Беларускі калегіюм
З новай кнігі “Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым. (Хронікі беларускага інтэлектуала)”
Было лета 1997 года. Канец ліпеня. Мы з Ігарам Бабковым плылі па зарослай рачулцы. Наперадзе сярод густых чаратоў згубіліся яшчэ дзве байдаркі. Цішыня і трохі млява. Раптам Ігар ачнуўся.
– Валянцін, вы будзеце выкладаць у Беларускім калегіюме!
Я спачатку нічога не зразумеў, а потым, блазнавата рагатнуў.
Устаноўчы сход Калегіюма адбыўся яшчэ вясной. Там і было вырашана, што заняткі пачнуцца ў кастрычніку. Кіраўніком быў прызначаны Алесь Анціпенка, а Ігар ачоліў адно з аддзяленняў.
Паколькі на той час мы ўжо добра прысябраваліся, то я ведаў, як рыхтуецца гэтая не абы якая падзея. Але і думаць не думаў, каб неяк да яе прылучыцца – хіба адно вартаўніком? І ўжо ні ў якім разе не выкладчыкам.
Рэч у тым, што я панічна баяўся катэдры, бо трохі працаваў выкладчыкам у Беларускім інстытуце турызму і больш не хацеў нічога такога. Ноч перад кожнай лекцыяй амаль не спаў, паколькі хваляваўся неверагодна. І на халеру мне зноў гэткае шчасце?
Трохі супакоіўшыся, патлумачыў свой рогат.
Ігар выслухаў і, з паразуменнем паставіўшыся да маіх фобіяў, сказаў:
– Мы з Анціпенкам ужо вырашылі. Вы будзеце выкладаць на маім аддзяленні філасофія/літаратура. І вам не абавязкова будзе чытаць лекцыі. Прыдумаем нейкую іншую форму.
Апошняе мяне трохі супакоіла, і мы пачалі абмяркоўваць, у якім фармаце я мог бы прыдацца агульнай справе. Нейкі час нічога вартага не прыдумлялася, пакуль я не прыгадаў творчы семінар літаратурнага інстытута.
З гэтага ўсё і пачалося…
Як на сёння, дык з той вандроўкі прамінуў 21 год. Ужо некалькі гадоў няма ў Беларускім калегіюме Алеся Анціпенкі. Значна раней пакінуў нас Ігар Бабкоў. А я, патрапіўшы сюды з прымусу гэтых хлопцаў, цягну сваю ношку па сёння, як быццам так яно і мусіла быць. А, можа, яно і сапраўды так мусіла быць?
А далей, у жанры транзіталогіі, слова Ірыне Дубянецкай:
“У 2013 годзе фiлосаф Алесь Анцiпенка прапанаваў мне ўзначалiць створаны ў 1997 годзе Беларускi калегiюм, якiм ён ад тога часу кiраваў. Я мудра падзялiла дырэктарства на дваiх: узяла на сябе функцыю акадэмiчнага дырэктара, а ролю адмiнiстрацыйнага дырэктара пагадзiўся выконваць колiшнi выпускнiк калегiюма Андрэй Казакевiч, дырэктар Iнстытута палiтычных даследаванняў «Палiтычная сфера», iнiцыятар i арганiзатар ужо славутага ковенскага мiжнароднага кангрэса даследчыкаў Беларусi, якi штогод збiрае да шасцi соцень беларусазнаўцаў з усяго свету i на якiм я збiраю сваiх перакладчыкаў Бiблii – таксама з усяго свету. I мне вельмi падабаецца, што адбываецца ў сучасным беларускiм iнтэлектуальным жыццi, дзе ўжо колькi гадоў актыўна фармiруецца незалежная супольнасць мысляроў, свядома паяднаных глыбiннымі сувязямі з мiнулым i скiраваных на стварэнне новых iнтэлектуальных сусветаў, кiраваных вольным мысленнем».
