Агляд “Дзеяслова” №91

«ГІСТОРЫІ ВІДАВОЧНА ПРЫСУТНЫЯ»: «Дзеяслоў, № 91»

 

Пражыты і перажыты яшчэ адзін год. Па вялікім рахунку, нічым значна асаблівым для беларускай літаратуры ён не запомніўся.

Былі лакальныя творчыя ўдачы як у старэйшых пісьменнікаў, так і ў маладзейшага пакалення. Пры гэтым было выдадзена многа кніг, зроблена шмат папяровых і электронных публікацый, ладзіліся яркія імпрэзы і запамінальныя прэзентацыі… Словам, творчае жыццё працягвалася. Найбольш адметна праявілі сябе і былі прэміяльна адзначаны такія творцы, як Зміцер Бартосік, Наста Кудасава, Андрусь Горват ды Уладзімір Някляеў… Віншуем. І не пакідаем надзеі на лепшае, як для літаратуры і саміх літаратараў, так і для роднай мовы і самой беларускай нацыі. Тым часам выйшаў апошні (91-шы) нумар “Дзеяслова” за 2017 год.

Якраз напрыканцы адышоўшага года літаратурная грамадскасць адзначыла 70-годдзе знанага паэта Алеся Разанава. З гэтай нагоды часопіс прапануе сваім чытачам яго новыя запісы (зномы) пад агульнай назвай “Дзверы адчыняюцца і зачыняюцца”. Многія філасафемы (можна і так іх назваць) пазнаюцца намі з досведу папярэдняй авангардна-пошукавай творчасці паэта. Найперш – адчувальнай прагай прамовіць яшчэ не казанае самім і пакуль яшчэ не сказанае іншымі. Творца хоча дамагчыся геніяльнай прастаты ў мастацкай выяве зямных рэчаў і сутнасці самога чалавека. Хоць вельмі часта полюсы разваг паэта змушаюць яго ўраўнаважваць шалі метафізічнага і духоўнага (“Жыццё ў самапераўзыходжанні, і чалавек істотны сваімі можнасцямі”). Аднак найбольш пэўную характарыстыку выдрукаваных зномаў можна зрабіць з такога запісу: “Мова – тэкст, твор – кантэкст, у якім яна ўсялякі раз знаходзіць сваё адмысловае ўвасабленне. Колькі твораў – гэтулькі ўвасабленняў, колькі адмысловасцяў – гэтулькі творцаў”. Хоць найбольш уразіла і шмат што праясніла і патлумачыла гэта: “Літаратура ёсць не таму, што яе чытаюць, а таму, што ёсць тое, што чытае яна, нават калі яе самую і не чытаюць”.

Берасцеец Алесь Паплаўскі друкуе аповесць “Гульні з нулявымі сумамі”. Па сутнасці, перад намі (у чым напрыканцы твора і прызнаецца аўтар) дзённікавыя нататкі вандроўнага самазаглыбленага чалавека. Сюжэт развіваецца марудна (ён турыстычна-падарожны) і трошкі занудна-медытацыйны. Герой аповесці разважае над сутнасцю чалавечай духоўнасці і грахоўнасцю свайго зямнога жыцця. Што ёсць Бог і што ёсць чалавек – іх узаемасувязь і неадлучнасць і ў граху, і ў святасці. (Па-за асноўным тэкстам прасочваецца параўнальны працэс будаўніцтва нацыянальных дзяржаў – Ізраіля і Беларусі.) Змест ды ідэйны пасыл душэўных сумненняў і ваганняў не прыводзяць да іх канчатковай гармоніі і годнага выхаду з таго ўнутранага катарсісу героя (самога пісьменніка). Цягам усяго твора чытачу (па замоўчванні) прапаноўваецца місія, можна сказаць, пракуратара (Понція Пілата) у сітуацыі разладу паміж героем твора і яго аўтарам.

