васіль аўраменка (№127)

Правінцыя і свабода
Невідавочныя ўрокі Міколы Купрэева

Прыйшоў паэт – забілі ў ладкі,

У хорам славы прывялі,

А ён ад славы без аглядкі –

Упрочкі па зямлі…

В. Сахарчук “Вандроўнік”

Так атрымалася, што Беларусь большую частку сваёй гісторыі была правінцыяй, абшарам цывілізацыйных разломаў і метрапольных уплываў. Таму й не дзіва, што традыцыі правінцыяналізму моцна заселі ў тутэйшых людзях. І хоць мода на сталічныя спакусы і выгоды мегаполісаў апанавалі беларусаў ад сярэдзіны мінулага стагоддзя, мара пра ідылію даўнейшага “простага жыцця” не знікла дазвання.

І паэты тут не выключэнне, больш за тое, якраз яны часцей і вярэдзілі старыя раны ды сілкавалі мроі аб “залатых часах” патрыярхальнай мінуўшчыны. Самі, між іншым, абсеўшы сталічныя кватэры і абжываючы гарадскія ландшафты. Бадай, меншая частка сур’ёзных творцаў асела ў правінцыі і зусім ужо адзінкі засталіся ў вясковых “пастаралях”. Законы прагрэсу ды патрэба ў індустрыяльна-нацыянальнай цэнтралізацыі вымушалі і паэтаў імкнуцца ў сталічныя тусоўкі, кучкавацца ў месцах, блізкіх да ўлады і цывілізацыйных дабротаў. Ды не толькі дзеля дабрабыту матэрыяльнага, але творчага ды інтэлектуальнага развою.

Дзе, як не ў сталіцы, адбываюцца самыя важныя падзеі, нараджаюцца самыя свежыя ідэі ці збіраюцца самыя разумныя галовы. Так нас вучыла савецкая школа, так небеспадстаўна сцвярджала і расейска-імперская гісторыя. Куды ж было дзецца маладой, спачатку зачараванай, а потым запалоханай бальшавізмам эліце нованароджанай нацыі, якая ўрэшце “зацяжарыла” і ўласнай дзяржаваю. Толькі так – хінуцца адзін да аднаго, гадаваць і кшталціць у хаўрусе і канкурэнцыі свае таленты, планы, надзеі.

Што да прыгожага пісьменства, то пры адсутнасці нацыянальнай адукацыі і філасофскай школы, адзінай рэлігійна-канфесійнай плыні і ўладнай эліты беларуская паэзія мусіла стаць той “чароўнай палачкай”, якая замяніла сабой і школьную адукацыю, і акадэмічную філасофію, і рэлігійную казань, і футурыстычныя пражэкты. Паэзія як універсальная вольная словатворчасць дазваляла ў канцэнтраваным выглядзе і даступнай форме (алегорыі, метафары, алюзіі) адлюстроўваць мінулае, выказваць актуальныя прэтэнзіі і патрэбы і нават прыадчыняць браму ў будучыню. Па сутнасці яна стала “кропкай крышталізацыі”, з якой выраслі і духоўныя сэнсы, і сацыяльныя рухі, і палітычныя структуры, а таму паэты тут былі больш чым словатворцы – яны айцы-зачынальнікі гісторыі, дэміургі нацыянальнага лёсу. Кепска гэта ці добра, казаць не бяруся, але ж гэта здарылася больш як сто гадоў таму і працягвалася бадай да канца 80-х, а таму “адкруціць назад” той шлях і прынцып беларускага нацыятварэння ўжо немагчыма. Аднак вернемся да нашай правінцыі і яе песняроў.

Так, наша сацыялістычная сталіца па савецкай завядзёнцы “падграбала” пад сябе ўсіх класікаў і значных творцаў (за выняткам, вядома, эмігрантаў), аднак нямала вершатворцаў жыло і ў глыбінцы. Цікава было б мець статыстыку паэтаў (і графаманаў!) на тысячу насельнікаў Беларусі ў савецкія часы і ў апошнія гады. Мяркую, што, як і апантаных кнігалюбаў, аматараў складання рыфмаваных радкоў стала менш, бо спатоліць уласнае графаманства цяпер куды прасцей – праз чаты, каментары, інтэрнэт-сеткі ды іншыя электронныя сродкі.

