Уладзімір Сцяпан (№125)

Я сёння ў школу не прыйду…

Навелы

Ластаўкі

Галя амаль уляцела ў кабінет сваёй начальніцы. Тая ся­дзела за сталом і чытала лісты карэктуры. Падняла вочы, зняла акуляры, паклала паўзверх карэктуры, уважліва паглядзела на Галю.

– Сімакоўская, тут павінен быў быць твой артыкул… – указальны палец начальніцы дзеўбануў у карэктуру. – Які сёння дзень?

– Серада, – з усмешкай адказала маладая жанчына.

– Табе тэлефанавалі ў панядзелак, шукалі ў аўторак… Што здарылася, дарагая: захварэла, суседзі залілі, тэлефон згубіла? – Пытанні гучалі здзекліва.

Галя са стрыманай усмешкай паказала тэлефон, які трымала ў руцэ. Рот яе быў прыпухлы, а на белай шыі, пад завушніцай, чырванеў след жарснага пацалунку. І ўся яна, Галя, выглядала перапоўненай шчаслівай стомай, якую нават не старалася схаваць. Галі – дваццаць пяць, а яе начальніцы – дагледжанай, крыху паўнаватай прыгажуні – трыццаць сем.

– Святлана Пятроўна, я не буду пісаць тлумачальную, – сказала Галя.

– А што так?

Сімакоўская паглядзела на сваю начальніцу, якая нерухома сядзела за сталом, на вялікае вакно злева. За вакном блакітнае неба з белымі паўпразрыстымі хмаркамі.

– Можна звольніць і так – без тлумачальнай…

– Ластаўкі!

– Што?

– Ластаўкі прыляцелі, глядзіце-глядзіце! – сказала Галя і зрабіла два крокі да вакна.

Там, над горадам, на блакітным небе, імкліва мільгалі чорныя рыскі маленькіх пташак: крыжыкі, коскі, нажніцы, кропкі…

– Не магу напісаць тлумачальную…

– Пісаць развучылася?

– Я ў нядзелю сустрэла мужчыну, таго самага… Твар у твар… Дзевяць гадоў прайшло… Разумееце? Мне тады было шаснаццаць, а яму дваццаць… Ён прыехаў у Мінск на нейкія курсы…

– Можна звольніць і так… Загадам. Ідзі…

Калі за Сімакоўскай зачыніліся дзверы, то начальніца грэбліва адсунула лісты карэктуры на край стала. Падумала пра свайго клапатлівага мужа, старэйшага за яе на дзевятнаццаць гадоў, пра дачку-першакурсніцу, якая ніяк не вызначыцца “па жыцці”, пра тое, што ў машыне нешта падазрона папісквае, пра тое, што…

Левай рукой пацерла шыю пад вухам. Паднялася з-за стала, абаперлася на падваконне і пачала глядзець у неба. Яна хацела ўбачыць ластавак, але іх не было.

Красавік-травень 2023 г.

 

Чужая гісторыя пра каханне

Святлана курыла і расказвала…

“Я тады працавала на тэлебачанні, на Поўначы, у Мурманску… Маладая, прыгожая. Год як замужам… Ён – высокі, дужы, маёр… Яго накіравалі ў Афганістан, а я ў Мурманску засталася. Праз чатыры месяцы мне патэлефанавалі і паведамілі, што маёр Краўцоў Сяргей Мікалаевіч – цяжка паранены… Ляжыць у шпіталі… Я падарвалася, пачала бегаць па вялікіх начальніках-камандзірах, падняла ўсе знаёмствы і свайго дамаглася… Праз тыдзень ляцела на ваенным самалёце ў Ташкент, а яшчэ праз дзень у Афганістан. Знайшла той шпіталь. Хачу ўбачыць Сяргея, а ўсе дзівяцца, мяне да яго не пускаюць. Я псіхую, то плачу, то смяяцца пачынаю… Памятаю, белыя дзверы адчыніліся і да мяне высокая ў белым халаце маладая жанчына выйшла. Паглядзела, як на дзіцё, і кажа: “Нашто ты сюды прыперлася? Не для цябе я параненага Сяргея на плячах цягнула! Не для цябе… Едзь адсюль… Ён – мой!” Развярнулася і пайшла. Дзверы зачыніліся…”

– І што ты, Света?