“Божа, няўжо Ты марнаваў дарма час, прапаведваючы нам Ісціну? Няўжо Твая гліна, з якой Ты ляпіў нас, аказалася брудам? Столькі здраднікаў, столькі новаспечаных Іудаў, столькі абыякавых асоб наведвала і наведвае гэтыя Святыя Мясціны. Ці каюцца яны, ці разумеюць прыроду сваёй недасканаласці?.. <…> Хочам мы таго ці не, але нас робіць пакорлівымі , падатлівымі толькі боль. Менавіта тады, калі нам невыносна пакутліва, мы ўзгадваем пра Цябе…”

Праўда, суправаджае героя аповесці яго спадарожнік па турыстычнай вандроўцы праваслаўны бацюшка, айцец Серафім. Менавіта з ім у аўтара адбываюцца найбольш вострыя і эмацыйныя маналогі. Аднак і яны не набліжаюць яго да ісціны, а хутчэй адстароньваюць ад кананічных пастулатаў у пошуку паразумення паміж боскім і чалавечым. Аўтар (ён жа герой) штораз адзначае: “Ёсць толькі адзін шлях – шлях да сябе.  І наша мэта – дасягнуць сваёй унутранай глыбіні  і вышыні адначасова. Мы самі сабе творцы. І той з нас, хто дасягае гэтага разумення, не мае патрэбы ў кімсьці, таму што толькі эга патрабуе сабе кампаньёнаў, таму што толькі яно самасцвярджаецца за кошт іншых…”

Самалёт, на якім адлятае на Радзіму герой, церпіць катастрофу пры няўдалым прызямленні. Рукапіс трапляе да сына (тут свая маленькая драма), які і публікуе гэты, прапанаваны нам для прачытання, тэкст. Паразумення з Вышэйшай сілаю так і не адбываецца. Таемнасць зямнога і паднебнага застаецца. Пожад разгадкі прыцягвае, страх адпрэчвае… На тым і трымаецца жыццё, прынамсі, яго вечнасць.

Празаік і паэт Уладзімер Арлоў гэтым разам выступае з баладай “Аркады Падуі”, дзе ў вершаванай форме распавядае сучаснаму чытачу “гісторыі відавочна прысутныя”. Шуткуючы (спадзяюся, бяскрыўдна), можна сказаць, што гэтая балада У. Арлова ўбірае ў сябе ўсе балады В. Шніпа, бы акіян – рэкі, а калі сур’ёзна, то наогул усю гісторыю еўрапейскага асветніцтва. Яе (баладу) можна назваць і інтэлектуальнай, бо, дзякуючы гістарычнай эрудыцыі аўтара, тут спалучаны між сабою шмат імён і фактаў пэўнага часу (а да ўсяго, многа адсылаў і фрагментарных цытат). Усё завязана на Францішку Скарыне і ўсё ад яго, як ад жыватворнай крыніцы, расцякаецца далей па тэксце… Зрэшты, не так важна пра што канкрэтна напісана балада, бо, у дадзеным выпадку, на маю думку, галоўнае – як. А напісана яна, апроч вышэй згаданага, з такой эратычнай жарсцю, што, шчыра кажучы, заканчваючы, ты ўжо забываеш пра пачатак хмельнага заваблівання ў ейны кантэкст… Галоўная выснова твора: усе мы, не зважаючы на нашу прамінуласць ці наступнасць, пражываем зямное жыццё ў адным часе – вечнасці, і ўсе мы ўзаемазалежныя…  Таму нават такія разняволеныя строфы, відаць, разлічаныя на прыцягальнасць, бы той яблык на дрэве пазнання, выклікаюць гарманічную асацыяцыю старажытнага і сучаснага:

 

на сцяне базілікі направа ад увахода

графіці з лічбамі

такое ты бачыў у Горадні на Каложы:

тут я і Нэлі саграшылі

пачалі 21.30 скончылі 22.15

відаць былі школьнікі

або настаўнік і вучаніца

або вучань і настаўніца

настаўніца анатоміі

як некалі ў цябе

твой сябар дзяліўся:

з настаўніцай займаемся 45 хвілін

з дацэнткай акадэмічную па́ру

дацэнтка любіла казаць нам

сэкс дае адчуванне што мы жывыя

 

А слова дае нам адчуванне вечнасці. Пра што, пэўна, і хацеў сказаць аўтар балады.

