Анкета “Дзеяслова”
- Чым бачыцца Вам літаратурная творчасць: нябесным прызваннем, грамадзянскім абавязкам, прафесіяй, хобі, звычкаю? Што падштурхнула Вас да пісьменніцкай дзейнасці. Ці памятаеце свой творчы дэбют? Каго Вы лічыце сваім літаратурным “хросным бацькам”?
Ад словаў “нябеснае прызванне” і “грамадзянскі абавязак” крыху ніякавею як ад выразаў з кепскай п’есы. Штуршка дакладна не згадаю. Мая маці, калі я ёй чытала ўголас які-небудзь свой тэкст, дзівілася і казала, маўляў, як у цябе гэта атрымліваецца? А я цяпер чытаю яе ўспаміны дзяцінства ў сшытку, куды яна пачала іх запісваць па маёй просьбе, і разумею, што атрымала сваё ўменне складаць словы ад яе. А таксама здольнасць прыкмячаць з удзячнасцю дэталі навакольнага свету.
Першае апавяданне “Крумкач і Франка” было надрукаванае ў “Нашай Ніве” ў 2000 годзе. Вось тут дакладна быў “штуршок”, а хутчэй здзіўленне. У ім сышліся мая любоў да горада з ведай пра тое, што крумкачы-вароны праз сваё доўгажыхарства захоўваюць памяць пра мінулае, сведкамі якога былі, і якую мы, на жаль, счытваць не здольныя. Доўга насіла ў сабе гэтую думку, пакуль узялася пісаць аповед. Пісаўся ён лёгка, нават неяк урачыста, з ахвотай. Быў пасля бязлітасна раскрытыкаваны Пятром Садоўскім. Але паколькі замест пісьменніцкіх амбіцый я мела чыстую радасць ад магчымасці ствараць новы свет, то і крытыку прыняла спакойна і станоўча.
“Хросным бацькам”, бадай, быў сам Час. Беларускай мовай тады размаўляла каханне, сяброўства і найярчэйшыя праявы жыцця. Мова сталася каштоўным творчым набыткам на ўвесь далейшы шлях.
- У чым адметнасць Вашай творчай працы? Які час сутак найбольш плённы? Да якіх “тэхнічных прыладаў” Вы найбольш звыклі: аловак, пяро, шарыкавая ручка, кампутар, дыктафон, інш.? Ці выкарыстоўваеце Вы “творчыя стымулятары”: кава, цыгарэты, віно, музыка, інш.? Што для Вас натхненне і ці чакаеце Вы яго, каб пачаць пісаць?
Гарой на паліцы ляжыць сціжма спісаных нататнікаў розных колераў і формаў. Па іх можна адшукваць і згадваць пра што чытала, што натхняла, здзіўляла, абурала… Чорны, Набокаў, Шмеман, Рушдзі, Мілаш, Памук…, уласныя думкі, цытаты са старых дакументаў, пераважна тэстаментаў узору 16 стагоддзя – Памяць чалавечая вельмі кароткая, калі б пісьмом падпірана не была. Таксама маю адмысловы зялёны нататнік-слоўнічак з выпісанымі цікавосткамі, якія вышукаваю і прыкмячаю ў розных аўтараў. А вось пісаць люблю выключна на кампутары. І толькі тады, калі адчуваю ўнутраную свабоду, а разам з ёй і пэўную адважнасць. Але гэта – раскоша.
- Якія цяжкасці паўстаюць перад Вамі падчас напісання твора? Якое значэнне Вы надаеце слову, фразе, рытму твора? Ці звяртаецеся падчас пісання да даведачнай літаратуры, слоўнікаў, энцыклапедыяў?
Тое, што падавалася цяжкім, у пэўны момант робіцца лёгкім, і наадварот. Вельмі чуйна рэагую на рытм у творы. У чужым, у сваім. Рытм як рух, як праява жывога і зменлівага. Рытм напаўняе тэкст паветрам, задае дыстанцыю паміж словамі, а гэта, як і ў жыцці паміж людзьмі, – неабходная рэч. Люблю чытаць прозу, у якой прысутная хаця б кропля паэзіі, і тады тэкст набывае зусім іншы подых. Уздымае, развінае далягляды. У Чэслава Мілаша ў “Зямлі Ульры” прачытала, што паводле ісламскай традыцыі, Адам, калі жыў у Раі, размаўляў вершамі – рытмізаванай мовай. Цікава.
Найчасцей карыстаюся сваімі незлічонымі нататнікамі, зрэдку іншымі даведнікамі.
- Што/хто найбольш спрыяе ў рэалізацыі Вашых літаратурных задумаў? Што/хто найбольш перашкаджае Вам у гэтым? Ці ўплывае на Вашую творчасць ацэнка сяброў, рэдактараў, чытачоў? Ці вяртаецеся Вы да напісаных твораў, каб перапісаць іх, перарабіць, удасканаліць?
Спрыяю хіба сама сабе, калі толькі сапраўды спрыяю, а не адкладаю на потым. Толькі ад мяне самой залежыць – зраблю/напішу ці змарную задуму. Ніхто гэтаму перашкодзіць не можа. Нават калі дзень заняты клопатамі, гэта не прычына, каб не знайсці час зранку ці ўначы, каб пабыць адной. Замінае хіба сумнеў. Часта лаўлю сябе на думцы: жыццё багацейшае за літаратуру. Вучыся пражываць яго напоўніцу – у радасцях і раскошах ці згалочаны і нічога не маючы – як пісалі нашыя продкі ў сваіх тэстаментах. Кожны пражыты дзень – старонка. Ці таленавіта ён пражыты табой, ці проста кануў у нівеч?
