Ігар Бабкоў (№84)

Эва Дамініка: лінія фронту
Аповесць
(Фрагмент)

Ігар Бабкоў Дзеяслоў №84

1.
Ліст аніяк не хацеў канчацца. Ён пераваліў за шасцідзясятую старонку, а канца ўсё яшчэ не было бачна. Звычайна яна пісала сябрам кароткія паэтычныя пасланні, дадаючы потым на палёх каментары. Яна называла іх эцюдамі і пазначала опус, як у музыцы, хаця і не заўсёды адсылала сваім адрасатам.
Ёй важна было адчуваць рытм і гармонію, нават у словах. Часам яна абрывала ліст на сярэдзіне, ставіла шматкроп’е і пакідала няскончаным, проста таму, што катарсіс ужо здарыўся, прамінуў, і далей ішло запаўненне паперы неабавязковымі словамі.
Але тут адбывалася штосьці іншае. Яна не магла па­ставіць кропку ўжо некалькі тыдняў. Пісала, закрэслівала. Дапрацоўвала. Некаторыя аркушы перапісвала начыста.
Вярталася да ўжо напісанага, расстаўляла знакі на палях: crescendo, subito pp., sotto voce.
Пісанне пераўтварылася ў штодзённы занятак, які незаўважна пасунуў яе ранейшы расклад, стаў часткай новага жыцця.
Што было больш дзіўна, яна звыклася з гэтым заняткам, ёй падабалася, што дзень пачынаўся і заканчваўся пэўным рытуалам, аднолькава.
Зранку, пасля кавы, настройка інструмента, уваходжанне ў танальнасць, пошук ключавых фразаў, што паўставалі ў свядомасці раптоўна і адасоблена, але потым выцягвалі на паверхню тэмы і перыяды, акіяны і архіпелагі.
І вяртанне ў зададзеную форму ўвечары. Насычаная, перапоўненая зместам, яна звязвала ўсё з усім, аркестравала, вызначала тэмп, пераходы, крэсліла і перарабляла.
У пэўны момант яна набыла прыгожую зялёную тэчку і пачала склад­ваць туды нумараваныя аркушы. Самы час пачынаць думаць пра структуру цэлага…
Ліст відавочна быў чымсьці большым, чым сумай розных фрагментаў: магчыма, саната, можа быць, канцэрт, – для самотнага сэрца з аркестрам, дапісала яна на палёх.
Дапісала, і адразу перакрэсліла. Гэта мусіла заставацца ў падтэксце, нябачным для чужога вока.
Яна села і пачала пераглядаць аркушы, ад самага пачатку.

***
Мілы дэрвішу!
Як точыцца тваё жыццё? Ці добра сябе пачувае нашая крывіцкая мека?
Усё яшчэ блукаеш па віленскіх лабірынтах? Спадзяюся, што так, бо пішу на твой літоўскі адрас. Ад цябе няма вестак ужо некалькі месяцаў, і я пачынаю хвалявацца.
Пакуль несур’ёзна, разумеючы, як гэта неабходна ў пэўныя моманты, знікаць і заглыбляцца, рваць канцы, тануць у іншай рэальнасці. Забываць імёны і дакладныя адрасы, застаючыся сам-насам з быццём, без аніякага алібі.
Дарэчы, што ты там шукаеш, на старых, зарослых лесам пагорках? Крыве-крывейтэ? Яшчэ адну інкарнацыю няшчаснай Барбары Р.? Цукро­вага пеўніка, пра якога так натхнёна праспявала ў нашым дзяцінстве Марыля Радовіч?
Усё яшчэ збіраешся прайсці свет наскрозь?
Ісці праз свет формаў, разумеючы, што нідзе немагчыма затрымацца.
Я дасюль памятаю, як ты прамовіў гэтыя словы, у ленінскім пакоі гістфакаўскага інтэрната, на Свярдлова, 34. Важна, але і зусім бездапаможна, амаль па-дзіцячы.
Я тады адразу табе паверыла. Так, як вераць дзецям і прыродзе – пяшчотна і безумоўна.

***
І што – аніякай спакусы? Ну, затрымацца. Хаця б на хвілінку. Нарэшце спыніцца і крыху аддыхацца. На кафедры, сярод аспірантаў і вучаніцаў. Сярод чытачоў і прыхільнікаў. Там, дзе не трэба нічога нікому даводзіць, пераконваць. Абараняцца альбо ісці ў наступ…
Ёсць у гэтым пэўная асалода – аглядаць з высокай вежы плён пражытых гадоў.
Калі так многа ўжо адбылося, і ты нарэшце свабодны. Яснай і крыху маркотнай свабодай поўніцы чалавечага жыцця, якое амаль прамінула і цяпер само – сэнс і прытулак.
Зрэшты, і гэта не назаўсёды. Потым непазбежна прыходзяць іншыя часы, другія гісторыі. Калі ўцякаюць у нікуды, рвуць сувязі, ніткі. Падводзяць тлустую рысу пад усім, што было. Пачынаюць з чыстай старонкі.
У такія моманты блакітныя вочкі ды светлыя кудзеркі могуць здавацца верхам метафізічнай мудрасці. Аазісам у пустэльні. Глытком вады ў спёку.

***
Выбачай, даражэнькі. Пішу абы-што.
Нешта я зусім асамотнела, няма з кім пагаварыць у гэтых сквотах і ашрамах, Гайдэльбергах і Шварцвальдах, паўсюль пуста, а фраў Марта разыграла ўсе ролі, акрамя самай галоўнай, пра саму сябе, – й цяпер заціхла ў пустаце далёкіх пакояў, дзе яна хаваецца па вечарох ад прывідаў сваёй маладосці.
Яна пачала гаворку пра тэстамент, і мне гэта не падабаецца. Яна хоча перадаць мне свой дамочак, але на такіх дзіўных умовах, што адразу не раскажаш. Да таго ж я не ўпэўненая, што гэта гісторыя пра рэальнасць, а не ўрывак недапісанай п’есы невядомага аўтара. Забытай рэжысёрам на ўскрайку свядомасці старой, паўзвар’яцелай акторкі.
Так, я ўсё яшчэ знаходжуся ў фраў Марты, на беразе возера, на адной з раскошных вілаў, як напісалі б у савецкай газеце нашага дзяцінства. У мяне свой пакой, дастаткова вялікі, і я тут проста жыву, якімі б незвычайнымі рытуаламі гэта не было абстаўлена.

***
Як любяць пісаць у такіх выпадках нашыя ўлюбёныя аўтары – vita Cartesii est simplicissima. Я прачынаюся рана, адразу пасля сёмай. Гатую сняданак, для ўсіх. Бяру каву і падымаюся ў пакой, дзе працую да адзінаццатай.
Потым блукаю па беразе, сярод вельмі-вельмі старых дрэваў.
Вяртаюся, прымаю душ, спрабую абудзіцца яшчэ раз, у крыху іншую рэальнасць.
Сняданкі мяне не абцяжарваюць: назваць гатаваннем гэта можна толькі з вялікай доляй умоўнасці.
Абедамі, прыборкай, закупамі займаецца мілая мурыначка з Сенегала. Яе завуць Эсме, і яна жыве асобна, у невялічкай прыбудове, якая служыць ёй майстэрняй. Яна мастачка, і ў яе карцінах шмат дзяцей і аблокаў.
Што яна робіць тут, у Берліне, я разумею не да канца.

***
Раз на тыдзень я гарантавана выбіраюся са сваёй сядзібы: спяваю, а часам і танчу ў маленькім тэатрыку, які з усіх сілаў спрабуе быць наперадзе эпохі і ставіць тое, што тут называецца авангардам.
З класічнай кансерваторскай школай, я для іх відавочна overeducated, хаця і не overqualified. Бо тут лічыцца, што ўменне забыць у патрэбны момант пра ўсе магчымыя бэльканта надзвычай важна для авангарда, робіць яго бліжэй да народа.
Я, зрэшты, забяспечваю сувязь з традыцыяй. Гэта значыць, што раз-пораз, пасярод скрыгату і тупату свету, уваходзіць маё падпсаванае часам меца-сапрана і нагадвае пра забытую старую эпоху.
Мяне туды прыстроіла фраў Марта, якая ведае ў тутэйшым тэатраль­ным бамондзе амаль усіх. На поўную занятасць гэта не цягне, але мяне цалкам задавальняе.

