Валянцін Акудовіч (№98)

Бум-Бам-Літ
З новай кнігі “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым.
(Хронікі беларускага інтэлектуала)”

Пасля стварэння літаратурна-філасофскага сшытка “ЗНО” ў рэдакцыю “Культуры” пацягнуўся розны нефарматны народ. Бо хаця час ужо быў адносна вольны і з’явіліся незалежныя выданні, але іх інтэнцыі пераважна кіраваліся ці на разбурэнне савецкіх стэрэатыпаў, ці на фармаванне стэрэатыпаў нацыяналь­нага Адраджэння. А тут запрашалі да нязмушанага мыслення і нічым не скутай творчасці. Да таго ж гэта была не нейкая самаробная брашурка (якіх тады ўжо хапала), а паважнае дзяржаўнае выданне з шырокім чытацкім кантэкстам.

Так пакрысе на старонках сшытка асвойталіся Юрась Барысевіч, Зміцер Вішнёў, Ілля Сін, Альгерд Бахарэвіч, Валерка Булгакаў, Сяржук Мінскевіч, Алесь Туровіч, Усевалад Гарачка і шмат хто яшчэ. (Дарэчы, ладная частка з іх потым у розныя гады будзе працаваць у рэдакцыі “Культуры”, а Ілля Сін нават стане галоўным рэдактарам.)

Натуральна, акрамя ўласных тэкстаў, маладых геніяў вабіла і жывая публічная прастора. На розных пляцоўках яны чыталі сваю прозу, дэкламавалі вершы, спявалі песні… Усё гэта разам якраз і зрабілася падставай новага і ці не самага яркага літаратурнага руху беларускай сучаснасці… Вось як апісвае гэты пралог Сяржук Мінскевіч у сваёй кнізе “Я з Бум-Бам-Літа” (між іншым, выдатнай кнізе):

«У рэдакцыі газеты “Культура” сабраўся штаб правядзення паэтычнага канцэрта ў менскім парку культуры і адпачынку імя Горкага. Тут і паўсталі пытанні: “як назваць імпрэзу”, “якая будзе канцэпцыя” і самае галоўнае – “хто мы”? Адказы знайсці было складана, тым больш літаратары не ведалі, перад якой публікай яны будуць выступаць. Але пытанні самі сабой зняліся, калі Зьміцер Вішнёў прапанаваў у якасьці заклічнага гонга выкарыстоўваць на сцэне рондаль – “бум-бам” – проста біць у яго малатком.

– Эўрыка, – усклікнуў аўтар гэтых радкоў, – Бум-Бам-Літ! (…) Калі твор не зробіць бум, то няхай ён зробіць бам.

Акцыя была названая “Фарматворы Бум-Бам-Літу”, і хоць назва плянавалася толькі на адну гэтую акцыю, дзіўнае слова Бум-Бам-Літ замацавалася за ўсім рухам.

Адсюль усё і пачалося. Хаця перад самім выступленнем пры дэталёвым аглядзе кватэры Сержа Мінскевіча ў ёй не было знойдзена непатрэбнага-патрэбнага рондаля, затое гаспадар заўважыў на балконе даўно забыты суседзямі пакамечаны алюмініевы тазік з чарназёмам. Тазік быў памыты, а на яго баках былі напісаны, падобна промням купальскага сонца, літары БУМ БАМ.

Так паўстаў Бум-Бам-Літ».

Гэта ўвогуле цікава, чаму ў нейкую пару літаратурныя суполкі ды рухі растуць як грыбы пасля дажджу, а потым мінаюць дзесяцігоддзі – і ніякага варушэння? У прыклад мог бы звярнуцца да гісторыі еўрапейскай ці рускай літаратураў, але ў мяне і так зашмат літаратуразнаўства. Навідавоку хіба адна досыць устойлівая прыкмета: найчасцей такое здараецца на зломе эпохаў, і не абавязкова сацыяльна-палітычных, але і эстэтычных.

