Імправізацыя і сэнс
Парадоксы Рыгора Барадуліна
Барадуліна чытай удумліва,
не спяшай па слоўных хвалях бег…
Думка нараджаецца раней за слова. Як імпульс, як ток, як прамень святла альбо зрух у студзяністай глыбіні спакою. Так думаюць мысляры і адмыслоўцы. Але, чытаючы Барадуліна, я заўважыў, што слова можа апярэджваць думку. Слова-гук нараджаецца на нейкую долю секунды раней, чым думка. Яно першаснае, да-думнае, і ўжо за ім цягнецца вобраз, алюзія, уяўленне, фантазія. Відаць, у гэтым і крыецца прынцып паэтычнай імправізацыі, а мо і сутнасць паэзіі ды апраўданне таго, кананічна-біблейскага – “Напачатку было слова…”
Калі заглыбляешся ў Барадуліна, здаецца, што слова (і мова?) нараджаюцца вось тут, цяпер, на тваіх вачах і пры тваім удзеле. Ты сам агучваеш склады і радкі ды ў меру сваіх магчымасцяў генеруеш свет паэтычных вобразаў і карцінаў. Як фарбы першасней за карціну, так словы – першародней за літаратуру. А імправізацыя, спантаннае гука- і словатварэнне ёсць эфектыўным спосабам амаладжэння мовы, ажыўлення змярцвелых слоў-
ных формаў. І Барадулін быў ці не самым паслядоўным беларускім творцам, хто трымаўся гэтага прынцыпу ўсё жыццё, і ў сталым узросце нават больш плённа, чым у маладосці. У гэтым, пэўна, адзін з парадоксаў ягонай творчасці.
Звычайна лічыцца, што новымі плынямі і стылямі займаюцца маладыя, амбітныя паэты, а сталыя (а пагатоў старыя!) ідуць тораным шляхам, эксплуатуючы раней адкрытыя і засвоеныя формы. Часцей за ўсё так і бывае, і творчыя вяршыні паэтаў застаюцца на трэцім-чацвёртым дзесяцігоддзі жыцця. Але не так атрымалася з Барадуліным. Прыродны імправізацыйны талент і пастаяннае памкненне абнаўляць вобразна-паэтычную палітру рухалі яго наперад, а сталенне майстэрства і духоўна-інтэлектуальны неспакой усё вышэй і вышэй падымалі гарызонты паэтычнага палёту. Таму галоўныя яго дасягненні здарыліся бліжэй да канца не такога ўжо і кароткага (па паэтычных мерках) жыцця. Сярод шматлікіх нізак, цыклаў, перакладаў сапраўдным паэтычным шэдэўрам стала кніга “Ксты”, выдадзеная на восьмым дзясятку яго зямного шляху.
Нягледзячы на рэдкую працаздольнасць і пладавітасць, Рыгор Барадулін быў схільны да невялікіх вершаваных формаў і заставаўся надзіва лаканічным аўтарам (тут з ім можа паспаборнічаць хіба што А. Разанаў – прызнаны мінімаліст і паэт-наватар). Ёсць нават барадулінская “Паэма” з пяці словаў: “Мне цябе не стае / Тае…” Аднак, нягледзячы на прыхільнасць да традыцыйных вершаваных формаў, дзякуючы багатай лексіцы, смеламу ўжыванню наватвораў, народных і дыялектычных слоў, ён быў аўтарам арыгінальным, лёгка пазнавальным.
А ў спалучэнні з гнуткай, зменліва-імправізаванай асаблівасцю пісьма заўсёды заставаўся актуальным і неартадаксальным. І ў той жа час… народным. Яшчэ адзін барадулінскі парадокс.
