На гэтым тыдні прапануем да Вашае ўвагі паэму Тыма Бэртана “Кашмар на Каляды”, надрукаваную ў 68-м нумары “Дзеяслова”.
Пераклад і прадмова Макса Шчура.
Паэма кінарэжысёра Тыма Бэртана «Кашмар на Каляды» была напісаная на пачатку 1980-х гг., калі творца працаваў аніматарам у кампаніі «Дыснэй» і нішто яшчэ не прадказвала ягонай будучай славы. У той жа час Бэртан дзеля ўласнай забавы стварыў шэраг дзіцячых вершаў, якія ўвайшлі ў кнігу «Меланхалічная смерць хлопчыка-вустрыцы ды іншыя гісторыі». Пазней, калі Бэртан «прабіўся» і стаў вядомым дзякуючы фільмам «Бітлджус», «Бэтмэн» і «Эдвард – рукі-нажніцы», на матывы ягонай паэмы быў зняты аднайменны поўнаметражны мультфільм з музыкай Дэні Элфмэна (1993), аднак Бэртан быў толькі суаўтарам новага сцэнара, у якім дадаліся іншыя персанажы і сюжэтныя лініі. Арыгінальная паэма, надрукаваная асобнай кнігай пры канцы 90-х, засталася адносна мала вядомай у параўнанні з фільмам. Тэкст з’яўляецца шмат у чым парадыйным і адсылае да папулярнага класічнага верша Клемэнта Кларка Мора (1779-1863) «Візіт святога Мікалая» (1823): першы радок верша (“Twas the night before Christmas”) абгульваецца ў назве паэмы, адтуль жа запазычаны вершаваны памер, асобныя рыфмы і цэлыя выразы. Натуральна, калядная ноч у Бэртана ператвараецца ў «кашмар на Каляды» (беларускі пераклад перайначвае назву песні «Цуд на Каляды»), а ролю святога Мікалая бярэ на сябе Ясь Шкялед (Jack Skellington – з рытмічных меркаванняў ён стаў Ясем, а не Якубам). На жаль, беларускага перакладу верша «Візіт святога Мікалая» не існуе, таму парадыйным аспектам паэмы (да якога яна, аднак, не зводзіцца) мы ў беларускай версіі ахвяруем. Англасаксонскія рэаліі (вядомыя шмат каму і ў нас) суіснуюць у перакладзе з айчыннымі: Дзяды (амерыканскі Хэлаўін) згадваюцца побач з дыкенсавым Калядным Духам, падарункі кладуць як у панчоху, так і пад ялінку, і г.д. Наколькі гэты сінтэз арганічны – меркаваць чытачу, але з увагі да міжнароднага, нават глабалізаванага характару самога свята, нам здаецца, што ў такім спалучэнні няма нічога надзвычайнага.
Вечарком у Краіне Памерлых, дзе
восень аж да касцей праймае,
на пагорку сядзеў і на месяц глядзеў
Ясь Шкялед, празваны Бабаем.
Нібы смерць, бляды, нібы струк, худы,
з кажанком замест матылька,
сумаваў ён, ажно паміраў з нуды:
“Мне абрыдла быць сейбітам вусцішных жахаў!
Па начох я ўжо досыць стагнаў і бабахаў –
зубы й вочы баляць ад такое забавы,
і ад танцаў злавесных смыляць мне суставы.
Жыць магчыма жыццём цікавейшым, бадай —
а то ўсё па цвінтарах хаджу, як бабай!”
Тут, нібы подых ветру, з паблізнай магілы
дух сабачкі з’явіўся плаксівы, панылы.
Гэта Нуль быў, адданы дружбак чалавечка —
у дзіравае пысе паміргвала свечка.
Быў сабачка для Яся найлепшы таварыш —
ды хіба ў гэткай роспачы сябра заўважыш?
Марна цягам начы і наступнага дня
Ясь бадзяўся вакол, прэч хандру адганяў.
Тут у лесе глухім (надыходзіла цемень)
Ясь дзівоснае з’явішча раптам зацеміў.
Недалёка, сярод невялічкай паляны
ўбачыў трое дзвярэй ён – вялізных, драўляных.
Ясь стаяў і не мог даць відовішчу веры:
асабліва адны яго вабілі дзверы.
У экстазе і трансе ён іх адчыніў –
паглынуў яго тут жа віхуры парыў!
Ясь, сабе неўпрыкмет, прызямліўся знянацку
ў самым сэрцы сталіцы Калядаў — Калядску!
Ад святочных агнёў Ясь не плакаў ні мала –
вось якіх адчуванняў яму бракавала!
Каб сябры не лічылі прыгоду прыдумкай,
прыхапіў ён з сабою ласункаў, дарункаў,
аздабленняў, святога партрэт Мікалая,
з елкі зорку – здабыча была немалая;
а на шыльдзе Калядску ўхапіла рука
мімалётам вялікую літару «К».
Што блішчэла і ззяла для Ясева вока –
снегу прыгаршчу нат – ён цягнуў, як сарока,
і прынёс гэта ўсё, бы той злодзей, цішком у
Край маўклівы й гаротны Памерлых – дадому.
На трафеі з Калядску страхоты-таварышы
пазіралі, раты ад здзіўлення разявіўшы.
Нават перапалохаліся некаторыя,
да сюрпрызаў такіх у душы не гатовыя.
У наступныя дні зацяжной навальніцы
Ясь не мог ад маркотных развагаў пазбыцца:
“Калі нехта быць можа святым Мікалаем,
дык чаму мы наўкол толькі сум разсяваем?
Я б не горшы быць мог за таго Мікалая!
Як яго шырыць радасць штогод не стамляе?”
