Дар’я Ліс (№123)

Не кажы бабулі

Біяграфічны расповед

Памяці маёй бабулі Таццяны Васільеўны Ліс

Бабуля стала ўдавой у тым узросце, калі я і не думала ісці замуж. Зрэшты, мяне не звалі. Каму патрэбны праблемы на сваю галаву? Канечне, дзед пра такое не думаў, закахаўшыся ў бабу Таню ў 6 класе. І свае праблемы атрымаў… Затое жылі яны весела, хоць бабуля ніколі не была ідэальнай жонкай, а – тым болей! – гаспадыняй.
І дзед, пэўна, таксама, не быў ідэальным мужам і гаспадаром, хоць яго ведаю адно па расповедах…
І расповеды заўжды на яго карысць! Мала пражылі, затое насычана, пакуль ён не памёр у 40 год ад інфаркту. А яна пражыла большую частку жыцця ўжо без яго, пасля яго… І амаль пра ўсё забылася. Альцгеймер – штука такая. Напэўна, я павінна трохі расказаць пра іх жыццё, пра яе жыццё, раз ужо мне 39, а я не вару баршчы, не смажу катлеты і не маю дзяцей… На жаль ці на шчасце – хто ведае? Скласці дакладнае генеалагічнае дрэва – справа добрая, але сумная. Тут мне не хопіць цярплівасці. Іншая рэч – гісторыя. Караценькія гісторыі.

Баба Таня вельмі любіла і часта згадвала свайго бацьку Васіля. Ён быў шавец, працаваў у чыгуначных майстэрнях горада Маладзечна. Падчас другой сусветнай меў па гэтай прычыне бронь. Памёр рана з-за цукровага дыябету і адсутнасці інсуліну ў Смаргоні. Прадзед толькі-толькі пабудаваў у Зарудзічах новую хату з высокай столлю, са смалістых яшчэ, моцных, прыгожых бярвёнаў… І парадавацца ёй не паспеў. Але паспеў парадавацца, што дачка Таня пайшла вучыцца! Вельмі ганарыўся, што на іх беднай зямлі будзе настаўніца. Бабуля пасля 7 класаў беларускай школы паступіла ў Ашмянскае педвучылішча. Настаўніца пачатковых класаў – ого! Новыя боцікі на абцасіках. Халодныя “папуткі”. Стос спечаных бліноў і сала з сабой… А галовы студэнткі мылі ў Ашмянцы – шкадавалі капеек на лазню. Асобная гісторыя.

Бабуля распавядала, як пабраліся ейныя бацькі – і гэта стала адной з самых яркіх гісторый майго дзяцінства! Васіль быў бедны, меў вузкую палоску зямлі і жыў з маці Уллянкай у вёсцы Зарудзічы. Антаніна, Антоля, была адной з пяці дачок у заможных Пётры і Настулі Зяневічаў з Сівіцы. Была прыгожай. Адна бяда – кавалер Сяргей сышоў у Савецкую Беларусь і, пэўна, забыўся пра яе… Прапаў… А тут Васіль пасватаўся… Што рабіць? Замуж ісці! Ды толькі перад самым вяселлем Сяргей вярнуўся з-за мяжы. Даведаўшыся пра шчасце каханай, паабяцаў застрэліць. У цэнтры вёскі, на плоце, нават афішу тэматычную размясціў. Маладыя ехалі з вёскі ў вёску схаваўшыся, каб “камуніст” не забіў. Абышлося. Расчараваны герой вырашыў ажаніцца з малодшай сястрой сваёй былой каханай. І звезці яе ў шчаслівае жыццё на ўсходзе. У Савецкай Беларусі.

