! Яны з Мікалаем былі разам больш за дваццаць год, але сэрца ўсё адно помніла, што з часоў першай дыскатэкі ёй больш падабаўся Юры – нахабны, вясёлы, адчайны. Альбіна ведала, што ён бабнік, і неяк Воля з ёй нават падзялілася сваёй крыўдай, але… хіба не ўсе мужыкі ходзяць “налева”?.. Дзяцей паднялі, жывуць добра. Што яшчэ ў жыцці трэба?..
Мікалай не мог нарадавацца. Ëн піў патроху, бо меў аперацыю на страўнік і пачаў беражліва ставіцца да здароўя. Зноўку хацелася быць гарэзлівым юнаком, перад якім адкрыты ўвесь свет. Хто ж тады мог ведаць, што яны так мала разумеюць пра гэты “ўвесь свет”… З іх самым абачлівым апынуўся Юрка, які пайшоў у чыноўнікі і жыў цяпер тут, амаль у цэнтры Мінска. Мікалай жа быў безнадзейным аптымістам па жыцці, бедным і шчырым, але менавіта на ім і ўзнікла калісьці іх кампанія – ён іх аб’ядноўваў, прыдумваў авантуры, збіраў разам.
– Ну, колькі ж будзем есці і сядзець! – нечакана для ўсіх падняўся Мікалай і пляснуў у далоні. – Давайце танцы!
– Угаманіся, ты, танцор, – Юры рагатнуў і пацягнуўся па новую бутэльку. – Стары корч, а нейкія танцы яшчэ надумаў… У нас жа суседзі, калі прыйдуць, давядзецца гарэлкай частаваць! Яно табе трэба?..
– Куды ты пустую на стол ставіш, піток?.. Танцы з маладымі трэба танцаваць, – буркнуў Аляксандр і атрымаў лёгкага кухталя ў плячо ад жонкі, але нават не паглядзеў на яе, толькі паморшчыўся.
– Уключай, Колечка! – у адзін голас загаласілі Ала і Воля. Яны сядзелі блізенька на канапе, з келіхамі, расчырванелыя, вясёлыя? і перашэптваліся, смяяліся. – Давай, уключай караоке! Спяваць будзем!
Падагрэтая кампанія чакала новай забавы. Мікалай смяяўся ў вусы і пстрыкаў пультам, але ні караоке, ні танцаў па тэлевізары не паказвалі.
– Ну вось табе і тысяча каналаў! – цокнуў ён языком і расчаравана развёў рукамі: – Таварышчы, выбару няма – будзем самі спяваць!
– Што, аж тысяча? – з падколкай зазначыў Аляксандр.
– Саша, я табе што скажу, – Юры нахіліўся да яго праз стол і гучным шэптам абвясціў: – А якіх там баб паказваюць!..
Аляксандр засмяяўся і адкінуўся на спінку канапы.
– Ну, паскудства, за сталом! У каляды! – абурылася Вольга, яе падтрымалі сяброўкі, і гаспадар, скрозь смех, капітуляваў:
– Усё-ўсё, дзевачкі, у гэты вечар толькі пра вас!
Мікалай кінуў пульт на стол, вярнуўся на сваё месца і, узяўшы ў рукі чарку, зацягнуў: “О-ой, мароз, маро-о-оз”. Ніхто, само сабой, не падхапіў, але засмяяліся, запляскалі ў далоні і аб’явілі новы тост – зноў за імянінніцу.
Размова пайшла сваім ходам. Стол падзяліўся напалову. Мужыкі завялі гаворку пра палітыку: канфлікты, крызіс, рэвалюцыя, хто вінаваты і як трэба было; жанчыны размаўлялі пра сваё – як дзеці, што новага, калі чакаць унукаў, абмяркоўвалі нявестак і зяцёў.
– Не, хлопцы, харэ. У Каляды, святы дзень, не будзем тут дэбаты разводзіць, – Мікалай сурова махнуў рукой у бок сяброў, перапыняючы іх размову, якая імкліва нарастала ў гучнасці.
Аляксандр, ужо добра паднабраўшыся, нервова матляў нагой і быў увесь чырвоны. Ëн быў гатовы нават пабіцца з Юрыкам, якога справядліва лічыў сам сабе “лаяльным” і “праўладным”, але сабраўся, устаў і моўчкі пайшоў на балкон паліць.
