Шаноўныя аўтары і чытачы! Мы вырашылі аднавіць-рэанімаваць нашую даўнюю апытанку для літаратарў – анкету «Дзеяслова» – якая цягам 2005-га года друкавалася на нашых старонках. За гэты час багата чаго змянілася. Нямала цудоўных аўтараў, якія тады бралі ўдзел у анкеце, адышло ў Вечнасць. Змяніўся, разам з часам, і часопіс. Але галоўныя пытанні Літаратуры засталіся ранейшымі, і адно з цэнтральных сярод іх – чым ёсць з’ява творчасці, у чым яе феномен. Іншымі словамі, з чаго «вырастаюць» вершы, паэмы, аповесці, драмы, раманы… Вось жа, да вашай увагі – развагі актуальных беларускіх літаратараў на гэты конт. І не толькі.
Вашыя «дзеяслоўцы»
Валянціна Аксак
- Чым бачыцца Вам літаратурная творчасць: нябесным прызваннем, грамадзянскім абавязкам, прафесіяй, хобі, звычкаю? Што падштурхнула Вас да пісьменніцкай дзейнасці. Ці памятаеце свой творчы дэбют? Каго Вы лічыце сваім літаратурным “хросным бацькам”?
Словазлучэнне «літаратурная творчасць» да мяне аніякім чынам не прыналежыць. Гэтаксама не стасуюцца са мною дэфініцыі «прызванне», «грамадзянскі абавязак», «прафесія», «хобі», «звычка». «Пісьменніцкай дзейнасцю» таксама не займаюся. Усё, што звязанае з маёй гульнёю з гукасловамі, узнікае як прыродная стыхія і ніякай унармаванасці не паддаецца. Я не ведаю, што, калі і дзе абрынецца на мяне, як нечаканая залева ў чыстым полі, і колькі часу я прабуду ў гэтай «непагодзе». Бывае, што дзень, а бывае, што й месяц. Але здараюцца і перыяды «сухменю». Працяглыя і пакутныя.
Што тычыцца дэбюту, то калі пад гэтым тэрмінам маецца на ўвазе першая публікацыя, то яна была ў 1987-м у наваполацкай гарадской газеце «Хімік». Раз на месяц яна друкавала старонку літаратурнага аб’яднання «Крыніцы», на пасяджэнні якога я зрэдчас хадзіла.
Літаратурнага «хроснага бацькі» не маю. У гэтым сэнсе я – нехрысць, якая з’явілася з ніадкуль. Ніхто не вёў мяне за руку па гладкай дарозе. Прарастала ў каляінах разбітых гасцінцаў, рызыкуючы патрапіць пад хуткія колы. І не раз трапляла. Што, як цяпер разумею, было шанцункам, бо правярала на вытрываласць у жыццёвым сцэнары, які мне быў напісаны.
- У чым адметнасць Вашай творчай працы? Які час сутак найбольш плённы? Да якіх “тэхнічных прыладаў” Вы найбольш звыклі: аловак, пяро, шарыкавая ручка, кампутар, дыктафон, інш.? Ці выкарыстоўваеце Вы “творчыя стымулятары”: кава, цыгарэты, віно, музыка, інш.? Што для Вас натхненне і ці чакаеце Вы яго, каб пачаць пісаць?
Прызнаюся вам, што ніколі ніякай працы, так бы мовіць, над словам ці са словам у мяне не было і няма. Больш за тое, калі ў дачыненні да вершаскладання я чую з вуснаў аўтара слова «праца», то мне адразу робіцца нецікавым вынік гэтай, даруйце, працы. Паўтаруся, для мяне ўсё, што звязана са словам, гэта – здарэнне, якое можа засцігнуць як гром з яснага неба. Вось нешта такое раптам пачынае ціхенька трымцець асобнымі гукамі, а далей аднекуль выплываюць словы, прысуседжваюцца ў фразы, і мне застаецца толькі запісаць іх. Калі, вядома, у той момант ёсць чым і на чым гэта зрабіць. А як няма, то й няма. Як нахлынула, так і сплывае.
Стан раптоўнага выпадання з рэальнага жыцця падобны да ачмурэння. Яго насланнё не залежыць ні ад часу сутак, ні ад тэхнічных прыладаў, ні ад творчых стымулятараў. Яно не чакае натхнення і ўвогуле не ведае, што гэта такое.
- Якія цяжкасці паўстаюць перад Вамі падчас напісання твора? Якое значэнне Вы надаеце слову, фразе, рытму твора? Ці звяртаецеся падчас пісання да даведачнай літаратуры, слоўнікаў, энцыклапедыяў?