У дзевяностых гадах (ХХ ст.) у нас акрамя шырока вядомых “Тутэйшых”, “Таварыства вольных літаратараў” і “Бум-Бам-Літа” яшчэ трохі заявіла пра сябе суполка “Вулей” (лідэр Антон Тарас) і, здаецца, “Вецер ды плынь” (лідэры Ігар Бабкоў і Міхась Баярын). Апошнюю згадваю адно каб трохі падвесяліць сябе ў гэты шэры і мокры лістападаўскі дзень…

Відаць, пад уплывам публічнага поспеху Бум-Бам-Літа глыбока сімпатычныя мне Ігар з Міхасём таксама надумалі нешта падобнае выштукаваць, толькі з радыкальна іншай (элітарнай) праграмай. Яны сабралі невялічкую сціжму ахвочых, паехалі на ноч у Вязынку і ля вогнішча рэфлексавалі ды медытавалі скрозь алкагольнае паўсонне да ранку. А як вярнуліся ў Мінск і добра выспаліся, дык хутка забыліся і на плынь, і на вецер

 

***

Я ў Вязынку не змог паехаць, а вось на першы выступ Бум-Бам-Літа ў парку імя М. Горкага патрапіў. Што праўда, не без прымусу – бо ўжо тады моцна не любіў публічныя імпрэзы.

Ну што тут сказаць – скрыня Пандоры адчынілася, і адтуль павылятала чорт ведама што. (Вочы мае б не бачылі і вушы не чулі.) Бо адна рэч, калі ты друкуеш страхалюдныя тэксты, якія нехта будзе чытаць ў адлюдстве сам сабе, і зусім іншае, калі нешта падобнае слухаеш разам з размаітым натоўпам, зважаючы не столькі на выступоўцаў, колькі ўслухоўваючыся ў калектыўнае падсвядомае гэтага натоўпу.

Хаця фармальна ўсё выглядала як мае быць: сцэна, канферанс, публіка – хто паводле абвестак, хто з адпачываючых… Разам з тым усё было як не мае быць, пачынаючы ад грукату малатка ў пакамечаны тазік (потым малаток зменіць цыркавая булава жанглёраў)…

Перадусім шмат незразумелых словаў, а яшчэ больш незразумелых сэнсаў ды рухаў… Відавочна, хлопцы і не мерыліся спадабацца публіцы. Тым болей, быць зразумелымі. А чаго яны хацелі, запрашаючы людзей і выступаючы перад імі? Напэўна, каб сказаць класічнае: “Шаноўныя, ужо «няма таго, што раньш было». Новы час патрабуе новых формаў, словаў і сэнсаў. І мы іх шукаем… А вы не спяшайцеся нас ганіць, бо не толькі мысленню і паэтычным формам, але і вам самім ужо час мяняцца”.

Нягледзячы на ўвесь гэты літарацкі шабаш, публіка нават трохі пляскала ў ладкі. Нехта таму, што на канцэртах трэба пляскаць, а хтосьці вітаючы новую дзёрзкасць…

Пасля канцэрта мы сядзелі на беразе Свіслачы з півам, і хлопцы абмяркоўвалі, як ім жыць далей? Сярод усяго іншага нехта запрапанаваў скласці маніфест Бум-Бам-Літа. Прапанова была слушная, і таму ўсім спадабалася. Пакуль яны абмяркоўвалі тэзы, мне падумалася…

– Слухайце, – сказаў я, – а чаму б кожнаму са слупоў Бум-Бам-Літа не напісаць уласны маніфест, а я іх надрукую ў “ЗНО”. Такога нашэсця маніфестаў паводле адной літаратурнай падзеі яшчэ ніколі не было.

Пасля маўклівай паўзы хлопцы хутка ажылі, вочы загарэліся, пляшкі з півам бадзёра стукнуліся адна аб адну. А як піва глынулася, я дадаў: тым болей, у кожнага постмадэрніста a priori ўласны постмадэрн.

Слупы Бум-Бам-Літа: Барысевіч Юрась, Бахарэвіч Альгерд, Васанская Жанна, Вішнёў Зміцер, Гарачка Сева, Мінскевіч Сяржук, Сін Ілля, Патаранскі Сяргей, Туровіч Алесь… (Пазней да гэтага спісу прылучацца новыя героі, найперш згадаю Жыбуля Віктара, Морт Вальжыну, Кавалеўскага Арцёма, Усевалада Гарачку…).

