Мой чытацкі лёс
Нядобрае прадчуванне?
Каменнае сэрца, як у героя нямецкай казкі, трэба мець для працы ў літаратурных архівах ці чытання прыватнага ліставання нашых класікаў…
Янка Купала піша з Масквы Браніславу Эпімах-Шыпілу 28 верасня 1915 года: “Настраенне няважнае, – найгорш тое, што чалавек не ведае, якое ліха цябе чакае заўтра. Масква мне не зусім падабаецца – нейкая яна заплутаная і не зусім выразная”. У той жа час згадкі паэта пра Петраград зусім не змрочныя.
Да “заплутанай” смерці Купалы ў Маскве застаецца 27 гадоў. І звярніце ўвагу на лічбу “28”. Яго жыццё скончыцца менавіта 28-га.
Каштоўней за карону
У лонданскім доме-музеі Джона Кітса ўжо амаль 200 гадоў захоўваецца пасма валасоў паэта.
О, вялікая тая краіна, якая беражліва зберагае падобныя “матэрыі” – яны важаць больш, чым карона каралевы!
А што маем мы, беларусы? Напрыклад, асобнік вершаў Анатоля Сыса, заліты крывёю паэта. Ёсць такі… Сыс – са словамі: «Трымай, гэта мой падарунак табе!»– падпісаў сваю кнігу адной нашай маладой паэтцы. Вокладка была ў крыві. Ён патлумачыў, што быў парэзаў руку, а кроў не выводзіцца з паперы, не ў пральную ж машыну яе класці?..
Новае прачытанне Купалы
Зладзіў цяпер досыць вялікі эксперымент: чытаю Купалу ab ovo, то бок з першага зборніка, “Жалейкі”, дый яшчэ з паралельным росшукам яго вершаў на старонках “Нашай Нівы” (маю адлічбаваную падшыўку за ўсе гады), каб бачыць, якія тэксты іншых аўтараў атачалі ягоныя вершы.
Першае, што заўважыў у сабе падчас чытання, – напаўсвядомае, цьмянае, але ўстойлівае і адчувальнае: цяпер мне, сталаму чалавеку, чытаць (і перачытваць) наноў Купалу… страшнавата. Нават удзень. Яго моцная паганская стыхія захліствае душу – і гэта пераважна цёмная магія. Як удалося 26-гадоваму хлопцу авалодаць ёю? Канечне, яго вуснамі прамаўляе сама тагачасная Беларусь – Янка проста вельмі добры медыюм, яго абралі:
Толькі шнур мой вузкі,
Град на полі пажне,
І залом ведзьмакі
Заплятуць на мяне…
Да таго ж мне чамусьці хочацца чытаць Купалу ўслых – выразная і адметная рытміка ягоных вершаў нібыта прымушае. Відаць, толькі цяпер, а не ў юнацтве, я гатовы да такога чытання.
Непрыкметна некаторыя Купалавы вершы ўводзяць у транс, гучаць як калыханкі, якія не абяцаюць добрыя сны:
І старая і крывая
Хатачка мая, –
Уся злеплена, як будка,
З аднаго гнілля.
На страсе, як на балоце,
Зрос зялёны мох;
Каты часам і сабакі
Лазяць па вуглох.
Паглядзім, як яно далей будзе, што яшчэ адкрые мне гэтае новае знаёмства…
Зямля – мая!
У юнацтве мы гулялі ў “зямлю”. Гэта калі акрэсліваецца кола на зямлі, а кожнаму з гульцоў “адразаецца” аднолькавы кавалак, на якім ён стаіць нагамі. Хлопцы кідаюць ножык і імкнуцца, не саступаючы з месца, адзін у аднаго як мага болей адцяпаць, адмежаваць сабе “зямлі”. І, пашыраючы межы, клічуць сваю тэрыторыю па назве якойсьці абранай краіны (краін).