Са свайго боку я хацеў бы пашырыць аповед пра Андрэя Казакевіча. Ён насамрэч вучыўся ў калегіюме (аддзяленне філасофіі і літаратуры). Мне і па сёння памятаецца, як мы з ім у маім склепе працавалі над яго першымі рукапісамі. Ужо тады моцны мысліўны апарат хлопца быў відавочны, як відавочнай была і нязграбнасць літаратурнага пісьма. Гэты недахоп яшчэ доўга будзе заўважны ў яго друкаваных тэкстах, якія мяне заўсёды ўражвалі глыбінёй і адметнасцю мыслення ды інтэлектуальнай эўрыстыкай.
Хаця, на жаль, пісаў ён не шмат. Можа і таму, што мацней за думку і слова яго вярэдзіў уласны талент дойліда – талент стваральніка разгорнутых дыскурсаў?
Яшчэ маладым чалавекам Андрэй пачаў выдаваць па сутнасці першы ў краіне прафесійны палітычны часопіс “Палітычная сфера”, які праіснаваў шмат гадоў. Наколькі магу меркаваць, менавіта часопіс падштурнуў Андрэя да стварэння Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”. Умоўны лад тут не выпадковы, бо недзе ў гэтыя гады нашыя шляхі разышліся – у розныя сферы творчай дзейнасці. Таму адно здалёк мог цешыцца, што Андрэй абараніў за мяжой званне доктара паліталогіі. Дарэчы, я ўпэўнены, што гэты чын яму быў патрэбны не дзеля славалюбства, а каб мець больш трывалы грунт пад нагамі, бо ён рушыў да свайго пакуль самага грандыёзнага праекта. А менавіта, Андрэй Казакевіч стаў арганізацыйным старшынёй Міжнароднага камітэта даследчыкаў Беларусі.
Кожнага, хто ў першы раз трапляў у Коўна (Літва) на чарговы з’езд даследчыкаў, ахоплівала дзіўнае, не параўнальнае ні з чым пачуццё: божачкі, як шмат у Беларусі разумнікаў! І ўсе размаўляюць па-беларуску. Ад гэтага было неверагодна радасна.
Я не ведаю, як складзецца лёс Андрэя Казакевіча далей, але ўжо зробленае ім дазваляе мне без хоць якога сумневу залічваць яго ў шэраг найбольш слынных дойлідаў нашай бурапеннай эпохі.
* * *
Пасля некалькіх гадоў улады Лукашэнкі кожнаму стала зразумелым, што нашыя спадзевы на нацыянальную Беларусь і еўрапейскі шлях апынуліся пад канкрэтнай пагрозай. Досыць хутка ідэя вяртання Беларусі ў Савецкі Саюз была элімінаваная на ўсе сферы жыцця і, што тады дзівіла наймацней, асноўная маса насельніцтва падтрымала гэтую ідэю.
Аднак за часы “перабудовы” ды незалежнасці грамадзянская супольнасць краіны таксама ажыла; раўнуючы з ранейшай парой – да неверагоднай моцы. Яна і арганізавала ў сярэдзіне дзевяностых магутны супраціў паноўнай уладзе. Хаця нават у моманты найбольшага пад’ёму выразна адчувалася – нашыя не перамогуць. Тады сярод інтэлектуалаў і запанавала думка, што нам надзвычай істотна захаваць маладую нацыянальную эліту да лепшай пары.
Найперш дзеля гэтага і ствараўся Беларускі калегіюм. Ідэалагемна ён арыентаваўся на Калеж дэ Франс, дзе калісьці ў выгнанні Адам Міцкевіч казаў шмат добрых словаў пра беларускую мову. А палітычным арыенцірам быў польскі “Лятучы ўніверсітэт”, калі Варшава знаходзілася пад фашыстоўскай акупацыяй. Інакш кажучы, мы былі гатовыя сысці ў падполле і скарыстацца метадамі выкладання, якія тады напрацавалі палякі.
Дарэчы, мы абгаворвалі і досвед “Зялёных школаў” беларускай партызанкі, пра што цудоўна пісаў Янка Брыль. Нашыя легендарныя “Філасофскія вандроўкі” (гаворка пра іх яшчэ наперадзе) на практыцы прамацвалі і такую форму навучання, хоць я студэнтам пра гэта не казаў.