***
Фраў Марта – былая акторка. Зрэшты, акторак былых не бывае, як не бывае былых паэтаў альбо былых алкаголікаў.
Пасля дэмабілізацыі, як яна гаворыць, яна адкрыла персанальны тэатр. І гуляе ў ім пяшчотна і апантана, выкладаючыся напоўніцу.
Яна ходзіць па доме і размаўляе сама з сабой. Маналогамі ці кароткімі рэплікамі. Са спектакляў.
Часам гэта класіка, і тады яна можа гадзіну рыдаць з нагоды смерці любага прынца. Іншым разам штосьці менш зразумелае: Стрындберг альбо Гаўптман, альбо нават нешта, што я не ў стане пакуль апазнаць.
У яе ёсць сапраўдная грымёрка, і яна дазваляе ёй карыстацца.
Ёсць таксама гардэробная, з касцюмамі і атрыбутамі эпохаў. Я часам пабойваюся, што там не толькі муляжы. Што шаблі і кортыкі, якія так прыгожа вісяць на сцяне, загостраныя. А пісталет, які яна раз-пораз выцягвае ў некаторых мізансцэнах, сапраўды страляе. І могуць надысці часы, калі ён спатрэбіцца.
Яшчэ крыху пра атрыбуты. У сутарэннях размешчаны невялікі цір і раз-пораз яна спускаецца туды падтрымаць форму. Аднойчы яна прапанавала мне далучыцца. Паспрабаваць. І я спусцілася разам з ёй.
Цір шыкоўны. Зроблены прафесійна, з гукаізаляцыяй і глядзельнымі прыстасаваннямі. І гэта яшчэ не тое, што здзіўляе найбольш. Здзіўляе насамрэч сама фраў Марта. Яна кладзе ўсе кулі ў дзясятку, практычна не гледзячы. У яе гады!
Калі гэта не тэатральны фокус, не працяг спектакля, акторства – не адзінае яе прафесія. І штосьці мне падказвае, што галоўныя гісторыі – пра сябе і пра эпоху – яна мне яшчэ не расказала.
Пакуль жа мая задача досыць простая. Зрабіць так, каб у кожным са спектакляў у яе былі гледачы і суразмоўцы. І каб не было спакусы там застацца.

***
Дарэчы, я не працую ў фраў Марты: няма аніякага кантракту ці нават вуснай дамовы. Лічыцца, што я дапамагаю ў гаспадарцы, і гэта дазваляе ёй з чыстым сумленнем выдаткоўваць штотыдзень пэўную суму. У дадатак да тэатральных.
Калі гэтага не хапае, ці хочацца набыць штосьці важнае, – дарагі і прыгожы збор твораў альбо эксклюзіўныя запісы, я званю старым прыяцелям і тыя арганізуюць выступ у клубе альбо арт-кавярні з аўтарскай праграмай. Якая разраслася неверагодна, і працягвае расці і пашырацца. Я даўно ўжо не спрабую трымаць у памяці тое, што спяваю, і патрабую пюпітраў, з тэкстамі і нотамі.
Звычайна гэта класіка, з невялікім дадаткам уласных рэчаў. Хаця апошнім часам цягне на хуліганства.
Месяц таму я паклала на музыку Дуінскія элегіі і праспявала іх у паўпустой зале на ўскраіне Берліна. Можаш сабе ўявіць. Пра гэта нават пісалі мясцовыя газеты.

***
Раз-пораз фраў Марта прапаноўвае пайсці на канцэрт альбо ў кіно. Я прымаю запрашэнні з радасцю, бо сама хадзіць практычна перастала. Класічны рэпертуар я перагледзела ў мінулым жыцці, а з сучаснасцю ў мяне праблемы. І гэта толькі частка праўды.
Другая частка – штосьці замінае мне карыстацца тут выгодамі культуры.
Я тут зусім не дзеля гэтага.
Адчуваю гэта ўсёй скурай, тактыльна.
Пры тым, што мая нямецкая ўжо зусім добрая. Яшчэ крыху, і я буду на ёй думаць.

***
Бываюць вечары, калі яна абяцае расказаць пра сваю маладосць.
Гэта здараецца рэдка. Звычайна пасля сумеснага паходу на старое кіно. Тады яна просіць мяне паспяваць даўняе – з той эпохі, танчыць, гарэзіць, губляе пры гэтым дваццаць ці нават пяцьдзясят год, а пасля мы ціха п’янствуем усю ноч, абмяркоўваючы кнігі і спектаклі, а таксама жыццё як такое.
У яе сутарэннях – радовішчы вінных пляшак. Я думаю, што магла б працаваць самелье, у якой-небудзь не самай лепшай менскай рэстарацыі. Здаецца, я ўжо адрозніваю гатункі і рэгіёны. Крыху болей практыкі, і буду апазнаваць гады ўраджаю.

***
Яшчэ я хаджу ў паркі. Пераважна ў Ціргартэн, але не толькі. Тут дзясяткі і сотні прыгожых маленькіх паркаў і сквераў, і кожны мае свае сакрэты.
Берлін у гэтым сэнсе проста знаходка – столькі зеляніны на вуліцах я не бачыла нідзе ў свеце. Ніводны горад не дазваляе дрэвам так вольна буяць і разрастацца, аплятаць вуліцы і дамкі.
Мне гэта чамусьці важна.
Можа, таму, што ў парках я самотная і шчаслівая, нягледзячы на ўсё. А магчыма, проста генетычная памяць. Мае далёкія продкі жылі ў сядзібе. Гэтага даўно няма і больш ніколі не будзе.
Але, калі я блукаю па сцежках, мне здаецца, часам на адзін толькі момант, што я вяртаюся дадому, што за гэтым паваротам будзе садовая альтанка, далей цэнтральная алея.
І вось я ўжо падыходжу да ганка, падымаюся па прыступках, стукаю ў дзверы, чакаю.

***
Ведаеш, у дзяцінстве я магла гадзінамі слухаць пра жыццё дрэваў і камянёў. Пра тое, як спакойна і засяроджана яны прысутныя ў гэтым свеце.
Я нават паабяцала бацькам, што, калі-небудзь, калі ўжо ад усяго стамлюся, куплю сабе домік у вёсцы. І пражыву рэшту жыцця ціха і незаўважна, як садовая кветка.
Цяпер я разумею, што жыццё садовай кветкі не такое ціхае і незаўважнае, як здавалася калісьці.
Што ўвесь час наступае пустазелле. Што пасля цёплага і спакойнага дня прыходзіць трывожны надвячорак. А потым і халодная ноч.
Да таго ж, калі ёсць Сад з кветкамі, недзе мусіць быць Садоўнік.
Але нешта я адхілілася.

***
Самае істотнае: я тут складаю музыку. Многа працую, пішу. І яшчэ больш думаю.
Ёсць нават старонка ў мярэжы, куды ўсё гэта размяшчаецца, у чаканні слухачоў і крытыкаў.
Раз-пораз тое, што я накрэмзала ў цішыні, выконваюць на якім-не­будзь забытым богам і прадусарамі фестывалі нефармату. І тады сябры і калегі пераконваюць мяне, што я ўжо абедзвюма нагамі ў першай лізе. Авангарда, вядома.
Яшчэ некалькі высілкаў, гавораць яны, і я патраплю ў вышэйшую. А можа быць, я ўжо там. Ніхто ніколі дакладана не ведае. Каб зразумець напэўна, варта выйсці за браму свайго творчага эга. Прыслухацца да таго, што адбываецца вакол. Зразумець, што эпоха хацела б пачуць.
Альбо нават скласці што-небудзь для яе, на яе густы.
У адказ я звычайна пытаюся, хто яна, эпоха, бландынка ці брунэтка? Ці бачыў хто-небудзь яе сапраўдны твар? І, дарэчы, што ў яе за густы?

***
Часам, калі адбываецца які-небудзь экзатычны фэст альбо проста мілае і бяспечнае змаганне за чыесьці правы, прыгадваюць, што я адтуль, з Усходу, і просяць праспяваць штосьці сваё, дзёрзкае і этнаграфічнае.
Раней я крыўдзілася і спрабавала патлумачыць. Расказаць пра пакаленні музыкаў, традыцыю. Потым змірылася і сапраўды пачала спяваць сваё. Пераважна дзёрзкае. Але раз-пораз і этнаграфічнае.
Хаця ўсё менш і менш рэчаў я адчуваю сваімі. Гэта дзіўна і крыху нелагічна. Здавалася, з кожным годам іх мусіць быць ўсё больш. Але тое, праз што я цяпер праходжу, не затрымоўваецца, праплывае праз мяне, як выпадковы сон.

***
Крыху прэтэнцыёзна, падумала яна, і закрэсліла апошні абзац.
Закрэсліла няўпэўнена, тонкай лініяй, якая хутчэй адцяняла сумнеў, чым выдаляла думку. Але надзіва стала лягчэй, і яна напісала гэты сказ збоку, як каментар: крыху прэтэнцыёзна.
І яшчэ далей, унізе, падрадковай заўвагай: выпадковых сноў не бывае.

