Васіль Аўраменка (№121)

Боль і рацыя
Нябачны палёт ці адвечны шлях Алеся Разанава

 

Ёсць такое выслоўе: не вер таму, хто больш гаворыць, а вер таму, каму больш баліць. А каму цяпер баліць больш за ўсіх? Напэўна ж, Украіне і ўкраінцам. Але і беларусы не самы шчаслівы народ, бо жывуць зусім не ў Бога за пазухай, а на даўніх гістарычных скразняках ды геапалітычных разломах, як той бядак у вечна дзіравым, паўразбураным будане. А што, як не паэзія, можа быць люстэркам народных страхаў і надзей і хто, як не паэты, – чуйныя флюгеры бяды і ветразі нацыяналь­ных (з)рухаў? Нават – такога пакручастага і пераменлівага, як лёс Беларусі.

Боль – універсальны чалавечы феномен, галоўная прыкмета і часам “мера” жыцця, без якой яно было б немагчымым. У значнай ступені гэта можна сказаць і пра паэзію, бо “паэзія шчасця і радасці” (прынамсі ў Беларусі) – з’ява рэдкая, хутчэй выключэнне з правіла, чым трывалая традыцыя. Ад першых беларускіх песняроў боль і пакуты сталі даміноўным матывам і стымулам творчасці. Пэўна, так зроблены чалавек: калі ён сыты і задаволены, то не мае патрэбы брацца за пяро, скардзіцца на лёс, шукаць праўды ці паратунку. Любая пакута і дыскамфорт, асабліва душэўныя, стымулююць пошукі радыкальнага “лячэння” ці, прынамсі, суцяшэння, а разам з тым актыўную інтэлектуальную дзейнасць, і літаратура займае тут не апошняе месца. Боль – сінонім ня­шчас­ця і гора, спадарожнік хваробаў, пакут ці катаванняў. І аднойчы паспытаўшы (калі ты толькі не мазахіст), будзеш доўга пазбягаць яго ўсімі сіламі душы і цела. Бо мэта звычайнага чалавека ўсё ж – задавальненне і радасць, а боль – толькі стымул і адпраўная кропка на шляху да шчасця.

Даўні боль беларускіх паэтаў – лёс мовы. Калі тутэйшыя сацыяльныя, палітычныя ці гендарныя “балячкі” нейк трансфармаваліся, змяняліся ці нават вырашыліся, то гэтая бяда за апошнія сто год з месца амаль не скранулася. Ад Багу­шэвіча і Купалы, праз Панчанку, Танка і Гілевіча яна “дацягнулася” да Разанава і Сыса. І калі Анатоль Сыс па творчай манеры, задачах ды чалавечым лёсе можа быць аднесены да кагорты паэтаў “болі, гневу і пакут”, то з Разанавым не ўсё так проста. Нягледзячы на гісторыю 1968 года (студэнцкае выступленне ў абарону беларускамоўнага навучання), у сваёй творчасці, далейшым асабістым і грамадскім жыцці ён не прэтэндаваў на ролю народнага трыбуна, змагара-прарока ці непрыкаянага, “праклятага” паэта. Аднак ад таго не стаў больш папулярны, адзначаны ўладай ці ўсенароднай любоўю. Відаць, быў занадта неартадаксальны і нязвыклы, каб лёгка ўпісацца ў стары літаратурны канон або чыноўны пантэон белліта.

Дык вось, ізноў пра боль.

Чаму боль так патрэбны паэтам, і чым ён прываблівае іншых? Па-першае, гэтак жа, як страх, трывога альбо вусціш, ён знаёмы ўсім і кожнаму. Па-другое, чужы боль у большасці людзей выклікае спачуванне і спагаду. Калі ты не садыст і не паталагічны мізантроп, то эмпатыя, суперажыванне чужым пакутам – натуральная чалавечая рэакцыя, асабліва распаўсюджаная ў юда-хрысціянскай традыцыі. І па-трэцяе, боль і болеснасць жывуць побач са шчырасцю. Чалавек, якому моцна баліць і які пра гэта кажа, не стане падманваць, выдыгаць, шукаць нейкіх выгод. Боль і яго наступствы – рэакцыя непасрэдная, бадай, рэфлекторная, і таму заўсёды выклікае давер з боку людзей. А шчырасць – гэта наўпрост дарога да праўды, якую адны шукаюць і шануюць, а большасць у яе проста вераць.