Разам з тым беларуская паэтычная правінцыя яшчэ існуе: хай адышоў у іншы свет паэт-пастух Люцыян Шчасны, але жывы паэт-пчаляр Мікалай Папека, застаецца цэлая плеяда старых журналістаў-паэтаў (Аляксей Белы, Алесь Чобат ды інш.), па традыцыі нямала аматараў рыфмаванага слова сярод настаўнікаў ды выкладчыкаў ВНУ, радзей – іншых прафесійных заняткаў. І усё ж патрыярхам правінцыйнай паэзіі, выбітным паэтам і радыкальным не-класікам (хто не патрапіць у падручнікі) можна лічыць Міколу Купрэева.

Кажучы пра “маргінальную” паэзію ці “перыферыйных” паэтаў, нельга абмінуць пытанне графаманства. Гэтак жа як не заўсёды лёгка правесці мяжу між нормай і паталогіяй, не заўжды атрымаецца аддзяліць пісьменства ад графаманіі. Бо тая ж паэзія – намеранае звязванне словаў па рытму ці рыфме і жаданне знаходзіць у гэтым сэнс ці мэту – ужо адхіленне ад нормы, ад простай мовы звычайнага чалавека, не зацыкленага на формах выказвання думкі. Таму ўсіх паэтаў можна залічыць у графаманы, гукалюбы ці сэнсаловы. Хіба што паэтамі з іх прызнаюць далёка не ўсіх (усе паэты графаманы, не ўсе графаманы – паэты), а ў хрэстаматыі патрапяць толькі тыя, хто стаў першапраходцам, стварыўшы нешта арыгінальнае ці закрануўшы вельмі балючую для многіх тэму, стаў сугучны свайму пакаленню або цэлай эпосе. Як ні дзіўна, графаманства не вызначаецца месцам пражывання, бо назіраецца не толькі ў правінцыйных рыфмароў-аматараў, але і сярод прафесійных творцаў сталіцы. Прыкметамі графаманіі я б назваў: эпігонства, самалюбства, прагматызм і… занудства. Дык вось, калі вяртацца да Купрэева, то ніводная з гэтых характарыстык да яго не прыкладзецца, больш за тое, і па жыцці, і па характары ён быў антыподам усяму вышэй пералічанаму.

Сама храналогія творчасці Купрэева гаворыць пра многае: даволі гучны дэбют –
зборнік “Непазбежнасць” у 1967 годзе, потым 28 год маўчання – і другі, апошні паэтычны “стрэл”, кніга “Правінцыйныя фантазіі”, вылучаная на дзяржаўную прэмію. Зусім неграфаманская гісторыя, дый для паэта таксама падзея нетыповая. Вось у гэтай нетыповасці, адасобленасці нашага героя ад стаптаных літаратурных сцяжын уся ягоная сутнасць. Як для беларускага паэта савецкага часу ён быў занадта вольны і самастойны, дый не толькі ў творчым ці будзённа-побытавым плане, але і ў глыбейшым, у светапоглядным сэнсе.

І вось я ў вёсачцы палескай Востраў…

О, як добра, людзі, тут у вас,

Мілыя мае вы астраўляне!..

Хай праплываюць гарады гарачыя ля вас,

як караблі ля вострава ў акіяне.

Хай.

І хай я той бадзяга, што з борта нырнуў

у гэты акіян зялёны,

каб у вашыя сэрцы ціхія зірнуць,

паслухаць шэпт бярозак вашых, клёнаў…

Ён не быў ідэалістам-дысідэнтам ці палітычным змагаром, але жыў незалежна ад агульнапрынятых нормаў, прыватным жыццём дзівака і аскета. Меў, канечне, і сваю “хвігу ў кішэні” для ўлады і афіцыёзу, але ж хто з беларусаў не насіў у самай глыбокай кішэні такую ж “дулю”, каб зрэдчас, часцей нападпітку, паказаць яе сваім блізкім. Філолаг па адукацыі, акрамя настаўніцтва ён зведаў нямала іншых прафесій, часта мяняў месцы жыхарства і працы, апантана любіў вандраваць. Вандроўкі ж тыя былі пераважна пешыя і сягалі мясцін, дзе ён жыў і працаваў. А жыў ён у розных месцах Палесся, пераважна Заходняга, і абышоў ледзь не ўсе раёны Берасцейскай і Гомельскай вобласцяў. Што штурхала яго да вандраванняў, адкуль такая няўседлівасць? Чаму, нягледзячы на пільную ўвагу і пашану да жанчын, ён так і не стварыў сям’ю, не пусціў недзе “свае карані”.