Ну дык вось у Віктара Марціновіча – Літва і Аўстрыя, у Альгерда Бахарэвіча – Францыя, у Славаміра Адамовіча – Нарвегія, у Андруся Горвата – Італія і Нідэрланды, у Артура Клінава – Нямеччына…
Мы, чытачы, напружана сочым за гульнёй. Пісьменніцкія нажы ўтыркаюцца ў зямлю, ажно дрыжаць дзяржальны.
Мастацтва і фэйк-навіны
Падчас наведвання Вільні ў 1911 годзе Максім Багдановіч упершыню пабачыў старажытныя нацыянальныя артэфакты, змог патрымаць іх у руках, насалодзіць вока і паэтычную душу. Браты Луцкевічы, як вядома, мелі ва ўласным прыватным музеі шмат унікальных рэчаў – яскравых сведчанняў велічы матэрыяльнай культуры беларусаў. Былі тут і слуцкія паясы.
Няма сумневу, Багдановіч прыйшоў у захапленне ад гэтых багаццяў і зладжанай для яго мініэкскурсіі. У выніку на свет з’явіўся верш “Слуцкія ткачыхі” – моцнае па энергетыцы выказванне, чыя форма і галоўны месідж былі зразумелыя простаму люду, узгадаванаму ў лоне вуснай паэтыкі – гаротнай і тужлівай, як песні жняі.
Законы мастацтва запатрабавалі, каб паэт пераўвасобіў рэчаіснасць. Але тут Багдановіч хапіў цераз край зубчаты бору. Неверагодна складаныя ў плане вытворчасці паясы ў яго ткуць (без належнай прафесійнай падрыхтоўкі) “забітыя” прыгонныя жанчыны!
Наўрад ці паэт – дапытлівы, кемлівы юнак, які, па ўспамінах Вацлава Ластоўскага, імкнуўся зразумець гармонію паэзіі пры дапамозе матэматыкі – прапусціў міма вушэй у часе гасцявання ў Ракуцёўшчыне альбо не запытаўся ў Луцкевічаў, як насамрэч функцыянавалі мануфактуры Слуцку і хто там працаваў. І прыкладам, не звярнуў увагі, што “шэраговы” слуцкі пояс утрымлівае да 200 грамаў золата. Ці ж бы даверылі такое багацце “паны” сваім “рабам”, нават пад пільным наглядам?
Верш “Слуцкія ткачыхі” быў разлічаны не на тое, каб паступова, страфа за страфой, узбудзіць жаласлівасць у душах чытачоў, а праімчаць, як гіперкар, у цэнтр калектыўнай душы. Багдановіч абраў самы просты, прамы і хуткасны, шлях.
Як высветлілася, скажоная паўсядзённасць сапраўды можа падмяніць сабою рэчаіснасць. Ні сам паэт, ні ягоныя рэдактары і выдаўцы не ведалі, што літаральна праз 5-10 гадоў “Слуцкія ткачыхі” стануць моцнай прапагандысцкай зброяй у руках бальшавікоў, фэйк-паведамленнем для вялікай усесаюзнай аўдыторыі: вось так жылі беларусы і не мелі яны ў сваёй гісторыі нічога, акром здзеку, рабскай працы, слёзнай бяздольнасці.
Машына часу
На адваротным баку паштоўкі Уладзіміра Караткевіча, якую пісьменнік адправіў з Друскенікаў Зосьцы Верас, чытаю: “… заедзе па мяне Васіль Быкаў на машыне (недзе ён тут круціцца) і павязе мяне ў Мінск праз Гродню”. І дата пазначана: 6 жніўня 1980 года. Гэта была серада.
Вось бы напісаць на белым аркушы паперы вялікімі чырвонымі літарамі: “МНЕ ТРЭБА Ў МЕНСК!”, а потым выкарыстаць машыну часу і, стаўшы на шашы, злавіць такую папутку: Караткевіч – на пасажырскім спераду, а кіроўцам у яго сам Быкаў!
