Фелікс Баторын (№121)

Ужо нас мала, ды яшчэ мы ёсць

ЛЯ РУЧАІНЫ

(З народнага)

Мые дзеўка ў ручаіне

Ножкі белыя свае

І самой сабе ці плыні

Ціха песеньку пяе.

 

Пад’язджае неспадзеўкі

У вазку шыкоўным пан.

– Добра ты спяваеш, дзеўка.

Твар прыгожы твой і стан.

 

Бачу я ў табе пароду.

Я ж пародзістых люблю,

І цябе, дай толькі згоду,

Я графіняю зраблю.

 

Засмяялася, без злосці

Дзеўка свой адказ дае:

– Я не сучка, ягамосцю,

І пароды не тае.

 

П’ю з каўша, а не з графіна,

Ем я з місы, а не з блюд.

І ці ж стану я графіняй,

Пагадзіўшыся на блуд?

 

Пачастуйся дзікай вішняй,

Пакаштуй маіх дурніц1

І ў мясціне нейкай іншай

Пашукай сабе дурніц!

 

Сонца ззяе. Дзень чароўны.

Лёгкі ветрыка павеў.

У вазку сваім шыкоўным

Едзе пан, як мыла з’еў.

2021

 

 

ВОСЬМЫ КОЛЕР

Быў вецер рэзкі, дождж ільдзіста-колкі

І ў хмарах сонца ўжо чатыры дні.

Сем невясёлых колераў вясёлкі

Сутула паўставалі ў вышыні.

 

Было мне на душы журботна, золка.

І, гледзячы на цьмяны паўавал,

Пералічыў я колеры вясёлкі –

І восьмым я сябе прымаляваў.

2021

 

 

СУЧАСНАЙ ЧЭРНІ

– Ідзі сабе, – сказаў Агасфер.

– І ты ідзі, – мовіў Езус.

З прыпавесці пра Езуса і Агасфера

Свет будзе помніць вашыя імёны.

Вы безумоўна вартыя таго,

Як Агасфер, пракляты без праклёну

За злую абыякавасць яго.

2021

 

 

*  *  *

Укацілася поўня ў вакно,

Абудзіла,

Паказала кіно – не кіно,

Але дзіва.

 

З-за вакна, дзе абразіла хмель

Дзёрзкасць ветру,

У пакой уплываў карабель

Па паветры.

 

Рубка ясна была мне відна,

Срэбны вымпел.

Быў я ў хмелю, хоць кроплі віна

Нат не выпіў.

 

Дзьмуў зюйд-вест між сталом і вакном,

І не слаба.

Але хто там стаяў за стырном?

Гэта ж я быў!

 

Аберуч павяртаў я стырно

Гэтак звыкла…

Тут ускочыў наш кот на вакно –

І ўсё знікла.

 

Стала крыўдна. Пакінуў пасцель,

Выйшаў з дому.

А куды я той вёў карабель? –

Невядома.

2021

 

 

*  *  *

Пад сённяшняю вавілонскай вежаю

Я посцікі жабрацкія развешваю:

Як міласціны, міласці прашу.

А людзі ўсе кудысьці расспяшаліся,

А ў мовы ўсе жаргоны намяшаліся,

Бы ў шапку, дробязь сыплецца ў душу.

2021

 

 

*  *  *

Каб ведаць, чым закончыцца твой жарт:

Ці смехам, ці слязьмі, ці тым і гэтым?

І ў самым мяккім слове ёсць той гарт,

Што пакідае ў сэрцы злую мету.

2021

 

 

У ЗІМОВЫМ БЯРЭЗНІКУ

Устаў на познім золку я.

Тапчу сцяжынку к гаю.

Запозненае золата

На срэбра ападае.

 

Чарнее галка вугальна

Між золатам і срэбрам.

Чапляе галаву галлё,

Сукі таўкуць у рэбры.

 

Сарвалі шапку: хочацца

Цяпла замерзлым дрэўцам.

Вярніце ўбор, налётчыцы! –

Самому трэба грэцца.