Бадай што я ўжо адказала на пытанне пра цяжкасці. Хіба дадам, што калі на мяне абрынаецца заслона ад будзённасці, то тады цяжка не мне, а са мною блізкім людзям.
А словы і фразы пішуцца, як чуюцца аднекуль. Рытміку дыктуе гукапіс, зноў жа мне непадуладны. Фаліянты, складзеныя разумнымі людзьмі, гартаю ў часе моцных сумневаў пра слушнасць «пачутага». Тое бывае, калі ўжо ў цалкам прытомным стане спрабую зляпіць з асобных хаатычных радкоў нешта больш-менш гарманічнае, якое паступова набывае вобраз новае кнігі.
- Што/хто найбольш спрыяе ў рэалізацыі Вашых літаратурных задумаў? Што/хто найбольш перашкаджае Вам у гэтым? Ці ўплывае на Вашую творчасць ацэнка сяброў, рэдактараў, чытачоў? Ці вяртаецеся Вы да напісаных твораў, каб перапісаць іх, перарабіць, удасканаліць?
Калі ўжо так здараецца, што мне патрэбна зашыцца ў самотную норку, то шанцункам здаецца, калі ніхто і нішто не змушае мяне вылезці адтуль. І ўжо невымоўнае шчасце адчуваю тады, калі інтымнай самоты хапіла аж да сустрэчы з водарам друкарскае фарбы, якім струменіць былы рукапіс. І вось тут, калі наталіўшыся першым момантам радасці, раптам бачыш усе хібы і нават недарэчнасці таго, што з тваіх рук пайшло ў свет, і ты ўжо не ўладны над надрукаваным, накрывае расчараванне. Яно гусцее, калі праходзіць месяц, другі, год, а чытачы і крытыкі маўчаць і тым самым пацвярджаюць марнасць тваёй самотнай аскезы. Пачуванне такое, як калі адзін стаіш у лесе і гукаеш, а рэха няма. Цяпер магу з удзячнасцю ўзгадаць вельмі цёплы чытацкі прыём маёй першай кнігі «Цвінтар», што дало неверагодную ўнутраную веру ў сябе і нарадзіла праз два гады «Капліцу». Крытыкі ў рэцэнзіях асцярожна намякнулі, што другая кніга ў нечым паўтарае першую. Гэта было балюча, але карысна. Праз пяць гадоў выйшаў «Антычны дождж», які меў вельмі шырокі ўхвальны рэзананс. Чаго не магу сказаць пра «Віно з Каліфорніі» і «Ружоўніцу». Нейкія водгукі былі, але я адчувала, што ўва мне перастала гучаць новая музыка словаў. Дзевяць гадоў было так, як быццам мову заняло. А потым неяк нешта зноў паціху пачало трымцець, і адзін за адным нарадзіліся гэтыя познія дзеці – «Дзікая сліва», «Завінены рай», «Кава ў арліным гняздзе» і цяпер вось «Трэці Эдэм».
Што ж да вяртання і спробаў перапісаць ранейшае, то ніколі не рабіла гэтага. Мяркую, што выдадзенае ў кнігах – кропка пасля пэўнага адцінка жыцця. Яго не перапішаш. Быць разумнаю заднім чыслом – мала таго, што гуляць у хітрыкі з часам, але яшчэ і фальшаваць уласны жыццяпіс. З-за гэтай перакананасці ніколі не ўключаю ў новыя кнігі нешта з папярэдніх.
- Ці задаволеныя Вы сваімі творамі? Што ў Вас не атрымалася ў творчасці? Чым Вы найбольш задаволены? Якія эпізоды сваёй біяграфіі Вы хацелі б перажыць наноў? Наколькі Вашая біяграфія паўплывала на творчасць і адбітая ў творчасці?
У мінулым, паўтаруся, нічога не зменіш. У жыцці гэта проста немагчыма, а ў напісаным не хачу нічога змяняць, хоць і магу, але не буду, бо яно – таксама жыццё. І ўвогуле не хачу азірацца, каб не стаць слупам саляным. Ведаеце ж, пэўна, гэты біблейскі сюжэт.
А наконт уплыву біяграфіі на творчасць, то коратка згадаю тут пра два амаль анекдатычныя эпізоды, а вы мяркуйце самі. Цудоўная мастачка Нінэль Шчасная, якая, на жаль, ужо пакінула гэты свет, спыталася пры сустрэчы, з кім я цяпер жыву. Спачатку я не зразумела пытання. Але потым да мяне дайшло, у чым справа, і я гэтак са смехам ёй адказала, што жыву ўсё з тым жа. «Як? – усклікнула яна. – Я ж прачытала ў тваёй “Ружоўніцы”, што…» А нядаўна адзін, як ні дзіва, літаратар, сустрэўшыся, гэтак доўга маўкліва ўзіраўся ў мяне, а потым спачувальна прамовіў: «Дык вы развяліся… Шкада, а “Дзікая сліва” мне спадабалася».