Тое, што Барадулін у 1992 годзе стаў апошнім народным паэтам Беларусі, зусім не выпадковасць, а гістарычная, бадай, лёсавызначальная заканамернасць. Ён адзін з апошніх творцаў таго пакалення, для якога беларуская мова была першаснай ад нараджэння і па выхаванні. Сам паэт звязваў тое з уплывам маці, але ж асяродак, дзе ён гадаваўся і рос, Вушаччына 30-х – пачатку 50-х гадоў была аўтэнтычнай беларускай глыбінкай, зніклай ужо праз два-тры дзесяцігоддзі. Беларускамоўная стыхія была для яго натуральным атачэннем, неад’емнай часткай асабістага вопыту, сямейнай памяці і культурна-генетычнага коду. Повязь з беларускімі народнымі і мясцовымі – вушацкімі – традыцыямі, вераваннямі і забабонамі, з аднаго боку сталі пажыццёвай, бадай, невычэрпнай крыніцай для творчасці, а з іншага, як для чалавека, адзначанага рэдкім талентам, накладалі пэўны абавязак – бараніць, захоўваць і дасканаліць тую спадчыну.
Народнасць Барадуліна можна лічыць узорнай, “класічнай”, яна не патрабуе ніякага доказу як па савецкіх, так і па антысавецкіх канонах, гэтак жа, напрыклад, як відавочны авангардызм ці элітарнасць А. Разанава. Цяжка ўявіць сабе больш народнага паэта па тэматыцы, лексіцы, арганічнай сувязі з беларушчынай і тутэйшым патрыярхальным жыццём. Вось, напрыклад, як тут:
Сляза па воку не заплача,
Пакуль вязуць мяхі на млын.
Як хваля –
Зменлівая ўдача,
І смутак –
Вечны, як палын.
На млын у мазалях дарога,
Што ў аратая даланя.
І зерне клопату людскога
На пыцель мелецца штодня.
Пэўна, гэта немагчыма паўтарыць ні ў новых гістарычных абставінах, ні ва ўмовах постіндустрыяльнага грамадства: “народнасць” у тым рамантычным, даіндустрыяльным, глыбінным разуменні засталася ў мінулым, а Барадулін быў яе апошнім ратаем і апосталам. Але знешняя простасць, даступнасць і традыцыйнасць барадулінскіх твораў часта падманлівая. Асабліва гэта характэрна для позняй творчасці.
Цвік.
Чалавек.
Прамень.
За горам, за морам, за лесам
Лёсам адным яны
Адшуканыя і ашуканыя.
Цвік
Заганяе ў сцяну малаток наўпрост
(На ўвесь анямелы цвіковы рост).
Чалавека
Ў зямлю заганяе жыццё
(Напаміну на забыццё).
Прамень
Заганяе ў заўтра стомлены дзень
(Каб не намагаўся ўбачыць свой цень).
Цвік гнецца.
Чалавек гарбаціцца.
Прамень ніцее.
І у кожнага непераможанага
Свой крыж надзеі
На целе…
Насамрэч, вершы Рыгора Барадуліна не такія простыя, як здаецца на першы погляд. Нават нешматслоўнасць іх часам ілюзорная, бо адносна невялікая колькасць слоў (у радку часцей 2-3, а то і адно), з лішкам кампенсуецца багатай, разнастайнай лексікай, ужываннем наватвораў, самабытных і рэдкіх слоў. А калі гэтыя словы маюць нестандартнае спалучэнне ды паралельна – “смачныя” фанетычныя сугуччы, алітэрацыі, то ўзнікаюць не толькі гукавыя ілюзіі-пералівы, але новыя азначэнні, нечаканыя павароты думкі ці сюжэту, так бы мовіць – сэнсавыя вібрацыі.
Спачатку старацца,
Адолеўшы зло,
Застацца самым сабою,
Каб потым
Не так страшна было
Застацца з самім сабою.