2021

 

 

*  *  *

Зімовы вечар. Дзесяць.

У цішы снег рыпіць.

З-за хмаркі выйшаў месяц –

І ну свяціць, свяціць…

 

Ідзем па дачнай вулцы

Мы двое: кот і я.

Сабакі азавуцца

Дзяжурныя здаля.

 

І зноўку стане ціха,

І толькі снег рыпіць.

І хочаш верыць: ліха

Нябуджанае спіць.

2021

 

 

*  *  *

Нехта змераў адлегласць да Месяца.

Нехта змераў адлегласць да Сонца.

А адлегласць між душаў людскіх

Невымернай, як Космас, здаецца.

І не хопіць жыцця, каб яе

Скараціць хоць на нейкую цалю.

2021

 

 

*  *  *

Як цяжка стала мне насіць душу,

Напоўненую смеццем і каменнем.

Палёгкі ва Ўсявышняга прашу,

Ды вее з Вышыні неразуменнем.

 

“Душу ў цябе ўдыхнуў я, гэта – дар.

Яна твая, твая над ёй і ўлада.

Калі душы сваёй ты гаспадар,

Давесці мусіш сам яе да ладу.

 

Каменне па пустэльнях раскідай

І на памыйку вытрасі ўсё смецце.

І ўбачыш ты, што ёсць у свеце рай –

Не ў іншым нейкім, але ў вашым свеце”.

 

Ну як жа не паслухаць мне было?

– Зраблю, – кажу, а голас нейкі тонкі.

Камення ж не скрануць, як прырасло,

Захрасла й смецце, не трасецца вонкі.

2021

 

 

*  *  *

Пахне карой і жывіцай,

Пахне хваёвай ігліцай.

Гэтым паветрам жывіцца –

Богу лясному маліцца.

Тоўчу натоўчана процьма,

Хоць ты яго зацюкоўвай.

Мы раскаваліся, хоць мы

Не заўважалі аковаў:

 

Звыкласці нудных жалезаў,

Быту пудовых вярыгаў.

Як жа нам душы нарэзаў

Цяжкі ланцуг інтрыгаў!

Тут, у бары, ля крыніцы,

Хораша спіцца на моху.

Дыхаеш сонцам, жывіцай –

І ажываеш патроху.

2021

 

 

А ТЫ СКАЗАЛА

А ты сказала: не тужы.

Ды дзе ж узяць мне тую нетуж,

Калі скруціла цела недуж

І па душы паўзуць смаўжы?

 

Паўзуць і холадна, і ліпка,

Казычуць, не! – вярэдзяць, так,

Што пачуваешся, як ліпка,

З якой кару садралі,

Як

Пазбаўлены іголак вожык,

Як жук без крылцаў і без ножак

Ці як распораты пінжак.

 

А ты сваё ўсё: не тужы –

Ці ж нарасціць кару́ тугою,

Іголкі, крылцы – ўсё такое?

Маўляў, лепш песеньку злажы.

 

Пра што? Пра ўсё: пра Задыяк,

Пра лес, пра мора ці пра жыта,

Ці, як той бард, пра перашыты

Стары паношаны пінжак.

2021

 

 

*  *  *

На спелыя вішні злятаюцца птушкі і восы,

Хаваюцца-тояцца ў лісці ваішнёвым дзівосы.

І шэпчуць праменьчыкі сонца: з нас кошык спляці ты

І вішань збяры, жыццядайнаю сілай налітых.

Іх сок расцячэцца, напоўніць душы капіляры.

Вішнёваю ноччу прымроіш вішнёвыя мары.

2021

 

 

*  *  *

О колькі – немаведама! – разоў

У слоўніку, дзе розных слоў значэнні,

Вышукваць намагаўся я назоў

Таго, чаму не маю тлумачэння.

 

Праменнем асвятляла сонца стол,

А вецер памагаў гартаць старонкі.

Спыніўся ж на артыкуле АСЁЛ.

Намёк, быць можа, быў у гэтым тонкі?

