ПЯШЧОТА
Ахіне,
ад ліхое бяды
абароніць,
суцешыць,
загоіць.
Праз заслоны,
замкі,
праз глухія муры
даляціць яе шэпт,
яе голас.
Уратуе,
схавае,
закрые сабой,
захіне у абдоймы,
атуліць
сваіх дзетак-каточкаў
самотнай парой.
Залатая.
Святая.
Матуля.
МЯЖА
(Разлом)
Мяжа незваротна пяройдзеная.
Ззаду дыміцца разлом
між тым, што (закрэслена) Родина
і тым, што (капслокам) – лайно.
Донца глядзіцца ў ваконца.
Вядзем з апраметнай стрым.
Тралейбус “Жданы – Маконда”
чакае ў дэпо старым.
Палае нябесная лесвіца.
Як даводзіў Хрыстос,
дзеля таго, каб узнесціся,
няварта ўзрываць хмарачос.
Як даводзіў Сідхартха,
прыхільнасці – гэта зло.
Сядзі ў вірасане па хатах
ды сузіраць разлом.
Зноўку камусьці патрэбныя
гэтыя песні-рэпіты.
Хтосьці ліе кулі срэбныя,
нехта тчэ пояс шахіда.
* * *
У менскім гатэлі “Мінск” –
шырачэзныя лесвічныя пралёты.
Вось цікава,
ці прыходзіла ў галаву таму,
хто вынайшаў выраз “лесвічны пралёт”,
асацыяцыя з апошнім палётам паэта?
Таксама цікава,
ці прыходзіла ў галаву адказнага
за грамадскую бяспеку
менскага гатэля “Мінск”
аналогія з маскоўскім гатэлем “Масква”,
калі ён развешваў сеткі-гамакі
між лесвічнымі пралётамі?..
Менскі гатэль “Мінск” –
ідэальнае месца
для правядзення паэтычных фестываляў.
(14.02.2020)
* * *
А.Р.
згубленыя ключы
калі?
сэрца-ківач
сэрца-вязніца
людзі чужыя
як ты чужы
сніцца
паэт-чужаніца
страты
паразы
па-за і па-над
разам
святар і бажніца
вязень і блазан
бывай
вартавы
разам
званар і званіца
(26.08. 2021)
* * *
той хто гукаў Мір
хто набліжаў Святло
дзе твой мундзір
камандзір
маршальскае жазло
не называць імя
здраднікам non premia
ад віны да віна
ад відна да радна
скрозь каламуту дзён
скрозь дажджы ды імжу
крочыць цэнтурыён
за світанку мяжу
там на апошняй мяжы
віцязь у жыце ляжыць
скрозь імжу ды дажджы
ад віны да вайны
скрозь імжу ды дажджы
зноў прарастуць спарышы
не называць імя
здрайцам жа non premia
той хто гукаў Святло
хто набліжаў Мір
скрозь каламуту дзён
крочыць твой батальён
крочыць твой
легіён
* * *
Ірэне Г.
Перахрысці канверт,
перахрысці скрыню.
Ён даляціць, павер,
не прападзе, не згіне.
Нават калі слата
зноў агарнула душы.
Нават калі гапата
цісне, трушчыць і душыць.
Ён даляціць, павер,
паўз замкі і праз краты.
Паўз бетонны бар’ер.
Паўз драты й казематы.
Ў Полацак і Магілёў,
ў Жодзіна, Гомель, Ветку,
ў Воршу, Гародню, Шклоў –
з волі чаканая вестка.
У скляпенні тугі,
у адсекі надзеі…
Праз сівыя снягі.
Праз парсекі завеі…
Вейна, Бабруйск, Ваўкавыск,
Берасце ды Навасады.
Горкі, Мазыр, Дзяржынск,
Віцьба й Пішчалаўскі замак…
Сэрцам перахрысці
і пакладзі ў скрыню.
Покуль ляцяць лісты,
не прападзем,
не згінем.
* * *
горад замазаных сцен
горад забаненых слоў
горад замкнёных вачэй
горад зашытых ратоў
горад замазаных слоў
горад замкнёных ратоў
горад забаненых сцен
ты не чакай
перамен
ULTIMA THULE*
Калі ноч накрывае бязмоўны прыдушаны горад,
бы бусліха – ад ліха – крылом ахінае гняздо,
выпаўзаюць празрыстыя цені са сховаў і нораў
ды блукаюць па вулках пустэльных без гуку й слядоў.
Хто яны, тыя выпаўзкі ночы, – празрыстыя дэманы-спаркі?
Вальдэморта ці Саўрана шыза-калматая раць?
Дэпрэсіўная навалач, душы бадзяжных сабакаў?..
Хто іх кліча навонкі і што прымушае блукаць?
Можа, Ктулху Вялікі іх цягне з прадонняў каменных?
Мо крывавы карбункул падняўся з няміскіх віроў?
Ці падземныя коннікі клічуць Рамана ў дваццатым калене?