Урывак з рамана “Libido” Іллі Сіна ўяўляе сабой псіхалагічна скроены пласт жыцця пакалення, народжанага перабудовай. Той перыяд яшчэ можна назваць пластмасавым жыццём. Жанчына, што стала сексуальнай цацкай (прыладай) для задавальнення іншых, у рэшце рэшт, хоча сама знайсці для сябе адзінага Іншага. І ўвесь гэты постсавецкі вэрхал і тлум, што забірае яе дарэшты, у выніку не пакідае ёй нічога, апроч мройлівага пожаду немагчымага… Адчуваецца, што думкамі і паводзінамі жанчыны кіруе аўтар, і гэта найвярнейшы знак таго, што яе крозы пра Іншага і пра іншае не завершацца рэальнасцю. Але, каб ведаць тое пэўна, трэба прачытаць твор цалкам.

Галіна Каржанеўская піша свой час адпаведнымі словамі, якія намагаюцца той час засведчыць і зберагчы, хоць ясная рэч:

 

Ля парога былога

Красамоўна, як плач,

Застануцца сіроты –

Дзівасіл ды касач.

 

Заключная публікацыя ўрыўкаў з рамана Леаніда Левановіча “Міленіум” – гэта пераважна  дзённікавыя запісы 2000 года падчас паездкі аўтара (героя рамана) да дзяцей у ЗША. Ад амерыканскага прагматычнага дабрабыту да вяртання ў беларускую сціплую, але душэўна цёплую дабрадзейнасць (радавацца чужому –любіць сваё). Чытанне на аматара. Вобраз Бравусава нечым аддалена нагадвае помнага героя Вапшчэтку з “Сачынення на вольную тэму” Анатоля Кудраўца, але не больш за тое. Цікава было прачытаць такое: “Знайшоў словы ў падтрымку сваёй пісаніны.  Часам я лавіў сябе на думцы, што пішу коратка, суха. Дык вось, зямляк Фёдар Міхайлавіч зазначае: “Всего лучше иногда рассказчику ограничиваться простым изложением событий”. А далей вось так: “К тому же всякие записи очевидцев драгоценность. Даже кто бы ни был очевидец. Не правда ли?” Так, Фёдар Міхайлавіч, праўда! Я і ёсць той самы “очевидец”, які жыве на мяжы тысячагоддзяў і штодня крэмзае паперу. Можа, і недарэмна? “Бремя моих сомнений стало легче”. Аднадумца ў мяне геніяльны, прызнаны ўсім светам аўтарытэт”.

Эротыка на мяжы жыцця і смерці. Прыкладна так можна вызначыць апавяданне Давіда Шульмана “Каця і Валодзя”. Як на мяне, то менавіта падобнай чытэльнай прозы бракуе нашай сучаснай літаратуры. Аўтар жыве ў Ізраілі. Ён не саромеецца пісаць простыя, але зразумелыя рэчы: “Я ведаю пяць моваў, але зараз мы будзем “размаўляць” яшчэ на дной, на любімай: на мове сэксу.”

Вершы Юркі Голуба ярка метафарычныя, ігрыста-хмельныя, рытмічна-выбіўныя, бездакорнай рыфмай знітаваныя. Класічны ўзор традыцыйнай паэзіі.

Адзін з найбольш таленавітых сучасных паэтаў берасцейшчыны Алесь Каско, на жаль, не дачакаўся публікацыі сваіх вершаў. Ён цяжка і невылечна хварэў, але яшчэ паспеў спарадкаваць і адаслаць у рэдакцыю сваю перадсмяротную паэтычную нізку, якую назваў “Напрыканцы будучыні”. Цудоўны творца адышоў у лепшы свет, пакінуўшы чытачам свой адмысловы творчы плён. Спадзяюся, што ўсё створанае паэтам збярэцца, выдасца, даследуецца і ўвекавечыцца. А гэта – нам на адвітанне:

 

Пасля мяне, трава, расці,

сцяблінка, набірайся сілы;

скрозь час глухі і рух бяскрылы,

скрозь ледзь прагрэты жвір магілы

пасля мяне, трава, расці.

Свет гэты мілы ці нямілы,

мне не ўсвядоміць пры жыцці;

для тых, каму пазней прыйсці,

пасля мяне, трава, расці,

сцяблінка, набірайся сілы!

 

Геніяльныя радкі, як на маё адчуванне. Своеасаблівы духоўны запавет нашчадкам.