***
Я нарэшце ўступіла ў пэўную паласу свайго жыцця, калі тое, што я адна, ужо не ўспрымаецца як абяцанне чагосьці цікавага ў будучыні.
Са мной усё яшчэ знаёмяцца, праўда, пераважна на вуліцах і ўсё нейкія прапашчыя.
Маладыя паэты, старыя наркаманы, бізнесмены-няўдачнікі за пяцьдзя­сят, нават бяздомныя. Адныя шкадуюць, што жыццё праходзіць, і шукаюць штосьці важнае, што яны прапусцілі, іншыя баяцца, што яно так і не пачнецца.
І амаль усе яны штосьці пішуць, спрабуючы пакінуць на паперы сведчанні. Каб потым стрымгалоў пабегчы ў выдавецтва і прадаць гэта як мастацтва.
Гэта мяне больш за ўсё і дратуе.
Магчыма, я аматарка занадта складаных гісторый, але хочацца нарэшце натрапіць на тое, што не імкнецца адразу ўсплыць на паверхню. І абмяняць сябе на пэўны капітал альбо выгоды.
Тое, што ўмее ціха чакаць і ўглядацца. Расце, як дрэва, гадамі і стагоддзямі.

***
Першы год у фраў Марты я праплакала. Ад шчасця і роспачы. Гэта складана растлумачыць, – як быццам я патрапіла ў забыты кляштар і там засталася, нарэшце, сам-насам з сабой.
Я заўсёды хацела мець месца, дзе можна было б адасобіцца. Да канца. Так, каб выпасці са свету і ўбачыць сябе з таго боку.
Тут мала простай самоты.
Патрэбная сустрэча. Калі раптам распушчаецца ўсё знешняе, падымаецца заслона і душа пачынае адчуваць сябе саму з сярэдзіны, нейкім унутраным пачуццём.
І пры гэтым, у шчаслівай адлюдненасці, ты амаль фізічна адчуваеш, як праходзіць час. Як ён паскарае сваю хаду, ляціць і амаль знікае ў сваёй магуце і ўсёпранікальнасці.

***
Так, спачатку адзінота, ціхая радасць.
А потым, мой мілы дэрвішу, стамляешся ад штохвіліннай прысутнасці ва ўласным ценю і гатовы кінуцца ў абдымкі да кожнага. Пачынаеш глядзець навокал. Бачыш дэкарацыю і задні план. Разумееш, як усё гэта працуе.
Бачыш, якія ўсе разумныя і псіхалагічна тонкія, і ўсё ведаюць, і здоль­ныя ўсё пралічыць і выкарыстаць. Толькі з формай душы праблема, няма з кім пагаварыць пра самае важнае. Надыходзіць нязгода, нават абурэнне.
І ў гэты момант цябе канчаткова апазнаюць як другога. Не абавязкова ўсходнееўрапейца, дарэчы. Іншых тут многа, яны займаюць свае нішы, у кожнага свая зона прыватнасці, і яна амаль што святая. Яе нельга парушаць, – ані фізікай, ані метафізікай.

***
І ты зноў вяртаешся да сябе. Яшчэ раз.
Пачынаеш цаніць малыя рэчы. Тое, што з табой адбываецца ў цішыні і адлюдненасці.
Стары гадзіннік, які тахкае аб прамінулым сярод пустога пакоя. Раптоўныя скавытанні ветру за вакном. Дзверы, што раз-пораз стукаюць унізе, упускаючы і выпускаючы чарговага наведвальніка.
Фраў Марта, якая блукае па доме, размаўляючы са сваімі прывідамі.
І ты, самотная і адасобленая, але ў цэнтры ўсяго. З усім звязаная і адначасова ўсяго пазбаўленая. І госць, і гаспадар.
Сярод шэптаў і скаргаў нашага прыўкраснага, не да канца зразумелага свету.

***
Так нараджаецца музыка. Альбо літаратура.

***
Нядаўна я сустрэла Х. Зусім старэнькага. І ён да мяне заляцаўся!
Патрапіла на ягоную вечарыну выпадкова.
Побач з намі літаратурная сядзіба, і раз-пораз я бачу іх абвесткі. Яны звычайна мне мала што гавораць. А тут раптам знаёмае прозвішча.
Калі я запыталася пра некаторыя рэчы, ён спужаўся і глядзеў на мяне як на здань. А мне проста хацелася даведацца, што далей здарылася з гэтай жанчынай. Ляўшой. З яго ранняй аповесці.
Здаецца, у нас яна так ніколі й не выдавалася кнігай. Прынамсі, я яе чытала ў самаробным пераплёце, з даўняга, яшчэ савецкага часопіса замежнай літаратуры.
Гісторыя простая. Можна было б сказаць, што гісторыі зусім і няма. Жанчына з дзіцём. Ходзіць на працу, у звычайны офіс. Вяртаецца дадому, гатуе, гуляецца з коткай. І чагосьці чакае.
Я памятаю, гэтае чаканне было галоўным зместам аповесці. Яно было выпісана тонка і дасканала. Мы ўсе гэта адчувалі.
Можа таму, што самі адно чакаць і маглі. У тыя часы. У халодным-халодным Менску. І былі ўзнагароджаныя, дарэчы.
Але яна, жанчына-ляўша, ці дачакалася яна хаця б чаго-небудзь?
Я так і запытала. Чаго яна дачакалася? Шчасця? Сэнсу жыцця? Таямнічых паведамленняў з космасу?
А можа, яна атрымала спадчыну і больш не было патрэбы хадзіць у офіс, увогуле, трымацца за рэальнасць. І яна проста знікла. Распусцілася ўнутры самой сябе.
Х. сказаў, што пытанні надта сур’ёзныя. І ён бы з радасцю падумаў пра ўсё гэта ў суседняй піцэрыі, за кубачкам кавы.
Мы міла прагуляліся па сцежках і дарожках. Да суседняй піцэрыі ў нашым раёнчыку паўгадзіны хуткім крокам.
Х. быў ціхі і спакойны. Занадта спакойны, як на колішняга мадэрніста. Сказаў, што ўсе памерлі з таго часу. Разам з самой эпохай. Нават калі робяць выгляд, што жывыя. Так што цяпер ужо не даведаешся, чаго чакалі, і ці дачакаліся.
Памерлі двойчы: першы раз, калі паверылі, што свет сапраўды на іх баку. Усе гэтыя прэміі, фестывалі, інтэрв’ю. Добрыя ганарары. Спецкурсы ва ўніверсітэтах. Палічылі ўсё гэта не пасткай, але ўзнагародай.
І другі, калі не сталі бунтаваць. Калі было канчаткова ясна, да чаго ўсё схіляецца.
Сам ён падняў бунт, але не пра тое. Падтрымаў, насуперак усім, чалавека, які аказаўся звычайным злачынцам. Потым пляваўся, канешне. Але было ўжо запозна.
Так здараецца, сказаў ён, і ў гэтым няма анічога страшнага альбо трагічнага. Цябе проста выкрэсліваюць са спісу. Хтосьці іншы будзе цяпер сціскаць тыя парэнчы.

***
Гэткім спосабам, мой мілы дэрвіш, і адбываецца тутэйшае жыццё. Хвіліны ціха перацякаюць у гадзіны, гадзіны стаюцца днямі, дні кладуцца цаглінкамі ў месяцы і сезоны. Тут, у Берліне, асабліва ясна і абгострана адчуваеш, што нікому з нашых ужо не выпадзе доля стаць Вядомым Еўрапейскім Паэтам. Альбо Мысляром. Ці Музыкам.
Не толькі таму, што вядомы, папулярны аўтар, – гэта цяпер работа машыны. Не кон і не біяграфія, і зусім не тэксты, а надпіс на ўпакоўцы, дзе пасля коскі дбайна пералічаны ўсе ўзнагароды і фестывалі, пераклады і перавыданні. І зразумела, сістэма дыстрыбуцыі і продажу, лагістыка вядомасці, калі на паліцах у кожным мястэчку мусіць стаяць толькі той, хто трэба, і нікога болей.
Ёсць яшчэ адна прычына. Больш важная.
Вялікія бітвы ў мастацтве скончыліся. Да нашага нараджэння. У раннім новым часе, разам з тым, што калісьці называлася рамантызмам. Потым, у часы позняга мадэрну, кудысьці прапала і сама ідэя вялікасці, – у дачыненні да мастацтва, і гэта было апошняй кропкай.
Сённяшняе мастацтва – гэта партызанскія групы, якія вядуць сваю вайну з рэальнасцю без спадзявання не толькі на славу і вядомасць, але нават на месца ў каноне.
Можа, таму нам так соладка думаць пра Джойса і Шонберга, пра Паўнда з Эліятам і Джона Кэйджа. Нават пра Оскара Мілаша.
Яны былі першымі, хто пайшоў у лясы і палі. Без спадзяванняў.
Першымі, хто зразумеў мастацкі імператыў новай эпохі. Закон пяшчотнай адасобленасці. Узвышанай непрысутнасці ў занадта часовым.
Іх саміх, дарэчы, спрабавалі прыручыць. Зрабіць часткай машыны.