Толькі кажуць, што бачылі іх ля Плябанскіх Млыноў…
Дзе курган векавечны глядзіць на гасцінец бяссонны,
дзе шукае прытулку самотны прывід млынара,
дзе разрэзвае ночы пранізлівы вокліч князёўны
і не можа знайсці супакою пракляты атрад.
Курапаты, Вялейка, Лагойск, Чэрвень, Рудзенск, Барысаў,
Лепель, Віцебск, Бягомль, Валожын і гэтак далей.
Dol Guldur, Ліхалессе… Адвечная ultimae рыса.
Колькі шчэ неаплаканых неадспяваных касцей?..
Калі горад бяссонны агорне смугою і ценем.
Калі выпаўзуць здані са шчылінаў ды тайнікоў,
у равах ды лагчынах пасцеле ім ночка пасцелі**.
Дай ім, Божа, спачыну.
І дай ім вярнуцца дамоў.
_____________________________________
* Апошняя мяжа (лацінскае выслоўе).
** Сягоньня ў рыштках, каля крам // пасьцеле ім ночка пасьцелі. (Язэп Пушча).
scripta manet
ці тое ты склеіш ласты
ці тое падчысціш пасты
ці станеш ахвярай падкаста
ці донарам для капіпасты
з прэтэнзіяй на наратыў
накрэмзанае застанецца
у рэху прагорклых радкоў
раструшчылі сэрца
смярдзючыя берцы
паслухай лукрэцы
і гэта мінецца
сказаў быў адзін далакоп
свабода – не ваша заслуга
а толькі наш недагляд
чакае дупу папруга
чакае пужлівага пуга
і забіццё – немаўлят
паэту пакрыўдзіць лёгка
паэта – штучны тавар
спрадвечная лёгіка
далёкія – лёгкія
а блізкія…
поўны засквар
пакуль тут пісаліся вершы
нібыта было лягчэй
люты закошваў пад снежань
не зачыняліся межы
менш забівалі дзяцей…
колькі шчэ засталося
стафу ў гэтых мяхах
колькі трывання
колькі кахання
колькі…
ды ну яго на..
PS
накрэмзанае застанецца
на снезе крывавым мазком
агульнае месца
сэрцу даверыцца
і – рэху
вандроўных радкоў
Midnight Cowboy
зноўку ў галовах бардак
зноў у галовах рэзрух
сотнікаў ты ці рыбак
невырашальны рэбус
карлас ты ці дон хуан
летаў ягорка ці грэбень
карлсан або свантэнсан
рэмба? рэмбо?
рэбус
мёртвым дагэтуль баліць
мёртвым дагэтуль помсцяць
тыя хто тут былі
з лёхаў нема галосяць
будзе астатні бой
будзе… на страшным судзе…
змрочны паўночны каўбой
тых хто не спіць
абудзіць
вільня – менск
Жменька вандроўных вершаў
РЫБАЦКАЯ НАДЗЕЯ
Рыбацкая надзея
не чэзне, не марнее,
не гасне на дажджы,
ад ветру не дрыжыць.
Рыбацкая надзея
з гадамі маладзее,
не слепне ад сляпня,
шаршня ды авадня.
Рыбацкая надзея
у цёплым глеі млее.
Ці дрэмле пад карчом
двухкілевым ляшчом.
Рыбацкая надзея
пільнуе далячынь.
Шапоча чаратамі
ды срэбнымі хвастамі
паблісквае ўначы.
На кончыку плыўка,
ў трываласці садка,
у тэрмаску з пярлоўкай
да першае паклёўкі…
Яна жыве датуль,
жывы рыбар пакуль.
* * *
Паспець зваліць ад бытавухі,
пакуль не зжэрла нас ушчэнт.
Паслаць дэдлайны ды цэйтноты,
забіць на дэбет і працэнт.
Ў багажнік спальнікі й намёты
закінуць. У салон – сям’ю…
(Глядзі, Кутузаў, не паблытай!)
Па плешку газу, і туды,
дзе з неба знічкі й жалуды,
дзе вышывае неба руны
на чорнай роўнядзі вады…
Дзе каля вогнішча начоўкі,
дзе ветах, зорнае вясло,
дзе сняцца усю ноч паклёўкі
(хай клёву й блізка не было).
Дзе будзе згадвацца як шчасце
той на паўкілі шчупачок.
Дзе… Зрэшты, досыць. Выбачайце.
Пайду спакоўваць плецачок.
* * *
котка чакае лета
калі павязуць на лецішча
і будзе крычаць у дарозе
у прадчуванні шчасця
татка чакае лета
дзе будуць звычайныя цуды
заўсёдныя летнія цуды
татка наладжвае вуды
перабірае снасці
у прадчуванні…
Насця
таксама чакае лета
летам – у Польшчы сяброўка
летам намётавы летнік
а там начныя вандроўкі
і процьма прыгодаў у іх
і роварныя выправы
ды іншыя важныя справы
Насця чакае лета
вядома ж болей за ўсіх
маці чакае лета
калі прывязуць котку
што будзе крычаць у дарозе
калі прывязуць дзетак
(Даніка, Яну, Тусю,
Саню, Дзімона, Насцю)
што будуць глушыць колу
што будуць дурыць голаў
што будуць дарыць…