P.S. У згаданай вышэй кніжцы Сержа Мінскевіча “Я з Бум-Бам-Літа” сцвяр­джаецца, што менавіта я прыдумаў калектыўную мянушку лідэрам руху – “слупы”. Аднак гэта не зусім так. Напачатку хлопцы чамусьці называлі сябе па-руску “столбами”, а я толькі нагадаў ім пра адказнасць перад роднай мовай. Такую драбязу быццам і не варта было чапляць, толькі перакладзенае слова, як і “тазік”, сталася вітрынным у лёсе гэтага руху.

 

***

Маніфесты былі надрукаваныя ў вераснёўскім нумары “ЗНО” за 1995 г. Яны захапілі тры паласы сшытка і ўжо толькі гэтым фактам як бы прадвызначылі маштаб падзеі. Але іх інавацыйная эўрыстыка не магла быць вымерана ніякім фармальным маштабам.

Дзеля прэзентацыі ў мемуарах з усяго масіву тэкстаў я быў вымушаны адабраць толькі невялікую частку фрагментаў. Псіхалагічна гэта была цяжкая праца, бо за маім выбарам засталося куды больш не-выбраным таго, што мусіла тут апынуцца. Цяжкай яна была яшчэ і таму, што чым далей я ўчытваўся ў тыя даўнія тэксты, тым больш выразна ўсведамляў, наколькі з той пары змізарнела наша літаратурная інтэлектуалістыка.

Але на астачу гэтага эпізоду трохі вясёлага…

Позна ўвечары “сшытак” з маніфестамі быў звярстаны, і я паехаў ночыць (а хлопцы яшчэ засталіся ў рэдакцыі). Не паспеў увайсці ў хату, як яны тэлефануюць і з рогатам паведамляюць, што ўпрасілі вярстальшчыка прыціснуць да суплёта маніфестаў абвестку (цытую паводле арыгінала):

БУМ – НАВІНА

 Калі гэты выпуск ЗНО быў ужо

 звярстаны, мембры (слупы, зрухары,

 бубнары і г.д.) Бум-Бам-Літа ўсеагульным

 грукатаннем вырашылі надаць Акудовічу

 Валянціну, слупу ад нараджэння, тытул

 БЕССМЯРОТНАГА ХРОСНАГА БАЦЬКІ

 БУМ-БАМ-ЛІТа, а таксама ганаровае права

 першачарговага бумкання ў Тазік новай

 літаратуры.

 Штаб ББЛ

Праслухаўшы абвестку, я хацеў моцна абурыцца, але адно дыпламатычна выказаў глыбокі сумнеў у мэтазгоднасці яе публічнай агалоскі. Толькі хлопцы ўжо наперад вымудрылі, быццам вярстальшчык сышоў да хаты і цяпер нічога нельга змяніць, бо трэба тэрмінова везці макет газеты ў друкарню…

Натуральна, у той вечар я нават падумаць не мог, што гэты сітуацыйны жарт некалі станецца трывалым фактам маёй біяграфіі і яго («Хросны бацька Бум-Бам-Літу») раз-пораз стануць згадваць розныя літаратурныя крытыкі ды аглядальнікі, аналізуючы нечаканы феномен (не)прыгожага беларускага пісьменства. Я да гэтага настолькі прызвычаюся, што пазней і сам неаднойчы ў артыкулах да розных даведнікаў нагадваў пра “хроснага бацьку” – праўда, не без стоенага прысмеху.

Дарэчы, для мяне гэты статус аказаўся зручным яшчэ і таму, што, шчыльна хаўрусуючыся са слупамі руху, я рашуча не пагадзіўся кааптавацца ў ягоны склад, паколькі што ў грамадскай дзейнасці, што ў творчасці мне больш натуральна фармалізавацца выключна вакол самога сябе. Але з статусу “хроснага бацькі” я атрымаў і даволі лішніх турботаў, бо, не зразумеўшы жарту, журналісты чапляліся да мяне ці не часцей, чым да якога з бумбалітаўцаў.

