Маргарыта Аляшкевіч (№125)

Беражы словы

*  *  *

Збярыся – кажуць цукру ў гарбаце

Сепаруйся – кажуць камлю – ад каранёў

і галак

Ногі ў рукі і пераедзь – кажуць зямлі

 

Сонца аднавока перабягае шлях

напаўнеба

хаваецца ў кусты

больш не хоча свяціць злым

 

Божа, кажуць, ну будзь чалавекам!

Мы такія файныя табе затачылі нажы

ў Віфлееме

 

памры, а жыві

 

 

*  *  *

Мая пясчаная дарога

мае бяскрайнія лясы

Ты даў мне, Госпадзе, так многа

Завуць з далёкага парога

іх галасы

 

Птушынай мовай па хваінках

вядуць у невараць сляды

Бабулю туляць у абдымках

вясковыя клады

 

Стравела возера без дзеда

Дзе я плыла – цараць смаўжы

Павук сваёй таемнай ведай

нябыту рот зашыў

 

Любоў як човен беспрытульны

за шнар замкнёнае мяжы

З двара махае мне бабуля –

дамоў бяжы

 

 

(Сон)

Мне сняцца вершы

не мае

лепшыя

А ў мяне свайго ого

многа

Не трэба чужога

ідзіце к лешаму

іншаму

лепшаму

Нема я, і вапшчэ

сплю

а вершы

сняцца, і я іх

люблю

А яны – мяне

хоць і не ма е

 

 

(Страх)

Жывёльны страх пакарання

раслінны – страты карэння

Што пройдзе каханне,

што скісне варэнне

Ці вось яшчэ: дарожна-транспартныя здарэнні

Што дзеткі растуць адорвы,

а за іх спытаюць напоўніцу

Што ты неда-

адорана

і вершы твае не ўспомняцца

Што дзевачкай харошай памрэш

як цалкам правільны й дужа занудны верш

Што я толькі баяцца і ўмею

што ў мяне занадта вялікі рот

Што ты мяне не зразумееш

і наадварот

 

 

(Пяцікрылы Насабрух)

Маці павінна:

выпрастаць спіну,

перагрызці сабе пупавіну

прыбраць сваю кроў

перакласці вусцішны роў

у пяшчотную калыханку

дастаць сябе з танка

навучыцца зноў мыць галаву

вяртацца ў форму, у радок ці куды там

Яжемаць, адпавядаць!

Як быццам бы ты не памерла

не ўваскрэсла цяпер

невядомы звер

Прыхінаеш мокрую галаву

Бярэш асцярожна паветра

 

 

*  *  *

Накрэслена

Прачнулася лёткай, шчаслівай

на крэсле пакінула

цяжар гадоў

П’ю каву на жарале Кіліманджара

цукерку сонца распушчаю ў вадзе

Што далей, Госпадзе?

Мне трэба вярнуцца й глядзець дзяцей?

Новы дзень

нацягваю, распростваю, адмываю

Вітаю

 

 

*  *  *

Гарбузова галава

палыхае на градзе

Дзе ты быў? Ды так, нідзе,

сніў гарлачыку ў вадзе

доўгую нагу,

сніў зіму і выў тугу,

шыў аблокам на бягу

весялуху,

краем вуха цішыню

доўга-доўга слухаў,

гронкі грыз рабін і глогу,

церабіў дажджу дарогу,

цмока прыручыў, і з ім

волата на яблык збіў,

скінуў злыдня на траву

і адрэзаў галаву

месяцовым промнем!

Каб надоўга помніў!

Шчэрыць зубы галава,

і расце з іх трын-трава

 

 

(Вырай)

I

Набалелае неба глядзіць бусляняці ў вочы,

след прастыў родных крылаў і доўгіх ног,

трактар шчэрыцца на апошні стог.

Хадзі да мяне, буслянятка, хочаш?

Пойдзем разам спустошаным полем.

Як змагу, захіну

Бо не вернуцца – ах, ніколі! –

адляцелі шукаць вясну.

Спазніўся радзіцца, няўдалы які,

кінулі племя й бацькі,

каб мыць чобаты ў Ніле,

клекатаць трасянковаю суахілі –

ганарымся, наўчылі!

Страчаная малеча

– што нам застаецца?

Енчыць, пакуль адбаліць,

грэцца на печы

 

II

Птушкі вяртаюцца

беларусы – не

дзень спадзеў

прабівае леташнюю траву

гіне ў мароз

Зямля ўпоеная крывёй

без меры

поле костак

агульныя могілкі

курганы няславы

ідзі

мёртвым тварам травы

нясі боль гнеў стому дадому

Бяссілле

лопае крыламі

боця на ворыве

Ўсё будзе добра

Не ведаю, як

Не ведаю, як

толькі веру

 

III

Зямлю засейваю слязьмі

Дзе васількі мае цвілі –

няхай не вырасце нічога

Зямлю мне трактар на раллі

Гвалтуе пыл

мы адышлі

у неба ўздыбленай дарогай

 

 

(Падарожная)

Ўсе мы прыхадні, гэй,

трымайма вышэй паходні

Шлях наш доўжыцца, мора стаіць сцяной

Верны той, хто вядзе – імя яго дзіўна – агнём і пылам

Хто стаміўся, зняверыўся, гэй, спявайце са мной

 

 

*  *  *

Парадзіха

і маці забітага

выюць

на мове

болю

Матчына мова

не збавіцца,

не забыць

Калі будуць біць,

яна возьме цябе за горла

пачне табой гаварыць

Мова хіба жывых

Мова, якая помніць

людзей як звяроў

мова, якая

яднае

ўсіх

ёю крычыць

кроў

забітага

Сына

Згіне яна, няхай згіне

Пад новым небам

болей не будзе болю

Кожнае зерне крыві

прарасце мовай любові

А пакуль

беражы

словы

 


Апублікавана

у