***
А вось табе гэта давалася лёгка. Нават занадта лёгка. Ад самага пачатку. Маю наўвеце непрысутнасць.
Як быццам ты ішоў па скраі, каля самай мяжы. Зазіраючы раз-пораз на той бок. У вымярэнне, з якога ўсе нашыя жыццёвыя варушэнні выглядаюць па-іншаму. Дзіўна і крыху смешна.
Дарэчы, мяне заўсёды ўражваў твой давер да рэальнасці. Я б нават сказала, вясёлая згода на тутэйшую карму.
Я ніколі не чула ад цябе скаргаў альбо абвінавачанняў, што рэальнасць нас падманула. Што мы патрапілі не туды, доля лядашчая, краіна адсталая, і нічога добрага з намі не здарыцца.
Колькі я памятаю нашыя размовы, ты наадварот, расказваў, як усё цікава. Як многа ўсяго тут адкрываецца. І што тутэйшая доля даецца нам за асаблівыя заслугі ў мінулых жыццях.
Я была больш скептычная. І памылялася.

***
Тут, у Берліне, мне часам здаецца, што месца, дзе мы нарадзіліся, гэта як далёкі-далёкі склеп, дзе ў правільнай тэмпературы падыходзяць рэдкія віны.
У ім альбо заціхаеш разам з небам, і працуеш з перспектывы стагоддзяў, для двух-трох сяброў, якім гэта сапраўды важна.
Альбо, і гэта таксама частка тамтэйшай долі, пачынаеш нервавацца, крыў­дзіцца, і ўрэшце ўцякаеш – у пошуках іншага, у больш шчаслівыя месцы.
Такіх, уцеклых, таксама многа, і яны ўсім расказваюць, як яны выйгралі ад таго, што ўсё нарэшце змянілі. І што хаця б іх дзеці змогуць гэтым пакарыстацца.

***
Калі ж надта хочацца славы і павагі, лепей за ўсё, – як у Б. Атрымаць пропуск тады, калі сляпы і ўжо ні за што не трымаешся.
Тады гэта можна нават скарыстаць, без асаблівай шкоды для душэўнага здароўя.
Я люблю пераглядаць яго ўспаміны.
Памятаеш, ты чытаў мне ягонае апавяданне, у адзін з першых вечароў. Пра Бібліятэку ў Бабілёне. Як касмічна тады гэта ўсё ўяўлялася.
Сусвет як Бібліятэка, апавядальнік, які падарожнічае ў пошуках Кнігі Кнігаў. Здавалася, аўтар – дэміург, які сядзіць на вяршыне гары, па правы бок Вечнасці. Гары, з якой бачна вельмі-вельмі далёка. І па-сапраўднаму.
А потым я прачытала, што Б. працаваў у той час у раённай бібліятэцы Буэнас-Айрэса. І сусвет як бібліятэка спісаны з гэтага жахлівага правіцыйнага кнігазбору, да якога трэба было гадзінамі дабірацца на трамваі, па пыльных вулках, праз падобныя адзін да аднаго кварталы.
Усё астатняе, усё што мы тады соладка для сябе ўяўлялі: вялікі інтэлектуал, сустветная літаратура – усё гэта ўжо было пазнейшае. Цэтлікі, перадпродажная апрацоўка прадукту.

***
Зрэшты, тут усім ужо даўно не да Б. Усё скіравана на тое, каб забаўляць, бавіць і бавіцца. Калі штосьці й з’яўляецца ўзвышана-непрысутнае, абавязкова знойдзецца крытык, які напіша, як гэта было нудна і старамодна, і што чытач гэтага не зразумее.
Баюся, у сённяшняй культуры “нудна” – гэта як вораг народа ў 30-я. Адразу прыходзяць канваіры і выводзяць – толькі не на расстрэл, а ў домік састарэлых, дзе такое ўсё яшчэ магчымае, але толькі як вінтаж і арт-хаўз, і толькі ў тэрапеўтычных мэтах.
Усе астатнія даўно спяваюць і танчаць – пад хіжую і навязлівую музычку мізэрнага часу.
І гэта ў краіне, якая прыдумала Касталію!

***
Я ведаю, я несправядлівая і злая. І я нават ведаю чаму. Толькі ад гэтага не лягчэй ні мне, ні тым, хто поруч.
Зрэшты, я не імкнуся нікому аблягчаць іх задачу.
Я проста ціха і маніякальна нязгодная з тым новым і прагрэсіўным, што з’яўляецца тут на сталах і паліцах кнігарняў. І не збіраюся хаваць сваю нязгоду ад некаторых верных сяброў, якіх не бачыла занадта даўно.
І не скажаш жа, што народ не чытае. Выдавецтвы працуюць з перанапругай, кожны дзень на паліцы паступаюць новыя і новыя вырабы. Гісторый безліч, і яны ніяк не сканчаюцца. Калі верыць выдавецкім анонсам, там можна знайсці ўсё: інтэлектуальны раман, скандальныя хронікі, рамантычную гісторыю кахання, авангардны комікс пра снежнага чалавека.
Праўда, гэтая разнастайнасць падазроным чынам укладаецца ўрэшце ў фармат – у добра пралічаныя выдавецкія лінейкі, з серыямі і калекцыямі, бюджэтнымі пэйпабэкамі, дарагімі зборамі твораў.
Самі аўтары, такое ўражанне, таксама добра пралічаныя. Прыдуманыя і выгадаваныя там, у кабінеце рэдактара. Потым, вядома, з’яўляюцца прыправы, адхіленні, і дарагія віны ў дадатак, але гэтаму ўжо не верыш.
Рэч у тым, што ўсе яны безнадзейна нармальныя, і чым больш яны хочуць выглядаць не-такімі-як-усе, тым больш сумна і няёмка становіцца. Бо ўжо з трэцяй старонкі ты разумееш: аніякай прычыны быць нетакімі хлопчыкамі ў іх няма: і бацькі ў іх добрыя, і краіны, у якіх яны нара­дзіліся, вызнаюць гуманізм і дэмакратыю, і жыццё яшчэ не падкінула ім пару падаруначкаў, як прынцу Гаўтаму.
А яны ўсё расказваюць пра невыносныя пакуты маладой лесбіянкі ў прыгарадзе Джалалабада, потым кудысьці едуць па літаратурных стыпендыях… а потым развозяць кнігу па рэцэнзентах і далей ужо сядзяць на літаратурных сустрэчах, цярпліва распавядаючы хатнім гаспадыням, як многа яны перажылі.
Я баюся, што таксама патрапляю паводле іх класіфікацыі менавіта ў тэчку “перажытае”: штосьці не так з маім тварам, альбо з маёй вопраткай, што яны беспамылкова мяне туды размяшчаюць.

***
Зрэшты, большасць з іх заціхае пасля сарака, становіцца часткай машыны, займае свае месцы ў спісах выдавецтваў і на паліцах кнігарняў, і ўсе гэтыя распушванні пёркаў, паўлінавыя гульні, аказваюцца толькі спосабам расчысткі прасторы.
Некаторыя пачынаюць крыху бунтаваць, трапечуцца, як муха, якая патрапіла ў павуту і апошнім высілкам спрабуе зразумець, што адбываецца, але прыходзяць санітары, даюць дозу, і яе ўжо хапае надоўга.
Такое ўражанне, што меў рацыю А.: тут ніхто ніколі не перамагае, хаця і не прайграе да канца. Гэта для мяне самае загадкавае ў мясцовым ландшафце.

***
І ўсё ж, ніхто не ў стане нас зразумець, акрамя немцаў. У нашых рэдкіх хваробах. І высокіх шаленствах.
Французы? І не гавары пра французаў.
Мілая падлеткавая нацыя. У стадыі невылечнай самазакаханасці. Адзіная магчымасць быць з імі – гэта стаць гэткім жа, прыняць, як свае, іх мілыя фішкі. Вывучыць мову, глытаць вустрыцы, бясконца паўтараць, што Дэкарт – сэ ля франс, і нават у гэта верыць.
Можа, калісьці даўно яны й жылі ў сталіцы свету і думалі пра чалавецтва. Але гэтая гісторыя скончылася. І здаецца, незваротна. Засталіся ўспаміны: фратэрнітэ, эгалітэ, лібэртэ. Інтэртэкстуалітэ. Культура, адным словам.
А немцы – не, яны дасюль у глыбіні душы пяшчотныя барбары, якім замала культуры. І замала рэальнасці.
А яшчэ трывога, непакой. Яны дасюль спрабуюць зразумець, што з імі тады адбылося. І хто насамрэч вінны, адкуль ішла спакуса.
Яны і цяпер, праз столькі год, баяцца люстэркаў.

***
Я думаю, Берлін са мной здарыўся як узнагарода. Альбо як апошні шанец. Ці нават як помста.
А можа быць, усё разам. І помста, і шанец, і ўзнагарода.
Пражытая ўтопія заўсёды меншая за самую сябе. Хаця ўсё ж такі большая, чым проста рэальнасць.
Я разумею, з Менску маё жыццё глядзіцца як казка. Пра якую мы маглі толькі марыць.
Я жыву ў Берліне, працую ў авангардным тэатры, пішу музыку.
Часам выязджаю на ўзбярэжжа. На некалькі дзён. Паблукаць, падумаць. Адчуць подых акіяна.