Амаль усім беларускім паэтам да Разанава нешта балела: сацыяльная няроўнасць, сялянскі комплекс непаўнавартасці, нацыянальна-моўны прыгнёт і цывілізацыйнае адставанне ад больш “прасунутых” суседзяў, пакуты ад таталітарызму і шматлікіх войнаў, экалагічныя ці эканамічныя беды і катастрофы… І сярод гэтага бясконцага “бядацка-болеснага” кругазвароту знайшоўся чалавек, якому балела зусім у іншым месцы. Дый ці боль гэта быў? Мо, то інтэлектуальны “сверб”, індывідуальная прыхамаць, невідавочная, але моцная душэўная патрэба?

 

А шлях раўнюткі, быццам лісцік,

Ляці – каб вецер у вушах!..

Як гэта лёгка памыліцца

І па чужых пайсці шляхах.

Няхай яны імкнуць, як стрэлы,

Няхай шырокія яны! –

Стаю адзін.

У небе –

дрэвы

і жураўліныя кліны.

Лісты апалыя на стрэсе…

Але чакай, няўмольны час:

я маю права

ўсё закрэсліць

і потым

нанава пачаць.

 

Гэта 1964 год, аўтару 17, і яшчэ амаль нічога невядома пра Рагвалода, Рагнеду, БНР, пакаленне “знішчаных паэтаў”. Далёка наперадзе Чарнобыль, канец СССР, новыя прарывы жыцця і далягляды незалежнасці. Але ўжо ёсць свой шлях, свой кон, свая дарога. І непахіснае жаданне, а бадай, – перакананне, што ён яго пройдзе. У творчым лёсе Разанава ёсць нешта эзатэрычнае, патаемнае, што не паддаецца звычайнаму аналізу і раскладанню па літаратуразнаўчых “палічках”. І ўсё ж паспрабуем зазірнуць “па той бок словаў” альбо прайсці па ягоных слядах.

Бадай, з першых творчых крокаў паэт не толькі адчуваў сваё пакліканне, але і ствараў сталыя, праграмныя тэксты, якія часам не саступаюць больш познім. Перыяд вучнёўства, набыцця жыццёвага і літаратурнага досведу ён прамінуў нібыта яшчэ ў дзяцінстве. І гэткае “прыроджанае вундэркіндства” не перапынілася ні ў 17, ні ў 27, ні ў 47 гадоў, а цягнулася ці не да канца ягоных дзён. Справа, відаць, у тым, што вытокі творчай няўрымслівасці Разанава хаваюцца не ў сацыяльнай ці маральна-эстэтычнай сферы і нават не ў абсягу нацыянальна-гістарычных падзей, а ў асаблівай індывідуальнай засяроджанасці на метафізічных пытаннях, вострым адчуванні недасканаласці і парадаксальнасці любога жыцця, прыроды самога чалавека і рэчаў. Таму сталенне, узрост ці перамены палітычнага ландшафту не мелі на яго радыкальнага ўплыву, хіба што з цягам часу больш ашчаднымі станавіліся словы і складанымі сэнсы.

 

Што прайшлі – не ахопіш зрокам,

але доўжацца, лучацца звенні…

Чым далей ад сваіх вытокаў,

тым бліжэй да іх разумення.

 

Прыроджаная звышчуйнасць да экзістэнцыяльных праблем і талент прамаўлення, жаданне даць адказы на ўсе відавочныя, а часцей невідавочныя пытанні сталі складнікам яго незвычайнага паэтычнага таленту і задалі кірунак літаратурнага шляху. Яго творчы метад можна акрэсліць як: здзіўленне, здумленне, прамаўленне.

Непасрэднае, амаль дзіцячае здзіўленне перад светам, пільная ўвага да элементарных рэчаў, шараговых з’яваў і ледзь заўважных драбніцаў ярка праяўляюцца ў жанры пункціраў. Засяроджанае абдумванне, “урастанне” думкі ў рэчаіснасць і разгалінаванне яе вонкі найбольш дэманстратыўныя ў зномах. Здольнасць увасобіць усё ў словах, нечаканых алюзіях і метафарах найбольш парадаксальна і лаканічна адбываецца ў квантэмах. Першы “этап” у гэтым шэрагу звычайна праяўляецца як пытанне альбо вербальная (слоўна-графічная) візуалізацыя. Другі – асэнсаванне, “ачалавечванне”, перакладанне “ў сябе”  праблемы ці з’явы, а напрыканцы (амаль заўсёды) – падагульненне, выснова, часам парадаксальны фінальны акорд.