А потым на заднім сядзенні “маўчаць і слухаць”, “маўчаць і слухаць”, і глядзець на ўсе вочы – да самай сталіцы.
Нацыянальная кніжная ежа
Пішуць і лайкаюць: хто не любіць дранікі, у таго няма сэрца.
Калі дранікі – наша нацыянальная ежа, то чаму іх ніхто не есць у беларускай класічнай літаратуры? Дранікаў няма ў Баршчэўскага і Багушэвіча, Ядвігіна Ш. і Каруся Каганца, Гарэцкага і Зарэцкага, іх ніхто не смакуе ў раманах “На ростанях” і “Людзі на балоце”, нікому не прапаноўваюць дранікі ў кнігах Караткевіча…
Наша літаратура па праву пахваляецца рэалістычнасцю перад сваімі чытачамі і ўсім светам. Таму, калі дранікаў няма ў беларускіх “класічных” кнігах, – іх няма і ў беларускім свеце. Відавочна, нашы пісьменнікі-класікі абміналі маўчаннем дранікі, бо апошнія не былі нацыянальнай ежай!
У цэнтры нашага стала круглай вежай узвышаліся… бліны: “Яшчэ ад рання блінцы пякліся на сняданне” (Якуб Колас). У прыватнасці, Янка Купала аж млеў ад бліноў з верашчакай (мачанкай) і сам іх рыхтаваў усюды, дзе можна было, і ў кнігах сваіх таксама: “Але ўсё-такі гэта для нас блін ды яшчэ маслам падмазаны”.
Прынцыповая размова
Як кажуць, “быў час, быў век, была эпоха”.
Вясной 1982 года таварыства кнiгалюбаў менскага завода “Электронiка” арганізавала сустрэчу з Уладзімірам Караткевічам. Пра яе вынікі ў нумары ад 15 красавіка распавяла газета прадпрыемства – “Интеграл”.
Вось, напрыклад, якія пытанні задавалі работнікі завода пісьменніку: “Ці не здаецца Вам, што цяпер складваецца тэндэнцыя да зніжэння ролі беларускай мовы?”, “Як вы ацэньваеце пераклады Вашых твораў на рускую мову?”
Пытанні не састарэлі, пісьменнікі і рабочыя, а таксама антыбеларуская дзяржава ў нас і сёння ёсць, але ж чаму так цяжка ўявіць падобныя сустрэчы цяпер?
Ненармальная норма
У Беларусі стала нормай, калі рэцэнзія на кнігу значна апераджае выхад той самай кнігі з друкарні, старт продажаў.
У выніку чытачы разгубленыя. Яны чуюць, што з’явілася літаратурная цікавостка, хочуць яе набыць і пачытаць, ацаніць самастойна, але гэта зрабіць немагчыма – здараецца, месяцамі! А водгукі і рэцэнзіі ідуць аж гудуць, разумнікі абмяркоўваюць навінкі – вось ужо першы “дыскурс” пайшоў. І кнігі новыя, калі паслухаць, – усе такія глыбокадумныя, прыгожыя, як жа пашчасціла чытачам і беларускай літаратуры!
Першыя (сігнальныя) асобнікі загаддзя раздаюцца самым лепшым сябрам і самым пазітыўным рэцэнзентам. (Сапраўды, ці ж бачылі вы негатыўныя рэцэнзіі на беларускія кнігі-навінкі?) І ляціць у сацыяльных сетках “постынг” вокладак з вясёла-прыдуркаватым воклічам, багатым на смайлы: “А я ўжо гэты твор маю-чытаю, ля-ля!” Як быццам новая кніга – тое новы айфон (добра, каб так было, але).
Карацей, шаноўныя пісьменнікі, не нервуйце чытачоў. З раніцы – рэцэнзіі, вечарам – новая кніга ў продажы.