***
Раз-пораз, праўда, я выпадаю са сваёй мілай утопіі. І патрапляю на мяжу сну і явы, у незразумелае месца.
Як быццам я ўсё яшчэ ў сне, хаця ведаю, што даўно прачнулася. Хаджу па сцэне ў выпадковым спектаклі, свабодная, нікому непатрэбная. Без ролі.
І вось недзе падчас другога акта, калі я ўжо пачынаю нудзіцца, – дзеяй і персанажамі, адкрываецца бакавы калідор, і адтуль пачынае цягнуць пройма.
Лёгкі цёплы ветрык. Прыемны, пяшчотны і ў той жа час крыху трывожны.
А далей з’яўляешся ты і пачынаеш нашэптваць. Словы з зусім іншае п’есы.
Пра загадкі і таямніцы.
Пра тое, што ў надвячорку ёсць яшчэ адзін надвячорак.
Што ўсе матылі ў дзяцінстве былі хуліганамі.
І шмат вартавых каля брамы.

***
Зрэшты, я не ўпэўнена, што нашэптваеш менавіта ты.
Што ўсё засталося ў памяці так, як было насамрэч, і што я не прыдумала ўсё гэта сама. “Хвілінку”, вершы, нашыя блуканні. Тваю ўзвышаную непрысутнасць на ўскрайку рэальнасці.
І што я пішу гэты ліст, як і ўсе астатнія, уласна табе.

***
Яна крыху затрымалася на гэтай фразе.
Падышла да вакна, пастаяла некалькі хвілінаў, углядаючыся ўдалеч.
З вакна было бачна возера: дрэвы расступаліся, утвараючы алею, сцяжынка ішла ўніз да вады і так натуральна ў яе ўваходзіла, што, здавалася, можна было ісці па сінім люстэрку, на той бераг.
Раз-пораз у яснае надвор’е выплывалі яхты і пачыналі рабіць складаныя піруэты пад кіраўніцтвам нябачнага лідара.
Часам недзе далёка з’яўляўся абрыс парахода, які праплываў ціха, амаль без гукаў.

2.
Я яшчэ не расказала табе, як апынулася ў фраў Марты. І чаму.
Гэта доўгая гісторыя. З некалькімі пачаткамі, адхіленнямі і пакуль з адкрытым канцом. Цяпер я разумею, што ўсё ішло да таго. І нават больш, я гатовая прамовіць, што ўсё было непазбежна.
Хаця слова “непазбежна” не з нашага лексікону. Лепш было б сказаць, што ўсё здарылася магічна.
Усё важнае і нечаканае адбываецца магічна. Пераход логікі ў магію – гэтым жыве музыка, і раней ці пазней ён цябе знаходзіць.
Асабліва калі жыццё з гатовасцю ўкладаецца ў прапанаваныя формы. Занадта часовыя, каб быць праўдай. І тады пачынаеш чакаць цуду, альбо цудаў, у залежнасці ад ступені нахабства.
Чакаць, альбо крыху прыспешваць. Ці нават ствараць іх, чаму б і не?

***
Гэта было напрыканцы слаўнай эпохі. У Менску мяне пазнавалі на вуліцах, графік канцэртаў быў распісаны наперад, на тыдні і месяцы.
Крыху падточваў сумнеў, але, папраўдзе, усё выглядала не так ужо і страшна. Здавалася, гэта і ёсць свабода. Калі ты разумееш, чаго свет ад цябе прагне, і можаш на гэта пагадзіцца без асаблівай шкоды для душэўнага здароўя.
Шмат што было праспяванае, і за большасць рэчаў было не сорамна.
Але ўжо ішлі размовы, што трэба быць менш складанай, звярнуць увагу на знешні вобраз, даваць больш інтэрв’ю і канцэртаў.
І гэта пачынала напружваць.

***
Аднойчы мы сядзелі за столікам у кавярні пасля выступу ў адным не самым вядомым варшаўскім клубе. І добры знаёмы, журналіст выборчай, пачаў задаваць пытанні. Для газеты.
Напачатку, уражанні ад польскай публікі. Крыху біяграфіі, крыху асабістых гісторый. Потым перайшлі да асноўнай часткі. І ён пачаў пытацца ў мяне пра дыктатуру, адсталасць, пра тое, як можна выжываць там, у вас, сярод бяды і нястачы. І ці не было ў мяне думкі пераехаць у больш цывілізаванае месца. Адным словам, пачаў выстройваць тую банальную карцінку пра нешчаслівых суседзяў з усходу, якая, пры праўдзівасці асобных дэталяў, правальваецца ў самай важнай, сутнаснай частцы.
Мне не хацелася спрачацца, і я вырашыла перавесці стрэлкі. Слухай, Войтэк, сказала я, наліваючы чарговы кілішак тэкілы. А ці не хацеў бы ты запытаць у мяне штосьці пра музыку?
Я была светлай і пазітыўнай, гатовай абмінуць гэтае балотца.
Повем праўду, майму чытачу до дупы, цо ты мыслеш пра музыку, сказаў Войтэк. Ён ведае, што на ўсходзе страшна, і прагне падрабязнасцяў. Здагадваецца таксама, што там ёсць і добрыя людзі. Гэта ты. Вось табе нашая гісторыя. Гісторыя прагрэсіўнага артыста ў цёмнай і адсталай краіне са страшным і неадукаваным дыктатарам.
Ён не хацеў мяне пакрыўдзіць, ён проста рабіў сваю работу.
І шчыра хацеў мне растлумачыць маё рэальнае месца ў карціне свету. Каб я не блыталася. І не выглядала смешнай, са сваімі прэтэнзіямі на іншую ролю.
Потым я шмат разоў вярталася да гэтага здарэння. Спрабавала ўсё зразумець і ўсё яму патлумачыць. Знайсці патрэбныя словы. Расказаць пра эпоху комікса, пра змяншэнне маштабу і закрыццё далягляду. Па­тлумачыць, як працуе арыенталізм, і што такое барбары з усходу. (Не паверыш, я нават прачытала Саіда!) Але ўсё гэта прыдумалася значна пазней, пасля ўцёкаў, у маім берлінскім ашраме.
Тады ж у маёй свядомасці проста склалася карцінка, і я ўбачыла Машыну. Якая стварае месцы свету і заганяе нас туды, як шарыкі ў лункі. І калі ты не супраціўляешся, будзеш сядзець да канца жыцця ў ціхім вільготным загончыку.
***
Мяне такія рэчы кідаюць у халоднае вар’яцтва. Я раблю нечаканае, перш за ўсё для самой сябе.
Памятаеш, у Матрыцы, Нэа ў пэўны момант выбірае між ілюзіяй і пустэчай рэальнасці. Трыніці прывозіць яго да Морфіуса, і той прапаноўвае выбар між дзвюма пігулкамі.
Я была тады дакладна ў падобнай сітуацыі. Ветліва ўсміхнулася, дапіла кілішак тэкілы. Прыняла чырвоную пігулку. Расплюшчыла трэцяе вока.
Перасела да століка мясцовага гурта, які граў у кавярні штосьці неабавязкова-бразільскае: басанову ці самбу, я ўжо не памятаю.
Праз пару хвілінаў я выйшла на сцэну і пачала спяваць.
Я ніколі так не спявала. Ува мне штосьці прачнулася, дзёрзкае і небяспечнае. Я адчувала магію і натхненне, і свабоду. За свой столік я тады не вярнулася.
Хаця лепей было б сказаць, што я тады нікуды не вярнулася.
Я зразумела, што рэшту жыцця буду размаўляць з тымі, каму важна, што я думаю пра музыку.

***
Так пачалася мая асабістая лінія фронту. Вайна з рэальнасцю. Я б нават сказала, вайна за рэальнасць. Было ясна, што толькі мастацтва здольнае вярнуць свету сэнс, а нам разуменне.
Сапраўднае мастацтва. Але ў яго не так проста патрапіць.
Усе думаюць, што яно вельмі-вельмі далёка, і ў гэтым галоўная праблема. Ля скала, Алберт хол, Метраполітан Опера. Высокае і гарантаванае месца, адкуль на цябе важна глядзяць Бах, Моцарт ды іншыя несмяротныя.
І калі ты таго варты, а да таго ж табе пашанцуе і ты патрапіш у поле ўвагі – эпохі, публікі, дырыжора – яно будзе ўзнагародай.
А ўсё астатняе, гэта толькі папярэдняя падрыхтоўка, трамплін. Прамежкавае і дапаможнае.
І я так лічыла, у пэўныя моманты свайго жыцця.
Цяпер я разумею, што гэта могілкі. Прыўкрасныя могілкі, убраныя ў мармур, з кветкамі і званочкамі.
І што лінія фронту зусім у іншым месцы. Сапраўдная лінія фронту. З героямі і бітвамі. Над якой лётаюць валькірыі.
Але тады, у Варшаве, я толькі пачала сваё падарожжа. Свой уласны пошук.
Пачынала разумець некаторыя істотныя рэчы.