– Эх, твая праўда, Міколка… – Юры лёгка пахіснуўся, пацягнуўся па бутэльку, стаў разліваць па новай і ўклініўся ў размову жанчын: – Манька там не нарадзіла ваша?
– Не! І чаго яны цягнуць? – Мікалай развёў рукамі, Альбіна сумна заківала.
– Дык мо не ведаюць, як, – загагатаў Юры і радасна дзынкнуўся з салідарна паднятай шклянкай з сокам Мікалая. – Ты зяцю там лікбез зладзь, ну!
– Ідзі ты, – махнуў рукой Мікалай. – Гэтай маладзёжы што ні скажы, яны ўсё лепш ведаюць! Толькі гыр, фыр, і ўсё тут…
– Да-а.. – нецвяроза працягнуў Аляксандр, заходзячы ў пакой і прабіраючыся на сваё месца на канапе. – Маладзёжы зараз трэба толькі камп’ютары і грошы, і ўсё.
Усе ўздыхнулі, прыціхлі, задумаліся. Узнікла тая самая паўза, якая бывае ці не на кожнай вечарыне – кароткая перадышка перад новымі выбухамі смеху, перад новай гарачай тэмай, кароткі момант цішыні і спакою. Кожны задумаўся пра штосьці сваё, а Ала ўзяла пульт і пачала хутка пстрыкаць каналы. На чарговым пачыналася знаёмае ім ТВ-шоу – Малахаў у модным гарнітуры заклікаў усіх хутчэй раздзяліць з ім суперунікальную тэму яго выпуску.
– Ай, Алачка, пакінь, ну што іх глядзець… Што ты, дома целевізар не паглядзіш?.. Можа, патанчым? – Юры быў ужо добра нецвярозы і махаў гусаковай косткай у руцэ. Раптам ён пераключыўся на тэлевізар: – Во… гэты клоўн… як там яго, ну такое ўжо выдае!.. Слухай, я быў пасля работы ўключыў…
– Не, ну ты толькі паслухай… – агаломшана перабіла яго Ала і зрабіла гучней.
Наступнае так уразіла кампанію, што яны не адразу зразумелі, пра што размова.
– Паліаморы?.. Гэта хто? – няўпэўнена перапытала Альбіна.
Аляксандр пражаваў кілбасу, запіў вялікім глытком з чаркі і рэзюмаваў:
– Ну ты і дзярэўня! Ты чым слухаеш? Гуляюць і здраджваюць у адкрытую.
Юры загагатаў, яго смех падхапілі Мікалай і Аляксандр. Ала і Альбіна хмурыліся і рабілі выгляд, што ніхто з іх не заўважыў цяжкі позірк Волі на мужа.
А ў студыі тэлешоу тым часам сядзела маладая жанчына і распавядала пра тое, што яна жыве з мужам і дачкой, але ў яе таксама ёсць любімая жанчына. Што яна блогерка, расказвае пра секс-прылады і сваё жыццё ў сацыяльных сетках. Уся яе гісторыя, здавалася, трапляла ў гэтую кватэру чымсьці іншаземным і незнаёмым, і кампанія, на момант аслупянеўшы, уважліва слухала. Яны такія звычайныя, за гэтым сталом, каля ялінкі, пад абразом у кутку – сядзяць і слухаюць пра адкрытыя стасункі між трыма людзьмі: як яны ўсе вандруюць разам, складаюць графікі пражывання і выхоўваюць дзяцей.
– Цьфу, блін! – першы не вытрымаў Юры і рашуча схапіў бутэльку. – Дажыліся.
– Па тэлевізары… Такое распуства… – падтрымала Ала, дэманстратыўна закрываючы твар рукамі.
– Коля, ты чаго? Ой, увесь чырвоны аж, – спужана войкала Альбіна, падліваючы мужу соку ў кілішак і лёгка абмахваючы яго сурвэткай. – Ідзі твар умый, на балкон паветрам падыхай!..
– Не, ну такое… у Каляды… Гэта што ж цяпер, нармальна?! Шча яшчэ і гэтых, як іх… можа пакажуць?! – злосна выціснуў чырвоны, як бурак, Мікалай.
– Ты чым слухаў? У яе баба ёсць! – рассмяяўся Аляксандр. – Яны, выходзіць, гэтыя – лесбіянкі!