 

Серж Жук-Мінскевіч

Маніфест Бум-Бам-Літа

(фрагмент)

Бум-Бам-Літ – гэта не аб’яднанне, не таварыства, не суполка, не саюз, гэта – рух. Рух дзейнай, жвавай беларускай літаратуры, творы якой імкнуцца зрабіць бум… А бум бывае розны: бум захаплення, бум пераймання, бум чаравання, бум сенсацыйнасці і адчування незвычайнага і нават бум неразумення… А калі ніякі з усіх бумаў для пэўнага абы-абыякавага зямляніна зусім і не бум, то тады… няхай гэта будзе (для яго) проста бам – воплеск паветра, – чым, насамрэч, і з’яўляецца любы прамоўлены твор літаратуры.

Як усялякі вольны рух, Бум-Бам-Літ можа прыхопліваць усіх, хто захоча прыхапіцца, і можа выпускаць усіх, хто захоча адчапіцца. А ўдзельнікі – “зрухары” – могуць ствараць у яго глыбінях свае адмысловыя плыні (накірункі творчасці), свае віры (літаб’яднанні). Іх творы могуць быць усялякімі: ад рэалістычных да інсінуацыйных, ад псіхалагічных да шызарэалістычных, ад прымітывісцкіх да транслагічных, ад сентыменталісцкіх да татальна эпатажных. Няма аніякіх абмежаванняў творавыяўлення, акрамя ўласнаабраных крытэрыяў самаацэнкі…

 

Ілля Сін

Маніфест Х

(скарочана)

Х з’яўляецца задзіночаннем людзей, якім надакучыла. Нудота – вось што забівае нас, але адначасова і падштурхоўвае да дзеяння, і мы нешта чынім, пішам творы і ствараем усялякія літаратурныя аб’яднанні ды партыі.

Мэта Х: 1. Уплыў яе сяброў на аб’ектыўнае становішча рэчаў. У гэтым дачыненні Х з’яўляецца арганізацыяй не дэмакратычнай, а хутчэй аўта-таталітарнай, бо за мэту прымаецца неабмежаваны ўплыў нейкай абмежаванай колькасці асобаў на шырокія пласты грамадства.

  1. Звяржэнне з пастаменту аб’ектыўных ісцінаў і замена іх суб’ектыўнай бяз­глуздзіцай. Кожны чалавек мае права абсталёўваць свет на свой лад.
  2. Здзек са святыняў (маральныя устоі, культура, іерархіі каштоўнасцяў і г.д.). Мы не сцвярджаем, што яны недасканалыя, але ўсё, што створана, мусіць быць дэканструяванае на ўзроўні асобы.

Шляхі дасягнення: эпатаж і буйнамаштабныя правакацыі. Эпатаж – сродак самаабароны Асобы ў грамадстве эпохі постмадэрнізму.

(…)

Х не можа мець пэўнай структуры і не прадугледжвае аніякіх кіраўнічых пасадаў. Індывідуальнасць кожнага з яе сяброў мусіць напоўніцу прымацца ўсімі. З гэтай жа прычыны арганізацыя не можа мець аніякае агульнапрынятае сімволікі і мастацкіх прынцыпаў.

 

Юрась Барысевіч

Літаратура з першых рук

(фрагмент)

Бум-Бам-Літ – гэта рух за вызваленне літаратуры ад друкарскага станка ды іншых прыладаў індустрыі друкарскага пісьменства, якая ўжо даўно ператварыла паэзію ў нейкую галіну капіталістычнай эканомікі або народнай гаспадаркі сацыялізму. Індустрыялізацыя літаратуры спрычынілася не толькі да апартэіду ўнутры самой мовы (падзелу лексікі на ўнармаваную і вульгарна-жаргонную, друкаваную і моўленую – прычым такі падзел мае месца і ў граматыцы, і ў фанетыцы), але і да класавай сегрэгацыі сярод літаратараў, іхняга падзелу на мэтраў і графаманаў. У эпоху механічнага тыражавання літаратуры значнасць пісьменніка вымяраецца лічбай накладаў ягоных твораў, як жыццёвы поспех бізнесмена – колькасцю нулёў на ягоным банкаўскім рахунку. Калі паэзія сканала – дык, напэўна, таму, што была атручана друкарскімі фарбамі.

