Леанід Галубовіч (№122)

…І будаваць надзеі храм

 

*  *  *

У маёй галаве – цэлы свет існуе,

які разам са мною сканае.

Трэба неяк яго ўратаваць –

волю даць,

вонкі выпусціць,

покуль не позна…

 

 

ЗАЗІМАК

На вуліцы – паўзімы.

Там – дрэвы, нібы хімеры,

нахохленыя дамы,

гандлёвых радоў галеры;

 

ледзь-ледзь – нібы ўроскід – снег,

бы з зор рассыпаны ўночы…

Як быццам прачнуўся ў сне

і з явы за сном тым сочыш.

 

Ссівелая стынь травы.

Скалелыя рукі клёна.

Настылы свет, паўжывы,

стуляе вейкі стамлёна.

16 лістапада 2011

 

 

*  *  *

Дзікія качкі целам сваім

саграваюць палонку ў канале,

не даюць зімнай плыні

застыць канчаткова…

То падступае лёд,

то адступае,

а яны, сабраўшыся граем,

грэюцца-раяцца:

як выстаяць ім застуду?

На жаль,

жалобны жолаб жыцця

звужаецца

на даўжыню

знядужаных

крыл…

7 лютага 2021

 

 

*  *  *

Я часта думаю пра мёртвых,

якія мне былі бліжэй,

калі ім быў аптэчны морфій

за ўсё на свеце даражэй.

 

Чапляцца за жывых без сэнсу –

як будаваць надзеі храм,

дзе па табе адслужаць месу,

якой ужо не ўчуеш сам.

28 сакавіка 2010

 

 

*  *  *

Купіў насценны каляндар,

прысвечаны Алесю Разанаву.

Прыладзіў у вітальні.

Апранаючыся перад выхадам,

заўжды сутыкаюся з яго строгім

класічным позіркам.

–Ты куды? – пытаецца ён.

– У свет, – кажу, –

бо знялюдзеў на адзіноце…

Вярнуўшыся,

зноў апынаюся перад яго вачыма.

– Ну, што новага ў людзях? –

пытаецца ён.

– Анічога… –

адказваю я роспачна,

нібы сам вінаваты ў гэтым.

 

І скрушна перакідваю

чарговую старонку календара…

27 кастрычніка 2022

 

 

НА КАЛЯДЫ

У мамы былі бабуліны кросны,

ткала яна то капу, то дыванок…

Днём зімовым ясным, марозным

стукалі бёрды і плаваў чаўнок…

 

Я, малы, але самы старэйшы,

гартаў на печы Купалаў том

і пад дзедаў кашаль старэчы

там забываўся дзіцячым сном…

 

І вось праз столькі гадоў прачнуўся:

няма ні мамы, ні кроснаў тых,

і толькі я на імгненне вярнуўся

да дзён, сатканых з хвілін былых…

2 студзеня 2016

 

 

У ВЯНОК ПАМЯЦІ НІНЕ МАЦЯШ

Хто не ходзіць, той – лятае

(люд шануе, Бог – вітае).

 

Ад бацькоўскага камля:

табе – неба, нам – зямля.

 

Мы з утомы – да падушкі,

а табе – хоць бы ў пастушкі…

Нам – вясельны хмель гурбы,

табе – сонмішча журбы.

Плач разбудзіць нас дзіцячы,

Ты ж сама заб’ешся ў плачы…

 

Днём зямны мы торым шлях,

ты ж свой творыш па начах.

Зерне літар родных сееш

на загон свайго дысплея,

праз світальны манітор

вылятаючы ў прастор…

 

А ўзлятала ты высока,

што не раз знікала з вока…

Сёння вось – зусім прапала…

Бог паклікаў, сіл не стала?

 

Калі – так, прашу я ў Бога,

каб судзіў цябе не строга

не таму, што ты нябога,

а таму, што ў родным краі

дастаткова ўжо каралі.

Пацягалі тут па пекле –

памяць, мову й годнасць секлі…

 

Ты ж, Тварэц, памылку выпраў –

адмыслуй, дзе схібіў прыкра.

 

Дай ёй Там з народам гожым

пахадзіць па Раі Божым…

25 снежня 2008

 

 

СТАРАСЦЬ

Ад страты памяці і слоў

сыходжу ў царства мрой і сноў…

Там ясны свет і чысты подум –

і смерць адкладзена на потым.

9 верасня 2021

 


Апублікавана

у