Біёграфы спасылаюцца на цяжкую псіхатраўму ў дзяцінстве: шасцігадовы хлапчук пабачыў смерць маці ад рук акупантаў, у якой ускосна быў “вінаваты” бацька. Потым былі складаныя адносіны з бацькам, пераезд з роднай Рагачоўшчыны на Палессе, непаразуменні з новай сям’ёй. Пэўна, страта ў раннім дзяцінстве маці і роднага котлішча стала глыбокай ранай, што сфармавала меланхалічны душэўны склад, зрабіла звышчуйным да болю і пакут, наклала адбітак на адносіны з роднымі і блізкімі. Магчыма, тады ж вобраз малой радзімы “рассыпаўся”, “расцерушыўся” ў паэтавым ўяўленні ад дняпроўскіх кручаў да Белавежскай пушчы, а пастаянныя вандроўкі і частыя змены месца жыхарства сталі сімвалічным “пошукам” і “вяртаннем” да страчанага калісь роднага кута.

І, бадай, галоўнае: пешыя вандраванні! Яны былі ўсё ж не сімвалічным, а рэальным ўвасабленнем індывідуальнай свабоды. Хто можа быць больш вольны ад побытавых, сацыяльных і тэхнагенных путаў, чым валацуга, што ідзе “куды глядзяць вочы” альбо “вядуць ногі”. Хіба толькі вольны птах, што лунае ў аблоках і якому падуладны не толькі зямныя, але і нябесныя абсягі. Між іншым “зайздрасць” да птушынага лёсу, прага і адчуванне палёту – адна з цэнтральных тэм у творчасці Купрэева, а журавель, рэдкая, амаль казачная птушка нашых краёў – любімы вобраз і лейтматыў многіх вершаў і прозы.

Пошук паэтам адхлання ў прыродзе, назіранне за праявамі простага жыцця яшчэ ў дзяцінстве зрабілася любімым заняткам, што вяртаў гармонію душы і супакаенне. У лесе і лузе, у зносінах з мурашамі, чмялямі і вавёркамі, сярод бяроз, дубоў і соснаў ён адчуваў сябе вольна і шчасліва, чаго далёка не заўсёды мог дасягнуць сярод людскога тлуму. Але людское жыццё і тлум ёсць тым галоўным, дзеля чаго мы існуем, у што спрабуем укласці свой плён, лёк ці паэтычны парадак.

Калі разумець не хочаце

свежасць, зялёную цішыню –

не чапайце мой лес.

Калі разумець не хочаце,

як ранне сіняе б’е ў акно –

не чапайце мой бэз.

І калі з далоні спакойна

зерне дзяўбуць галубы –

галубоў вы маіх не чапайце!

І калі я па дарозе іду

і шчасця ўсім вам хачу –

вы, калі ласка, мяне не чапайце!

Цяжка назваць вершы М. Купрэева ўпарадкаванымі, класічнымі. Ужо ў першым зборніку, калі яшчэ не было той моды, ён больш схіляецца да вольнага радка, не пераймаючыся рыфмай, а то і рытмам. Гэта цяпер верлібр стаў звычайнай справай, а тады, у 60-я, сілаба-тоніка была паноўнай, бадай, безумоўнай нормай паэтызавання, а моўныя вольнасці дазваляліся хіба што класікам і мэтрам. Таму галоўныя нараканні крытыкі на першую кнігу былі за свабодны, неўнармаваны верш, якому малады паэт аддаваў перавагу. Шурпатасць, “непрычасанасць” радка, кажучы сённяшнімі словамі – “антыгламурнасць” аўтарскага стылю чапляла вуха і вока эстэтаў і знаўцаў класікі, выбівалася з шэрагу традыцыйных, “правільных” вершаў. Нестандартнасць, выпадковасць і маргінальнасць вобразаў, метафар і сюжэтаў пануе ў ягоных творах.