 

Учытваўся я зноў, яшчэ, яшчэ…

Шматзначнае, – але не тое слова.

А тое, што душу маю пячэ,

Прапушчана, мажліва, выпадкова.

2021

 

 

*  *  *

Мы цяплу забытаму рады,

Стол і крэслы ў сад свой выносім,

Дзе алхімік па імені восень

Робіць золата са смарагдаў.

 

Я плачу́! – і сыпле дукаты

Нам на стол шырокай рукою.

Сумны труцень паўзе па ляўкоях,

Што цвітуць па краях цыраты.

 

Сваім выглядам кажа труцень,

Гэта ўсё, маўляў, паказное,

Раскідайся, маўляў, казною,

Покуль снежань не абанкруціў.

2021

 

 

*  *  *

Нас шукалі – сабе.

Мы шукалі – сябе

Даўнім метадам спроб і памылак.

Хтосьці каменем стаў, што і сталь не ўдзяўбе,

Ну а хтосьці – нібы той абмылак.

 

Не згінаючы спіны, свой лёс я нашу.

І ступаю я цвёрда, без мыліцаў.

Але ўпотай памацваю ўсё-ткі душу:

Ці не мыліцца?

2021

 

 

У ВЯНОК ЯНУ НЕСЛУХОЎСКАМУ

Воды ў чорнай бросні,

Неба ў шэрай плесні.

Не снуюцца кросны.

Не пяюцца песні.

 

“Можа быць, паночку,

Вам гарбаты ўлеяць?

Будзе мжыстай ночка:

Ручкі-ножкі млеюць.”

 

Ах ты, восень, восень,

Скруха ты –  скрушына.

Іскры, нібы восы,

З цьмянае лучыны.

 

“Доўга давядзецца,

Пане, жыць без сонца.

Ды куды ж падзецца?

Трэ снаваць красёнцы”.

 

Так, за справу брацца

Трэба адмыслова:

Трэба песням ткацца

З нашых родных словаў.

 

Сонца будзе. Будзе!

Сёння ж для зачыну

Нашым бедным людзям

Свеціць хай лучына.

2021

 

 

*  *  *

Снег крактаў пад цяжарам крокаў,

Каля ганку нарэшце змоўк.

Ад падвалін да самых крокваў

Апусцелы прамерз дамок.

 

Пад паветкаю – клетка дроваў,

У пакоі – няўтульны змрок.

Загудзела грубка, і з броваў

Іней сцёк па маршчынах шчок.

 

І запахла сасною смачна,

І пачулася ў напаўсне,

Нібы шэпча дамок удзячна

Штосьці добрае пра мяне.

2021

 

 

ТРЫ ДУДКІ

Надзея, патрабуй жыцця!

Ніна Мацяш

Столькі бруду наўкол, столькі змроку наўсцяж,

Што, жыццё, ты б магло і абрыдзець.

Тры чароўныя дудачкі Ніны Мацяш

Не даюць мне жыццё зненавідзець.

 

Шмат наўкола нязводных духоўных калек

У раскошных асілкавых целах.

Ды на іхні змяняць свой бязлітасны век –

Не, паэтка таго не хацела.

 

І праз боль адчуваючы радасць жыцця,

Што было несканчоным змаганнем,

Тры чароўныя дудачкі Ніна Мацяш

Ажыўляе і сёння дыханнем.

 

Калі ў першую дзьмуць, высыхае сляза,

У другую – агорне лагода,

Ну, а ў трэцюю – так заспявае лаза,

Што пускаецца ў танец свабода.

2021

 

 

*  *  *

Праз пустэльні сонных гоняў,

Праз віхураў каламуць

Гоніць снежань белых коней,

Сані, свішчучы, лятуць.

 

Ад зімы такой адвыклі

Мы ў апошнія гады.

Дух, прывялы і паніклы,

Зноў крамяны, малады.

 

Промнем гурбы сонца ліжа,

Зазірае ў сінь лагчын.

