VITA!
Нізка вершаў
ВЯСЁЛКА
Крышталь акрыленай вады
І сонечны прамень – сышліся,
Каб свет стары, як малады,
Заззяў у паднябесных высях.
Так выпадае на дваіх –
Як цуд зямны – адна сустрэча:
Лёс ці выпадак – толькі міг,
Вясёлка ў небе чалавечым.
І тыя, што сышлі ў нябыт,
І хто яшчэ не нарадзіўся, –
Жыцця імгненнага іспыт
Сямікалёрнае адзінства.
З’ЯЎЛЕННЕ…
З нябёсаў – ліпеньскі лівень,
А з ім – з сакрэтаў сакрэт, –
Кропелька явы бурлівай:
Маё з’яўленне на свет.
Слязінка шчаслівая ў мамы,
І тата – богам з багоў…
І водгуллем сэрца майго –
Маланкі кардыяграма…
НАЧНОЕ…
Як пытанне над маёю доляй
Месяц, ненавіснік сноў начных:
– Ці не час ужо табе адолець
Прыцягненне клопатаў зямных?
Ці не лепш хіба ў сусветнай хаце? –
Толькі ў неба перайсці мяжу…
– Што ж ты так раздобрыўся, мой браце?!.
Прычакаю сонца – і скажу.
ЗМЯРКАННЕ
Як певень, захад –
чырвоны грэбень –
хмурынкі-крылы
ўразлёт ускінуў,
чакае: хто ж
на падворку-небе
сыпне зярнятак…–
хоць бы й з мякінай…
Не дачакаўся – не ўгледзеў:
поўня
на двор выносіць,
як гаспадыня,
зярняты-зоркі
сяўнёю поўнай, –
а ён знікае
за лесам сінім…
* * *
Ноч схіляецца ў цёмным паглядзе –
Ні прыспаць яго, ні загушкаць.
На рахунак савы – час крывы,
Час улукаткі. І не прыладзіць
Ні галаву да падушкі,
Ні падушку да галавы…
Што пытаешся?.. –
Хопіць пытанняў! –
Ноч, давай заключым саюз:
Ты прыходзь, каб прынесці адхланне, –
Без цябе ў пытаннях пагруз…
Знаем: хто і калі адкажа, –
Але сон маўчаннем уважым…
АДНЫ КАРАНІ…
Бяззубая мякаць начной цішыні
І хрумсткага яблыка крохкая памяць, –
У вас з адзінотай адны карані,
А шчодрую глебу знаходзіце самі…
* * *
А што такое Сусвет,
Калі ні ў межах, ні ў часе?
І як разгадваць сакрэт,
Калі й адказ не зачаўся:
Не знае й Сусвет, што яго
Няма.
Не было і не будзе…
Дык не турбуйцеся, людзі,
І меней стварайце багоў.
Інакш немінуча паўстане
“А што за Сусветам?” пытанне…
* * *
Табе і лёс – табе і воля, –
Дарогу славай не зняслаў.
Калі ўзлятаеш, не вымольвай,
Каб Бог саломкі падаслаў.
Калі няўправіца – гартуйся, –
І з крыўдаў плот не гарадзі.
Калі ў жыццё прыйшоў – гуртуйся,
А паміраеш – будзь адзін.
СПЕЛАСЦЬ…
Ёсць злое хрышчэнне:
“спелы лес”, –
То бок, гатоў
пад пілу і сякеру.
Такі ж і ў вайны
“лясны” інтарэс:
паспеў чалавек, –
і ў самую меру…
ВОЎК
Хоць сон змарыў, а ў чарадзе
Ваўку баранчык сніцца:
На паляванне воўк ідзе –
Ваўку і ў сне ваўчыцца.
УРОК
Апоўначы, калі згусцелы змрок
Не пранізаць ні позіркам, ні думкай,
Мне вечнасць паўтарае той урок,
Што ўсім дае жыццё для паратунку:
“Не смерці бойцеся, а бойцеся мяне, –
Так дакляруе ўсім яно дарогу. –
Усё скасуе смерць: як абміне.
Я ж не прабачу: і нікому, і нічога…”
* * *
Што ж, і ў вечнасці
пэўныя ёсць агрэхі, –
Ці, можа, чагосьці
век мой зямны не спасціг?
О смерць, няўжо ты стварыла жыццё
для ўласнай пацехі,
Каб не сумна адной
былося табе ў небыцці?..
А ВЕРША ШКАДА…
Усё было, як бывае ў сне, –
Губляеш тое, што не знайшоў.
Было нас трое: апроч мяне
Былі Законнікаў і Куляшоў.
І верш Куляшова хваліў Сяргей,
На памяць сыпаў цытаты.
І самы, здаецца, быў апагей,
Ды класік сказаў вінавата:
– Прабачце, хлопцы, – усім свой час… –
І знік, і сон абарваўся.
А верш? Няўжо й ён зляцеў ад нас
І ў небыцці застаўся?..
Я тут жа Сяргею тэлефанаваў, –
Даводжу, прыгода якая:
– Ды ты ж там на памяць верш цытаваў… –
А ён аб тым знаць не знае!..
Яшчэ па-законніцку пажартаваў,
Такой абышоўся парадай:
– А ты не смуткуй – не маўчыць трава:
Твой сон і твой верш, – сам і згадвай.