Ён піша нібыта на вядомыя тэмы, але не пра трывіяльныя рэчы. Галоўныя дзейныя “асобы” ў яго – то чэрап Каліноўскага, то партызанскія боты, то нага Ікара ці Богавы лапці. Здаецца, часам аўтар імкнецца непасрэдна і шчыра выплюхнуць уласны настрой, яркае адчуванне ці нечаканую згадку, якая не паспявае сфармавацца ў лагічную, закончаную думку і застывае ў выглядзе спантанных слоўных усплёскаў. Ніякага наследавання ўзорам ці паэтычным лекалам, рытм і даўжыня радка нечакана мяняюцца, рыфма зусім знікае, і нават думка можа “нырнуць” і схавацца ў хвалях тэксту, каб знікнуць альбо з’явіцца ў канцы нязручным пытаннем ці сваёй антытэзай. Гэта нагадвае хаос, які, праўда, прайшоў праз лабірынты паэтавай душы і мае ўжо прыхаваны сэнс і парадак, але яго трэба яшчэ ўбачыць і ўразумець.

Як мне жывецца ў маім Хаосе? –

Мой утульна-няўтульны Хаос

лесам калючым і мяккім разросся

і горка-салодкую чару паднёс;

п’ю з тае чары – смяюся і плачу;

ля вокнаў балююць зайцы і ваўкі;

спыніўся Дняпро ля скалечанай Начы;

сноп развязаўся – рассыпаў вякі…

цягнуць мяне з маім чорным лёсам

д’ябал – у пекла, анёлак – у рай.

Між Ладам тваім і маім Хаосам

от і жыві тут – хоць памірай.

Нягледзячы на шматлікія прафесійныя і побытавыя мітрэнгі, галоўным жыццёвым заняткам і сродкам матэрыяльнага існавання Купрэева было настаўніцтва. Настаўнічаў ён у розных школах Палесся, пераважна вясковых і з яго вучняў нават выйшла некалькі паэтаў. Але гаворка тут не пра педагагічны талент спадара Міколы, а пра ўрокі невідавочныя – бадай, экзістэнцыйныя.

З яго не атрымалася ўзорнага сямейніка ці паслухмянага сына, не быў ён прыхільнікам здаровага ладу жыцця, адэптам савецкай улады ці артадаксальным вернікам. Ён быў тым “крывым дрэвам” сярод роўных аднастайных лясных насель­нікаў, ля якога заўсёды хочацца прыпыніцца, угледзецца ў яго вычварныя лініі, падзівіцца магутнай сіле, што скруціла ствол і галіны, зразумець, як атрымалася яму выжыць праз усе звіхі ды зломы неміласэрнага лёсу. Ды яшчэ застацца паэтам, не графаманам ці кан’юнктурным “ветразем”, а капітанам і стырнавым свайго хісткага жыццёвага чоўна.

У кожнага свой кон, аднак, здаецца, некаторыя паэты маглі б пазайздросціць Купрэеву, які не пайшоў па лініі сталічнай пісарска-рэдактарскай або журналісцкай кар’еры (хоць меў спробы працы ў “раёнках”), а застаўся на “вольных хлябах”, наколькі вольным мог быць вясковы настаўнік, бібліятэкар ці качагар. Але ў творчасці ён сапраўды застаўся вольным і самабытным, залежным хіба толькі ад пары году, свайго настрою і… шкодных звычак. Адылі ж упартасць, з якой паэт прайшоў гэтым “крывым”, ірацыянальным шляхам, выклікае павагу, асабліва ў тых, хто сам калісь быў на той сцяжыне ды збочыў з яе, уліўшыся ў рэчышча “легальных” і “афіцыйных” мастакоў слова.