На шчасце, нічога з таго не спатрэбілася. Нас не зрэпрэсавалі і, відаць, найперш таму, што мы мелі на мэце адно падрыхтоўку маладых беларускіх інтэлектуалаў, якія пры змене сітуацыі маглі б актыўна далучацца да мацавання дыскурса сучаснага беларускага мыслення. І мы зусім не мелі на мэце падрыхтоўку маладых людзей дзеля вулічнага супраціву.
Тут кожны варашаў сам ды стыхійна – ісці на Плошчу ці не ісці. (Гэта аднолькава тычылася як студэнтаў, так і выкладчыкаў.) Хаця, натуральна, нашыя сімпатыі былі з тымі, хто туды ішоў. Усе гэта разумелі, і таму падчас акцый вулічнага супраціву студэнты вышуквалі нас, каб павітацца і адарыць вясёлай усмешкай.
* * *
Беларускі калегіюм меў тры аддзяленні: літаратура/філасофія, найноўшая гісторыя і журналістыка. На пачатку імі кіравалі Ігар Бабкоў, Алег Дзярновіч і Вольга Караткевіч. Кожнае аддзяленне атрымала адзін базавы занятак на тыдзень з двумя парамі лекцый. У дадатак былі розныя факультатывы. Сярод іх найбольш папулярнымі аказаліся штотыднёвыя публічныя лекцыі. Досыць вялікая зала купалаўскай бібліятэкі амаль заўсёды была паўнюткай, і часам звыш…
А далей я паспрабую ўнікнуць, наколькі гэта будзе магчыма, пытанняў уласна навучальнага працэсу. (Я ж не метадычку пішу.) Толькі наперад яшчэ заўважу, што, каб лішне не вытыркацца на вочы ўладам, аддзяленні неўпрыкмет разасобіліся міжсобку і кожнае жыло сваім уласным жыццём. “Пахаваліся як мыш пад венік”, – часам з’едліва пакепліваў я.
Таму хоць гэты раздзел называецца “Беларускі калегіюм”, але па сутнасці тут будзе расповед пра аддзяленне філасофія/літаратура, кіраўніцтва якім праз некалькі год працы мне ў спадчыну пакінуў Ігар Бабкоў.
Для беларускай прасторы нашае аддзяленне – унікальны праект у розных сэнсах. Перадусім гэта злучэнне літаратуры з філасофіяй у гамагенны дыскурс, як агульную прастору для інтэлектуальных рэфлексій і эстэтычных артэфактаў. Па-другое, спакваля аддзяленне ператварылася ў г. зв. творчае. Інакш кажучы, да нас пераважна сталі прыходзіць па навуку стварэння тэкстаў тыя, хто пачаў пісаць вершы, прозу, філасофскія эсэ і да т. п.
Калі апліканты на сумоўі мне тлумачылі, што завіталі да нас, каб навучыцца філасофіі і літаратуры, дык я зазвычай казаў: пэўна, вы будзеце моцна здзіўленыя, бо, па сутнасці, мы тут нічому не вучым, акрамя як нязмушанаму мысленню і вольнай творчасці. А паколькі такім рэчам паводле чужых тэкстаў не навучыш, то мы запрашаем выкладаць выключна тых, хто сваім жыццёвым чынам і творчым плёнам засведчыў, што і з першым, і з другім знаёмы не з чужых кніжак, а з персанальнага досведу.