Самым сабой застаецца святло,
І шчодрае і скупое…
І атрымліваецца, што адно паэтычнае слова альбо метафара, нібы той невялікі “карэньчык”, ухапіўшыся за які цягнеш ланцужок асацыяцый ці цэлы пласт згадак, думак, успамінаў. Паколькі інтэлектуальны кантэнт і культурная глеба, на якой узнікаюць вершы Барадуліна, вельмі разнастайныя – не толькі народнае жыццё ці біблейскія сюжэты, а ўзоры заходняй і ўсходняй паэзіі, міфалогія, сюжэты гісторыі далёкай і нядаўняй, падзеі жыцця і ўласныя духоўныя пошукі, – таму нават невялікі верш можа сягаць у метафізічныя прорвы і гістарычныя далячыні, як сур’ёзныя празаічныя ці філасофскія творы. Інакш кажучы, барадулінскі верш набывае прыкметы гіпертэксту: яго яркія вобразы і нечаканыя метафары маюць спасылы (“эмацыйныя адсылкі”) да іншых падзеяў, пачуццяў, асацыяцый, і ў кожнага чытача яны могуць адрознівацца ў залежнасці ад культурнага ці жыццёвага вопыту, ад паэтычнага густу і “слыху” альбо проста ад настрою. Асабліва складанымі (не па форме, а па разуменні), часам перапоўненыя алюзіямі, роздумам, “вібрацыямі сэнсаў”, сталі вершы апошніх гадоў, і вяршыня, бадай, усё тыя ж “Ксты”. Тут без перабольшвання паэзія сягае такіх вышыняў, дзе “народнасць” неўпрыкмет пераходзіць у элітарнасць, а лірычнае і асабістае набывае кшталт архетыповых прыкмет ці адвечных чалавечых ісцінаў. Чаму так адбылося, паспрабуем разгледзець далей, а пакуль вернемся да пачатку.
Думка голая, як дзіцятка,
Што якраз нарадзіцца паспела.
А якая будзе апратка –
Гэта клопат таго,
Хто умела
Ці няўмела яе ўзгадуе,
Ісцінай свой позірк уколе.
Думка мае душу маладую.
Думка не сівее ніколі.
Кажучы пра першароднасць слова альбо думкі, трэба адзначыць, што ў маладзейшага Барадуліна здараліся вершы і без думак, дзе ёсць адны толькі словы, пералівы складоў і літар:
Счубаціў хмель
Сухмень аглух
Хмялее чмель
Чмялее луг…
Нібыта проста гульня гукаў, што цешаць слых, але не маюць сэнсу. Як інструментальная музыка альбо прыродны гарманічны шум. Яно і праўда, ад словаў людзі заўсёды (па традыцыі) чакаюць сэнсу ці прынамсі хоць нейкай інфармацыі, а тут – каламбуры, слоўная эквілібрыстыка. Аднак і такая –“бессэнсоўная” – паэзія мае права на існаванне, бо, як мінімум, яна нараджае эмоцыі, асацыяцыі, уяўныя вобразы і карціны. То бок, гукавая энергія слова ператвараецца ў візуальную, сэнсорную падзею, уключае ў работу іншыя (не толькі моўныя ці слыхавыя) зоны мозгу, абуджае зрокавыя пачуцці і ўспаміны. І такая трансфармацыя адной энергіі ў другую ёсць ужо працай, і не заўсёды дарэмнай. Словы і мова насамрэч галоўная, бадай, асноватворная сутнасць чалавека, стрыжань, на якім трымаецца культура, цывілізацыя, пераемнасць і развіццё. Як ДНК храмасом ёсць біялагічным кодам, так мова – універсальны, над-біялагічны геном, у якім можа быць зашыфравана і захавана любая падзея, думка, ідэя – зразуметыя ці перажытыя людствам. Але ж акрамя вербальнай (слоўна-інфармацыйнай) задачы ў мовы ёсць іншая – энергетычна-эмацыйная функцыя, тая, што настройвае чалавека на пэўны лад і рытм, задае настрой і жыццёвы тонус. Больш відавочна гэтую функцыю выконвае музыка, містэрыі, рытуалы ці візуальныя мастацтвы. Аднак і мова, у выглядзе паэзіі і песняў, можа быць эфектыўным сродкам эмацыйна-энергетычнай падтрымкі, сінхранізацыі фізічных і духоўных сілаў. І гэта яшчэ адна падстава дзеля існавання “бяздумнай” ці “неінфарматыўнай” паэзіі.
Як і душы,
Наўколлю вечарова.