– Нічога… Якая мы прыгожая пара былі!

– Веру!

– Вярнулася ў Мурманск, звольнілася і ў Мінск прыляцела…

Праз год спакойна развяліся… Потым я зноў замуж выйшла і разышлася… Потым сустрэла свайго цяперашняга. Ён палкоўнік… Афганістан прайшоў… На пенсіі, але працуе… Бывае, той самалёт сніцца, на якім да Сяргея ляцела. Так холадна ў ім было, што прачынаюся і зубы ляскаюць”.

Сакавік 2023 г.

 

Чужая гісторыя пра страх

Вясна. Цёпла. Сонечна. Цені дрэў, на маладой траве і сцежках, яшчэ празрыстыя. Мы сядзім у парку. Побач шуміць праспект.

“Я ў тую ноч амаль не спаў… Хадзіў па кватэры, ваду піў, курыў… Потым падышоў і ціха адчыніў дзверы ў яго пакой. Увайшоў і пачаў на сына глядзець. Ён спаў. Абдымаў падушку і спаў. Не памятаю, колькі я так стаяў і на яго глядзеў. Рабілася святлей і святлей. На сцяне з’явілася вузкая сонечная паласа. Шторы хоць і ссунутыя, але не шчыльна… Я ўзяў крэсла, паставіў да тахты, сеў побач з Паўлам. Зусім блізка, каб чуць, як ён дыхае. Мне так хацелася дакрануцца да яго стрыжанай галавы, пагладзіць, але я баяўся яго пабудзіць. Прахопіцца, спалохаецца… Я лысы, як тое калена, а ў яго валасы чорныя, густыя, як шчотка… Я тады сваю голую лысіну памацаў і падумаў, што і ў мяне ў дваццаць гадоў валасы былі зайздросныя… Былі ды сплылі. Паўлік высокі – метр дзевяноста, дужы..

Успомніў, як ён выйшаў з ваннага пакоя, сеў да стала, жонка спалохалася, калі на яго паглядзела, – сынаў твар у чырвоных драпінах. А я пачаў смяяцца. Наш Паўлік пачырванеў. Я адразу здагадаўся, што ён першы раз у жыцці пагаліўся…

Потым я паказаў яму, як трэба галіцца, нават сваю электрабрытву аддаў…

Можа, гадзіну я так сядзеў і глядзеў на сына – дыхаў з ім адным паветрам. Нешта прыемнае яму снілася, усміхаўся часам…

Яго стары заплечнік, як той руды сабака, чакаў гаспадара побач з ножкай стала. Там усё было складзена, усё, што трэба, каб з’явіцца ў ваенкамат. Будзільнік цікаў, стрэлка рухалася. Вочы мае былі мокрыя…

І тут раптам мне падалося, што я гляджу на яго так, як глядзяць на нябожчыка, як на забітага салдата… І гэта мой сын, мой Павел, той, каго я навучыў ездзіць на ровары, плаваць, чытаць…

І яшчэ я падумаў, што пабудзіць яго не змагу, бо як можна мёртвага пабудзіць…

Я ж не веру ў Бога…

Ніколі ў жыцці я так не палохаўся… Не паверыш, але я толькі на пяты раз змог запаліць пліту і паставіць на агонь чайнік.

Потым затрашчаў будзільнік, а маё сэрца сціснулася, і я стаяў нерухома, пакуль будзільнік не змоўк, а сын не выйшаў са свайго пакоя… Ён глянуў на мяне, перасмыкнуў плячамі, слова не сказаў і пайшоў у прыбіральню, а потым у душ.

Праз гадзіну прыехалі яго сябры на машыне. Я глядзеў на іх з кухоннага вакна і стараўся не заплакаць…

Табе добра, у цябе дачка… Навошта я гэта расказваю? Прабач…” – вінавата прамовіў мой таварыш і паглядзеў паверх акуляраў. Потым зняў іх і твар яго зрабіўся нязвыкла разгубленым.

Ён папрасіў правесці яго да аўтобуснага прыпынку. Мы дайшлі да Нямігі і там развіталіся. Гэта была наша апошняя сустрэча.

Навошта ён мне ўсё гэта расказаў?

Красавік 2023 г.