Просяць ногі лёгкіх лыжаў,

Вабіць сэрца далячынь.

20.12.2021

 

 

*  *  *

Стражэе муза. Ды не-не,

А засваволіць, загарэзіць.

А потым зноў давай цвярэзіць

Разблазнаванага мяне.

 

А я ў адказ ёй: смех ці ж грэх?

Ці ж праўды я жыцця не бачу?

І я хіба ж ад смеху плачу?

І гэты смех – хіба ён смех?

2022

 

 

*  *  *

Ужо нас мала, ды яшчэ мы ёсць.

Нас бачылі, нас недзе сустракалі,

Ва ўсіх грахах па звычцы папракалі –

Яшчэ камусь мы нібы ў горле косць.

 

Мы неўзабаве сыдзем, як сышлі

Шумеры, і этрускі, і дулебы.

Ды ўгноіўшы сабою шчодра глебу,

На гэтай застанемся мы зямлі.

2022

 

 

*  *  *

У цэнтры Мінска, каля Трэцяй клінікі,

Гняздуюць салаўі ў галлі прысад.

Іх не пужае ляск трамвайнай лініі

І стадыёна матчавы азарт.

 

Шмат вёснаў салаўі сюды вяртаюцца,

Каб у вакно радзільнай залы пець.

Тут асабліва радасна спяваецца.

Чаму? Зусім няцяжка зразумець.

2022

 

 

*  *  *

Яна расчыніць дзверы. Стане золка.

Яна прамовіць: час нам парадніцца.

Як вожык, натапыру я іголкі,

Але яна іголак не баіцца.

 

Як вожыка, яна мяне ў прыполе

У край знясе нязнаны і вядомы

І спыніцца ў пустым і цёмным полі,

І скажа, уздыхнуўшы: вось мы й дома.

2022

 

 

*  *  *

Я ўдзячны больш няўдачы, чым удачы:

Даруе ўдача дробныя грахі,

Няўдача ж прымушае жыць іначай,

Змятаючы ўсё смецце да крыхі.

2022

 

 

*  *  *

Зносяцца і сітчык, і ядваб.

Гурт дзяўчынак стане кучай баб.

Перад непазбежнасцю згасання

Вольны ты душой, а целам – раб.

2022

 

 

*  *  *

У застылай праўдзе фатаграфій

Непазбежна селіцца мана.

Крэўнаю сястрою эпітафій

Мне заўсёды бачыцца яна.

 

Тыя абвяшчаюць вечнай скруху,

Вечным боль ад незагойных ран…

Гояцца ўсе раны. Праўда ў руху.

Праўда, што спынілася, – падман.

2022

 

 

*  *  *

Два галубы масціліся ў паддашшы

І ціха буркаталі пра сваё.

Спаў каля плота інвалід, паддаўшы.

Базарыла на ліпе вераб’ё.

 

Шматкі ляцелі тапалёвай ваты,

На голаў наліпалі, на штаны…

Быў пяцьдзесят другі, галаднаваты,

У ранах, не загоеных з вайны.

 

За тое, што не дадавала рэшты,

Мужык у краме прадавачку крыў.

А Ромка, за мяне на год старэйшы,

Пра будучыню нашу гаварыў.

 

“Тады не будзе п’яных інвалідаў,

А хлеба будзе – еш – ды не хачу.

Пасадзяць у турму касмапалітаў

І можна будзе верыць урачу.

 

Праклятую Амерыку мы звалім

І станем жыць, не ведаючы бед.

І кожнаму хлапцу таварыш Сталін

Падорыць асабісты лісапед”.

2022

 

 

*  *  *

Хай жа вам так не здаецца,

Што бяда ўжо і зацісне.

Знайце, ліха ператрэцца

І маланкай доля блісне.

Янка Купала

Перабалелы розум свой ахмелім,

Забудзем словы клятвы і кляцьбы,

Бяду на жорнах долі перамелем,

У нашых печах выпечам хлябы.

 

Забудземся хаця б на міг адзіны:

Хай здасца шчасце яваю жывой.