Знікненне прыгажосці
Шкада, што ў літаратурна-мастацкіх творах цяпер амаль не засталося гэтых грацыёзных жывёлаў.
Сама іх назва настолькі прыгожая, што Леў Талстой, напрыклад, выкарыстоўвае толькі яе, сказ за сказам, зусім без займеннікаў: “Лошади, и рыжие и гнедые, все казались вороными от струившегося с них дождя. Шеи лошадей казались странно тонкими от смокшихся грив. От лошадей поднимался пар”.
Працадаўцы і мецэнаты
Не адразу знайшоў імя Радзівіла, у якога працаваў бацька Якуба Коласа – Міхал Міцкевіч. Сам Колас ва ўсіх анкетах пісаў абязлічана: “Бацька служыў лясьніком у князя Радзівіла”. Менавіта так, нават без першай літары імя. Якія на тое былі прычыны? Вось некалькі магчымых варыянтаў: 1) непатрэбная для анкеты дэталізацыя, 2) наўмыснае абагульненне Радзівілаў, каб новая бальшавісцкая ўлада не абвінаваціла ў “сімпатыі”, 3) Колас проста не ведаў, як звалі князя.
Савецкаму літаратуразнаўству імя таго ідэалагічна варожага арыстакрата было ўтрая непатрэбнае. Але купка дакументаў засталася. Напрыклад, інвентарнае апісанне хутара Ласток Менскага павета Менскай губерні, дзе жыла сям’я Міхала Міцкевіча. І вось яно, імя ўладальніка хутара: князь Антоні Вільгельм Фрэдэрык Аўгуст Мікалай Радзівіл (гады жыцця: 1833-1904). Цікава, што Антосем звалі і дзядзьку Коласа па бацькоўскай лініі.
Дык вось адзін Радзівіл, чый герб быў “Трубы”, даў Міхалу Міцкевічу працу, хоць і вельмі цяжкую (гл. падрабязнасці ў паэме “Новая зямля”), а другі прадстаўнік Радзівілаў з гербам “Лебедзь” (Марыя Магдалена Радзівіл) ужо дапамагаў ягонаму сыну ў справе выдання кніг.
Лічу, імёны Радзівілаў мусяць быць агучаныя для наведвальнікаў у тым ліку Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і пазначаны на ўсіх сайтах, прысвечаных творчасці нашага класіка.
І, галоўнае, прыведзены ў падручніках.
Літаратура на выспах
Пасля звыклага пейзажу еўрапейскага і амерыканскага рамана, пасля нават самага вытанчанага тутэйшага краявіду іншым часам стамляецца вока, сціхае душа і тады хочацца не проста новых impression, а мастацкай інакшасці на мяжы з “чужынскасцю”.
У такі час я звяртаюся да японскай літаратуры. Адзін толькі крой яе, абалонка літар-словазлучэнняў-сказаў ужо ўзрушвае сваім непадабенствам да ўсяго, што бачыў, чуў у роднай старане.
“Час, калі з абедзеннага стала знікаюць маладыя атожылкі акебіі”.
Вельмі кранальны паэтычны роспіс па літаратурным шоўку (адзін з сотняў!) – у рамане аб зіме, “Снежнай краіне” Ясунары Кавабата. Я ўпершыню тут, у гэтай кнізе. І з самага пачатку, чыгуначнай дарогі, і да самага дальняга горнага адхону рамана – іншыя, нязвыклыя, варункі жыцця.
“Пад банкет знялі памяшканне, якое звычайна выкарыстоўвалі для тэатральных прадстаўленняў ці адкорму шаўкоўнічных чарвякоў”.
Але самае галоўнае – адносіны між людзьмі, японцамі, у рамане. Знешне здаецца, нічога новага. Старыя і маладыя, мужчыны і жанчыны, гараджане і сяляне, слугі і гаспадары, заможныя і бедныя.