Першае, што мы бачым, калі зазіраем у які-кольвек зборнік паэзіі – на белых прасцінах паперы ляжаць чорныя абвугленыя словы. Гэта нават не фатаграфія паэзіі, а толькі яе негатыў, бо пры жыцці гэтыя словы, пакуль з іх не выціснулі душу – дыханне і жывую інтанацыю, былі невымерна святлейшымі за наваколь­ную прастору. У лепшым выпадку, друкаванае слова – гэта стэрылізаваны і абрэзаны па лінейцы цень слова прамоўленага.

Паводле Антанена Арто, у кнігах укрыжоўваецца не толькі паэзія, але і само жыццё, і мы павінны хоць нешта зрабіць, каб вызваліць яго са смяротных абдымкаў паперы.

На сваіх шумлівых імпрэзах бумбамлітаўцы чытаюць уголас зусім незнаёмым, выпадковым слухачам свае невыдадзеныя (а часам – і ненапісаныя) творы. Не проста чытаюць, але і паказваюць, бо многія людзі беларускай мовы не ведаюць, і таму ім цікавей бачыць паэзію, чым яе разумець. Гэта ў літаральным сэнсе жывая літаратура, бо зроблена не з паперы, а з голасу і цела аўтара. Яна дыхае, гаворыць і крычыць, махае рукамі і крыламі.

Паэзія, якая хоча быць сучаснай, павінна не проста прамаўляцца, а пражывацца – г. зн. па магчымасці цалкам супадаць з абрысамі і рухамі цела паэта. Тэкст, які нараджаецца ў вымаўленні і жэстыкуляцыі, нараджаецца “тут-і-цяпер”, адначасна з ударамі сэрца, і імкнецца да найбольш чыстага і яснага – цялеснага ўвасаблення. І звяртаецца ён не да розуму аўдыторыі, а да яе ўласнага цела, прымушаючы назіральнікаў не разумець паэзію, а суперажываць яе, хай сабе і на фізіялагічным узроўні, бо толькі ўласныя адчуванні, а не чужыя думкі, здольныя пераадолець чалавечую абыякавасць.

 

***

Ужо ў наступным нумары “ЗНО”, падахвочаны маніфестамі, я адгукнуўся на з’яўленне Бум-Бам-Літа вясёлым тэкстам (скарочаны).

 

Афрыка – радзіма тазікаў,

або Я хачу ў Бум-Бам-Літ

Ніколі не хацеў быць сябрам (членам) Саюза пісьменнікаў, “Тутэйшых”, ПЭН-цэнтра, ТВЛ… Не, калі быць зусім дакладным, то адзін раз хацеў, бо пачаў моцна кашляць і з гэтага думаць пра смерць. І не так мяне тая смерць палохала, як вечная нястача грошай. Дзе ж гэта мая жонка, – думаў, – якой да палучкі грошай ніколі не хапае, набярэцца іх, каб прыдбаць труну, замовіць аўтобус ды справіць хоць якія хаўтуры. Дарэчы, з хаўтурамі найгорай, бо чым-чым, а сябрамі і прыяцелямі лёс мяне ніколі не крыўдзіў. Як уявіў сабе, колькі іх адусюль панацягнецца і кожнаму трэба паводле праваслаўнай завядзёнкі тры чаркі наліць (але гэта можа вашым сябрам было б даволі тры чаркі, а маім, ды яшчэ з такой нагоды – смеху вартыя тыя тры чаркі)…

Карацей, як уявіў сабе ўсё гэта, то зразумеў, што пасля хаўтураў маім сямейнікам таксама жыцця не будзе… І вось тады я згадаў, што сяброў (членаў) Саюза пісьменнікаў за дзяржаўны кошт хаваюць і моцна пашкадаваў, што я не сябар (член) гэтага “саюза”. Трэба, – пачаў ліхаманкава прыкідваць варыянты, – хуценька сфастрыгаваць якую-кольвек кніжыцу і прасіцца ў “саюз”. Тым болей, ў мяне там шмат знаёмцаў, можа паспрыяюць, каб прынялі і за дзяржаўны кошт пахавалі.