 

a love story

Да Станіслава прыйшоў калега-архітэктар, каб павіншаваць з мінулым днём нараджэння. Доўга сядзелі за сталом. Няспешна пілі, смачна елі. Глядзелі ў вялізнае ад падлогі да столі вакно і ціха гаварылі.

За шклом бязгучна рухаўся вераснёўскі вечар. Побач з альтанкай згасала вогнішча.

– …мне было васямнаццаць… А ёй, маёй першай жанчыне, трыццаць восем… Я – студэнт, яна – выкладчыца. Уяўляеш? “Рresent perfect, present perfect continuous, memory”… Я – малады, тонкі-звонкі, а яна – замужам… – са змрачнаватай усмешкай, нават крышку злосна гаварыў гаспадар лецішча.

Яго госць, крыху маладзейшы, але такі ж сівы і грузны, паглядзеў уважліва, бо зразумеў, што зараз пачуе нешта важнае і нечаканае. Ён адклаў запальнічку і круціў у пальцах тонкую цыгарэту – не запальваў.

– Месяц доўжылася ўся гэтая шчаслівая ліхаманка… Цэлы месяц мяне калаціла, і я жыў як у тумане… А потым яна з’ехала. З бацькамі, з мужам, дачкой. Нечакана. У ліпені восемдзесят восьмага. Чарнобыль, радыяцыя… Казалі, што спярша ў Аўстрыю, а потым у Амерыку.

– І што, ты яе больш ніколі не бачыў?

– Ніколі…

– Можа, і добра.

– Апошнім часам я шмат пра яе думаю… Памяць увесь час падкідвае нейкія дэталі, гукі, пахі…

– Калі табе шэсцьдзесят тры, то ёй сёння…

– Ведаю… Сам лічыць умею… Ёй – заўсёды трыццаць восем! Гэта мне шэсцьдзесят чацвёрты… Цікава, а яна, хоць калі, пра мяне думае?

– А якая розніца?… Налівай, Станіслаў Пятровіч!

Станіслаў выкалаціў з пачка цыгарэту, а Леанід шчоўкнуў запальнічкай. Мужчыны моўчкі курылі, і было ім ніякавата. Станіславу зрабілася сорамна, што разгаварыўся. А ў Леаніда разбалелася галава, і ён не мог зразумець – ад выпітага ці ад зайздрасці.

15.02.2023 г.

 

Акоп

– А мне дзед расказваў, што даўней, калі ён быў малады, то нам так добра і сытна жылося, што і словамі не пераказаць… Глядзі-глядзі, у цябе вочы маладыя, пільна глядзі, каб не прамінуць…

– Ды гляджу я, дзеда…

– Тады добра… І не ляці ты так, а то я за табой не паспяваю.

– І дзяцей тады шмат нараджалася, сем‘і былі вялікія, бо ежы было столькі, што ўсім хапала, – стомлена хрыпеў стары…

Яны няспешна размаўлялі.

Дзед вучыў жыццю, успамінаў маладыя гады і маладыя жаданні… Унук слухаў балбатню старога няўважліва, бо чуў яе сто разоў. Яму хацелася толькі аднаго – есці…

І, нарэшце, апоўдні ён убачыў на далёкім пагорку цёмную плямку. Угледзеўся, запаволіў свой рух, змяніў напрамак, каб пераканацца, што не памыліўся, а потым нягучна і ўзрадавана крыкнуў, чым і спыніў старога.

– А цяпер не спяшайся… Трэба добра агледзецца… Тут і стрэліць могуць! – усхвалявана папярэдзіў стары.

– Нікога ж, дзед, усе машыны за лес паехалі!

– Пашанцавала…

Два крумкачы, стары і малады, чарнейшыя за ноч, пачалі павольна разварочвацца пад вецер, каб апусціцца побач з акопам, у якім ляжаў прыцярушаны снегам, быццам соллю, паўголы, забіты і забыты салдат. Якой ён краіны, якога ён войска – крумкачам было без розніцы…

08.12.2022 г.

 

Я сёння ў школу не прыйду…

Туман апусціўся на возера і агарнуў мяне сваёй халоднай вільгаццю. Пачаў сыпацца, хоць я і сядзеў нерухома, з высокага трыснягу на плечы, у ваду.