Прапануюцца ўвазе чытачоў тры апавяданні Алеся Ветаха (Бельскага) напісаныя ў дабротным старым стылі класічнай нацыянальнай прозы. Ёсць злабадзённыя сюжэты на сучасную тэму з маральна-духоўнымі высновамі. Расповеды чытэльныя, але занадта стэнаграфічныя. Прыкладна так: “Навокал шмат таго, што бянтэжыць і пярэчыць твайму светаўяўленню. Чалавек па-ранейшаму ідзе супраць чалавечнасці, памяці, свайго сумлення, жыве так, як лічыць патрэбным. Магчыма, не варта крыўдаваць, сердаваць, гневацца, а трэба імкнуцца дараваць…  Вядома, гэта цяжка, бо хочацца справядлівасці, сустракаць узаемразуменне, падтрымку, спагаду. У жыцці не ўсё атрымоўваецца так, як нам хочацца ды жадаецца. Ды, галоўнае, усё ж верыць у лепшую будучыню. Так, як у гэта верылі нашы бацькі, дзяды і продкі. І тады прыйдзе новы дзень, пачнецца сустрэчны рух…”

Тыя ж, хто прагне “забугорнага”, маюць магчымасць пазнаёміцца з выбітнымі вершамі ірландскага паэта Уільяма Батлера Ейтса (нобелеўскага лаўрэата) у перакладах Андрэя Хадановіча.

Друкуюцца таксама лепшыя пераклады пераможцаў конкурсу “Экслібрыс”: Іааны Владыкі (успаміны Тэрэзы Тышыньскай), Алеся Емяльянава (вершы Уістана  Х’ю Одэна, Нормана Маккейга, Ленгстана Х’юза,  Адама Загаеўскага, Юльяна Тувіма, Ганны Свіршчыньскай), Сяргея Матыркі (урывак з рамага “Вялікі Гэтсбі” Ф. Скота Фіцджэральда), Надзеі Квасняк (паэзія Юльяна Тувіма),  Яўгеніі Лабохі (проза Гектара Х’ю Манро).

Публікуецца даволі арыгінальная п’еса ў дзвюх дзеях Сяргея Кавалёва “Камедыя Юдзіфі”.

У рубрыцы “Словы” – гутарка Л. Галубовіча (“Вяртаючыся да пачатку”) з найстарэйшай і выдатнай нашай пісьменніцай Аленай Васілевіч, прыўрочаная да яе слаўнага 95-годдзя.

Побач – цікавы і арыгінальны літаратурна-гістарычны артыкул Вячаслава Рагойшы пра творчасць Францыска Скарыны “Людем посполитым к доброму научению”.

Публікуюцца мемуары вядомага бібліёграфа Юліі Бібіла “…Прысвяціць сябе справе блізкай, харошай!” з пазнавальнай і цёплай прадмовай Таццяны Кекелевай і Арсеня Ліса.

Таленавіты слонімскі крытык, паэт і краязнаўца Сяргей Чыгрын распавядае пра жыццё і творчы лёс малавядомых да гэтай пары заходне-беларускіх паэтаў Язэпа Крыгі і Маладога Дубка (публікацыя падаецца з некаторымі вершамі згаданых аўтараў).

У артыкуле “Шлях мой самотны” літаратуразнаўца Вольга Клімавец звяртаецца да некаторых неразгаданых ці пакінутых па-за ўвагай крытыкаў лёсавых вобразаў беларускага пісьменніка ў рамане Уладзіслава Рубанава “Не аднойчы забіты”.

Друкуецца рэцэнзія Леаніда Галубовіча (“Пад крылом анёла-ахоўніка”) на кнігу Вінцэся Мудрова “Забойца анёла”.

Рубрыкай “Дзеяпіс” з кароткімі анатацыямі новых выданняў нумар закрываецца.

Чытайце на здароўе – і,  па магчымасці, духоўна ўзбагачайцеся.

 

ЛеГал

 

 

 

Будзьма з «Дзеясловам»!

 

Падпісацца на часопіс «Дзеяслоў» можна ў любым паштовым аддзяленні Беларусі і спраўна атрымліваць яго шэсць разоў на год.

Індэкс для індывідуальных падпісчыкаў — 74813,

для ведамаснай падпіскі — 748132.

 

“Беларусь Літаратурная” №137.


Апублікавана

у