Да сэрца абыякавай радзімы

Прынікнем беспрытульнай галавой.

2022

 

 

ЭПІТАФІЯ НА МАГІЛЕ СТРАЧАНЫХ МАГЧЫМАСЦЯЎ

Задні розум з часцінкаю “бы”

Хіба ж гоіць разбітыя лбы?

2022

 

 

ДАЛЁКА-ДАЛЁКА

Далёка-далёка, за лесам, за морам

Насуперак страхам, сумненням і зморам

Ідзе па залітым святлом беражку

Ядвабнае шчасце

у сціплым вянку.

 

Гуляе, не ведае сварак, сутычак

У коле вясёлых братоў і сястрычак

Пад спевы саловак, пад водары руж,

Не знаючы слоты, віхураў і сцюж.

 

А мы ў неспакоі і думках бясконцых

Забылі, як ззяе спагаднае сонца,

Забылі пра гукі і пахі вясны

І снім у знямозе нязбытныя сны

 

Пра тое, як дзесьці за лесам, за морам

Насуперак страхам, сумненням і зморам

Ідзе па залітым святлом беражку

Ядвабнае шчасце

у сціплым вянку.

2022

 

 

ПАМЯЦІ ПАЭТА Анатоля ВЯРЦІНСКАГА

Хоць каляндар назад гартаецца

Па тыднях, месяцах, па днях,

Але ўсё лепшае вяртаецца

Да нас адно, на жаль, у снах.

 

У зразумелае, вядомае,

А значыць, ва ўчарашні дзень

Нас кліча нешта падсвядомае,

Што ўсё не гоніцца ў каршэнь.

 

Таму́ заўсёды ў чымсь няшчасныя

Мы на працягу многіх год,

Што з нас і самыя сучасныя

Вядуць з учора радавод.

2022

 

 

*  *  *

Ходзім па самым краі,

Носім на шыях петлі,

Пекла робячы раем,

Які нам стане за пекла.

 

Раны  свае вярэдзім мы,

Сябе за грахі караем

І не знаходзім сярэдзіны

Паміж апраметнай і раем.

2022

 

 

ГАЛУБЫ

Кружацца, садзяцца, узлятаюць зноўку

У прадвесня высі галубы.

А блакіт празрысты то падобны шоўку,

То паркаль нагадвае рабы.

 

Галубы з касцёла на царкву садзяцца,

З даху сінагогі – на мячэць.

Там, дзе ім утульна й зацішна, гняздзяцца,

Бог адзін – даюць нам зразумець.

2022

 

 

*  *  *

Твар, як у лорда.

Прыгледзеўся – морда!

2022

 

 

*  *  *

Доля, з цяжкіх жалезаў скутая,

Параўняла тых дзвюх сурова:

Што ў Ялабузе адпакутаваць,

Што ссамоціцца ў Камарове.

 

Дзве жанчыны, два светлых геніі

У раі напаўняюць чашы,

Прапануюць Ларысе Геніюш:

“Далучайся да трызны нашай”.

2022

 

 

*  *  *

Грае нешта скрыпач – пуста ў шапцы –

Ў пераходзе каля казіно.

На спагаду ловячы шанцы,

Ён стаіць тут ужо даўно.

 

У рулетку жыцця прайграўся,

Мучыць скры́пачку дзень пры дні.

Ні пад Шнітке, ані пад Штраўса

Не даюць ні рубля ані.

2022

 

 

ХАЎТУРЫ

А хто там ідзе?..

Янка Купала

Ці пяюць, ці адпяваюць,

А ці плачуць нараспеў?

І каго ж ці што хаваюць?

Ён памёр альбо даспеў?

 

Праз калоддзе і пакуты

Што/каго нясе народ,

Што з сябе зрывае путы

З дня ды ў дзень і з году ў год?

 

О, бясконцыя хаўтуры

Дзён учорашніх сваіх!

Ані буры, ні віхуры

Ні на міг не спыняць іх.

2022

 


Апублікавана

у