 

Ноч гасіць у вокнах агні

і дыхае ветрам і лёдам.

Нібыта ў рацэ акуні,

ўва мне

касякі мелодый.

А я,

непапраўны рыбак,

з няпэўнай надзеяй на ўдачу

хаджу па нямых берагах,

чакаю,

маўчу

і рыбачу.

 

Гэтая схема даволі ўмоўная, дый тычыцца хутчэй невялікіх твораў (версэты, пункціры, вершаказы), нярэдка ўсё адбываецца адначасна ці непаслядоўна, а выснова можа сама стаць пытаннем і падставай для наступных здумленняў. Аднак у творчым набытку Разанава ёсць шмат опусаў, якія назваць лаканічнымі ніяк не выпадае, гэта тычыцца ягоных баладаў і асабліва паэмаў. Вядома, малады паэт жыў у сваім часе і за Саветамі не прамінуў абавязку пісаць “на зададзеную тэму”, гэтаксама як і “моды” на нацыянальна-гістарычных герояў. І тут, як кажуць знаўцы, галоўнае не пра што, а як. Трэба аддаць належнае, пра Рагнеду, князя Вячку ці Каліноўскага ён пісаў тады, калі тое не было мейнстрымам і пра іх мала хто ці што ведаў, дый рабіў тое не “на заказ”, а з уласнай прыхільнасці. Нечакана ён напісаў і пра абарону Брэсцкай крэпасці (паэма “Назаўжды”, 1974 г.). Не думаю, што хоць адзін літ-спец з пагонамі альбо куратар з ЦК змог дачытаць паэму да канца, а калі б і дачытаў, то наўрад бы што ўцяміў, настолькі доўгая, не па-тутэйшаму складана-метафарычная і далёкая ад узораў сацрэалізму рэч выйшла з-пад яго пяра. Але потым былі яшчэ “Каардынаты быцця” і, нарэшце, “Шлях-360” – этапная кніга, пасля якой усё і ўсім стала “ясна”.

 

…Я моўчкі плакаў, а яны пайшлі,

ад іх прастаўся шлях,

вяло іх сонца,

ім дрэвы зелянелі,

ручаі

звінелі ім,

памерці і ўвасрэсці –

быў сёння першы дзень –

яны ішлі,

накрэсленыя мной –

я дачакаўся…

 

Так заканчваецца “другая паэма шляху”, а квантэмай – завершаны абшар / начую ў снах / з-за небакраю / дзівіцца / слязіна – і сама кніга. Што гэта за “сюр”? Дзе ўсё адбываецца – у мінулым, будучым ці ў аўтарскім сне? І што за апакаліптычная “слязіна” вісіць за небакраем у 1981 годзе, калі сацыялізм канчаткова перамог усіх магчымых і немагчымых ворагаў, а сонца савецкага шчасця высушыла слёзы ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва?! Ад многіх тэкстаў (і не толькі паэмаў) Разанава пытанняў застаецца больш, чым адказаў. А хіба гэта добра? Каму ж яно спадабаецца: заслужаным аксакалам і мэтрам? Ці простым чытачам ад сахі і станка? Між іншым, аддамо належнае нашым літаратурным аксакалам, яны падтрымалі маладога “летуценніка”, бо толькі пад іх пільнай “аховай” – уступ П. Панчанкі, пасляслоўе В. Бечыка і рэдакцыя У. Караткевіча – кніга “Шлях-360” з’явілася на свет. Трэба сказаць, тое было не зусім па-савецку,  а то й наадварот, нешта кшталту “літ-дыверсіі”: бачыў, чытаў, не ўсё зразумеў (?), але… ухваліў! Пэўна, асабістая сціпласць паэта, эзатэрычныя творчыя памкненні і прэтэнзіі толькі “на свой шлях” не рабілі з яго кар’ернага канкурэнта для закаранелых акадэмікаў і аўтарытэтаў, а прадчуванне, што белліт нарэшце атрымае нешта нечуванае, пераважылі “бальшавіцкія” страхі. У вузкіх паэтычных колах “Шлях-360” успрыняўся падзеяй рэвалюцыйнай, і наклад у 7 тысяч экзэмпляраў (сёння падаецца фантастычным) тады разышоўся па бібліятэках і сховах амаль незаўважна. Не думаю, праўда, што шмат чытачоў прачыталі, а тым больш рэальна ацанілі той зборнік, бо рабілася яно “навырост”, дзеля беларускай будучыні і мройных тады перспектыў на рэальнае адраджэнне. Ці ж не “сюррэалізмам” было марыць у 1981 годзе пра духоўную свабоду, беларускую незалежнасць і вызваленне ад камунізму?