Мяркую, што ніводная, нават самая буйная інстытуцыя краіны не мела такога феерычнага складу таленавітых і яркіх выкладчыкаў. Пры ўсёй маёй прыкрасці да пералікаў, тут мушу саступіць сам сабе і хаця б трохі назваць тых, хто ў розныя гады ці наскрозь праз два дзесяцігоддзі трымаў вольны і творчы дух аддзялення. Яшчэ толькі заўважу, што тут у адным агуле будуць і тыя, хто ладзіў толькі асобныя майстар-класы, і тыя, хто чытаў курсы лекцый ці арганізоўваў семінары ды калоквіюмы…
Янка Брыль, Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Ірына Дубянецкая, Ігар Бабкоў, Міхал Анемпадыстаў, Алесь Анціпенка, Уладзімір Мацкевіч, Аляксандр Грыцанаў, Адам Глобус, Максім Жбанкоў, Андрэй Хадановіч, Сяржук Санько, Сяргей Харэўскі, Сяргей Дубавец, Пятро Васючэнка…
Бадай яшчэ далучу сюды і згадку пра адмысловую праграму, якую прэзентавалі майстар-класы галоўных рэдактараў незалежных выданняў «Архэ», «Нашай нівы», «Дзеяслова», «Партызана», «Тэкстаў», «Палітычнай сферы» (Валер Булгакаў, Андрэй Дынько, Барыс Пятровіч, Артур Клінаў, Зміцер Вішнёў, Андрэй Казакевіч).
* * *
Калі быў у добрым гуморы, дык на тых жа сумоўях казаў, што Беларускі калегіюм перадусім эгаістычны праект. Проста нам моцна закарцела, каб нас сталася болей, як мага болей. Таму асноўная задача прафесуры – гэта інтэнсіўнае перастварэнне студэнтаў у нашых калегаў, каб супольна пашыраць і вялічыць інтэлектуальна-эстэтычны дыскурс Беларусі.
Разам з тым, усе мае гуллівыя азначэнні зусім не адмаўлялі і навучанне ў традыцыйным сэнсе. У нас заўсёды былі унікальныя выкладчыкі з бліскучымі акадэмічнымі курсамі. (У прыклад згадаю хаця б Ірыну Дубянецкую, доктара філасофіі і доктара сакральных навук.)
Але я тут трохі болей запынюся на тым, чаго не было нідзе, акрамя як у нас. А менавіта на спецкурсе “Чытанне/пісанне тэксту”. Гэта былі калектыўныя рэфлексіі паводле тэкстаў, якія прэзентавалі вялікія філасофскія ды мастацкія стылі апошніх эпох. І не столькі каб пазнаёміцца з імі, колькі каб праз іх аналітыку самім вучыцца мысліць і ствараць. Груба кажучы, Ніцшэ, Разанаў ці Фуко былі для нас нечым накшталт трэнажораў, на якіх мы трэніравалі цягліцы ўласнага мыслення.
Першыя словы, якімі я распачынаў нашыя калектыўныя забавы, былі такімі:
– Калі вы пагаджаецеся з тым, што я кажу, то вы не мысліце. Сваёй згодай вы адно мацуеце маю думку. Мне гэта прыемна, толькі мне гэта не патрэбна. Я ўвесь час буду чакаць вашай нязгоды. І з аўтарам тэкста, які мы расчытваем, і з маімі інтэрпрэтацыямі ды рэфлексіямі з той жа ці якой іншай нагоды. Зразумела, – казаў я далей, – сама з сябе нязгода яшчэ не ёсць мысленнем. Зусім яшчэ не ёсць ім. Аднак, пачаўшы рух у накірунку адмаўлення, магчыма, аднойчы вы ад радасці спалохана прамовіце: “Эўрыка!” Прасцей кажучы, каб зрабіць крок наперад, трэба адштурхнуць ад сябе зямлю. Тое ж і ў мысленні. І ніяк інакш…
Другая заўсёдная максіма гучала так:
– Мысленне – гэта перадусім інтэлектуальная мужнасць. Менавіта мужнасць, а не энцыклапедычная веда, дасканалая метадалагічная падрыхтоўка, абазнанасць у тэме і да т. п. Усяго гэтага можа быць даволі, каб стаць кандыдатам ці доктарам філасофскіх навук. Толькі не філосафам. Рэч у тым, што раз-пораз мысліць бывае страшна. Вельмі страшна. І каб не спалохацца ўласнага страху, не ўхіліцца ад яго патрэбная не абы якая інтэлектуальная мужнасць. А без яе ўсё астатняе марна.
