Акутагава Руноскэ (№119)

У гаі

Расповед дрывасека на допыце ў судовага прыстава

Вось як усё было. Гэта я знайшоў цела, так. Сёння раніцай, як звычайна, я пайшоў секчы крыптамерыі на дальнім схіле гары. У гаі пад гарой і ляжала тое самае цела. Дзе дакладна, кажаце? Бадай што за чатыры альбо пяць цё1 ад паштовай дарогі да станцыі Ямасіна. Бамбук там расце, яшчэ маладзенькія крыптамерыі, а людзі зусім не ходзяць.

На нябожчыку была светла-сіняя дарожная вопратка, а на галаве – старая чорная шапка, высокая, як у гарадскога пана, і ляжаў ён тварам дагары. Забілі яго, напэўна, адным ударам мяча, але трапілі ў сонечнае спляценне, вось таму ўсё лісце бамбука навокал афарбавалася чырванню. Не, кроў з цела больш не лілася. Краі раны, і тыя, здаецца, падсохлі. Што праўда, на ёй сядзеў авадзень і смактаў кроў, быццам і не чуў маіх крокаў.

Ці не знаходзіў я там мяча альбо іншай зброі? Не, нічога такога. Толькі пад адной крыптамерыяй ляжала вяроўка, абкручаная вакол камля. А яшчэ… Так-так, паблізу валяўся грабеньчык. Толькі гэта і было каля трупа. Траву і лісце бамбука ў гаі добра так патапталі – мусіць, перад тым, як яго забілі, мужчына адчайна супраціўляўся. Кажаце, ці не заўважыў я каня? Дык там такое месца, што ні конь, ні іншая жывёла не зойдзе. Гай той надта далёка ад усіх праезных шляхоў.

 

Расповед будыйскага манаха на допыце ў судовага прыстава

Так, учора я сустрэўся з забітым. Учора… Ну, прыкладна апоўдні. Я ішоў з паштовай станцыі Сэкіяма да Ямасіны і пабачыў яго ўжо бліжэй да апошняй. Ён быў з жанчынай, што ехала на кані, а накіроўваліся яны ў бок Сэкіямы. На жанчыне быў вялікі капялюш і вэлюм, таму я не разгледзеў ейнага твару. Заўважыў толькі, што сукня на ёй была фіялетавая, здаецца, з ліловай падкладкай. Конь быў светла-руды… Дакладна, і кароткагрывы. Ці высокі, пытаеце? Мо на чатыры суны2 вышэйшы за іншых. Самі бачыце, я вандроўны манах, зусім у гэтым не знаўца. А мужчына… Не, ён меў пры сабе і меч, і калчан са стрэламі. Вось цяпер я добра ўзгадаў той чорны лакіраваны калчан – стрэл дваццаць з яго тырчала, не менш, ён мне асабліва запомніўся.

Я і ў сне б не прысніў, што той мужчына так скончыць, але праўду кажуць, жыццё чалавека згасае хутка, як пробліск маланкі… Вох, што ж яшчэ тут дадаць, сумная гэта справа.

 

Расповед каравульнага на допыце ў судовага прыстава

Мужчына, якога я арыштаваў? Так, гэта той самы Тадзёмару, знакаміты бандыт. Я знайшоў яго, калі ён зваліўся з каня на каменным мосце ля брамы Аватагуці3, ляжаў там і жаласна стагнаў. Калі дакладна гэта здарылася? Увечары, у першую варту4. Мінулым разам, калі я не здолеў яго схапіць, ён таксама быў апрануты ў цёмна-сіняе і меў меч на поясе. А цяпер, як бачыце, у яго і лук са стрэламі пры сабе. Разумееце, пра што я? Гэта рэчы, знятыя з трупа, дык выходзіць, што забойца – менавіта Тадзёмару. Лук, абцягнуты скурай, чорны лакіраваны калчан, сямнаццаць стрэл з пер’ямі сокала… Усе яны належалі забітаму. Так. І конь, як вы кажаце, руды і кароткагрывы. Мабыць, гэта лёс, што бандыт уласна з яго зваліўся. Сам конь скубаў свежы міскант каля моста, а доўгая аброць яшчэ вісела на ягонай шыі.

