НАПРАДВЕСНІ
86 нумар “Дзеяслова” атрымаўся ўніверсальным.
Змешчаныя ў ім тэксты і творы ўключаюць у сябе вельмі шырокую панараму культурнай, філасофскай і літаратурна-мастацкай тэматыкі. На зачыне вядзецца рэч пра надыходзячае вялікае свята – 500-гадовы юбілей беларускага кнігавыдання. Таму за аснову ўзяты скарынаўскі духоўны і нацыянальны подзвіг – выдрукаваная ім Біблія. Чытачам прапануецца ацаніць пачатак працы над перакладам старазапаветнай прозы – першы раздзел Кнігі Роду з каментарыямі (пра стварэнне свету). Гэта, безумоўна, важная падзея для беларускага нацыянальнага самавызначэння і самаўсведамлення ў свеце. Цікава, што не зважаючы на тэалагічную складанасць ды інтэлектуальнасць, тэкст прадмовы да гэтай неардынарнай працы, якая толькі пачалася, напісаны доктарам філасофіі і сакральнай тэалогіі Ірынай Дубянецкай, чытаецца жыва і з непадробнай цікавасцю.
Працягвае Скарыніяну публікацыя перастварэнняў, зробленых Алесем Разанавым з выдадзенай ім кнігі вершаў “Маем найбольшае самі”, дзе Ф. Скарына гучыць па-сучаснаму зразумела і даходліва, але не менш глыбока і ўзвышана. Чытач даведаецца, што
Таму габраі
людзям не сталым,
якім яшчэ не было
трыццаці гадоў,
не давалі
гэтыя кнігі чытаць –
бо ў іх
замкнёны вялікія таямніцы
і гэтыя таямніцы
пераўзыходзяць розум людскі.
Шырока заяўлена ў часопісе і сучасная мастацкая літаратура. Валянціна Аксак прапануе нізку паэтычных асацыяцый, звернутых да (а часцей: ад) уласнага і надзённага жыцця, занатаваных прозаю. Шчыра кажучы, тэксты мала чым розняцца ад свабодных вершаў паэткі, якія ўжо палюбіліся чытачам. У іх, як і ў згаданай публікацыі, даткліва зладжана гармонія думак і вычуванняў аўтара. Самі па сабе гэтыя вершы ў прозе простыя для чытання і ў той жа час з падсвечанай таямніцай падтэкставага ўспрымання.
“Заходжу ў хату. Вітаюся з бацькамі. Стаю ў чаканні адказу. А яны маўчаць. Проста глядзяць на мяне зверху, з-пад самае столі. Маладыя. Усмешлівыя. Прыгожыя. Шчаслівыя. Аблямованыя вішнёваю самаробнаю рамай. Такой жа, як і Маці Божая і Ісус Хрыстос побач. І самі ўжо сталі іконамі”.
Мы даўно прызвычаіліся да Алеся Камоцкага як да выканаўцы аўтарскай песні (можна сказаць, барда). Прычым песні ў яго даволі глыбокія, з філасофскімі падкладкамі і высновамі. Я і сам іх прыхільнік. Праўда, мне падалося, што жанр і манера выканання бардаўскай песні міжволі схілілі паэтычны талент Камоцкага да запатрабаванняў слухачоў і тэкставай празрыстасці. Дзякаваць Богу, шчырасць і мастацкая даверлівасць засталіся ўсё тыя ж. Не на пустым месцы ўзнікаюць такія радкі:
Хутчэй за ўсё, не так плануе аўтар,
Хутчэй за ўсё, мы самі нішчым цуды.
І тут можна было б пагаварыць пра даволі шырокае кола паэтаў, якія, узняўшыся на пэўны мастацкі ўзровень, як бы прыпыніліся ў сваім творчым развіцці і спакойна пайшлі па гарызантальным шляху да свайго непазбежнага небасхілу. Памятаеце, у Някляева ў адным з яшчэ маладых яго вершаў былі такія, на першы погляд, мімаходныя радкі: “Так верш я скляпаў. Неблагі… Не горшы з усіх маіх вершаў”… На жаль, многія тым і здавольваюцца: раз чарговы вершык напісаўся не горшы за іншыя, дык і добра…
Анатоль Івашчанка са сваёй нізкай вершаў “Сінявокая” – адваротны бок гэтага медаля. Ён якраз з тых, хто творчым высілкам волі адрывае свой гарызантальны пагля́д, прагнучы вертыкальнай духаўздымнасці. Яго вершы нясуць у сабе новае ўспрыняцце старога свету, выяўляючы нестандартны фармат чалавечых і метафарычна-вобразных узаемаадносін, спрабуючы замацаваць суб’ектыўнае на трывалым грунце аб’ектыўнага:
Не той паэта, хто вершыкі піша,
не той празаік, хто піша пра заек.