Калі я прыйшоў на сваё месца, то яшчэ трохі было відаць. Цяпер жа я ледзь бачыў уласныя пальцы выцягнутай рукі. Заставалася сядзець, слухаць бомканне кропель, чакаць, калі падымецца сонца, падзьме світальны вецер і разгоніць гэты туман. Думалася пра елачную цацку, абгорнутую ватай і схаваную ў кардонную скрыню, пра нябачных рыб і качак… Колькі я так сядзеў? Можа, чвэрць гадзіны, а можа, і больш. Восеньскі туман і не думаў разыходзіцца. Зрабілася зябка. Нацягнуў капюшон і схаваў рукі ў кішэні.

Спачатку пачуў ціхае і аднастайнае плёханне вёслаў. Нябачная лодка набліжалася да майго берага. Падумаў (узрадавана), што дурняў на белым свеце хапае, што вось яшчэ адзін рыбак плыве, і гэткі кастрычніцкі туман яго не спыніў.

Праз колькі часу пачуліся з туману ціхія галасы: мужчынскі і насцярожаны хлапечы.

– Здаецца, тут недзе, але нешта не бачу… Глядзі, можа ты заўважыш, сынок!

– А ты дзве ставіў?

– Гэта ж трэба такі туман… Там алешына сухая на беразе, ведаеш? Але хіба цяпер яе ўгледзіш? – казаў мужчына і плёхаў вяслом, спрабаваў зачапіць і знайсці ў возеры свае сеткі.

Мяне рыбакі-браканьеры бачыць не маглі, а пра маё існаванне не здагадваліся. Я чуў кожны, самы ціхі гук, бо ўсё адбывалася за некалькі крокаў ад майго месца. Сухая алешына, пра якую гаварылі браканьеры, і для мяне заўсёды была знакам і арыенцірам, да якога я веславаў ад тых далёкіх берагоў. Тая чорная алешына нагадвала разгорнуты веер.

– Слухай, а калі нас зловяць з сеткамі? – спытаў падлетак.

– Ага… Так і зловяць… Не кажы дурное… Папруцца яны такім туманам на возера… Ні дарогі, ні берагоў не відаць… Пакуль мы сюды плылі, ні адна машына па шашы не праехала…

– А чаму сёння такі туман?

– Восень… Нам з табой гэткі туман – добра… Толькі я стаміўся вяслом боўтаць.

– Давай мне.

Было чутно, як сыпаліся кроплі з вясла, як уздыхаў падлетак, як патрос скрыначку з запалкамі, а потым чыркануў і зацягнуўся мужчына. Можа, я і ведаў гэтых вяскоўцаў, бачыў калі на возеры, мог бы і лодку пазнаць, але я толькі чуў галасы і розныя гукі. Сядзеў і ўзіраўся, як у вату, спрабаваў уявіць, што адбываецца ў шчыльным і халодным тумане… Плёханне вёслаў то аддалялася, то набліжалася. Рыбакі плавалі ўздоўж сцяны трыснягу і ўпарта шукалі свае сеткі. Да чорнай алешыны было крокаў сорак, але яны яе не бачылі, а вызначыць сваё месца ў такім тумане немагчыма.

– Вось яна… Зачапіў! – узрадавана сказаў малец.

– Я ж табе казаў – тут яна недзе… Я дзве ў адну звязаў… Давай вяроўку, буду выбіраць, а ты вяслуй памалу, ціхенька.

– Добры акунь і плотка ладная! Не спяшайся ты так, Мікіта! – узбуджана папрасіў мужчына.

– А Зіна колькі дома пабудзе? – спытаў падлетак.

– Дні тры яшчэ пабудзе… Падлешчык і яшчэ плотка, добра так убілася, пакруціла сетку, не выдраць…

– Давай я дастану.

– Вяслуй… Гэта ж столькі людзей збярэцца, і ўсіх трэба накарміць…

– Слухай, у мяне ёсць грошы, калі трэба – дам… – ціха прапанаваў хлопчык і ўздыхнуў.

Было чуваць, як падскоквае на дне лодкі вялікая рыбіна, пляскае хвастом па мокрых дошках, кідаецца, як падлетак яе хапае і закідвае ў мех…

– Грошы я ў панядзелак і сам атрымаю… Паеду ў раён і атрымаю… А твае няхай табе і будуць… Нешта цяжка ідзе, торгаецца… Шчупак! Глядзі ты, пад самым берагам. Добра ўзялі. Можа, табе дома трэба было застацца, з сястрой, а то застудзішся ў гэтым тумане, захварэеш…

– Зіна сказала каб я з табой пайшоў… Глядзі, два ляшчы… Відаць, як ішлі адзін за адным, так і ўбіліся ў нашу сетку.