Трэцяя максіма ўжо і не зусім максіма, а хутчэй параграф з інтэлектуальных паводзінаў:
– Са сваімі багамі (Богам) у аўдыторыю не заходзіць. Пакідайце іх разам з верхняй вопраткай ля дзвярэй аўдыторыі. Інакш можа атрымацца, што падчас якой жарснай інтэлектуальнай палемікі вашага бога тут стануць ганяць, што той футбольны мячык па полі.
А пасля паўзы ўдакладняў:
– Між іншым, гэтаксама будзе слушна, як нашаму студэнту надаюць у каршэнь, калі ён у Саборы замест таго, каб паўтараць словы малітвы, стане гучна цытаваць антыхрыста Ніцшэ. Прамінулі тыя часы, калі Бог усюды і заўсёды быў як Бог. Цяпер нешта такое далёка не ўсюды і не заўсёды. Але ў фундаментальных месцах Яго сакралізацыі, відаць, будзе разумна паводзіць сябе так, быццам нічога не змянілася. Хаця б дзеля ўдзячнасці Яму за тое, што Ён тысячагоддзямі трымаў у цэласнасці ўвесь наш сусвет, пакуль не выгадаваўся ўжо зусім іншы чалавек, які цяпер можа абыходзіцца і без Ягонай падтрымкі.
* * *
Пэўна ж, самай адметнай падзеяй для кожнага студэнта аддзялення было публічнае абмеркаванне адмыслова напісаных дзеля гэтага эсэ. Я прыдумаў табліцу ацэнак (паводле пяцібальнай сістэмы), і пасля прачытання эсэ кожны з слухачоў павінен быў агучыць свае адзнакі асобна за мову, стыль, кампазіцыю, мысленне ды эсэістычнасць.
Вясёлая была забава і карысная, асабліва для тых, хто насамрэч марыў ствараць тэксты, якія потым звярнуць на яго ўвагу ўсёй чытацкай грамады.
Толькі далей не зусім пра гэта…
Поркаючыся ў абы як скіданых архівах, зусім выпадкова сустрэў запіс пра адзін з такіх заняткаў, пазначаны 2006 годам. І закарцела пералюстраваць яго сюды…
“Сёння на семінары мы аналізуем эсэ Марыны Дварэцкай і Вольгі Шашок. Марына абрала сабе тэмай Мінск ды напісала пра свой мегаполіс весела і здзекліва. Але за іроніяй няцяжка расчытаць тугу па ідэальным горадзе, які можна было б шчыра любіць і якім можна было б не тоячыся ганарыцца.
Эсэ Вольгі – прастора напятай самоты. Усё яно – сцішаны адчай нацыянальна абранага чалавека, які балюча і трывожна адчувае сваю вылучанасць з чужароднай бальшыні. Дзяўчына ўжо наперад прадбачыць увесь цяжар беларускага шляху і як бы рыхтуе сябе да гераічнай самоты, якая будзе доўжыцца праз усё жыццё.
Я слухаю развагі маладых людзей, а сам думаю трохі пра іншае. У свой час мне заманіла скласці кнігу з аповедаў тых, хто свядома прыйшоў у беларушчыну і застаўся тут назаўжды. Але гэтыя расповеды мусілі кранаць толькі адзін момант. А менавіта, як чалавек стаў на беларускі шлях, што яго сюды падштурхнула ці паклікала? З таго, што я ведаў, у кожным выпадку гэта была зусім іншая гісторыя, не падобная на іншыя.
Сабраныя ў мноства, – думалася мне, – яны, магчыма, маглі б распавесці нешта істотнае і пра нас саміх, і пра нашу краіну.
Тую даўнюю хэнць я і дагэтуль не спраўдзіў. Аднак кожны раз, калі ўглядаюся ў тых, хто паступае вучыцца ў Беларускі калегіюм, здумляюся: чаму яны абралі Беларусь як справу свайго жыцця? Альбо інакш: чаму менавіта іх абрала Беларусь, каб выявіць уласную самасць?
І ніколі не знаходжу на сваё здумленне пэўнага адказу. У пакліканні Беларуссю заўсёды ёсць нешта містычнае”.
Цалкам тэкст Валянціна Акудовіча “Беларускі калегіюм” чытайце
ў папяровай версіі “Дзеяслова”.