Тадзёмару, трэба сказаць, слыве распуснікам нават сярод падонкаў, што швэндаюцца па нашай сталіцы. Мінулай восенню на гары за храмам Торыбэ, дзе пакланяюцца Піндоле Бгарадваджы5, забілі дзвюх паломніц – пры­дворную даму з маленькай дачкой, і я ўпэўнены, што гэта віна Тадзёмару. Невядома, што ён зрабіў з жанчынай, якая ехала на рудым кані, калі ўжо прыкончыў мужчыну. Выбачаюся, што сую нос не ў сваю справу, але неабходна далей гэта расследаваць.

 

Расповед старой на допыце ў судовага прыстава

Так, забіты – муж маёй дачкі. Толькі ён сам не сталічны. Ён служыў самураем у губернатара правінцыі Вакаса. Звалі яго Канэдзава-но Такэхіра, і яму было дваццаць шэсць гадоў. Не, чалавек ён быў лагодны, нікога не мог раззлаваць.

Мая дачка? Яе завуць Масаго, і ёй дзевятнаццаць. Характар яна мае цвёрды, не раўнуючы як мужчынскі, але да Такэхіра яна ніколі ні з кім не бачылася. Твар у яе смуглявы і маленькі, авальны, як дыннае семя, а ў куточку левага вока – радзімая плямка6.

Такэхіра з дачкой учора выправіліся ў Вакасу, і хто б мог падумаць, што лёс так складзецца, няўжо гэта карма? Я нават змірылася са смерцю зяця, але моцна хвалююся за Масаго. Аб адным вас прашу, я, старая жанчына: перашукайце ўсё навокал, толькі знайдзіце маё дзіця. Гэты Тадзёмару ці як там яго – ён жа бандыт, ён… Не толькі зяця майго, але і дачку… (Плача, больш не можа гаварыць.)

 

Прызнанне Тадзёмару

Я забіў мужчыну. Але жанчыну не забіваў. Куды яна падзелася? Ведаць не ведаю. Гэй, не спяшайцеся. Колькі мяне ні катуйце, а чаго я не ведаю, таго не скажу. Да таго ж, калі ўсё так выйшла, я і сам не хачу хаваць ад вас праўду, як нейкі баязлівец.

Тых мужа з жонкай я сустрэў учора, адразу пасля поўдня. Вецер падзьмуў, узняў вэлюм з твару жанчыны, і я на момант пабачыў яе. Усяго на момант… Вось я бачу яе, вось ужо не бачу, але мне хапіла імгнення – я заўважыў на ейным твары спагаду, вартую бадгісатвы7. Тады я і вырашыў: гэтая жанчына будзе маёй, нават калі давядзецца забіць ейнага мужа.

Ды не, мужчын забіваць не так складана, як вам здаецца. Каб прыўлашчыць жанчын, без гэтага не абысціся. Вось толькі я ўжываю меч, што вісіць у мяне на поясе, а вам і зброя не патрэбная: вы забіваеце сваёй уладай, сваімі грашыма, а часам і проста сваімі хлуслівымі словамі. Чалавек можа жыць цудоўна, не праліўшы ні кроплі крыві… І ўсё роўна забіваць пры гэтым іншых. Калі так падумаць, цяжка зразумець, чые грахі страшнейшыя – вашы ці мае. (Цынічна ўсміхаецца.)

Зрэшты, я мог авалодаць жанчынай і абысціся без забойства. Не, у той момант я вырашыў, што так і зраблю. Але на станцыі Ямасіна я дакладна б не здзейсніў свой намер. Таму і прыдумаў, як завабіць мужа з жонкай у горы.

І гэта было няцяжка. Я расказаў ім, быццам знайшоў на бліжэйшай гары стары курган, дзе было шмат мячоў і люстэрак, выцягнуў усё адтуль і схаваў у дальнім горным гаі; калі яны толькі хочуць, я гатовы танна прадаць ім гэты скарб. Мужчына слухаў і паволі пачынаў мне верыць. Вось так… Бачыце? Хіба жаданне – не страшная рэч? Прайшло зусім мала часу, а гэтыя двое ўжо скіравалі каня на горную сцежку следам за мной.

Калі мы наблізіліся да гаю, я сказаў: скарб закапаны ўласна тут, хадзем, я пакажу, дзе ён. Мужчыну асляпіла сквапнасць – канечне, ён не запярэчыў мне. А вось жанчына сказала, што не злезе з каня і застанецца чакаць нас. Разумнае рашэнне, бо гай зарос бамбукам, і ясна было, што конь там не ўшчэміцца. Па шчырасці, гэта якраз адпавядала маім намерам, таму мы пакінулі жанчыну адну і заглыбіліся ў гай.