***
Напрыклад тое, што музыка – не проста гармонія лічбаў, як думаў Піфагор. Ці ўдалыя спалучэнні гукаў, як думае паспалітая большасць. І нават не толькі эмоцыя, якой нагружаюць аднойчы знойдзеную гармонію таленавітыя выканаўцы.
Музыка патрабуе прасторы, яна ёсць у прасторы, надае ёй рытм і суладнасць.
Скрыпачка ў забытай карчме, стары даос, які грае на цы, седзячы ў гарах, сляпы бандурыст сярод полымя, які пяе славу Дарашэнку, а вакол усе пасечаныя ляжаць.
Гэта важна, а не толькі канцэртныя залы і віртуозы.
Важна мець і адчуваць свае месцы, як унутры музыкі, так і звонку. Шукаць іх і ствараць.
Цяпер я разумею ўсю незвычайнасць залы філармоніі ў нашыя васьмідзясятыя. Усю яе ўнікальнасць. Адзінкавасць.
Жыццё разлінаванае і пралічанае, але ёсць прастора, дзе адбываецца цуд музыкі.
Бо музыка не толькі лічба, але і шурпатасць гуку, і краявід, унутры і звонку, і сэрцы, якія звіняць ад болю.

***
Старыя кітайцы лічылі, што існуюць таны і сугуччы, на якіх трымаецца космас. Ёсць і іншыя, што вядуць да пагібелі, катастрофы. Гукі, якія руйнуюць не гарады і будынкі, але сам свет.
Яны сыходзілі ў горы і лясы, гралі сваю музыку ветру і дрэвам, спрабуючы патрапіць у тон.
Знайсці гармонію, падтрымаць раўнавагу.
Для іх музыка была падарожжам у сады тайны.

***
Яна крыху павагалася з “садамі тайны”.
Гэта магло быць занадта сентыментальна. Альбо прэтэнцыёзна.
Ці проста незразумела. Прынамсі, патрабавала расшыфроўкі, тлумачэнняў.
Яна паставіла зорачку і напісала больш дробным почыркам унізе старонкі:
Сады тайны – суфійскі (?) тэрмін, сапраўднае значэнне якога адкрываецца адэпту на вышэйшых ступенях узыходжання. У якасці паэтычнай метафары з’явіўся ў зборніку “Лісты з паўночнай затокі” беларускага паэта Францішка Рамулевіча.
Другі раз паўстаў у адным з лістоў спявачкі і кампазітара Эвы Дамінікі Вайтовіч у яе “берлінскі” перыяд. Абазначае разрыў з тэхнічным майстэрствам і ўвогуле з тэхнічным бокам музыкі, у той момант, калі само майстэрства і тэхнічны бок дасягаюць свайго піку.

***
Вяртаючыся да ўцёкаў.
Я нічога не сказала. Але штосьці ўва мне незваротна змянілася. І зусім не так, як звычайна думаеш пра жыццёвыя павароты – якія мусяць адбывацца трагічна і запамінальна, з фанфарамі і духавым аркестрам.
А тут проста перагарнулася старонка, і распачаўся другі раздзел кнігі. Зранку я выкінула ў сметніцу каляндар з планамі і праектамі. Унутры было цёпла. Я зноў адчувала сябе сямнаццацігадовай, для якой свет толькі адкрывае свае лабірынты.
Я блукала па Варшаве як быццам упершыню. Кожнае раздарожжа было святам і музыкай. Вабіла і запрашала ў дарогу.
На адным з іх я пабачыла Алехандро.
І вось тады ўсё сапраўды пачало мяняцца.
З фанфарамі і духавым аркестрам.

***
Ён стаяў на ціхай вулачцы, непадалёк ад Трох крыжоў, і граў на гітары.
Ведаеш, за сваё жыццё я нагледзелася на розных музыкаў. У тым ліку й на тых, якія лічаць важным і амаль абавязковым у пэўны момант выйсці навонкі і падзяліцца з народам сваімі дзесяццю акордамі. Я нават навучылася ставіцца да іх без паблажлівага скепсісу, з любоўю.
Але тут была зусім іншая гісторыя. Гэта было ясна без тлумачэнняў.
Гітара была канцэртная. Надзвычай дарагая. І было бачна, што ён грае для сябе. А можа, для космасу.
Тыя, хто жыве ўнутры музыкі, адчуваюць такія рэчы адразу. Як чалавек трымае інструмент, як ён бярэ гук, як чуе тое, што на выхадзе.
Пры гэтым ён не граў штосьці тэхнічна складанае, прызначанае для віртуозаў. Звонку можна было нават падумаць, што ён рыхтуецца, настройвае гістару. Так, асобныя гукі і сугуччы, з паўзамі і чаканнем.
Але ўсё гэта складалася ў цэлае!
Ён ствараў цуд музыкі на роўным месцы.
Раз-пораз спыняўся, як быццам яму самому хацелася паслухаць рэха альбо водгулле.
Я падышла і стала побач. Спачатку проста слухала і глядзела.
Потым пачала напяваць. Для сябе. Паралельна. Спраўджвала некаторыя гіпотэзы.
Ён усміхнуўся і даў мне далучыцца.

***
Мне стала цікава – у чыста прафесійным, музычным сэнсе. Мы стаялі ў цэнтры Варшавы, сярод сумятні і бяссэнсіцы гэтага свету, і імправізавалі. Ці, лепш сказаць, эксперыментавалі. Як быццам на рэпетыцыі альбо на музычным семінары ў кансерваторыі. І зусім забылі пра публіку.
Мы былі ўсярэдзіне, напэўна, гадзіну.
А калі выбраліся нарэшце з гэтага лабірынту, вакол стаяў натоўп, як на невялікім канцэрце.
І не проста мамы з дзеткамі альбо лянівыя турысты.
Гэта былі сапраўдныя слухачы! Было бачна, што музыка іх заспела знянацку, што яны паддаліся спакусе, хаця ў кожнага купа справаў і абавязкаў. Яны былі разам з намі ўнутры, а некаторыя яшчэ й разумелі, што адбывалася.
Я тады адразу адчула – павінен быць працяг. Мы былі напачатку ўсяго, шмат што мусіла яшчэ адбыцца. Размовы, дыскусіі, сумесныя канцэрты.
І не памылілася.

***
Я пакінула яму свой нумар тэлефона і сказала, што з радасцю працягну размову ў іншым месцы. Ён перазваніў праз гадзіну.
Мы дамовіліся сустрэцца на летняй пляцоўцы ў Лазэнках.
Зайшлі ў кавярню, пазнаёміліся яшчэ раз.
Увечары ў яго было выступленне непадалёк, у невялікай камернай зале. Ён даў мне прагледзець асноўныя тэмы. І прапанаваў выступіць разам. Так, як тады на вуліцы. Быць музычным альтэр эга, двайніком. Рэагаваць і працягваць, і ў той жа час шукаць штосьці асобнае, весці сваю лінію.
Няма аніякіх правілаў альбо абавязкаў, сказаў ён. Канцэрт камерны і прыватны. Пра нас не напішуць штодзённыя газеты, і нам не давядзецца ганяцца за музычнымі крытыкамі, расказваючы, як нечакана і арыгінальна было тое, што яны толькі што паслухалі.
Важна, каб нам самім было цікава. Каб музыка паўставала не з інструмента альбо голаса, а з самой прасторы. І заставалася ў прасторы, калі гукі ўжо заціхнуць.
Усё гэта ён расказваў мне ўжо па-гішпанску.
Было крыху смешна – мы пачыналі размову па-ангельску, але ў пэўны момант ён – незаўважна для сябе самога – перайшоў на гішпанскую. Надзіва, я разумела амаль усё. Мая рудыментарная французская ў адказ была сустрэтая з энтузіязмам. І далей мы міла абмеркавалі – на ёй – некаторыя дэталі.

***
Усё было зусім па-іншаму, чым гэта ўяўлялася напачатку.
Алехандро быў майстра. І ў яго была самая дасканалая каманда, якую я бачыла ў сваім жыцці.
Гэта не былі вулічныя музыкі, якія збіраюць касу на перапоўненых турысцкіх скрыжаваннях. І не прафесійныя гастралёры, што шчаслівяць правінцыйныя залы класічным рэпертуарам, даючы ілюзію далучанасці да вечнага.
Яны відавочна былі нечым большым – і іншым. Жылі разам, невялікай творчай камунай, пераязджаючы з горада ў горад, з краіны ў краіну.
У іх быў план.
І яны былі ў падарожжы.