Нябачная лодка хоць і аддалялася, але я ўсё чуў.

Было ў гэтых гуках, тумане, возеры, мокрым трыснягу, рыбе, сетках і галасах бацькі з сынам-падлеткам такое адвечнае і знаёмае, што думалася – адбываецца гэта ўсё сто, ці нават тысячу гадоў назад. Было ж гэта возера і тады… І плылі па ім ў хісткім чаўне рыбакі – бацька з сынам, і выбіралі свае сеткі… І радаваліся злоўленай рыбе, і неслі яе дамоў, каб накарміць сям’ю…

– Усё, выбраў… Хопіць нам і гэтай рыбы… Паўлаўна з Тамарай дапамогуць стол зрабіць… Давай мне вясло, Мікіта! Што ты нашаторыўся так?

– Там нехта ёсць, і ён за намі сочыць.

– Давай вясло… Туман адно вакол… Нават рыба не плёхае…

Лодка пачала аддаляцца.

Тэлефон заблямкаў так гучна, што я спалохаўся, быццам гэта аджыў смартфон у маёй кішэні.

– Вольга Пятроўна, я сёння ў школу не прыйду… Мамка памерла… – пачуўся з кастрычніцкага туману хлапечы голас.

Аднастайнае плёханне вёслаў аддалялася і аддалялася.

Кастрычнік-лістапад 2022 г.

 

Галя і рудая кошка

У дзіцячым садку мы спалі на суседніх ложках. Галя была ціхая чарнявая дзяўчынка. Аднойчы, калі бацькі нас забіралі і вывелі ў двор, то Галя ўзяла мяне за руку і сказала сваім і маім бацькам, што цяпер яна – мая нявеста. Дарослыя з яе слоў адно пасмяяліся…

Пасля дзіцячага садка мы вучыліся ў розных школах, але калі-нікалі сустракаліся. Галя хадзіла ў музычную, а я ў гурток малявання. Пасля заняткаў маглі сустрэцца, і я тады праводзіў сваю кучаравую “нявесту” дамоў, на другі канец гэпэ. Мяне заўсёды дзівілі яе валасы, бо яны блішчэлі і здаваліся мокрымі. Нёс яе ноты і маўчаў, а яна гаварыла…

Пасля восьмага я з’ехаў у сталіцу, каб вучыцца на мастака, а Галя скончыла школу і паступіла ў медыцынскі (у яе і бацькі былі медыкамі). Я спытаў, а чаму не ў кансерваторыю? Галя падумала, сціснула вусны і сказала, што быць кепскім музыкантам не хоча, а сапраўднай піяністкі з яе не атрымаецца.

Халодны лістападаўскі вечар 1976-га. Вецер ганяе абляцелае лісце, а я куру і чакаю Галю побач са спартыўным комплексам. Калі надакучвае хадзіць, спыняюся і ўглядаюся ў правінцыйную цемру вуліцы. У мяне ў руцэ торбачка, у ёй вялікі махровы рушнік, плаўкі і шампунь. Мы дамовіліся з Галяй пайсці і паплаваць познім вечарам, лічы, ноччу, калі са спартыўнага комплексу ўсе сыдуць: трэнеры, спартоўцы, прыбіральшчыцы. Усе-ўсе… У вялікім і ярка асветленым басейне будзем толькі мы.

Чакаю, мерзну, злуюся, спрабую ўявіць хуткую будучыню і трохі хвалююся. Са шкляных дзвярэй выходзяць каржакаватыя і стомленыя штангісты. Некаторыя са мной вітаюцца, пытаюць, каго чакаю. За цяжкаатлетамі вывальваюцца на вуліцу потныя валейбалісты, за імі гімнасты. І я зноў чую тое ж пытанне. Адказваю загадкавым узмахам рукі і адварочваюся.

Чаканне доўжылася больш за гадзіну. Цыгарэты скончыліся. Галя не прыйшла. Я вярнуўся дамоў, а на наступны дзень з’ехаў у Мінск. Яна, праз маю маці, перадавала прывітанні, цікавілася маімі справамі.