Спярша мы прабіраліся толькі праз густы бамбук. Аднак недзе праз паўцё дайшлі да невялікай прагаліны, дзе пабачылі крыптамерыі… Найлепшае месца, каб завяршыць задуманае. Я развёў рукамі ствалы бамбука і сказаў, быццам скарб закапаны пад вунь той крыптамерыяй – праўдападобная хлусня. Як толькі мужчына пачуў мяне, адразу кінуўся з усіх ног да мала­дзенькіх дрэў. На паляне, дзе рос рэдкі бамбук і ў радок стаялі крыптамерыі… У той момант, як мы апынуліся там, я выцяў мужчыну, зваліўшы яго на зямлю. У мужчыны быў меч і, відаць, хапала сіл, каб ім скарыстацца, але супраць раптоўнага нападу ён нічога не змог зрабіць. Я адразу ж прывязаў яго да ствала адной з крыптамерый. Адкуль вяроўка? Вяроўка – найлепшы сябар рабаўніка: ніколі не ведаеш, ці давядзецца пералазіць праз сцяну, таму я заўсёды трымаю яе на поясе. Канечне, мне не трэба было, каб мужчына пачаў крычаць, таму я напхаў яму ў рот бамбукавага лісця.

Калі я разабраўся з мужчынам, то вярнуўся да ягонай жонкі і сказаў, нібыта яму раптоўна зрабілася блага, дык няхай яна паглядзіць, што з ім. Тут я ўгадаў, няма чаго гаварыць. Жанчына зняла свой вялікі саламяны капялюш, і я за руку павёў яе ўглыб гаю. Але калі мы дайшлі да паляны, дзе мужчына стаяў, прывязаны да дрэва… Калі жанчына гэта пабачыла…
Я амаль не заўважыў, як яна выцягнула з запазухі бліскучы кінжал. Далібог, я ўпершыню сустрэў жанчыну з такім ваяўнічым норавам. Калі б я зазяваўся, яна б немінуча пырнула мяне ў бок. Вось толькі я паспеў адхіснуцца, а потым ніводзін з удараў, што яна наносіла з упартай зацятасцю, не трапіў у мяне. І не быў бы я Тадзёмару, калі б не выбіў кінжал з яе рук, нават не падняўшы мяча. Жанчына, хай моцная духам, не абароніць сябе без зброі. У рэшце рэшт яна стала маёй – я зрабіў з ёй усё, што хацеў, і абышоўся без забойства.

Без забойства… Менавіта. Нават тады я не збіраўся забіваць мужчыну. Аднак калі я пакінуў жанчыну ляжаць у слязах на зямлі і думаў ужо ўцякаць адтуль, яна раптам схапіла мяне за руку, моцна, нібы вар’ятка. І стала бязладна крычаць: маўляў, альбо я, альбо ейны муж павінен загінуць, бо знесці такую ганьбу на вачах двух мужчын горш за смерць. Не, хай застанецца жыць толькі адзін з нас, а яна будзе ягонай жонкай… Яна амаль задыхалася, калі казала гэта. Вось у той момант мне адчайна захацелася прыкончыць ейнага мужа. (Змрочнае ўзбуджэнне.)

Мабыць, калі я так кажу, то здаюся вам жорсткім чалавекам. Але вы проста не бачылі твар гэтай жанчыны. Асабліва… Яе позірк, які ў той момант нібыта палаў. Я зазірнуў ёй у вочы і зразумеў, што хачу зрабіць яе сваёй жонкай, і хай мяне за гэта заб’е пярун. Сваёй жонкай… Ні пра што іншае я думаць не мог. Гэта не была звычайная брыдкая пажадлівасць, як вам, напэўна, здаецца. Калі б тады я адчуваў адну толькі пажадлівасць, то адпіхнуў бы жанчыну і ўцёк. І мне б не прыйшлося запэцкаць свой меч крывёю мужчыны. Аднак у тым змрочным гаі, у тое імгненне, калі я пільна ўглядзеўся ў жаночы твар, я вырашыў, што не сыду адсюль, пакуль не заб’ю яе мужа.