***
Знаёмцеся, гэта Хорхе. Кухар, шаман і крыху адміністратар, па сумя­шчальніцтве. А гэта Эва Дамініка. Нашая новая спявачка.
Так сказаў Алехандро, калі ў пакойчык зайшоў чалавечак, падобны адначасова да Карлсана, Віні-Пыха і ўсіх астатніх персанажаў дзіцячых мульцікаў.
Хорхе здабывае для нас жытло і ежу, а ў перапынках вучыць мудрасці й апякуецца нашым душэўным здароўем, дадаў ён, і абодва зайшліся дзіцячым смехам.
Потым, праз некалькі хвілінаў, зусім у іншым тоне – галантным і крыху трывожным:
Герміна, гэта Эва Дамініка. Эва Дамініка, гэта Герміна. Спадзяюся, вы пасябруеце.
А што, маем выбар? – сказала Герміна і першая падала руку для знаёмства.
Тонкія рысы твару. Мяккі, упэўнены голас. Арыстакратызм, у пятым ці шостым пакаленні.
Ясна, мы не мелі выбару.
Хаця і крыніцы трывогі былі зразумелыя. Дзве жанчыны ў адной камандзе, гэта амаль заўсёды суперніцы. Нават калі яны да гэтага не імкнуцца. Альбо гэтага не ўсведамляюць.
Герміна прынесла праграму выступу – “Каментары й імправізацыі”. З ангельскім тэкстам ды якаснымі фотаздымкамі, аддрукаваную на добрай паперы. І відавочна не тут, у Варшаве.
***
Хорхе адказваў за інфраструктуру. Дамаўляўся, агранізоўваў пераезды, друкаваў афішы. Быў сапраўды крыху шаманам.
Ён скончыў філасофію і літаратуру ў Буйнас-Айрэсе, прыехаў у Еўропу рабіць дактарат, але нечакана для сябе адкрыў паспяховы рэстаран аргентынскай кухні.
Проста ўсе ведалі, што такое мексіканская кухня, сказаў ён мне, калі мы пасябравалі. Але ніхто не меў аніякага ўяўлення пра аргентынскую. Можна было рабіць што заўгодна.
Назва мусіла быць традыцыйная. Што-небудзь кшталту La Parrilla. Argentinisches Steak-Restaurant. А вось далей, калі заходзіш усярэдзіну, пачыналіся цуды.
Салат Хорхе, напрыклад. Пайшлі чуткі, што гэта ўлюбёны салат Борхеса.
Рэстаран квітнеў, наведвальнікаў станавілася больш і больш.
Там яны ўсе і сустрэліся, дарэчы.

***
Што рабіла Герміна, праяснілася не адразу. Яна паходзіла з вядомай прафесарскай сям’і. І ўсё ж такі раўнавала, хаця падставаў не было аніякіх.
Урэшце мы зразумелі адна адну. Нават пасябравалі. Асабліва калі я расказала ёй пра радавое дрэва, некаторых сваякоў з васямнаццатага і дзевятнаццатага стагоддзяў.
У часы нашай маладосці гэта назвалі б класавай салідарнасцю.
Потым я даведалася, што яна скончыла гісторыю музыкі. І што некаторыя музычныя ідэі і павароты – яе заслуга.
Да таго ж яна тут была адзіная з правільным еўрапейскім пашпартам. І калі паўставалі пытанні, заўсёды была на вышыні.
Аднойчы, у французскай правінцыі, асабліва пільныя суседзі палічылі нас падазронымі.
Хорхе знайшоў жытло, досыць танна, у ціхім спакойным месцы. Былы замак. Лепей сказаць замачак. Ідэальнае месца для рэпетыцый. Тыдзень мы адтуль практычна не выходзілі. Наперадзе былі важныя канцэрты ў Ліёне, і мы рыхтаваліся.
Але суседзі пра гэта не ведалі і пазванілі ў паліцыю.
Тыя прыехалі хутка і з поўным наборам: жандары, эксперты, фатографы.
Герміна зрабіла толькі адзін званок. І потым перадала слухаўку камісару – ці як ён там называецца.
Трэба было бачыць ягоны твар, як ён мяняўся цягам хвіліны.
Ад насцярожанасці і пагарды да галантнасці, ветлівай увагі і амаль шчасця напрыканцы, калі ўсё праяснілася.

***
Вяртаючыся напачатак.
Ім сапраўды была патрэбная спявачка. Алехандро ўмеў шмат што, але не адначасова. Да таго ж два чалавекі, гэта зусім іншы музычны матэрыял і зусім іншыя магчымасці.
І тое, што я раптоўна матэрыялізавалася, падышла да іх і засталася, выглядала як цуд і як падарунак. Божай Маці, лёсу ці проста выпадку.
Так сказаў Алехандро, і я зразумела, што прынятая ў каманду.
Я не адразу ўсвядоміла, што ўсё сур’ёзна. Напачатку здавалася, што гэта проста нечаканая прыгода. На тыдзень-другі. Яшчэ адна гастроль. Цікавая, экзатычная.
Я так і думала, праўду кажучы, калі забірала рэчы з гатэля і пераязджала да іх на кватэрку.
Калі б мне тады сказалі, што я завісну на гады, і ўрэшце застануся ў Берліне, я проста б не паверыла. Усміхнулася, сцепанула плячыма.
І ўсё адно пераехала.

***
Мы гралі ў камерных залах і прыватных апартаментах, на рынкавых пляцах і вулічных скрыжаваннях, начавалі ў сквотах, замках і пяцізоркавых гатэлях.
Можна было б назваць гэта эпохай бяздомнасці. Але бяздомнасці глыбокай. Насычанай музыкай. І сустрэчамі.
Хацелася абтрэсці з сябе ўсё неўласцівае. Усё што нам навязвае час. Усе прывязанасці. У тым ліку і да сябе. Да сваёй асобнасці.
Пакінуць толькі музыку.
І сябе саму, канечне, таксама. Але не тую, выпадковую, злепленую з падзеяў, якіх магло б не быць. А сябе іншую. Сутнасную. Адважную. І крыху трагічную.
Зрэшты, сустрэцца з сабой можна толькі тады, калі сябе губляеш. Ахвя­руеш. Забываеш і забываешся.
Трэба было падысці да мяжы. Зазірнуць у люстэрка. Зразумець, што за гэтым адбіткам. За моракам надта чалавечага, які засціць і замінае бачыць.

***
Я не ўяўляла, колькі людзей кідае ўсё, каб проста блукаць па свеце. І якое гэта братэрства, насамрэч. Мы сустракаліся, як астранаўты ў глыбокім космасе, радасна і пяшчотна. Раз-пораз я пераглядаю, у памяці, твары ўсіх, нібы ў фотаальбоме.
Сівы кітаец, які граў на цыні, мы спаткалі яго непадалёк ад Порта, зусім аднаго, як яго туды занесла, ён так і не змог нам растлумачыць.
Бандурыст Олэкса з-пад Золачыва, які быў зусім не сляпым, а вельмі нават і відушчым, з маладзенькім павадыром-анархістам, яны пераходзілі ад аднаго сквота да іншага, як ад вёскі да вёскі.
Старэнькія музыкі з-пад Андаў, што ўцяклі яшчэ ў маладосці, у часы Піначэта, і цяпер проста не маглі спыніцца. А можа, не хацелі, бо тыя, каго яны памяталі, каго любілі і пра каго спявалі, былі цяпер на другім беразе.
Усе яны былі невыпадковымі вандроўнікамі, па-за мармуровай халадэчай вялікіх залаў, з важнай адукаванай публікай і гарантаванай увагай.

***
Аднойчы мы месяц жылі ў старым кляштары ў Італіі, амаль без манахаў. Разбіралі музычныя рукапісы.
Прыехалі на тыдзень, падрыхтавацца. На трэці дзень нас завялі ў скрыпторый і паказалі архіў.
Мы вярнуліся пасля канцэрта. І засталіся на месяц.
Герміна пазваніла дадому, да нас далучыліся яе сябры, гісторыкі музыкі.
Штораніцы мы збіраліся на сустрэчы – як быццам бы вярталіся ў дзяцінства. Да крыніцаў. У момант, калі ўсё пачыналася, усё было магчыма, і ўсё было магчымасцю.
Зрэшты, мы вывучалі ўсё гэта ў кансерваторыі, у курсе гісторыі музыкі. Больш ці менш падрабязна. Але тады гэта выглядала чыстай абстракцыяй. Здавалася, усё гэта прыдумала Аліна Янаўна – цётачка, якая выкладала ў нас гэты прадмет і даўно пагадзілася, што нікомугэтанецікава.
Менавіта там я зноў пачала пісаць. Зусім па-іншаму, чым у Менску. Нават пачала складаць оперу. І ясны пень, яна называлася “Сымон-музыка”. Хаця самога тэксту пад рукой не было, а са школьных часоў у памяці засталіся толькі ўрыўкі.