О, не верце, калі нехта з нашых скажа, што спасцігнуў японскае грамадства “ў цэлым” – па кнігах ці па ўласных назіраннях, як падарожнік. Калі ты не нарадзіўся там, гэта немагчма зрабіць нават на адну мільённую частку. Найскладаная рытуальнасць, рэгламентаванасць, нават прадвызначанасць стасункаў людзей пранізвае японскую літаратуру. Нешматслоўная і ўпарадкаваная – не наўмысна пісьменнікамі, а самім жыццём на выспах.
Я схіляю галаву над старонкамі, я нібыта ўгледжваюся ў складаны ўзор – здаецца, яшчэ хвіліна і я зразумею вось гэты нядоўгі дыялог жанчыны-гейшы і мужчыны, якія сядзяць поруч ля катацу (стала з падаграваннем), схаваўшы ногі пад коўдрай.
Але не, ізноў снег пайшоў. Цямнее.
Жыццё без мора
Пачуў неяк ад маладой жанчыны: “Было б у Беларусі мора, была б і літаратура”.
І вось прыйшла навіна аб катастрафічна хуткім росце ўзроўня мора. Запасаў лёду ў Антарктыдзе хопіць, каб вада ў Сусветным акіяне паднялася на 58 метраў.
То бок Парыж, які цяпер знаходзіцца над морам на вышыні 42 метры, у выпадку раставання айсбергаў цалкам схаваецца ў вадзе. А вось Брэст (280 м) і Менск (281м)– ім нічога не пагражае.
Будзем мы і ў гэтым выпадку без мора.
Дзеці-дзеці, куды вас падзеці?
Нават, калі ты – Вацлаў Ластоўскі, гэта не значыць, што дзеці ў цябе будуць такімі ж геніямі-энцыклапедыстамі, дый таксама саматужнымі. Хутчэй, наадварот.
Як сведчыць эпісталярная спадчына, Ластоўскі-бацька цвяроза ацэньваў поспехі сваёй старэйшай дачкі, Ганны. “Выходзiць усё ж такi, што з Ганкi хвалёнай векшненскай працавiтасцi нiчога не выйшла: экзаменаў за 4 клас не выдзержала”, – піша ён у лісце да сваёй першай жонкі, Марыі. (Малодшая дачка Стаська гэтым часам толькі рыхтуецца да падрыхтоўчай класы.)
Піша Ластоўскі сухавата і, як бачна, выкарыстоўвае двухкроп’е, нібыта жонка яшчэ не ведае аб правале Ганны.
Цікава, што быць асабіста настаўнікам, рэпетытарам для сваіх родных дачок (нават непрацяглы час – хаця б улетку!) Ластоўскі зусім не збіраецца, як і ўсё жыццё стаяць над імі з бізуном.
Вацлаў жадае толькі, каб Ганна прыехала да яго ў Коўна і “калi хоча вучыцца, тут можна вучыцца, а не хоча вучыцца – то трэба працаваць, дык прыстрою дзе-небудзь да працы”.
Практычны Ластоўскі мяркуе, што Ганне трэба паступаць на фельчарскія курсы: “Скончыўшы курсы, калi будзе вучыцца, а гэта знача не гультаiць, а працаваць, – можа паступiць у унiверсiтэт i быць доктарам. У кожным разе i фельчарыцай без хлеба сядзець не будзе”.
І як quīnta essentia усяго ліста датычна старэйшай дачкі: “Галоўнае i найважнейшае, каб мела Ганка акрэсленую працу, не кiсла на вёсцы i не развiвала iстэрыi”.
Ліст датаваны жніўнем 1922 года – ужо тады, значыцца, беларуская вёска “закісала”, не магла анічога парадзіць нашай моладзі, якой, відавочна, заставаўся адзін шлях: рушыць у горад.