Тым не менш, я не хацеў забіваць яго вось так адразу, як баязлівец. Я разблытаў вяроўку і загадаў яму брацца за зброю. (Гэта, мусібыць, тая вяроўка, якую знайшлі ля крыптамерыі.) Твар мужчыны перакрывіўся, ён агаліў свой вялікі меч. Умомант ён моўчкі, ярасна кінуўся на мяне… Не трэба вам доўга тлумачыць, чым скончыўся наш двубой. Дваццаць тры ўдары – і я ўсадзіў меч яму ў грудзі. Дваццаць тры ўдары… Не забывайцеся на гэта, калі ласка. Я дагэтуль у захапленні. Ва ўсім свеце толькі гэты мужчына біўся са мной так доўга, каб нанесці больш за дваццаць удараў. (Радасная ўсмешка.)

Калі мужчына рухнуў на зямлю, я апусціў свой акрываўлены меч і адразу ж павярнуўся да жанчыны. І што б вы думалі? Яе нідзе не было. Я паблукаў трохі сярод крыптамерый, стараючыся вызначыць, куды яна збегла. Але не знайшоў нават ейных слядоў на апалым лісці бамбука. Напружыўшы слых, я пачуў толькі хрыпы агоніі, што даносіліся з горла мужчыны.

Магчыма, у той самы момант, як мы пачалі біцца, жанчына проста ўцякла, каб паклікаць людзей на дапамогу… Калі я гэта зразумеў, то вырашыў ратавацца: зняў з мужчыны меч і калчан і вярнуўся да горнай сцежкі. Конь жанчыны спакойна скубаў там траву. Няма сэнсу распавядаць, што было далей, усё гэта будзе адно пустой балбатнёй. Скажу толькі, што пазбыўся мяча перад тым, як дабраўся да сталіцы. Вось вам маё прызнанне. Я заўжды ведаў, што маю галаву насадзяць на высокі кол, дык давайце ўжо, пакарайце мяне смерцю. (Ганарлівы выгляд.)

 

Споведзь жанчыны, якая прыйшла ў храм Кіёмідзу8

…калі той мужчына ў цёмна-сінім адзенні скончыў гвалтаваць мяне, то зірнуў на майго звязанага мужа і здзекліва пасміхнуўся. Як мусіў пакутаваць муж! Але колькі б ён ні круціўся ў спробах вызваліцца, вяроўка, што звязвала яго па руках і нагах, толькі мацней уядалася ў цела. Я паднялася, кульгаючы, без адзінай думкі ў галаве, і кінулася да яго. Не – хацела кінуцца. Аднак мужчына ў сінім зараз жа паваліў мяне на зямлю ўдарам нагі. Гэта быў той самы момант. Вось тады я пабачыла ў вачах майго мужа бляск, якога словамі не апісаць. Словамі не апісаць… Я дагэтуль дрыжу, калі ўзгадваю той позірк. Муж не сказаў ані слова, але ў ягоных вачах адлюстравалася ўсё, што жыло ў душы. Але гэта быў не гнеў і не смутак… Толькі халодны бляск пагарды да мяне, хіба не так? Ад яго забалела мацней, чым тады, калі мяне выцяў мужчына ў сінім, і я з нейкім няўцямным крыкам урэшце страціла прытомнасць.

Калі я прыйшла ў сябе, мужчына ў сінім ужо кудысьці знік. На прагаліне застаўся толькі мой муж, прывязаны да дрэва. Я нарэшце прыўзнялася з апалага бамбукавага лісця і пільна зазірнула ў твар мужу. Яго позірк зусім не змяніўся. Ён глядзеў на мяне з пагардай, нават з нянавісцю. Сорам, жальба, гнеў… Не ведаю, як патлумачыць, што рабілася тады ў маёй душы. Ледзь-ледзь падняўшыся, я падышла да мужа.

«Любы… Пасля таго, што здарылася, мы не можам быць разам. Я цвёрда вырашыла памерці. Але… Але я хачу, каб і ты таксама загінуў. Ты бачыў, як мяне зганьбілі. Я не магу пакінуць цябе аднаго з такім сорамам».

Усю сваю моц я ўклала ў гэтыя словы. А муж толькі пагардліва глядзеў на мяне. Сэрца маё разрывалася, пакуль я шукала меч. Аднак той бандыт, відаць, скраў у нас усё: ані мяча, ані калчана не было. На шчасце, пад нагамі яшчэ ляжаў кінжал. Я занесла яго над галавой і ў апошні раз звярнулася да мужа.