***
Якой была мэта нашага падарожжа? Хто складае маршрут і вызначае пункты прыпынку? І ці мы збіраемся кудысьці даехаць?
Я не задавала сабе гэтых пытанняў. Напачатку.
Але ў пэўны момант некаторыя рэчы пачалі звяртаць на сябе ўвагу. Напрыклад, тое, што ў нас не было доўгага плана. Мы ніколі не абмяркоўвалі, дзе будзе наступны канцэрт.
У пэўны момант нешта здаралася. Як быццам у паралельнай рэальнасці. І мы зрываліся ды йшлі наперад. Часам выглядала, што мы некага шукаем альбо пераследуем, так хутка ўсё адбывалася. Ці наадварот, уцякаем ад пераследу.
Пад канец я навучылася адчуваць гэта. Нават прадчуваць. Хаця растлумачыць уцямна, што менавіта, было складана.
За некалькі дзён да пераезду ў калідорах амаль заўсёды стаяў пах. Дзіўны пах. Аднойчы я запыталася ў Герміны, ці не чуецца ёй у паветры чагосьці асаблівага.
Нічога асаблівага, адказала яна. Звычайны Cannabis indica. З пакоя Алехандро. Там, дзе ён нарадзіўся, каля Рыа-Гранда, гэта практыкуюць стагоддзямі. Называюць расліну mariguan. Лічаць яе падарункам святой Марыі і святога Хуана. Адзіны добры падарунак белага чалавека.

***
Сам Алехандро называў гэта сеансам магіі.
Аднойчы мы з Гермінай зайшлі да яго падчас падрыхтоўкі.
Ён раскладаў прыставанні. Адмысловыя сподачкі для палення, файкі. Прапанаваў далучыцца. Герміна незадаволена прабуркатала, але ёй было відавочна цікава.
Зрэшты, бачна было, што для яе гэта не ўпершыню. Што яна ўжо была тут, і не адзін раз.
Ён сам усё падрыхтаваў, на трох.
Запавесіў фіранкі, паставіў дзіўную музыку – нейкія рытмічныя мармытанні пад бубен, і ўсё пачалося.

***
Тое, што я памятаю, было прыўкрасна.
Свядомасць застаецца. Абгастраюцца ўсе пачуцці. І з’яўляюцца новыя. Рэальнасць пераўтвараецца ў кнігу, старонкі якой можна перагортваць у якім хочаш кірунку, назад і наперад.
Алехандро з кімсьці спрачаўся. У далёкім куце. З кімсьці важным, адказным за ўсіх. З таго боку.
Мы размаўлялі з Гермінай. Я расказала ёй пра цябе, пра Багдана. Пра нашую сустрэчу ў інтэрнаце, з якой усё пачалося. Пра дзевяностыя, славу і ўцёкі.
Яна слухала з пяшчотнай увагай. Прызналася, што ўсё ж такі раўнавала. Хаця разумела ўсю неабходнасць.
Потым сказала, што хоча пабыць крыху са мной. Увайсці ў маё ментальнае цела.
Сказала, што такое магчыма, калі чалавек спіць, недзе недалёка. Але не толькі. Галоўнае – не баяцца сябе згубіць, адкрыцца другому напоўніцу.
Гэта было дзіўнае адчуванне. Як быццам мы крыху пераблыталіся. Я не магу гэта растлумачыць. Я гаварыла з Гермінай, але дакладна пры гэтым ведала, што размаўляю сама з сабой.
Я нават крыху помню, пра што была размова.
Прачнуліся мы ўдзвюх, без вопраткі, у ложку Алехандро.
Сам ён сядзеў у тым жа куту, цягнуў матэ і хітра на нас пазіраў.
Сказаў, што мы былі цудоўныя. Добра сябе паводзілі. І што яму было надзвычай цікава нас слухаць. Ён нават адарваўся ад сваіх звыклых спрэчак з тым бокам.
Я ўжо тады адчувала: усё занадта прыгожа, каб доўжыцца вечна.

***
Гэта адбылося пад вокнамі нашага дамочка. Непадалёк ад Парыжа. Мы жылі тут ужо месяц, у зацішшы. Як быццам некага, ці нечага, чакалі.
Герміна ўсё бачыла. Яна расказвала, што ўсё было як на запаволенай кінастужцы.
Звычайны вераснёўскі надвячорак. Кіроўца «Audi» цвярозы і ня­шчасны – яго, напэўна, не павысілі ў якім-небудзь аддзеле па продажах. А Алехандро крыху п’яны і шчаслівы – ён толькі што пагаварыў з духамі і ведаў, дзе будзе наступны прыпынак нашага падарожжа.
Яны сустрэлі адзін аднаго на пустым пераходзе, як інь і ян.
Вось Алехандро спускаецца да брамкі, выходзіць на вуліцу.
Ідзе праз дарогу. Даходзіць да сярэдзіны. Спыняецца, пра штосьці думае. Потым абарочваецца, глядзіць у вакно і махае рукой, як быццам развітваецца альбо перадае ад кагосьці прывітанне. Ужо адтуль.
Далей агні машыны, што вылятае з-за павароту, скрыгат тармазоў і гук удару.
І потым цішыня. Як быццам канец спектакля і апускаецца запавеса, глухая, пыльная, з чорнага аксаміту.

***
Мы не маглі везці цела ў Мексіку. Зрэшты, не было да каго. У яго не было сваякоў, маёмасць ён прадаў перад тым, як адправіцца ў падарожжа.
Хорхе арганізаваў месца на старых могілках, у правінцыі. З відам на мора. Герміна тыдзень піла і плакала. Я паклала на музыку Валеры і спявала на пахаванні.
Алехандро быў ціхі і прасветлены, як быццам нарэшце ўсё зразумеў і з усім пагадзіўся.
Падарожжа завершанае, сказаў Хорхе. Ён знайшоў самае важнае месца, для сябе і для сваёй музыкі.
Там, у нябачным.
***
Застаўся архіў. Фрагменты, музычныя п’есы, нататкі.
Дзень у дзень я прасоўваюся далей і далей. Разбіраю паперы, чытаю і расшыфроўваю, класіфікую. Гэта цяпер мая работа.
Прыйшлося вучыць гішпанскую. Распачаць некаторыя амаль дэтэктыўныя investigations, што тычыцца яго мексіканскага перыду.
Яго постаць вымалёўваецца ўсё больш і больш дзіўнай. І сам ягоны праект для мяне прасвятліўся – я нарэшце пачала разумець, куды патрапіла.

***
Ён не быў вулічным музыкам, як гэта падавалася звонку. У яго была трагічная біяграфія, і бліскучая кар’ера.
Нарадзіўся ў сям’і тубыльцаў. Быў аддадзены ў кляштар, у прытулак. Ужо там выявіліся яго здольнасці да музыкі.
Далей усё было як у казцы. Ён пераходзіў ад настаўніка да настаўніка, ад майстра да майстра. Кампазітар, выканаўца, дырыжор – усё давалася яму лёгка.
Ён сам становіцца майстрам. А потым раптоўна ўсё кідае – і адпраўляецца ў падарожжа.
Ці была ў яго мэта? Куды ён скіроўваўся і чаго шукаў?
Ён пісаў пра сутнасную бяздомнасць музыкі ў нашую эпоху. Для якой у свеце больш няма месца. Канешне, ёсць кансерваторыі і філармоніі, музычныя залы, зоркі і зорачкі, усяго гэтага многа. Квіткі вельмі дарагія, раскуплены на месяцы і гады наперад.
Але ўсё гэта прамінулае музыкі.
Каб зразумець, возьмем аналогію з літаратурай. Уяві сабе, што большасць выдавецтваў займалася б тым, што бясконца перавыдавала даўна напісанае. І ў кніжных крамах стаялі б толькі розныя выданні Сервантэса й Гётэ, Бальзака і Гамера, Дантэ і Вергілія.
Была б і сучасная літаратура, канечне, але толькі як невялічкая палічка, недзе ззаду, у куце. Як дадатак, цікавы толькі вузкаму колу аматараў.
Лепш ужо бяздомнасць, беспрытульнасць. Лепей падарожжа, чым такі закуточак. Такі лёс.

***
У кансерваторыі ў нас была асобная спецыяльнасць – музыказнаўства. Да тых, хто там вучыўся, ставіліся з павагай, але і з дыстанцыяй. Ну, можа, не ўсе, але большасць дакладна. Лічылася чамусьці, што плата за веданне непамерна высокая. Што яны не ў стане патрапіць усярэдзіну, стаць уласна музыкай. Можа, гэта й так.
Але пытанні пра сутнасць, пра істоту можна задаваць па-рознаму. Могуць быць розныя сцежкі.
Адна рэч – прагнуць улады, імкнуцца да веды, каб панаваць, валодаць. І зусім іншая – тыкацца пысачкай ў гаючае разуменне, шукаючы паратунку ад наяўных формаў. Ад часовага.
У пэўны момант мне пачало здавацца, што я валодаю музыкай, што гэта майстэрства, прафесія. Пасля музычнай вучэльні і пяці год кансерваторыі, у пэўным сэнсе, так і было.
А потым стала ясна, што гэта тупік.
Я зразумела, што мне мала проста ўмець. Я зусім не хачу займацца музыкай – я хачу жыць музыкай. Адчуваць яе ў сабе як магчымасць. Як лёт над безданню. Як сон, што імкнецца навонкі.

 

Працяг аповесі чытайце ў папяровым часопісе “Дзеяслоў” №84.
Фота Аляксандры Баярынай.


Апублікавана

у