Наогул быць бацькам дзяўчат не соладка: Ластоўскі, сувора выступаючы супраць хатняга рэпетытара, у пункце (!) два свайго ліста прыводзіць такі аргумент: “Немiнуча замест навукi вывяжуцца аморы, прыйдзецца грошы плацiць не за навуку, а за «забавы»”.
У першым пункце, даводзячы сваёй жонцы марнасць хатняй навукі, Ластоўскі кажа, што “паслугі корэпетытара-лiтвiна будуць каштаваць дорага, а за вынiкi гарантый нiякiх, як, зрэшты, заўсёды бывае з «дамовай навукай»”.
Карацей, калі б на вёсцы з’явіўся (такім некалі быў сам Ластоўскі!) малады і беспрацоўны ліцвін-“энцыклапедыя”, то ў хаце Ластоўскага яму б рашуча адмовілі. Сапраўды, беларускае жыццё ў 20-х гадах мінулага стагоддзя перайшло на новыя рэйкі.
Вялікае ў маленькім
У “маленькім фельетоне” “Пасля канцэрта Яна Кубеліка” (1909 год) Максім Багдановіч паказаў праз імклівыя, ёмістыя рэплікі, дыялогі неназваных людзей, як цяжка чалавеку з чулай, гарманічнай душой апынуцца ў натоўпе. Сярод тых, хто хадзіў у выходныя “акультурыцца”, хто пасля выступу чэшскага скрыпача здольны толькі пазласловіць, пазайздросціць, гідка пажартаваць з мастацтва. Хто судзіць скора і лёгка, нібыта збягае да рамізніка з прыступак гарадскога тэатра, ва ўсім задаволены сабой.
“Хутка я буду дома і адпачну”, – суцяшае сябе персанаж, у якім пазнавальны сам Багдановіч, бо акром “першай асобы” персанаж гэтак жа хутка, як сам аўтар, стамляецца і нервуецца, калі чуе і бачыць поруч з сабою пошласць.
І як заўжды ў самім Багдановічы (і ягоных літаратурных, публіцыстычных творах) – ані кроплі, ані каліва злосці датычна цынічных мяшчанаў – толькі адно шкадаванне. Сам паэт, гэта таксама заўважна, падзяляе адчуванне свайго героя: як мага хутчэй зачыніцца ад людзей, публікі. Пекла – гэта іншыя, безумоўна.
Маленькі тэкст і вялікі сум, адзінота 18-гадовага журналіста газеты “Голос”, будучага класіка беларускай літаратуры.
Прыцягальнасць палеаліту
У пячоры Шаве (Chauvet), дзе выяўлена 435 дагістарычных малюнкаў, ёсць і такія, розніца ў стварэнні якіх сягае 6 тысяч гадоў, аднак намаляваны яны ў аднолькавай манеры. То бок шэсць тысячагоддзяў мастакі не адчувалі патрэбы ў зменах!
Так, тыя малюнкі былі найперш рытуальнымі, магічнымі, над імі як дамоклаў меч вісеў суворы канон. Але калі ты кожны дзень палюеш на жывёл, то з дзяцінства ведаеш іх і малюеш іх дакладна, праўдзіва. Навошта тут “новая школа”, суперніцтва кірункаў і стыляў, выдумлянне ўсялякіх Цяні-Талкаяў дзеля таўстасумаў-галерыстаў?
Вось яна, магія праўды: калі “карціна” антылопы ці статку бізонаў была недакладная, на паляванні ўсіх чакала няўдача.
Як жа я здзівіўся, калі ў “Гісторыі мастацтва” Эрнста Гомбрыха прачытаў, што ангельцы доўгі час малявалі карціны конскіх скачак недакладна, а менавіта – ніжнюю частку тулава каней! Толькі са з’яўленнем фотакамер “абазнаная” грамада пабачыла, што ногі ў коней аніколі не выглядаюць так, як на іх “старых добрых” віктарыянскіх палотнах.
Спадарства, я хачу ў палеаліт!