Магчыма, я і здзейсніў бы сваю задуму, але раптам кашляць перастаў…

Усё гэта я распавёў дзеля таго, каб шчыра засведчыць, што не хачу ні ў які літарацкі хаўрус. А вось у Бум-Бам-Літ хачу. Бо ў бумбалітаўцаў ёсць Тазік (ні ў кога болей Тазіка няма), і кожны, хто бумбамлітавец мае ганаровае права грукаць у яго алюмініевае дно…

Мне моцна карціць грукнуць у Тазік, толькі ў бумбамлітаўцы мяне не возь­муць, бо бумбалітаўцам нельга стаць, як сябрам Саюза пісьменнікаў, бумбамлітаўцам трэба нарадзіцца. Тут я маю на ўвазе не столькі біялагічны факт народзін, хаця гэта, як вы разумееце, таксама істотна, колькі экзістэнцыйны.

Няма ніякіх шанцаў зрабіцца бумбамлітаўцам таму, хто сфармаваўся як літаратар у эпоху сацрэалізму. Але не нашмат болей шанцаў і ў таго, хто сфармаваўся як літаратар, змагаючыся з сацрэалізмам вонкі і ў самім сабе.

Для бумбалітаўца сацрэалізм і не ўтульнае жытло, і не страхалюдная вязніца, а ўсяго адзін з эстэтычных дыскурсаў адкрытай ва ўсе бакі постмадэрнай прасторы.

Бумбалітавец – ад прыроды натуральны постмадэрніст. Ён не выбірае постмадэрн з таго, што той яму падабаецца. Бумабалітавец проста не можа не быць постмадэрністам, як негр не можа не быць неграм.

(…)

Дарэчы, ці чулі вы, што бумбалітаўцы збіраюцца ў Афрыку. Насамрэч збіраюцца. (Між іншым, заўважце, у Афрыку, а не па месцах баявой славы гетмана Астрожскага і не па месцах працоўнай славы будаўнікоў Мірскага замка, як гэта зазвычай рабілі і па сёння робяць літаратурныя папярэднікі бумбамлітаўцаў.)

Я не пытаўся ў слупоў Бум-Бам-Літа чаму ў Афрыку, а не, скажам, у Антар­ктыду? І не буду пытацца, бо не перакананы, што яны самі гэта ведаць. А я вось ведаю. Пацягнула бумбамлітаўцаў менавіта ў Афрыку таму, што Афрыка – радзіма тазікаў. І хаця тамтэйшыя тазікі называюцца тамтамамі, этымалагічная пераемнасць відавочная. Як відавочная пераемнасць функцыянальная, эстэтычная і сакральная.

Але Афрыка не толькі радзіма тазікаў, яна – прарадзіма Бум-Бам-Літа. Гэтую выснову я раблю вось з чаго. Культуралагічную прастору Бум-Бам-Літа арганізуе бумбамістае рэха ад грукання ў дно Тазіка. Аднак і культуралагічная прастора Афрыкі была арганізаваная рытмагукамі тамтамаў, якія адвеку нагадвалі кракадзілам, джунглям і акіянам, што акрамя іх у сусвеце ёсць яшчэ нехта. А чалавеку (гэта значыць негру, прапродку бумбамлітаўца) гэтыя гукі ў непралазных джунглях былі тым самым, што перагук званоў хрысціянскаму адлюдніку ў налібоцкай пушчы.

Таму на заканчэнне сваіх разваг хачу звярнуцца да беларускіх спонсараў. Дапамажыце, чым атрымаецца, каб бумбамлітаўцы змаглі наведаць сваю (і Тазіка) гістарычную прарадзіму. Самі разумееце, як сэрца па радзімай старонцы баліць.