- Ці вядзеце Вы дзённікі? Як ставіцеся да правіла: “Ні дня без радка”? Ці знаёмае Вам пачуццё ляноты, ці змагаецеся Вы з ім (і як)? Калі “не пішацца”, што вы робіце, дзе/у чым шукаеце натхненне?
Дзённікі вяла са школьных гадоў. Было больш за трыццаць тоўстых агульных сшыткаў. Але гадоў дзесяць таму спаліла іх, прачытаўшы ў Дануты Бічэль мудрыя словы: «Маё хай сыдзе са мной». Вельмі добра, што я гэта тады зрабіла і больш нічога такога не пішу. Бо ўявіўшы, як чужыя брудныя рукі маглі б цяпер гэта гартаць і чытаць без майго на тое ведама, адразу робіцца так вусцішна, быццам у маёй душы корпаюцца на манер вядомага біблейскага персанажа ў ране Хрыстовай.
«Ні дня без радка!» – не пра мяне. Маё правіла: «Ні дня без усмешкі!» А лянотнай мяне называць бадай што беспадстаўна. Калі вольная галава, то занятыя рукі. Як і яны просяцца адпачыць, тады ногі радуюцца фланёрскаму блуканню. А душа – то як сэрца. Перастане тахкаць – то й надыдзе пара для ляноты. Спадзяюся, у роднай зямлі.
- Ці чытаеце Вы творы сваіх маладзейшых і старэйшых калегаў? Хто з творцаў Вам найбольш блізкі – з беларускіх і сусветных аўтараў? Назавіце творы, якія Вы любіце чытаць і перачытваць? Ці ёсць такія ў сучаснай беларускай літаратуры?
Чытаць і адкрываць новыя імёны ў нашай літаратуры – адзін з улюбёных заняткаў. І вельмі ўсцешна ведаць, што колькі б жорсткія касцы не сціналі галовы нашым творцам, шчодрая наша зямля ўзгадоўвае новыя таленты. І лёгка робіцца ад ўсведамлення, што прыўкраснае пісьменства нашае – жыве!
Імёны дазвольце не пералічваць, каб каго незнарок не абмінуць. Скажу толькі шчыры дзякуй «Дзеяслову», які з нумара ў нумар дорыць нам радасныя хвіліны такіх адкрыццяў. Кожнага разу, лежачы на канапе ў абдымку з новым «Дзеясловам», я малю Бога, каб асалода чытацкіх сустрэчаў з маладымі талентамі доўжылася вечна.
Класіка ж – гэта як ласунак. Не перастаю смакаваць старонкі Элізы Ажэшкі, Янкі Юхнаўца, Наталлі Арсенневай, Уладзімера Жылкі, Алеся Разанава, многіх тых, хто, дзякуй Богу, яшчэ не перакрочыў той парог, за якім прымаюць у класікі.
- Чаго, на Вашую думку, не хапае сучаснай беларускай літаратуры і што чакае яе ў будучыні? Што пажадалі б Вы тым, хто робіць першыя крокі ў літаратуры?
Найперш жадаю веры аўтарам у свае таленты. Яе амаль кожнаму дэбютанту часцяком не стае. Сціплыя мы – і маладыя, і сталыя – аж занадта. Зычу падтрымкі крытыкаў, бо яе нават не тое што малавата, але почасту і зусім няма. Дый не імкнуцца яны чытаць і аналізаваць творы ні маладых, ні сталейшых. Чытачы ж увогуле, за рэдкім выключэннем, не цікавяцца айчыннай літаратурай. Пару імёнаў са школьнай праграмы яшчэ ўзгадаюць, а сучасных аўтараў могуць спляжыць, нават не даўшы сабе клопату разгарнуць тую ці іншую кнігу. Напісанае тут і цяпер для многіх – як марсіянскія хронікі. Можна бясконца разважаць пра наступствы русіфікацыі і антынацыяльную палітыку ўладаў, заклікаць любіць родную мову, але пры гэтым не купляючы і не чытаючы беларускія кнігі.
Рэцэптаў ад гэтай хваробы не маю. Ну, але слухаць і чуць гукі Неба нікому ніхто і нішто не можа забараніць. Услухоўвайцеся – і ў вашай душэўнай Цішыні зайграе музыка словаў!