Аднак сур’ёзна звязваць Разанава з сюррэалізмам (за выключэннем, бадай, такой аўтарскай формы, як квантэмы) не выпадае, бо стрыжнем ягонай творчасці ёсць рацыя і логацэнтрызм, выкарыстанне ў будове тэкстаў логікі слова і першаснасці думкі, абавязковая прысутнасць сэнсу ці нейкай высновы. Выпадковасці, імправізацыі, спантаннасці тут амаль не сустрэнеш. Усё ідзе нібыта па загадзя вызначаным, вывераным шляху да пэўнай мэты і выніку. Хіба што не заўсёды гэты шлях наўпрос­ты і часцей ідзе па складанай ці кругавой траекторыі (лічба 360 у назве – спасылка на геаметрычны круг). Калі чытаеш Разанава, заўсёды ёсць адчуванне, што аўтар загадзя ведае, чаго хоча, і што ў выніку атрымаецца, нібыта ў яго ёсць нейкі план, матрыца ці “навуковы” метад, які ўпэўнена вядзе да ісціны, кожны раз нібыта іншай, але ў нечым пастаяннай і нязменнай. То бок ягоныя тэксты амаль заўсёды здаюцца рацыянальнымі, павучальнымі, складзенымі штучна і наўмысна… проста. Але прастата не ёсць эквівалентам банальнасці альбо лёгкай зразумеласці, часцей шматслоўная балбатня бывае павярхоўнай і пустой, а лаканізм і нават паўзы маўчання – глыбокімі і сэнсоўнымі. Вось гэтая знешняя нібыта-даступнасць, а рэаль­ная непадступнасць, закадаванасць многіх разанаўскіх тэкстаў робіць уражанне ірацыянальнай моўнай “алхіміі”. Такі парадокс – прастата, логіка і разважлівасць – можа быць расцэнены ледзь не як містыка і акультызм.

Ёсць меркаванне, што тэксты Разанава маюць медытацыйныя вартасці. Калі сыходзіць з усходняга трактавання медытацыі (а яно разам з распаўсюджваннем усходняй культуры ў свеце цяпер пераважае), то медытацыя мае на мэце выключэнне свядомасці, індывідуальнага мыслення, адыход у стан “пустаты”, “касмічнага розуму” ці нірваны. І тут разанаўскія вершы і проза ідуць “супраць цячэння”, бо іх чытанне вымагае якраз інтэлектуальнага напружання, услухоўвання і ўдумвання ў словы, мабілізацыі памяці і моўнага вопыту, дамыслівання ці дабудовы аўтарскіх вобразаў, то бок патрабуецца нешта адваротнае таму, на чым грунтуецца традыцыйная медытацыя. Але тое, што адбываецца пасля чытання, – здумленне, духоўнае прасвятленне, душэўная раўнавага, адчуванне набліжэння да ісціны (паводле раза­наўскага вызначэння “паэтычнае рэха”) – можна ўжо трактаваць як свайго роду інтэлектуальную медытацыю альбо “медытацыю ў свядомасці”. Што ні кажы, а хоць нейкая карысць ад такой непрактычнай “пані”, як паэзія.

Што да сюррэалістычнасці разанаўскіх квантэмаў, то тут сапраўды ёсць пэўная рацыя. Бо гэтыя кароткія творы, што складаюцца з некалькіх візуальных ці гукавых вобразаў, на першы погляд абсалютна выпадковых і ніяк не звязаных між сабой, маюць прыхаваны сэнсавы патэнцыял. Вось напрыклад:

 

ахвяры абуджаюцца

нажы

з’ядаюцца іржою

чую рэха

хлеб аржаны

 