Сваім прыкладам Купрэеў даводзіць, што сапраўднаму творцу неабавязкова мець студыю на Манхэтэне, кватэру на Манмартры ці хаця б мінскую прапіску.
І ў палескай глыбінцы можна адчуваць натхненне і знаходзіць сілы для паэтычнага палёту, а каб далучыцца да кагорты пакліканых ці нават абраных, неабавязкова ехаць у Святую Зямлю, узбірацца на Фудзіяму або цягнуцца ў Тыбет. Сваю “шамбалу”, “нябесны Ерушаляйм” альбо “рай” можна знайсці і тут, дзе з’явіўся на свет і дзе цягнуцца твае будні і святы. То бок, уваход і выхад у “іншасвет”, брама ў “нябачнае і невядомае” вандруе разам з табой, яна заўсёды пры- ці ў- табе. Увайсці ў яе можна і ў зялёнай дуброве, і на празрыстым лёдзе зімовай рэчкі, і на цёплай печы вясковай хаты. Новы, нечаканы сэнс гэты ўрок краёвага, а хутчэй інтымнага патрыятызму набывае ў эпоху інтэрнэту, віртуальных вандровак і перамогі “сусветнай вёскі”.

Другі ўрок Міколы Купрэева палягае ў тым, што чалавек мае права не толькі на жыццё, але і на індывідуальнасць, на свой асабісты жыццёвы шлях, якім бы “маргінальным” ён ні здаваўся. Абсалютна актуальна гэта для творцы, прынцып дзейнасці якога – пакідаць межы звыклага і вядомага, адкрываць новыя далягляды і абсягі быцця. А тое немагчыма без вольнага выбару, спробы самому зрабіць ці не зрабіць памылку.

Нават заганныя звычкі – асабісты выбар кожнага. Купрэеў любіў узяць чарку ў добрай кампаніі, дый на самоце таксама не цураўся віна. Быў зацятым курцом, нават хварэючы ў апошнія гады на сухоты, не кінуў паліць. Такі вось парадокс: вольны ў жыццёвым віры і творчасці, ён аказаўся татальным нявольнікам сваіх звычак (у тым ліку і звычкі пісаць). Вядома, алкаголь ды курава падкарацілі ягоныя гады, але хто ведае, ці было б лепш без іх, ці не здарылася б што горшае значна раней? Можа, зло дадзена чалавеку не толькі дзеля таго, каб падоўжыць дарогу да перамогі дабра ці падкрэсліць ейнае вяршынства, але каб увідавочыць натуральнасць і непазбежнасць тае перамогі, пераканаць усіх, што вольны выбар і свабода не самы просты і хуткі, але самы надзейны, незваротны шлях у прыш­ласць. Сёння, калі вакол зноў пануе ксенафобія, гвалт, барацьба з “няправільнымі” думкамі, з “адшчапенцамі”, “ухіленцамі” ды іншымі “здраднікамі радзімы”, гэты ўрок Міколы Купрэева становіцца асабліва важны.

Калі чытаеш Купрэева, пераадольваючы напластаванні няроўных радкоў, спатыкаючыся на арытмічных сінкопах і нечаканых паўзах, дзіву даешся, як пры такой шурпатай, “каструбаватай” мове (ніякага табе “люляння лілеяў”) яму ўдаецца захаваць рамантычны дух, узнёсласць і палётнасць думкі. “Элегіі” – любімая паэтычная форма і найлепшае азначэнне ягонай творчасці. Менавіта так, толькі з дадаткам “палескія”, названы і цыкл ягоных аўтабіяграфічных аповесцяў, якія шмат чаго дадаюць да будзённага партрэту і лёсу аўтара.

А відаць, так і трэба, проза – больш пра будзённае і наша-сацыяльнае, а вершы – пра інтымнае і вечнае. Нездарма і вершы, і аповесці Купрэева прасякнуты тым элегічным настроем, духам вольнага палёту і лунання над прасторамі радзімы, жаданнем пакінуць усе зямныя недасканаласці там, унізе і… немагчымасцю абарваць тую тонкую сувязь з перажытым і дарагім. Элегія Купрэева і ёсць спосабам прымірэння са светам, прызнаннем і прыманнем жыцця такім, якім яно склалася – з яго несціханым болем, маленькімі радасцямі і шчасцем палёту, хай нават толькі ў думках, вершах ці ў сне. Прымірэнне і прыманне іншасці, пры захаванні самасці і свабоды ўласнай душы – гэта тое, праз што прайшоў паэт і праз што яшчэ давядзецца прайсці нам, беларусам.