Прыйшоў да прадзеда Пётры і пасватаўся да малодшай – чарнавокай прыгажуні Марыі. Ад пасагу адмовіўся, затое прыгразіў вочы выкалаць дзяўчыне, калі не аддадуць за яго… Запрог Пётра жарэбчыка і павёз малодшую дачушку ноччу да ўсходняй мяжы… Ёй было шаснаццаць. Вярнулася Марыя з Магілёва толькі падчас другой сусветнай. Без мужа, які згінуў у сталінскіх турмах, і без дзяцей, якіх вывезлі ўглыб Расеі ў эвакуацыю разам з дзіцячым садком. Сама яна была на дзяжурстве ў адным з магілёўскіх шпіталёў – не адпусцілі. Марыю не рэпрэсавалі і дзеці не трапілі ў дзіцячы дом. Пашанцавала. Яна доўга шукала сваіх хлопчыкаў, баялася, што трапілі ў Германію… Знайшла іх – Валодзю і Аліка – пад самы канец вайны. Выйшла замуж другі раз. Няўдала. Памерла ў доме-інтэрнаце ў Наваградку, бо стала холадна ў старой хаце, а ў жыцці дзяцей і родных месца бабе Марыі – Сабілісе, як яе ўсе звалі па першым мужы Сяргею Сабілу! – не знайшлося. Антолі і Сарафіны ўжо не было ў гэтым свеце, а Ніна і Волечка да сябе жыць не пазвалі. Час ад часу баба Марыя гасцявала ў пляменніцаў –
Мані або Тані… А сын Ніначкі Славік апекаваўся ёй, наведваў і пахаваў на радзіме, у Залессі.

У сям’і Антолі і Васіля нарадзілася чацвёра дзяцей: старэйшы сын Сяргей (супадзенне або не змагла першае каханне забыць?), Марыя, Тац­цяна і Соф’я. Усе, акрамя Мані, нарадзіліся ў халады, зімой. Бабуля – на Вадохрышча, 19 студзеня. Жылі не вельмі заможна, але і не бедна. Усе мелі добрыя боты, вучыліся ў школе, а ў лепшыя часы ў сям’і была нават нянька Танька – бяднейшая дзяўчына з радні, што дапамагала Антолі з дзецьмі. Васіль любіў жонку, дзяцей, прывозіў з горада прысмакі (мёд, арэхі, цукеркі…). Але паспрабуй пакінуць пасля вуліцы непачышчанымі боты – ого! Падымаў малых з-пад коўдры і прымушаў чысціць. Мянушка была ў прадзеда – Мяцеліца!

У час вайны вяскоўцы баяліся партызанаў, а не немцаў. Па той простай прычыне, што немцы ў Зарудзічах займаліся коньмі, а не расстрэльвалі людзей, гэта не былі часткі СС. Ганс частаваў малую Таню цукеркамі “Бім-бом” і казаў, што не хоча вайны, – хоча хутчэй вярнуцца да жонкі і дзяцей. Але былі і іншыя гісторыі. Аднойчы ў хату зайшоў худы чалавек і папрасіў хлеба. Палонны салдат уцёк з лагера. Антоля пасадзіла есці, наліла капусты, а Васіль зарыентаваўся хутчэй: забраў адзенне і кінуў у печ, даў сваю вопратку, сала, хлеба і выштурхаў у жыта, да ракі… І адразу пачуўся брэх сабак на падворку. Палонны паспеў перайсці рэчку – аўчаркі згубілі след. Усе засталіся жывыя. Васіля і Антолю ніхто не выдаў. Бабуля праз усё жыццё падтрымлівала сяброўскія стасункі з суседзямі – і старымі, і новымі… Гэта такая сямейная традыцыя.

Суседкі Таня і Зіна сябравалі, і калі бацька Зінаіды Антонаўны вярнуўся з вайны, то навёз шмат паперы, з якой дзяўчаты рабілі сшыткі. Потым яны разам паступілі ў Ашмянскае педвучылішча і чатыры гады ездзілі туды з Зарудзічаў на “папутках”… У кузаве, схаваўшыся ад ветру… А потым усё жыццё сябравалі і працавалі разам ужо ў Залескай школе. Зіна час ад часу брала з сабой паляндвіцу: жылі багацей, бо было іх з сястрою двое і тата быў жывы.

Ашмянскае педвучылішча – асобная гісторыя. Бабуля часта прыгадвала, што найболей баялася алгебры (ёй сніліся жахлівыя сны пазней – стаіць ля дошкі, здае і не можа здаць алгебру!). І ганарылася, што заўжды ўдавалася ўсё паздаваць і атрымаць стыпендыю. Праўда, аднойчы не здала і, каб было што есці, узялася за працу – цягаць брыкет і паліць печы ў вучылішчы! Трохі дапамагаў дзед (вучыўся ў тых самых Ашмянах на механізатара…). Не высыпалася. Хтосьці выпадкова спаліў прыгожыя боцікі, пашытыя татам, якога ўжо не было ў жывых, – студэнткі сушылі абутак ля печы…. І хата, іх высокая новая хата, згарэла ў тым страшным зарудзіцкім пажары пачатку 1950-х. Не раз плакала Таня, чытаючы канспекты ля печы.