 

Мы сустрэліся на самым пачатку ліпеня 1987-га года. У Гомелі, побач з чыгуначным вакзалам, дзе я набыў квіток на заўтрашні начны цягнік і няспешна ішоў на тралейбусны прыпынак.

Сутыкнуліся твар у твар і аслупянелі.

– Ты?

– Вачам сваім не веру.

– Нечакана… – сказала Галя і зірнула на гадзіннік. – Ты такі дарослы… Але амаль не змяніўся. Гэта ж колькі мы не бачыліся? Я тады вучылася на другім курсе.

– Адзінаццаць гадоў…

– А я пра цябе думала… Каб сустрэла тры дні назад, то аддала б табе старую кніжку. “Камень” Мандэльштама. Дарэвалюцыйная, між іншым… Калі шчыра, то марыла, што ты яе будзеш чытаць і калі-нікалі думаць пра мяне. Ведаеш, мы больш не ўбачымся. Паслязаўтра мы з’язджаем. Тут нельга жыць. Тут радыяцыя. Усе, у каго ёсць магчымасць, уцякаюць.

– “Камень”? У Ізраіль?

– Не… Спачатку ў Вену, а потым далей, у Амерыку…

– Зразумела…

– А наша ціхая бабуля рогам уперлася і сказала, што нікуды з Гомеля не паедзе. Cпачатку была згадзілася, нават свае рэчы складала, а потым кінула, перадумала. З бацькам размаўляць перастала – вось характар. Сказала, што тут усе свае ляжаць і яна застанецца з імі… Я стамілася за апошнія месяцы. Што ты на мяне так глядзіш?

– Валасы…

– А, разумею, заўсёды так, “як толькі не нафарбуюся, то абавязкова кавалера сустрэну” – так бабуля кажа. Не магу сваю кошку вывезці. Нельга. Памятаеш рудую Басю? Не магу забраць, а як я там буду без яе? – Яна гаварыла так, быццам мы ўчора бачыліся і я ведаю пра ўсе яе справы.

На Галінай руцэ не было заручальнага пярсцёнка, а ў мяне быў. Галя ўзяла мяне за руку, і мы адышлі ўбок.

Спяшаліся на вакзал цёткі з клункамі, мужчына каціў дзіцячы вазок, у ім стомлена плакала дзіця, па дарозе павольна ехала блакітна-белая палівачка “ЗіЛ”, нечым падобная да хрушча, і мыла асфальт. У белым вееры пырскаў з’яўлялася і прападала вясёлка. Толькі што прайшоў хуткі і моцны дождж, а палівачка ліла ваду на бліскучы асфальт… Усё гэта плыло, ляцела, рухалася, а мы стаялі.

– У цябе ёсць дзеці? Ты любіш жонку? З’язджайце адсюль… Куды заўгодна, але хутчэй і далей. Чуеш?

– І што з кошкай? Гэта тая самая?

– Бася з бабуляй будзе… – Галя зноў глянула на гадзіннік. – Мне да натарыуса трэба… З’язджай адсюль, як доктар табе кажу… Потым будзе позна. Правядзі мяне, тут недалёка.

Яна ўзяла мяне пад руку, і мы пайшлі па мокрым і бліскучым асфальце. Часам у шкле вітрын, у лужынах, праз якія пераскоквалі, мільгала і праплывала наша адлюстраванне.

– Адзінаццаць гадоў назад я цябе чакаў… А ты не прыйшла. Чаму?

Галя спынілася. Застыла на месцы. Паглядзела мне ў вочы.

– Мая Бася тады была малая і дурная… А мае ногі і рукі былі спрэс у драпінах… Паглядзела я на сябе і зразумела, што не змагу перад табой распрануцца… Ты ж – мастак… А цяпер назад нічога не вернеш…

Галя нервова засмяялася, хутка пацалавала мяне, адштурхнула, развярнулася і амаль пабегла да дзвярэй выканкама.

Я стаў прыкурваць. Загарэлы да тарфянога колеру ліквідатар у злінялай гімнасцёрцы папрасіў цыгарэту. Мы пакурылі і пайшлі ў розныя бакі.

Травень 2023 г.

 

 

 


Апублікавана

у