Ды я нічагуткі не прыгадаў.
Сяргей не памог, і бяда ўся –
Няма Куляшова… А верша шкада, –
Магчыма б і мне прыдаўся.
СПОСАБ
Ходзяць розныя дзейкі,
Дайшлі й да мяне:
След касмічна-індзейскі
Перад новым змарнеў.
Той паданнямі сведчыў
Аб прылёце гасцей
З іншасвету, што вечнай
Нам загадкай карцеў.
Ды не зладзілі мовай,
Не пайшло й наўздагад, –
Толькі плюнулі моўчкі
І зляцелі назад.
Аж да сёння зямляне
Трацяць попусту час:
Як на тое пасланне
Даць, нарэшце, адказ.
Не памогуць тут словы, –
А такіх і няма!..
Ды адзін адмысловец
Адшукаўся: “Дарма
Вы мазгі не мазольце, –
Спосаб ёсць! Не ўстарэў:
Для кантакту дазвольце
Мне адправіць гарэм!..”
НЕ РУШ…
І пэўны лес, што я вярнуся,
І знаюць нерушы мае,
Што звыкла зноў перагукнуся,
Як дзень сустрэчы настае.
І вось – бярэцікам з-пад моху –
ЁН!.. –
Нібы ўсіх узварушыў:
Кульнуўся жук з перапалоху,
Бягуць здзівіцца мурашы.
А я схіліўся ў захапленні! –
Зваліўся долу капялюш.
Сам кій укленчыў паралельна!..
– Вось вам і нЕруш! І не рУш!..
Было: 11 жніўня, 2023.
VITA!
Якім народам і які
Наканаваны Боскі суд –
Між неаспрэчных ёсць такі:
Цераз пакуты і вякі
Жыць будзе Беларускі Цуд.
ЗЯМНОЕ НЕБУ…
Люблю – лясоў і ніў адданец –
Нябёсаў зорных вышыню.
Каб грэх зямны не закайданіў,
Малюся зорнаму агню.
Калі бушуюць зарапады,
Зямлі не чую пад сабой, –
І толькі небу падуладны
Мая душа і смутак мой.
САМОТНЫЯ СТРОФЫ
Валянціне Мацвееўне Зуёнак:
перад Вечнасцю
Не знаю, як гэта звязаць
З самотнай зямною бессанню,
А бачу: штосьці сказаць
Мне хоча зорка нябесная…
ТОЙ ДЗЕНЬ…
Вясковай выкрайкі пальцечка –
Гуллівы ветрык на падбой,
І на дваіх адна сустрэча:
Цябе са мной, мяне з табой.
І на дваіх у парку снежным
Адна сцяжынка – след у след,
Адно наперадзе бязмежжа,
І дзве душы – адзін сусвет…
…Як праляцела ўсё імкліва…
З вышынь самотных паглядзі:
Маўчыць сцяжынка сіратліва, –
Адна. І я на ёй адзін…
Загадка смерці немінучай
Мне засталася аднаму
І дзень той, двойчы неўміручы,
Бо двое верылі яму.
………
А смутак – за дваіх – агорне
І не развеецца як дым:
Наш скарб адзіны, непаўторны,
Забрала вечнасць назаўжды.
Адно і засталося: згадваць
Мне ў раз’яднанасці зямной,
Як на дваіх дзялілі радасць –
І я з табой, і ты са мной…
ДУША
Такою, як прыйшла ў жыццё,
І пойдзеш, не іначай.
Якое ўжо там небыццё! –
Жывой нязменна бачу:
Там, дзе адвечнаю сцяной
Спакой аберагае,
Душа руплівіцы зямной
Без працы знемагае.
ЗБАВЕННЕ
Ад несустрэчы –
Боскае збавенне:
Твая ўся вечнасць
І маё імгненне.
НАД ФОТАЗДЫМКАМ…
Маўчаць нябёсы, і спытаць
Зямных не маю праў:
Хто прыгажосць мог шчодра даць
І хто яе забраў, –
Такую несмяротную,
Такую незваротную…
БЕЗ ЦЯБЕ…
Усё за нябесным парогам.
І навечна яна такая –
Не вымаліш іншай дарогі:
Паўсюль адзінота чакае.
І не дагукацца нікога,
І мяне ніхто не гукае…
ЯК БЫЛА ТЫ ПОБАЧ…
Як была ты побач, здавалася,
Што была ты, наогул, вечна.
А пайшла – і з табой абарвалася
Нітка часу, – жыццю супярэчна.
І адкрылася мне неаспрэчнае,
Што цябе не было калісьці,
Што й майму з’яўленню сустрэчнаму
З небыцця было суджана выйсці.
Так спаткаліся, так кахаліся,
Праў у вечнасці не пыталіся, –
Бо была яна наша і з намі,
І былі мы вечнасцю самі.
*
І няўжо зямному раздоллю
Зноў вярнуцца ў зямное нікуды:
І цябе зноў не будзе ніколі,
Як і я больш ніколі не буду?!.
* * *
Здаецца, як учора ўсё было:
Над намі неба зорнае цвіло.
Цяпер адзін я перад ім стаю,
Між зорак выглядаючы тваю.
Цяпер мне неба двойчы даражэй, –
І з кожным днём становіцца бліжэй.