Дзед Пеця з бабай Таняй сустракаліся з 6 класа. Для яе было дзівам думаць пра другіх кавалераў і да вяселля з ім, і падчас жыцця з ім, і пасля яго смерці. І ў галаве не было! Прытым што чалавекам дзед быў няпростым, патрабаваў парадку ва ўсім – рэчы заўжды павінны былі знаходзіцца на сваіх месцах. Чыстыя насоўкі, адпрасаваныя штаны і кашулі. А бабуля магла пасля школы зайсці да бабы Мані, перакусіць там і ўсе справы абмеркаваць… А дзед ужо дома пасля працы закіпае – Тані няма!.. Карацей, ратавала іх сям’ю свякруха – Стэпачка, Сцефаніда Антонаўна. На ёй былі і гаспадарка, і ўнукі, і псіхалагічная падтрымка. Як бачыла такую бяду, то цішком брала сынавы порткі і выносіла Тані да брамкі – быццам тая ў Мані не за размовамі забавілася, а штаны зашывала. Маня – краўчыха вядомая, усіх сваіх і чужых абшывала днём і ўночы… Пеця заўжды пхаў ключы ў кішэні штаноў – яны рваліся! А па гуку любой машыны ці трактара мог зразумець, ці патрабуецца рамонт і які менавіта рамонт. Дзед быў прыроджаны інжынер і хварэў душой за сваю працу.

Іх і звалі Антолі – трох сясцёр Маню, Таню і Соню. У вёсцы казалі: “Гэтых Антоляў не перагаворыш (а пагаварыць яны любілі!) і не развядзеш!” І старэйшы брат – дзед Сяргей. Брат быў суворы і з дзявочай кампаніі выбіваўся. Малодшая Соня з вялікай ахвотай уцякла ад яго замуж, хоць муж Іван ад яе за ўсё жыццё добрае слова ці пачуў? Пытанне… Баба Соня зусім не шчодрая на добрыя словы. Дзед Сяргей зусім не быў падобным да свайго бацькі звышвыбуховым і жорсткім характарам. Жонка і дочкі не раз уцякалі ад яго праз акно да суседзяў (таму і рама другая, зімовая, выключна дэкаратыўную ролю ў заднім пакойчыку выконвала…). Сякера заўжды была недзе побач. Затое – акардэон! Ніводная бяседа без музыкі Сяргея не абыходзілася, без танцаў і спеваў.

І тут з’яўляецца агульная тэма для многіх мясцовых жыхароў – Дом адчынку ў сядзібе Агінскага, танцпляцоўка. Дзед Сяргей адзін час працаваў там. І ўсе мясцовыя лёталі ў “санаторый” пасля працы – на танцы! Баба Таня кідала Стэпачцы спачатку Юрку, потым Алега (разам з бутэлькай сцэджанага малака!) – і яны з дзедам Пецем ішлі на танцы праз вёску, да старых будынкаў у прысадзе не менш старых ліпаў. Тут збіраўся мясцовы вясковы бамонд і прыезджыя адпачываючыя. Прыгожымі сукенкамі ўсіх сваіх забяспечвала Маня, а Сяргей граў на акардэоне.

Асобная тэма – савецкія санаторыі. Дзед з юнацтва меў хворае сэрца і раз на год абавязкова выбіраўся кудысьці падлячыцца і адпачыць. Думаю, яму проста цікава было змяніць далягляды, вырвацца з вясковых і калгасных клопатаў – такі ўжо быў няўрымслівы чалавек! Разам у санаторый яны з’ездзілі толькі аднойчы – у Латвію, на рыжскае ўзмор’е: баба Таня была пасля аперацыі і адна не паехала б… Звычайна зімой яна не магла (школа!), а летам дзед Пеця не мог (уборка!). Дзед стаў першым дэпутатам Вярхоўнага савета ў нашай мясцовасці (адказваў за экалогію – хто пра яе думаў у тыя часы?) і меў магчымасць паехаць куды хацеў… Геаграфія паездак была даволі шырокай, як і стосы “пратакольных” фота з Крыма ці Каўказа. Затое сяброў падчас знаходзіў душэўных. З дзедам Жэнем з Мінска і яго сям’ёй яны пасябравалі на ўсё жыццё. Крыштаповічы прыязджалі ў вёску, а татка з дзядзькам Юрам бывалі ў сталіцы ў гасцях. Дзеда не стала, але гэта не змянілася, адносіны падтрымліваліся паміж сем’ямі.