За сталом паднялася хваля абурэння. Тэлевізар пераключылі (на наступным канале якраз пачынаўся канцэрт Кіркорава), выпілі па новай, памаўчалі, а потым неяк разам пачалі выказвацца: пра мінулае і сучаснае, пра моладзь, пра распусту і амаральнасць. Абуралася Ала, Коля цяжка дыхаў і нават выпіў залпам чарку, Альбіна задумалася пра тое, колькі ўсяго такога яшчэ ёсць у інтэрнэце, Аляксандр і Юры ўзгадвалі нейкія –
нармальныя! – гісторыі здрадаў і адносін, калі без “вось гэтага ўсяго” людзі абыходзіліся.
Волю агарнула незразумелая туга і самота. Юры якраз расказваў нейкую “нармальную” пікантную гісторыю, якая верагодна была яго асабістай. Альбіна паднялася з келіхам, падышла да вакна і ўгледзелася ў чорнае люстра перад сабой. Размова за сталом прыходзіла да салідарнага кампрамісу, але яна не слухала.
Злосць не праходзіла. Выпітае віно шумела ў галаве, падагравала эмоцыі. Было шкада сябе, было шкада пражытага ў хлусні жыцця. Дзеці выраслі, маладосць прайшла – і дзеля чаго? Яе муж, які ўжо не аднойчы спаліўся на палюбоўніцах, сядзіць і пырскае слінай на нейкіх людзей з экрана, якія ўвогуле з іншай краіны. Каляды прыплятае. Каляды… З іх кампаніі мо толькі Мікалай і праўда верыў, у царкву дык толькі ён з іх і хадзіў. А вунь якія, абураюцца, халера.
Яна не магла стрымацца:
– Блін, Юра. Ты паглядзі на сябе, га? – жанчына павярнулася да кампаніі, загаварыла злосна і гучна. – Што ты іх абмяркоўваеш? Яны хаця б не хлусяць направа і налева. А вы што, лепшыя, ці раз за ўсё жыццё любілі? Ці налева ні разу не хадзілі? Чым вы не тыя ж паліморы, паліяморы, чорт бы гэта ўсё пабраў?!
– Воля! – грукнуў па стале Юры і паспрабаваў падняцца.
Яна адчула, як сціскае шыю новая падвеска, учапілася, задыхаючыся, рукой, намацваючы замочак, і крыкнула яму ў твар:
– Што?! Хіба мы з табой не такія ж паліяморы? Паглядзі, увесь горад ведае пра тваіх сакратарш! Я пра іх ведаю! Кожны мне лічыць абавязкам данесці, дзе ты і калі з кім цягаўся! Дык што мы, іншыя ад іх?! Тваю маць, за што мне гэта?! Ганьба! Гэтыя, – яна махнула рукой на тэлевізар, – яны хоць маладыя, а ты? Ну куды табе гэта ўсё? А мне?!
Замочак не паддаваўся, і яна ўсе тузала рукой за ланцужок, які здаваўся зараз ашыйнікам…
– Воля! Во-о-ля! – працяжна клікаў хор галасоў, за спінай выбухнуў смех. – Ты тут?
Жанчына каля вакна задуменна здрыганулася і азірнулася.
Кампанія сядзела за сталом, размова ішла ўжо пра ўладу і кошты. Юры, махаючы над сабой рукамі, весела іржаў:
– Ты што там завісла, салюты выглядаеш ці молішся?
– Ой, ідзі ты, – паморшчылася яна і пасміхнулася да ўсіх, ліхаманкава прыдумляючы, што б сказаць. – А вы чаго нічога не едзіцё? Ой, пайду яшчэ нарэзкі падрэжу! Юры, што ты за гаспадар, у людзей чаркі пустыя!
На кухні было ціха, мільгала гірлянда на вакне, дзесьці і праўда пачалі выбухаць салюты. Вольга дастала з лядоўні каўбасу, сыр, але ўсё не магла зразумець: тое, што ёй толькі прымроілася гэта, а не сапраўды адбылося – усё ж добра, ці дрэнна? Сэрца калацілася, але думкі міналі адна адну павольна і лянотна, блыталіся.
Нечакана для сябе жанчына засмяялася, падняла свой келіх, які так і трымала ў руках, адсалютавала абразу Хрыста ў куце і прашаптала: “З днём нараджэння!”