Бестыярый, або Арфееў картэж
Элеміру Буржу
Пераклад з французскай мовы
Андрэя ХАДАНОВІЧА.
Арфей
Глядзіце, як шляхетна і выразна
Малюнкі ўсё тлумачаць падрабязна:
Здаецца, што святло гаворыць урачыста
Вучонай моваю Гермеса Трысмегіста.
Чарапаха
Ляціць з фракійскага выраю
Мой спеў, святло несучы,
Бо панцыр зрабіўся ліраю,
І ўсе звяры – слухачы!
Конь
Трымаеш лейцамі ўсё, што наяве сніцца,
І робяцца страфой вазніца й калясніца,
Рух незавершаны і космас вершаваны –
Крылаты дыямент, табой адшліфаваны.
Тыбецкая каза
Тыбету з яго козамі
І золату руна
Не параўнацца з косамі
Той, што ў мяне адна.
Змяя
Змеі – увасобленая злосць,
згубіць прыгажосць і маладосць,
Эўрыдыку прынясе ў ахвяру,
Еву, Клеапатру… Вам не досць?
Ведаю і парыжанак пару.
Кот
Я запрашу ў сваю кватэру
Каханую – якой паверу,
Ката – для кніжных вечароў,
І вас – на шумную вячэру,
Бо жыць не ўмею без сяброў!
Трус
Не будзь, як палахлівы трус,
Калі Амур дае занятак.
А зробіць Муза ператрус –
Наплодзіш вершаў-трусянятак.
Зайка
А вунь звяруга вушастая,
Што пыску з куста высоўвае:
Па месцах дзівосных шастае
Дзівоснай парой марцоваю.
Леў
Абражаны й знявечаны,
Як зрынутыя прынцы,
Жыў леў сярод Нямеччыны –
У гамбурскім звярынцы.
Вярблюд
Дон Пэдра пакінуў свой родны парог,
Дон Пэдра вярблюдаў купіў чатырох,
Дон Пэдра праехаў на іх сто дарог.
А я мог бы і дзвесце, і Пэдра падвезці –
Каб вярблюдаў я меў чатырох.
Мыш
О, мышы часу, вось і восень!
Я з’едзены да палавіны.
Дажыў да лічбы дваццаць восем –
Прычым не так, як быў павінны.
Слон
Біўні ў роце – адмысловы
Схоў багацця й прыгажосці.
А ў паэта – словы, словы…
Вершы са слановай косці.
Арфей
Жамярыцы і мікробы,
Крылцы, вочкі і хвасты,
Блохі найвышэйшай пробы
Маюць болей пекнаты
Ад сямі дзівосаў свету
Й нават гэтага куплету!
Вусень
Паэту вусень – брат:
Каб нітку верша прасці,
Працуй, як шаўкапрад,
Бо ў шоўку – мятлік шчасця!
Муха
Не ўпаўшы ў зімовую спячку,
Пра снег нам спявае элегіі,
Якім навучылі сваячку
Бялюткія мухі з Нарвегіі.
Блыха
Блыха – як сябар, як любая –
П’е кроў з нас і згубу нясе.
Ды ўдзячны за кроў і згубу я
Каханай, сябру, блысе.
Саранча
Еў акрыдаў (саранчу)
Ян Прадвеснік з дзікім мёдам.
Так і я служыць хачу
Толькі боскім асалодам.
Арфей
Хай жа сэрца прынадаю ў неба ўпадзе!
І ў салёнай ці прэснай нябеснай вадзе,
Колькі я ні злавіў бы, у радасці й скрусе,
Толькі Ты – мая рыба й рыбак мой, ІСУСЕ!
Дэльфін
Дэльфін гуляецца між хваль,
Ды хвалі – горкія, на жаль.
Вось так і я глытаю горыч:
Каханне й боль заўсёды поруч.
Каракаціца
Я, шматрукая пачвара,
Толькі пырскаю чарніла,
І майму каханню – кара:
Каціцца ў нябыт, што міла!
Медуза
Цяжка быць медузаю –
Шторм катуе й тузае.
Гэтаксама шлюзы я
Адчыняю з музаю.
Рак
Маім сумневам-небаракам
Няма дарогі ў райскі сад,
Калі паўзеш у неба ракам,
Бо крок наперад, два назад.
Карп
Карп, што схаваўся ў ціхі стаў,
Так доўга жыў, што сумным стаў,
Бо й смерць яго забыла:
Самотна жыць – магіла.
Арфей
Зімародак і Эрот,
І Сірэн салодкі гнеў…
Губіць чалавечы род
Іх нечалавечы спеў.
Слухаць іх я вам не раю.
Слухайце анёлаў з Раю.
Сірэны
Загадку горкую, паэце, растлумач:
Што значыць спеў Сірэн, пра што іх вечны плач?
Яны пяюць мой лёс, і ў кожным галашэнні –
Разбіты карабель, гадоў маіх крушэнне.
Голуб
Найцудоўнейшы з галубоў,
Што Марыі прынёс любоў,
Я прашу, памажы мне згары
Споўніць мары з маёй Мары!
Паўлін
Сваё хараство вам наўпрост
Пакажа паўлін-выхваляка –
І вабіць распушчаны хвост,
І свеціцца голая ср…ка.
Пугач
У сэрцы жыве пугач:
Каго палюбіць, пужае.
Усё, што нажыў – боль і плач,
А радасць – заўжды чужая.
Ібіс
І толькі ібіс на лаціне
Вітацьме здань маю, калі
Сыду ў цямрэчу, на глыбіні
Пяскоў егіпецкай зямлі.
Вол
Анёл святога Лукі,
Малітваю райскі вол
Сустрэне нас, сябрукі…
Як Госпад нам дасць дазвол.
Іншыя пераклады Апалінэра чытайце ў папяровай версіі “Дзеяслова” №83.