Цяперашнім часам пісьменнік іншы
найболей збярэ падабаек.
Той, хто напіша чоткі пражэкт,
той, хто засвоіць найбольшы бюджэт,
хто ўсё разруліць, выдаіць грант…
Вось хто цяперака думкі гігант!
Да паэтаў пошукавых, неаднастайных адносіцца і Таццяна Дзмітрыева з Магілёва. Сорамна, што дагэтуль не быў знаёмы з яе творчасцю. Большасць вершаў, якія склалі яе падборку ў “Дзеяслове”, нязмушана-арыгінальныя, з тонкай, як кажуць, скурай, з нервовымі, адчувальна балявымі канчаткамі. Раю пачытаць. Як і вось гэты верш з цыкла “Zug. Accelerando”:
аўтобус
нахіляецца да мяне –
на прыпынку больш нікога
У паэтычнай рубрыцы друкуюцца таксама вершы Юркі Голуба і Леаніда Галубовіча.
Што да прозы. Найперш вылучаецца чарговая нізка апавяданняў Віктара Казько “На кручку”. Гэта густы хаатычны тэкст з панарамай савецкага (расійскага) і постсавецкага жыцця аўтара ў яго філасофскім развароце. Ён – для цярплівага, уважлівага і ўдумлівага чытача. Той жа, хто прачытае аповеды да канца, атрымае своеасаблівы мастацкі шок, пасля якога задумаецца над біблейскімі метамарфозамі зямнога чалавечага жыцця. Нядаўна я спытаў у Віктара Апанасавіча пра цяжкаваты замес яго стылістыкі. І ён адказаў мне, што гэта натуральная (жывая і рэчаісная) манера яго пісьма, якую ён выправіць не можа, не парушыўшы ўжо пазнавальнай многімі чытачамі сваёй літаратурнай адметнасці. Больш за тое, яна суладная і адпаведная яго празаічнаму дыханню, мысленчаму і сюжэтнаму ходу. Спрачацца не выпадала. Не магу не працытаваць некалькі важных, на мой погляд, фрагментаў з яго прозы, якія паказваюць на маштаб пісьменніцкай задумы В. Казько. З апавядання “Зямля як тэкст, альбо Валгаград, Сталінград, Царыцын”: “Савецкая рэчаіснасць паправіла справу. Угноіла глебу пад свае крывавыя міфы, сімвалы і святыні. Перапісала ці не ўсе тэксты сваёй і чужой зямлі, звяла іх да нікчэмнасці. Як жа мы зніякавелі і здрабнелі пасля здабычы агню і вырывання з пячораў. Ці не адно толькі ўдала атрымліваецца ў нас – паскудзіць, гадзіць на магілы продкаў ды на вечным агні памяці пражыць шашлыкі і каля яго спарвацца. Такія нашы сёння пасланні будучыні, тэксты, рукапісы і паліпсесты творцаў новых ідэалаў”.
З аповеду “Дзверы замкнутыя, ключ у вечнасці”: “Сацыёлагі і псіхолагі растлумачылі і ахрысцілі падобную з’яву стварэннем у людства катастрафічнай свядомасці. Свядомасці самазнішчэння і самазабойства, да чаго прыводзіць адчуванне замкнутасці свету на самім сабе. Інакш, кароткае замыканне прасторы і часу, вякоў і стагоддзяў, калі якраз і нараджаюцца монстры і цмокі – Леніны, Сталіны, Троцкія і Гітлеры”.
А вось Вінцэся Мудрова чытаць лёгка. Ён вольна і майстравіта выкладае прыгоды свайго маладога жыцця, прыхарошаныя і прыперчаныя сваім арыгінальным мастацкім талентам. Вось і гэты яго расповед пра “нябесныя знакі” 1986 года, што выявіліся яму на марознай Поўначы расійскага Наябрска, напэўна, намі, беларусамі, будуць зразумелымі лепш, чым іншымі.
Вельмі прыцягальная проза Паўла Ляхновіча. Яго апавяданне “Прыпяць цячэ…” нечым асацыіруецца ў чытацкай свядомасці з хэмінгуэеўскім шэдэўрам “Стары і мора”. Рамантычна-драматычнае падводнае паляванне на велічнага сама заварожвае. Прырода і чалавек ды прырода чалавека – вось асноўная ідэя і тэматыка творчасці гэтага адоранага пісьменніка.
Даволі чытэльная проза паэткі Таццяны Будовіч-Барадулі. Яе праца ў літаратурным музеі, расчытка спадчыны і лёсаў нашых творцаў, разгадка самагубстваў – усё гэта міжвольна прыўнесена ёю ў панараму кароткіх расповедаў, якія сваёй псіхалагічнай неардынарнасцю накладваюцца на нашу рэчаіснасць.