Гэтак, крыўдай абураны, думаў Бабай –
і прыдумаў! “А што? Паспрабую давай…”
Мікалай запакоўваў калядныя цацкі
і пачуў з-за дзвярэй нейкі грукат дзівацкі.
Падышоў, адчыніў – во дзе радасць! Цудоўненька!
Да яго завітала гурма калядоўнікаў!
Апранутыя дзецьмі нябожчыкі-пудзілы
на калядкі й секунды якой не марудзілі:
Мікалая ў мяшок, каб не стаў адпірацца, і –
шусь да Яся, што выдумаў план аперацыі.
Згуртаваўся народ з усяго таго свету –
Мікалая ніхто з іх не бачыў дагэтуль!
І пакуль у дзядулю ўзіраліся монстры,
падзяліўся з ім Ясь сваім планам няпростым:
“Дзед Мікола! Стаміўся ад прывіда ролі я –
а ў цябе на забаву і смех манаполія!
Значыць, сёлета я падарункі раздам –
быць святым Мікалаем я здолею й сам,
за цябе павіншую дзяцей з Калядой –
ты ж ляжы ў дамавіне, псуй людзям настрой.
Адпачні, не крыўдуй, майго плану не лай –
за цябе я не горшы, святы Мікалай!”
Ясь з сябрамі лічылі задуму выдатнай,
толькі ўява пра свята ў іх змрочная надта.
Каляда на парозе! Бабай, без вагання,
у труну, а не ў санкі аленя ўпрагае.
Ды знянацку пад самы прыход Каляды
стала хмарна й туманна, нібы на Дзяды.
Ясь самлеў: “Зацягнула імгла ўсё густая…
Эх, Міколам не буду святым ні чарта я!”
Тут з глыбіняў смугі, невядома адкуль,
свечка бліснула… Хто гэта? Ведама ж, Нуль!
Ясь дадумаўся: “З свечкаю ў пысе дзіравай
ты паказваць мне мог бы, дзе ўлева, дзе ўправа!”
Нуль падобнай ідэяй не мог не натхніцца і
паімчаў, што меў сіл, папярод экспедыцыі.
Як панесліся санкі-касцянкі над сёламі,
заквахтаў Ясь: “З Калядамі ўсіх вас вясёлымі!”
Во кашмар на Каляды! Ад крыку Шкяледава
мыш і тая куды ёй схавацца не ведала.
Калі б раніцай хто зазірнуў у панчоху
над камінам, то, пэўне, спалохаўся б троху.
І якім бы ні быў найутульнейшым ложак,
дзеці снілі бабаяў адно й бабаёжак.
Калі срэбраны месяц заззяў над сумётамі,
у святле ўсе сялібы здаваліся мёртвымі.
Смех святога Міколы гучаў, нібы стогны,
і да груку касцей быў звон бомаў падобны.
Без сумневу, самлелі б усе ад здзіўлення,
каб убачылі санкі з шкілетам аленя!
А пакрыты смяротнаю плесенню фурман
мог падацца Міколам святым толькі дурням.
Гэта Ясь – задаволены, шчасны праўдзіва –
нёс у кожную хату каляднае дзіва.
Усю ноч ён ад коміну лётаў да коміну –
кожны дом атрымаў з таго свету штуковіну!
Ясь не бачыў, што люд у жалобе і паніцы –
ён жа ўсім даў нагоду смяяцца і бавіцца!
Стасю й Стасі малым ён паклаў пад ялінку
яшчэ цёплых, з труны, Васіля й Васілінку.
Падарункам пацешыў малую Амальку:
духам злым апантаную выдаў ёй ляльку.
Іншым даў ён вянок – людажэрную кветку,
да забойцы падобную марыянетку,
паравоз з канцавінамі спрута нязвыклымі,
і мядзведзіка з плюшу з вампірскімі ікламі.
Ясь не бачыў, што жах выклікае і скруху –
ён быў сам у палоне Каляднага Духу!
А калі ён урэшце зірнуў з паднябесся,
то пабачыў агні, знізу грукат данесся…
“Гэта, пэўна, салют! Наваколле святкуе,
каб падзякаваць мне за работу цяжкую!”
Толькі быў беспадстаўна ён выбухам рады –
не салют гэта быў, а гранаты й снарады!
Ад забойчых аскепкаў, шрапнеляў і куль
у вышыні яго верны выцягнуў Нуль.
Уцякалі яны, быццам бурай заспетыя –
толькі збілі іх саманаводнай ракетаю…
Ясь паспеў яшчэ ўчуць, як на могілкі падаў:
“Добрай ночы ўсім вам і вясёлых Калядаў!”
Ён на крыж велічэзны каменны ўскараскаўся –
і адкрылася Ясю карціна фіяска ўся…
“Я ж так верыў, што месца займу Мікалаева!” –
бедаваў ён, не цямячы раптам ні каліва,
і ад горычы вочы закочваў у неба –
арасілася плачам магільная глеба.
Ясь прыпаў да зямлі, побач – роспачны Нулік…
Раптам голас знаёмы абодва пачулі,
гэта быў Мікалай: “Даражэнькі мой, брава!
Не бядуй! Твая спроба – пачэсная справа!
Ды дарма ты мяне падмяняў, баламут:
ты прыдатны ў Краіне Памерлых, бо тут
табе родны знаходзіцца жудасны кут.
Я б сказаў табе болей, – працягваў мудрэц, –
ды спяшаюся надта, бо будзе ўжо днець!
То вясёлых Калядаў!” Ускочыўшы ў сані,
ён імгненна растаў у зімовае рані.
А калі Ясь заснуў, то вясёлы той дзед
пакрыёма Каляды прынёс на той свет.