Калі ахвяры і сапраўды могуць быць зарэзаны нажамі (а потым ачуняць, бо не памерлі), а нажы ў сваю чаргу становяцца ахвярамі іржы (бо засталіся без працы), то пры чым тут новыя героі гэтай “масакры” – рэха і хлеб? Можа, тое ёсць аўтарскім сном, які ён проста занатаваў без “задняй думкі” (любімы занятак сюррэалістаў)? Добра, хлеб таксама рэжацца нажом (гэта яго будзённая “ахвяра”), а якім бокам тут рэха? Нож робіць усё ціха, моўчкі. Можа быць, не да канца “зарэзаныя” ахвяры спрабуць нешта “прамаўляць” на рэха-мове? Звернем увагу на літары і гукі. Ахвяры-рэха-хлеб – хэкаюць зусім як паміраючы на апошнім выдыханьні. Абуджаюцца-нажы-іржой-аржаны – рэжуць, абражаюць, а магчыма (тыя яшчэ гáды!) – іржуць. То бок мова забойцаў больш жорсткая і жарсная, чым мова ахвяраў. Можа, пра гэта і паведаміла аўтару рэха? Атрымліваецца, што, акрамя візульна-рэчавага шэрагу, у квантэме прысутнічаюць і чыста гукавыя сувязі, якія хаваюць іншыя сэнсы і нюансы, напачатку нябачныя воку, нячутныя вуху і не зразумелыя розуму. А яшчэ ў квантэмах часта сустракаюцца наватворы, ірацыянальныя вобразы, сутыкаюцца парадаксальныя словазлучэнні, абстрактныя з’явы: чэрап пячор… вязні зла… месяц у лязе… апрануты ў прамень… жаданняў джалы… твар вераду… цень цішыні… насення вочы… прадонне з крыку… і г.д. Тут часта прысутнічае эфект алітэрацый, гукавай гульні, але для Разанава гэта не самамэта, а сродак адшукаць іншы паварот думкі, новы сюжэт, небанальны сэнс. Калі казаць пра “ізмы”, то ў яго творах прысутнічаюць элементы не толькі сюррэалізму, але і сімвалізму, экспрэсіянізму і нават абстракцыянізму. Ён адкрыты для розных спосабаў выказвання, але арганічна ўпісвае іх у сваю творчую канцэпцыю. Такія ж прыёмы прысутнічаюць і ў паэмах, вершах, версэтах, вершаказах, хіба што ў квантэмах яны даведзены да ступені крайняй лаканічнасці, слоўнай звышэканоміі, бадай нават да выгляду гука-сэнсавах іерогліфаў, дзе двума-трыма моўнымі рухамі (слоўнымі рысамі) закладаецца некалькі паведамленняў-вобразаў, і, каб іх расчытаць, чытачу прапануецца актыўны інтэлектуальны суўдзел, то бок прайсці праз тое самае здзіўленне, здумленне і хаця б унутранае прамаўленне, праз якія прайшоў аўтар. Правакаванне на супрацу, а не толькі пасіўнае спажыванне чытачом паэзіі, – вось тое новае, што нясе творчасць Разанава.

Што ж такога нязменнага (акрамя веры ў свой шлях-дао і паэтычнае наканаванне) ёсць у ягонай творчасці? Ці існуе нейкая матрыца, скразны прынцып, які выводзіць ягоную думку з цёмных лабірынтаў здумлення да рацыянальна-лаканічных высноў? Тое, што найперш кідаецца ў вочы, – разанаўскі дуалізм ці нават яго амбівалентнае светаўспрыманне.

 

Палову жыцця падаюся ў свет,

палову – варочаюся са свету,

палову жыцця пішу на дарозе свае імёны,

палову – закрэсліваю напісанае,

палову жыцця расту ад зямлі,

палову – расту з зямлёю:

і ўсё менш у ва мне мяне, і усё больш

бязмежжа.

 