«Цяпер аддай мне сваё жыццё! А я адразу пайду за табой…»

Калі муж пачуў гэта, то нарэшце паспрабаваў адказаць мне. З рота ў яго тырчэла лісце бамбука, таму голасу, канечне, было не чутно. Але, заўважыўшы, як рухаюцца ягоныя вусны, я зразумела, што ён хацеў вымавіць. Ён грэбаваў мною, ён мог сказаць адно: «Забівай». Нібыта ў паўсне, я пацэліла кінжалам у грудзі мужу і прабіла іх наскрозь.

Відаць, пасля я зноў страціла прытомнасць. Калі я ўрэшце расплюшчыла вочы, то ўбачыла, што муж, па-ранейшаму звязаны, ужо сканаў. На яго бледны твар, на прагаліну з крыптамерыямі, якія раслі пасярод бамбука, падаў самотны прамень вячэрняга сонца. Я залілася слязьмі і пачала разблытваць вяроўку. Вось тады… Што здарылася са мной тады? Мне не стае сілаў, каб пра гэта расказваць. Чамусьці я не змагла развітацца з жыццём. Я думала пранізаць сабе горла кінжалам ці кінуцца ў возера ля падножжа гары, але не змагла, і ганарыцца тут няма чым. (Сумная ўсмешка.) Ад такой нікчэмнай баязлівіцы, як я, адвярнулася б нават бадгісатва Канон9, вядомая сваёй нязмернай міласэрнасцю і спагадай. Я забіла ўласнага мужа, мяне згвалціў бандыт, дык што мне цяпер рабіць? Што мне цяпер… Што мне… (Раптоўныя, адчайныя рыданні.)

 

Расповед памерлага з вуснаў сінтаісцкай10 жрыцы

…калі бандыт скончыў гвалтаваць маю жонку, то сеў побач з ёй на зямлю і пачаў суцяшаць яе. Канечне, я не мог нічога сказаць. Да таго ж я быў прывязаны да крыптамерыі. Але раз за разам спрабаваў зазірнуць жонцы ў вочы. «Не вер гэтаму мужчыну, усе ягоныя словы ілжывыя…» Вось што я хацеў перадаць ёй. Аднак жонка з няшчасным выглядам сядзела на апалым лісці бамбука, утаропіўшыся на ўласныя калені. Хіба я мог не падумаць, што яе спакушаюць абяцанкі таго бандыта? Мяне трэсла ад рэўнасці. А хітры бандыт усё дурыў ёй галаву. «Калі цябе ўжо раз сапсавалі, ты ніколі зноў не памірышся з мужам. Дык навошта табе быць ягонай жонкай, мо станеш лепей маёй, га? Я моцна цябе пакрыўдзіў, але толькі таму, што ты вельмі мне падабаешся…» Вось так гучала яго нахабная балбатня.

Бандыт гаварыў, і жонка, быццам зачараваная, падняла твар. Я ніколі не бачыў яе такой прыгожай, як у той момант. Але што адказала гэтая прыгожая жанчына бандыту, пакуль я, звязаны, стаяў перад імі? Нават цяпер, калі я блукаю па тагасвеце ў чаканні перараджэння, успаміны пра ейны адказ запальваюць ува мне небывалы гнеў. Яна сказала, і гэта дакладна: «Тады забяры мяне з сабой куды заўгодна». (Доўгае маўчанне.)

І гэта быў не адзіны ейны грэх. Інакш я б не пакутаваў так сярод гэтай цемрадзі. Нібы ў сне, яна ўзяла бандыта за руку, і яны ўжо накіраваліся былі прэч, як раптам яна пабялела і паказала на мяне, прывязанага да дрэва. «Забі яго! Пакуль ён жыве, я не магу быць з табой…» Яна выкрыквала гэта зноў і зноў, быццам вар’ятка. «Забі яго!» Гэтыя словы нават цяпер здаюцца мне парывам буры, што валіць з ног і кідае на самае дно цемры. Ці чалавек наогул казаў штосьці настолькі ненавіснае, як яна тады? Ці чалавек наогул чуў штосьці настолькі варожае, як я тады? Ці чалавек наогул… (Рэзкі, нядобры смяшок.) Нават бандыт пабялеў, пачуўшы ейны лямант. «Забі яго!» Яна вісела на руцэ бандыта і ўсё крычала. Ён пільна ўгледзеўся ў яе і не сказаў нічога: не абяцаў забіць, не абяцаў не забіваць… Я нават не заўважыў, як ён адным ударам нагі паваліў яе на апалае бамбукавае лісце. (Ізноў нядобры смяшок.) Бандыт моўчкі склаў рукі на грудзях і зірнуў у мой бок. «Што мне рабіць з гэтай бабай? Забіць яе ці злітавацца? Можаш проста прамычаць у адказ. Забіваць?» За адное гэтае пытанне я гатовы ўсё яму прабачыць. (Ізноў доўгае маўчанне.)