Бабуліны санаторыі і перапіскі цесна звязаныя паміж сабой. У кожным санаторыі яна заводзіла сябровак, што падчас перарастала ў далейшыя сустрэчы і ліставанне. Бадай, самая яркая яе санаторская прыяцелька – баба Шура з Барысава. Яна і ў Зарудзічы прыязджала не раз. На памяць пра гэту жанчыну тут застаўся сіні жывучы вінаград ля хаты і доўга жыў сабачка Марцік, які пастаянна абрастаў хвалістай поўсцю, з якой несупынна змагалася прабаба Стэпа з дапамогай нажніцаў. Марцік насамрэч быў падобны да гарадской балонкі, якую жорсткі лёс занёс у вясковую будку… і тут ён пражыў доўгае жыццё. Не стала бабы Шуры – лісты ў Зарудзічы ляцелі ўжо ад яе мужа. Баба Таня старанна адказвала – і гэта была выключна настальгічная перапіска… Кавалерам яна дала адстаўку яшчэ на марскіх курортах. Адзін з першых пасля смерці дзеда быў па-за межамі Беларусі. І там сталы сівы ўдавец назваў бабу Таню эталонам прыгажосці і жаноцкасці, пазваў замуж, а для пачатку – на дачу. Дача была на Азоўскім моры, і паехаць можна было ў выхадныя разам з санаторскай прыяцелькай. На начальніцкай “Волзе”. Не паехала. Замуж усё роўна не пайшла б, то навошта чалавеку галаву дурыць? Талон, эталон… Хм. Памяняць у сталоўцы нелюбімы кавун на селядзец, схадзіць разам на танцы, паразмаўляць і трохі пажартаваць – так! І нічога больш. А было б цікава прыязджаць да бабы Стэпы ў Зарудзічы, а да бабы Тані – на Азоўскае мора! Не збылося. Затое мы пілі ружовае шампанскае!

Аднойчы на зімовыя канікулы баба Таня пазвала нас з сястрой Сашай і стрыечнай сястрой Воляй у госці. Была халодная марозная зіма, вялікая зала з напаленай печчу (напаліць вялікую хату было немагчыма!), часопісны столік, адбіўныя (бабуля рабіла іх выключна па святах!) і бутэлька малдаўскага ружовага шампанскага са скрыні на гарышчы. Дэфіцыт! Лёшкі з намі не было – адзіны старэйшы ўнук гадаваўся ў бабулі з дзядулем у суседняй вёсцы і толькі аднойчы пажыў у Зарудзічах, у самым пачатку… Разам – так, каб усе ўчатырох і без бацькоў – мы ў бабуляў не збіраліся. Неяк не супала… Быў своеасаблівы падзел – Волька з Лёшкам гадаваліся ў Міхневічах, мы з Сашкай – у Зарудзічах. Міхніцкія і зарудзіцкія ўвогуле рэдка супадалі, і так было не толькі ў нашай сям’і.

Бабуля любіла нас. І сваіх вучняў, школу, працу… Было літаральна два чалавекі, якіх яна не змагла навучыць чытаць, нават з улікам класаў па сорак чалавек. І ніколі не баялася мясцовых хуліганаў і алкаголікаў – памятала іх дзеткамі, вучнямі, а яны памяталі і паважалі Таццяну Васільеўну. А яшчэ бабуля любіла свае Зарудзічы, дзе пражыла восемдзесят сем год… Вясной, едучы да мяне ў Залессе праз маёнтак Агінскіх на ровары, яна часта брала першацветы – жоўценькія такія кветачкі… Цікава, ці занесеныя яны ў Чырвоную кнігу?

Залессе, лета-2021 – студзень-2023

 

 

 

 


Апублікавана

у