Існаванне душы і цела, левай і правай паловы, неба і зямлі, мінулага і будучыні прызнаецца ўсімі і для большасці людзей гэта не праблема. Нехта аддае перавагу душы і небу і лічыцца ідэалістам, нехта – зямлі і целу і будзе абазваны матэрыялістам, нехта трымаецца за мінулае і традыцыі і завецца правым кансерватарам, а нехта мроіць будучыняй і хінецца ў левы бок, магчыма, да лібералаў ці анархістаў. Хтосьці верыць у Бога ці багоў – і мае права звацца вернікам, нехта верыць толькі ўласным вачам, вушам ці “брытанскім вучоным” і кажа, што ён скептык. І толькі некаторыя спрабуюць трымацца “залатой сярэдзіны”, экзістэнцыйнай раўнавагі, той невідавочнай лініі падзелу між супрацьлегласцямі свету: святлом і цемрай, рухавасцю і спакоем, болем і радасцю, праўдай і крыўдай, беднасцю і багаццем, злосцю і мілосцю… Алесь Разанаў з ліку такіх рэдкіх людзей. А паколькі гэтая мяжа празрыстая, як цень, тонкая, як лязо, хісткая, нібы акіянская хваля, то, каб утрымацца на ёй, трэба вялікае майстэрства раўнавагі, духоўнай засяроджанасці і выключнай інтэлектуальнай рухавасці, як у таго зацятага сёрфінгіста, што шукае-ловіць “сваю” хвалю ледзь не ўсё жыццё, а злавіўшы, трымаецца на яе хісткай паверхні з усіх сілаў і спрыту, каб падоўжыць момант палёту-падзення ў знерухомленую веч­насць. Бо гэты момант-палёт і ёсць для яго галоўная ісціна і апошні сэнс. Сутнасць Разанава-філосафа (а ці можна аддзяліць яго ад Разанава-паэта?) у тым, што ён ясна разумее дваістасць чалавечай (дый любой іншай) прыроды і немагчымасць яе пераадолець, не разарваўшы суцэльнасці жыцця, тонкую тканку штодзённага існавання. Ён хоча захаваць гэтую суцэльнасць хаця б у сваёй свядомасці, у віртуальнай прасторы свайго “Я”, бо ў рэальнасці, у свеце фізічных з’яваў і падзеяў скальпель быцця штохвілінна рэжа і раздрабняе суцэльнае на часткі, кавалкі, паверхі, сферы, якія то сутыкаюцца і кахаюцца, то паглынаюць ці канкурыруюць адно з адным. Вось гэтае нежаданне зрабіць “канчатковы выбар”, імкненне захаваць дваістую сутнасць, свой амбівалентны патэнцыял (адначасна рухацца ўперад і назад, угору і долу, вонкі і ўнутр), робіць постаць паэта адзінокай на фоне броўнаўскага руху, мітусні і жыццёвага кідання “з агню ды ў полымя” большасці людзей, у тым ліку і творчых. І ў той жа час метафізічная нерухомасць Разанава (вобраз “палёту стралы ў гліне”) суправаджаецца няспынным унутраным рухам, пошукам новых паэтычных формаў слова і думкі. То бок, знешні метафізічны пакой парадаксальным чынам спалучаецца з інтэнсіўнай духоўнай дыялектыкай, а творчая свабода з шляхам, які даўно наканаваны і вядзе да лагічнага канца.

 

Хто пытаецца ў мяне дарогу на ўсход, хто –

дарогу на захад…

Нібы раздарожжа, я паказваю ўсім, куды

ісці, а сам застаюся на месцы – на гэтай

зямлі, пад гэтым небам,

занадта лёгкі для глыбіні,

занадта цяжкі для вышыні, занадта цэласны, каб падавацца ў які-

небудзь бок…

Вось мая левая рука, вось – правая…

Я кладу зерне ў дол – і яно вырастае

ў дрэва: на адной галіне ў яго сонца,

на другой – месяц,

рознагалосыя птушкі з усіх канцоў свету

спяваюць на ім свае песні і ладзяць гнёзды…

Тут мой захад, і тут – усход.

 

Але ёсць у гэтай паэтычна-філасофскай гісторыі адзін нюанс, які шмат чаго змяняе. Тая метафізічная, прыроджаная бінарнасць (“дваістасць”), якую прынцыпова спавядае і якой кіруецца Алесь Разанаў, ёсць характэрнай рысай і гістарычнам наканаваннем… беларусаў і Беларусі. “Дзве душы” беларуса, адвечныя ваганні між захадам і ўсходам, поўначчу і поўднем, мінулым і прышласцю – сваеасаблівае “родавае пракляцце”, спадчынны “крыж”, які нясе наш народ шмат стагоддзяў. Нават тысячагадовае хрысціянства дарэшты не вынішчыла ў тутэйшым людзе паганства, якое існуе разам з ім у дзіўным сімбіёзе. Нездарма апошні народны паэт Рыгор Барадулін называў сябе “кшчоным паганцам”, а некаторыя менш помныя і менш адукаваныя з тутэйшых дасюль ходзяць у “праваслаўных атэістах”. Кажуць: чужая душа – цёмны лес, а калі іх дзве? То гэта ўжо лес і балота, выбрацца з якого без добрага павадыра, бадай, немагчыма. Вось так нечакана паэт-наватар, творца новых жанраў, заняты нібыта толькі паэтычнымі праблемамі і ўласнымі духоўнымі пошукамі, стаў выказнікам патаемных плыняў нацыянальнай самасці, самога духу беларушчыны, пра якія раней ніхто не прамаўляў так проста, метафарычна і рацыянальна.