Пакуль я вагаўся, жонка ўскрыкнула і стрымгалоў кінулася прэч у гушчар. Бандыт імгненна скочыў услед, але не паспеў нават схапіць яе за рукаў. Я проста глядзеў на ўсё гэта, быццам на нейкі морак.

Жонка ўцякла, бандыт жа забраў меч і калчан, а пасля надрэзаў вяроўку, што звязвала мяне. «Ну, я пайшоў сваёй дарогай». Я памятаў, як ён прамармытаў гэта, ужо амаль схаваны ў гушчары. Навокал было ціха. Не, усё ж такі мне пачуўся чыйсьці плач. Я ўважліва прыслухоўваўся да гэтых гукаў, пакуль разблытваў вяроўку. Але калі засяродзіўся, то зразумеў: хіба не я сам плакаў? (Доўгае маўчанне ў трэці раз.)

Стомлены, я ўрэшце сеў на зямлю між каранёў крыптамерыі. Перад маімі вачыма ляжаў бліскучы кінжал, які кінула жонка. Я ўзяў яго і адным махам усадзіў сабе ў грудзі. Нейкі смярдзючы камяк крыві выплюхнуўся з маіх вуснаў. Аднак я зусім не адчуў болю. Толькі пахаладзелі грудзі, а навокал запанавала поўнае безгалоссе. Ах, якая гэта была цішыня… У небе над гаем, схаваным у ценю гары, не пралятала ніводная птушка. Толькі галіны бамбука і крыптамерый кідалі на зямлю самотныя цені. Цені… Нават яны паволі зніклі… Я не бачыў ужо ані бамбука, ані крыптамерый. Я ляжаў як упаў, ахутаны глыбокай цішынёй.

У той час хтосьці падышоў да мяне мяккімі крокамі. Я паспрабаваў зірнуць на гэтага чалавека. Але ўсё навокал ужо ахінуў змрок. Хтосьці… Гэты хтосьці нябачнай рукой асцярожна выцягнуяў кінжал з майго цела. Вось тады мой рот ізноў набрыняў крывёю. І так я занурыўся ў бясконцую цемру замагільнага свету…

Снежань 1921 г.

 

1 Цё – традыцыйная мера даўжыні, прыкладна 110 м.

2 Сун – традыцыйная мера даўжыні, прыкладна 3 см.

3 Адна з брам Кіёта, які ў апісаны гістарычны перыяд (эпоха Хэйан, 794-1185 гг.) быў сталіцай Японіі.

4 Прыкладна з 19:00 да 21:00.

5 Піндола Бгараваджа – адзін з легендарных вучняў Буды Гаўтамы. Будыйскі святы, які быў надзелены дарам лячэння і, згодна з японскімі вераваннямі, асабліва апякуецца здароўем немаўлят і маленькіх дзяцей.

6 Паводле ўсходнеазіяцкіх павер’яў радзімка каля вока прарочыць яе носьбіту цяжкае жыццё, бо асацыюецца са слязьмі.

7 Бадгісатва – прасветлены чалавек, буда, які адмаўляецца сысці ў нірвану да таго, як усе іншыя жывыя істоты перастануць пакутаваць і таксама дасягнуць духоўнага прасвятлення.

8 Кіёмідзу-дэра (Храм Чыстай Вады) – будыйская святыня ў Кіёта, заснаваная ў 778 г. Назва паходзіць ад вадаспада на тэрыторыі храмавага комплексу.

9 Бадгісатва Канон – японскае ўвасабленне бадгісатвы Авалакітэшвары, надзвычай папулярнай фігуры будыйскага пантэона, сімвала спачування і дабрыні.

10 Сінта (сінтаізм) – нацыяльная рэлігія Японіі. Форма політэізму, заснаваная на веры ў мірыяды духаў і багоў, якія засяляюць розныя прыродныя аб’екты. Будызм і сінта традыцыйна суіснуюць у рэлігійнай свядомасці японцаў: так, шматлікія народныя богі лічацца ўвасаб­леннямі заморскіх будаў.

 

Пераклад з японскай Аляксандры Пятровіч.

Цалкам публікацыю чытайце ў папяровай версіі часопіса.

 

 


Апублікавана

у