А над усім –
З каронай кручаных рагоў
Карова,
І над страхою
Задуменны дым…
Але ж нарэшце пра думку і сэнс. Калі думка можа быць хуткай і першаснай падзеяй, то сэнс нараджаецца пасля, як вынік думання, гаварэння альбо дзеяння. Асэнсаванні прыходзяць постфактум, пазней за словы і думкі. Сэнс – гэта праекцыя нашых ведаў і меркаваных дасягненняў на пройдзены шлях, і калі яны супадаюць (шлях вядзе да мэты) – узнікае сэнс. То бок, усведамленне планаваных ці дасягнутых мэтаў і нараджае сэнс. Гэта ж тычыцца і паэзіі, з той толькі розніцай, што сэнс тут не заўсёды відавочны ці можа ўвогуле адсутнічаць, як у выпадку “бяздумных” вершаў (пра што казалася вышэй). Асобны выпадак – знаходжанне (“адкрыццё”) сэнсу праз пэўны час, бывае і пасля смерці аўтара. Класічны прыклад – творы візіянераў і правідцаў, самы распіяраны з якіх – Настрадамус. “Прарочыя” тэксты пабудаваныя так, што набор словаў ці вобразаў, не маючы відавочнай логікі альбо яснай прывязкі да вядомых падзеяў і сучасных з’яваў, праз пэўны час (гады ці стагоддзі) вычытваецца і “расшыфроўваецца” з улікам апошніх гістарычных акалічнасцяў ды “высвятляе” новыя сэнсы і значэнні. З гэтым звязаны і ўяўленні пра паэтаў-прарокаў, бо паэзія, як больш рухавая, спантанная, экспрэсіўная слова-творчасць, пакідае больш прасторы для інтэрпрэтацый, рэфлексій ці “дадумвання”, чым рацыянальныя празаічныя тэксты. Канечне, і для паэзіі пажадана, каб слова, думка і сэнс былі ў вершы адначасова, прысутнічалі ў ім ад пачатку, у аўтарскай версіі. Але ж геніяльны твор (гэтак, як і жывая рэчаіснасць) не ёсць адназначнай падзеяй, статычнай рэччу, ён утрымлівае ў сабе магчымасць рознага прачытання або інтэрпрэтацыі, ці нават жыве своеасаблівым унутраным жыццём. “Рэч у сабе” – кажуць філосафы пра гэтую метафізічную невычэрпнасць рэчаіснасці, а паколькі мастацтва – спроба адлюстравання альбо ілюзія рэальнага свету, то геніяльнасць, у ліку іншых прыкмет, захоўвае і такую таямнічую, не да канца пазнавальную сутнасць сапраўднага жыцця.
Час не спяшае ўвасобіцца ў рэчах,
Гуках і рухах істотаў,
Юных паглядах,
Змярканнях старэчых,
У пераспеласці сотаў.
Кожнае я –
Гэта час затрыманы,
Зніклівы а непаўторны.
Словы халодныя,
Быццам нарманы,
Шлях прызнаюць непратораны…
Усё гэта ў вялікай ступені ёсць і ў творчасці Рыгора Барадуліна. Асабліва відавочнай жывая, сэнсаўтваральная сіла ягоных вершаў становіцца ў позні перыяд, калі хвароба Паркінсона абмяжоўвае фізічныя магчымасці і камунікацыю, жыццёвыя страты і экзістэнцыйны вопыт дадаюць болю, мудрасці і горкіх роздумаў, а моўнае майстэрства і прага працы са словам захоўваюць сваю непераадольную моц. Творчасць у такой сітуацыі засталася адзіным спосабам сувязі са светам і рэалізацыі задумаў ды звышзадачаў, накрэсленых лёсам. І ён гэта зрабіў. Узняў свой непаўторны паэтычны свет у горныя высі, перакрочыў тую мяжу, за якой час губляе ўладу над творцам і ягонымі творамі, бо ён патрапляе ў вечныя аналы гісторыі і памяці народа.
У вечнасці след на ілбе
Ад пацалункаў бяды
З сабой нават сябе
Не забярэш туды.
Час –
Човен на быстрыні.
Намеры – салодкі дым.
Жыві ў сягонняшнім дні,
Каб заўтрашні
Стаў тваім.