Калі глядзець не толькі назад, але і наперад, мне здаецца, Разанаў высвятляе і універсальныя праблемы быцця і нават намацвае шляхі для іхняга “пераадолення”. Сённяшні свет ужо не бі- і нават не тры-палярны, а шматгалосы, шматвектарны, палінарны. Ніякае адно ўжо не можа перамагчы ці навязаць усім сваё бачанне, мову, ідэалогію, мадэль ці мэты існавання. Сусветная мара пра манаполію духу і волі засталася ў мінулым. Разнастайнасць, поліфанія, альтэрнатыўнасць і ўзаемапранікненне культураў, моваў, звычак стала нашай рэальнасцю і наканаваннем. І гэта не радасны марш пад фанфары, як уяўлялася камуністам, глабалістам ды іншым аптымістам. Гэта няпросты, малапрыемны, для многіх балючы працэс упускання ў сябе чужога і новага ды выдаленне альбо здача “ў архіў” свайго і старога. Шлях – гэта не столькі паверхня, па якой мы ідзем, колькі тое, што аддаем і кладзем сабе пад ногі. Жыццёвы шлях нельга “пераадолець”, яго трэба працерабіць сабою, выкласці сабою, стаць ім самім. У гэтым сутнасць разанаўскай “навукі”, яе сіла і… слабасць: яна вучыць унутранаму руху, інтэлектуальна-духоўнаму пераўвасабленню, самабудаўніцтву, але не можа паўплываць на знешні свет, дзе трэба пастаянна рабіць выбар, рухацца толькі ў адзін бок, займаць пазіцыю ці апазіцыю.

Можна стварыць бізнес-імперыю, новую навуку, быць героем мас-медыя, а можна быць калгасным пастухом, бамжом ці непрыкаяным паэтам – вынік будзе той жа, кола замкнецца там, адкуль яно пачалося, любы шлях прывядзе да лагічнага канца, да “абнулення”, да прорвы ў нішто… Уся розніца толькі ў тым, чаго больш было на гэтым шляху – болю і радасці, шчасця і пакут, страт і здабыткаў альбо – роздуму і раўнавагі. Амбівалентвасць азначае, што ўсяго заўсёды будзе пароўну, і як бы многа чалавек ні напладзіў дабра-зла, святла-цемры, розуму-дурасці – прырода-сусвет застанецца на сваім месцы, пры сваіх “інтарэсах”. Дык навошта кудысьці імкнуцца, рваць жылы і сэрца, сушыць і плавіць глузды, выходзіць за межы магчымага і немагчымага?.. Гэта ўжо пытанне не да паэта, а можа быць і не да філосафа. І хто ўвогуле сказаў, што на ўсе пытанні павінен быць адказ? Калі маеш свой шлях і пакліканне, то ідзеш ім да самага канца, нягледзячы на боль, папярэджанні ці мудрыя парады.

 

Куды? адкуль?.. – маўчанне…

Не дасць адказу час.

Стаю – і сам пытанне,

іду – і сам адказ.

 

Так казаў і так вёў свой шлях Алесь Разанаў.

 

P.S. І вось напрыканцы падумалася: наш аўтар – універсальны паэт-думаннік, эксперыментатар і прапаведнік мастацкага слова, візіянер, пратаганіст і настаўнік сучаснага беларускага дао… Нібыта нямала, але ж (зважаючы на той самы дуалізм і амбівалентнасць) азначым, якім не быў Алесь Разанаў, кім не здолеў (бо не мог) ім стаць: лёгкім, песенным, гумарным, іранічным, сатырычным, суб’ектыўным, усенародным, меладраматычным, трагічным, непрыкметным, адрынутым, дарэмным… Дзеля ўсяго гэтага (на шчасце) ёсць іншыя.

 

 


Апублікавана

у