Не сказаў бы, што “мне зайшлі”, кажучы фразеалогіяй аўтара, дэбютныя празаічныя тэксты Марыны Булатоўскай. Гэта, як кажуць, для маладых і прасунутых. Спадзяюся, Марына перажыла ўжо гэтыя свае літаратурныя парыванні. Таму не сумняюся, што з плёну тых перажыванняў выснуюцца новыя, ужо больш сур’ёзныя і глыбокія рэчы.
Друкуецца вялікая падборка перакладаў з сучаснай украінскай літаратуры. Асабіста мяне найбольш уразілі вершы Наталкі Белацарківец і Сяргія Жадана (пераклад А. Хадановіча), а таксама проза Марыны Варыч (пераклад Б. Пятровіча). На гэтым рубрыка не сканчваецца, бо ў дадатак выстаўленая проза ўжо вядомага нам Этгара Керэта ў перакладзе з іўрыту Паўла Касцюкевіча. Гэтым разам перакладчык выбраў кароткія арыгінальныя прытчавыя аповеды ізраільскага пісьменніка з яго кнігі “Раптам стук у дзверы”, вартыя прачытання і траты часу.
Вольга Гронская прапануе чытачам пазнаёміцца з сучаснай аўстрыйскай паэзіяй праз поглядна-крытычныя асацыяцыі яе прадстаўніка Фердынанда Шмаца. Скажу шчыра: пачытаўшы, мне падалося, што наша сучасная не менш цікавейшая і не менш глыбейшая па сваім мастацкім узроўні.
У скароце друкуецца манаграфія Канстанціна Тышкевіча (1806-1868) “Вілія і яе берагі” (у гідраграфічных, гістарычных, археалагічных і этнаграфічных адносінах), адмыслова перакладзеная з польскай мовы Уладзімірам Васілевічам.
“Дзеяслоў” узнавіў публікацыю дзённікавых запісаў Міхала Дубянецкага. Нататкі носяць назву “Трэба рызыкаваць”. Чытанне вымагае роздуму і асэнсавання. Да прыкладу, такі фрагмент пра часы савецкай цэнзуры: “Заведзеная сістэма функцыянуе спраўна – усе ператварыліся ў апалчэнцаў цэнзуры – і аўтары, і рэдактары, і паліграфісты. Многія па перакананні, што так яно і павінна быць, некаторыя ж – каб не страціць куска хлеба. Аўтар баіцца, што калі выдавецтва атрымае з-за яго аплявуху, у Галоўліце ці іншым “галоў”, то больш не возмецца за выданне яго твораў. Гэта ў лепшым выпадку. А калі заўважана нешта больш-менш сур’ёзнае – паплоціцца кар’ерай. Таму перш, чым несці рукапіс у выдавецтва, аўтар прасявае яго сам на густое цэнзурнае сіта… У Галоўліце на кожнага рэдактара вядзецца дасье, куды запісваюцца ўсе яго цэнзурныя грахі. Збярэцца гэтых грахоў некалькі, і цэнзар абавязкова дасць ход справе… На Галоўліце СССР кола не замыкаецца – над ім стаіць ЦК КПСС. Сетка густая. Але ж і гэта яе не поўная характарыстыка. Ёсць яшчэ шматлікі цэнзурны інстытут – чытачы. (…) Гэта чытальніцкія падонкі… Яны бяруць у рукі кнігу не для таго, каб далучыцца да добрага, вечнага, а для таго, каб вышукаць у ёй антысаветчыну і паказаць адпаведным органам, які ён пільны, надзейны і адданы”.
Таксама ў нумары можна пазнаёміцца з творчымі партрэтамі былых сяброў і вядомых калег Кастуся Цвіркі, якія ўвойдуць у яго кніну “Човен часу” (Н. Гілевіч, Р. Барадулін, Г. Бураўкін). Эдуард Дубянецкі спрабуе-такі разгадаць “Загадку Стральцова”. Іван Штэйнер разважае пра “канцэпцыю голаду ў беларускай і сусветнай літаратуры”. Алесь Гібок-Гібкоўскі піша пра нечаканы досвед і згадкі, звязаныя з няпростым лёсам свайго бацькі (“Прапаў без вестак”). Сяргей Кавалёў аналізуе гісторыю рамана Кастуся Тарасава “Пагоня на Грунвальд”. Наталля Якавенка рэцэнзуе кнігу Валеры Гапеева “Ноч цмока”, а Яўген Бяласін дзеліцца свежымі ўражаннямі ад нечакана ўскалыхнуўшай медыяпрастору кніжкі Андруся Горвата “Радзіва “Прудок”. Завяршае публікацыі анатацыйная рубрыка новых кніг.
“Дзеяслоў” гэтым разам важкі як ніколі. Чытайма.
ЛеГал
Літаратурная Беларусь, выпуск №3 (127), сакавік 2017.