 

P.S. …Між іншым, трохі пазней на нейкім літаратурным фестывалі Уладзімір Арлоў са сцэны сказаў, што ахвяруе ў фонд афрыканскага падарожжа Бум-Бам-Літа свой сціплы ўнёсак і паклаў у тазік адзін амерыканскі даляр.

Бумбалітаўцы тады моцна ўзганарыліся, бо такім спосабам знакаміты пісьменнік як бы ўхваліў іхні чын. Што на пачатку рушэння было надзвычай істотна.

<…>

***

У тыя гады журналісты ды літаратурныя крытыкі часта дзівіліся з мяне: чаму гэта сталы мужык (даўно барадаты) хаўрусуецца з яшчэ ні разу не голенымі падшыванцамі? Кожны раз я адказваў па-рознаму, але найбольш у смак казалася наступнае: мне больш цікава быць з тым, хто яшчэ нічога не напісаў, чым з тымі, хто ўжо напісаў усё.

І гэта была праўда, хаця галоўную праўду я зразумеў адно цяпер, калі пачаў фастрыгаваць хронікі і напісаў: “…пасля эсэ «Эгаізм», надрукаванага ў «ЛіМе» вясной 1992 г., усё маё былое крэмзанне паперы як карова языком злізала. Знікла дазвання. Гэта значыць, што насамрэч толькі ў 42 гады я надрукаваў свой першы тэкст”.

Гэтая нечаканая эўрыстыка шмат што патлумачыла мне самому ў маіх персанальных стасунках з літаратамі і філосафамі ранейшых пакаленняў, калі я тым ці іншым чынам пачаў да іх далучацца. Часам амаль роўны з імі гадамі, я заўсёды пачуваўся сярод іх пачаткоўцам. Да месца згадалася, як ужо ў часопісе “Крыніца” Някляеў з Разанавым зачынілі мяне ў адным з пакояў рэдакцыі з пагрозай: калі не стану звяртацца да іх на “ты”, то яны не адчыняць мне дзверы да бліжэйшага Апакаліпсісу. Толькі нічога ў іх не атрымалася…

А вось з бумбамлітаўцамі я быў літаратурным раўналеткам. Мы з імі, лічы, у адначассе пачалі пісаць сваю літаратуру. Хіба з той розніцай, што для мяне гэта ўжо была другая спроба, а яны спрабавалі яшчэ з “чыстага ліста”.

Была ў гэтых хлопцаў яшчэ адна рэдкая ваба, якую мала хто мог разгле­дзець за творча выпендрожнымі і пабытова скандальнымі біяграфіямі. Так, яны не аднойчы патраплялі ў міліцэйскія пастарункі, так, пасля лішняй чаркі маглі да крыві пабіцца міжсобку, так, у гуллівым настроі без перабору чапляліся да дзяўчат, так…

Але пры гэтым яны нават ведаць не ведалі, як можна здраджваць, хлусіць, ліслівіць перад кімсьці, абгаварыць канкурэнтаў па літаратурным цэху, тым болей шкодзіць ім.

Я б нават сказаў, што этычная цнота, якая атуляла іх духовыя эманацыі, была аж залішне шчыльнай. Таму, нягледзячы на шырокую вядомасць, яны лічы ўсе гады заставаліся без замежных грантаў. Ды і ўвогуле, калі нейкая дапамога звонку і здаралася, дык хіба гады ў рады. Бо самыя чыстыя дармовыя грошы, відаць, заўсёды патрабуюць, каб рукі былі не зусім чыстыя. А ў іх яны былі менавіта чыстымі.

Ну і апошняе ў гэтым пафасным пераліку. Сумоўнічаць гадзінамі за куфлем піва (ці чаркай чаго там яшчэ) з Юрасём Барысевічам, Іллём Сінам, Альгердам Бахарэвічам і шмат з кім яшчэ – было сапраўднай інтэлектуальнай асалодай. Бум-Бам-Літ быў першым інтэлектуальным хаўрусам беларускіх літаратараў. І хаця там хапала самага рознага люду, але рэй вялі менавіта інтэлектуалы.

<…>

Цалкам матэрыял чытайце ў папяровай версіі “Дзеяслова”.
Фота Аляксандра Абуховіча.


Апублікавана

у