Пакіну ўсё і пайду ў той край,

дзе няма ні сяброў, ні ворагаў,

дзе бацька не будзе вучыць мяне жыць

і дзе жонка не будзе чакаць і тужыць,

крыўдаваць і злаваць не будзе,

дзе нікому ніколі не змагу я зманіць –

гэта нікому не будзе трэба…

…Пакіну ўсё і пайду у той край,

цячэ дзе павольна шырокая Лета,

і, падтрыманы нябачнай рукой,

паплыву на спіне,

паплыву, паплыву

па блакітнаму ціхаму свету

І нічога, нічога не буду знаць,

што дзесьці ўгары нада мною Венера

і што пада мною Атлантыда – не буду знаць

і буду плысці і плысці я ў Спакойную Эру…

…Усё застанецца, і я не пайду ў той край.

У той край ніхто не хадзіў ніколі.

Апошні, нібыта самы просты ўрок Міколы Купрэева, які ён праводзіў і са сваімі вучнямі – гэта любоў да хады. Сёння яна стала часткай здаровага ладу жыцця, спробай барацьбы з гіпадынаміяй. Але ва ўмовах мегаполіса часцей набывае выгляд механічнага перасоўвання ног па бегавой дарожцы ў хаце або ў лепшым выпадку прагулянкі ў гарадскім асяродку ля шумных загазаваных вуліц.

Купрэеў адолеў у жыцці тысячы кіламетраў і меў ад таго не толькі фізіялагічную, а і эстэтычную, бадай, духоўную карысць. Бо акрамя радасці свабоднага руху чалавек, які крочыць па лесе, у полі ці лузе, яшчэ і слухае, нюхае, бачыць, чуе, мацае, а сарваўшы ягаду ці травіну – смакуе на язык, што яму трапляецца. То бок, купрэеўская пешая вандроўка – гэта сеанс татальнага эмацыянальнага ўздзеяння, які гоіць, лекуе, надае сілы, абуджае жаданні ды мары.

Сучасны чалавек спрабуе кампенсаваць гэты дэфіцыт штучна або “тэхналагічна” – праз хімічныя рэчывы, рытмічныя гукі, музыку, электронныя прыстасаванні, эзатэрычныя медытацыйныя практыкі. А мо карысней, не заглыбляючыся ў багну нанатэхналогій, псіхатэрапеўтычных лабірынтаў і фармакалагічнага “раю”, звярнуцца да простай народна-“хадавой” традыцыі лекавання душы і цела, якую так ўслаўляў паэт.

Я разумею, што гэта недасягальная раскоша для многіх жыхароў сённяшніх мегаполісаў – ехаць за дзясяткі ці сотні кіламетраў на спатканне з прыродай і сабою. У вечным цэйтноце, спешцы, у бегу па коле штодзённых турботаў або сядзенні перад кампутарам, мы ўсё роўна спазняемся, не паспяваем ні за жыццём, ні за прагрэсам, ні за здароўем. Такі, на жаль, лёс насельнікаў сённяшніх гарадоў, і не толькі сталічных. І усё ж адзінкі, самыя прасунутыя ці кемлівыя ўжо зрабілі свой выбар і… перабраліся ў глыбінку. Іх няшмат, гэта дзівакі і арыгіналы, што ідуць супраць агульнай плыні, аднак менавіта яны – “вольныя маргіналы” – на­дзея і рухавік вяртання да жыцця нашай правінцыі. Нараджэнне новай Беларусі немагчыма без адраджэння правінцыі, без аднаўлення тых прыродных ландшафтаў і духоўных асноў, з якіх пачыналася, якімі жыла і жывілася наша краіна.

І тут Мікола Купрэеў не толькі пясняр, але “заслужаны вольны хадок Беларусі”, прадвеснік і правадыр мірнага рушэння ў нашу непазбежную прышласць.


Апублікавана

у