Недзе прачытала, што чалавеку апроч іншага неабходныя дзве рэчы – паветра і пахвала. Пагаджуся. Увага чытача вельмі патрэбная, і каля яна станоўчая – радасна, а гэта ж такая каштоўная рэч – радасць. Дарэчы, пісаць, удала занатаваць думку, выказаць словамі эмоцыю – вялікая радасць для мяне. Нават складана параўнаць з нейкай іншай. Ствараючы тэкст, а гэта значыць – новы свет, ты нібы пазбаўляешся ад самоты. Не той гаючай, так неабходнай для разумення самой сябе ў гэтым свеце, а вусцішнай і маркотнай, ад якой складана ўцячы.
Не перапісваю, бо тады, магчыма, губляецца штосьці невымоўнае, праўдзівае, няхай нават і нягеглае. У гэтым сэнсе, я не прафесіянал і зусім не перфекцыяністка.
- Ці задаволеныя Вы сваімі творамі? Што ў Вас не атрымалася ў творчасці? Чым Вы найбольш задаволены? Якія эпізоды сваёй біяграфіі Вы хацелі б перажыць наноў? Наколькі Вашая біяграфія паўплывала на творчасць і адбітая ў творчасці?
Радуюся, калі яны зрэдчас здараюцца, і пасля забываюся на іх. Але нябачная іх прысутнасць усё ж істотная. Не атрымліваецца, бадай, тое, што больш узіраюся, чым запісваю. Доўга выношваю і, бывае, пераношваю. І хаця сам працэс пісання вельмі-вельмі люблю, часам сумняюся ў вартасці напісанага.
Хацела б перажыць яшчэ раз настрой і атмасферу 90-х. Яшчэ раз схадзіць на прэм’еру “Народнага альбома”, размаўляць з Міхалам Анемпадыставым пра Менск, заходзіць у госці да бацькоў і ўжо ў пад’ездзе адчуваць неверагодныя водары прыгатаваных страў, якія так прыгожа будуць чакаць на стале… З вялікай удзячнасцю згадваю бацькоў і іх любоў, якая, магчыма, працягвае трымаць у гэтыя змрочныя часы. Іх сэрцы не вытрымалі б сённяшняй бядоты. Маю невялікае апавяданне “Дом”, што колісь было надрукаванае ў “Нашай Ніве”, якое, напэўна, самае біяграфічнае з усіх.
- Ці вядзеце Вы дзённікі? Як ставіцеся да правіла: “Ні дня без радка”? Ці знаёмае Вам пачуццё ляноты, ці змагаецеся Вы з ім (і як)? Калі “не пішацца”, што вы робіце, дзе/у чым шукаеце натхненне?
Не дзённік і не кожны дзень, проста запісы ў асаблівым файле. Калі ў папяровых нататніках пераважна запісваю цытаты іншых, то тут – уласныя зацемкі пра ўсё на свеце.
З пачуццём ляноты знаёмая блізка. Але ж яна дазваляе лепш прыслухацца да сябе ў няспешнасці. Калі “не пішацца” – малюю, ці фатаграфую, ці ляплю з гліны… Нішто так не змяняе ўнутраны свет, як творчасць, бо тады змяняецца для цябе і вонкавы свет. Удакладню, што індывідуальны вонкавы. На жаль, я не магу змяніць звонку сённяшнія выродлівыя злачынныя праявы. Вельмі запалі мне ў душу словы дзіцячага аўтара з Ізюма, светлай памяці Уладзіміра Вакуленкі: “Да ўсяго можна прызвычаіцца, галоўнае – кім ты пры гэтым застанешся”.
- Ці чытаеце Вы творы сваіх маладзейшых і старэйшых калегаў? Хто з творцаў Вам найбольш блізкі – з беларускіх і сусветных аўтараў? Назавіце творы, якія Вы любіце чытаць і перачытваць? Ці ёсць такія ў сучаснай беларускай літаратуры?
Вядома, чытаю. Не ўсіх і не запар, але ж маю ўлюбёных і ўсіх не пералічыць. З нашых аўтараў вылучу тых, хто не толькі ўразіў сюжэтам, мовай, талентам, а хто моцна зачапіў, пакінуўшы ўнутры залатую стрэмку і ўзбагаціў. Вячаслаў Адамчык, Марыя Вайцяшонак, Ева Вежнавец, Мойшэ Кульбак, Таццяна Сапач, Валянцін Акудовіч, Наста Кудасава, Таццяна Скарынкіна… Імёнаў насамрэч значна больш. Сярод сусветных вылучу Вольгу Такарчук. Якраз цяпер чытаю яе “Dom dzienny, dom nocny” ў арыгінале, і вельмі цаню беларускія пераклады. Прыкладам, “Правек” Марыны Шоды. Гэта адтуль – бо толькі няўлоўнае і зменнае найбольш падобнае да б-га. Менавіта гэтым здаўна і кіруюся, напрыклад, калі фатаграфую навакольны свет. Зафіксаваць зменлівае, тое, што праз імгненне ўжо будзе іншым. Цікава, што нешта блізкае да гэтага прысутнае і ў літаратурнай творчасці. Перачытваю пераважна паэзію. На перачытванне вялікіх твораў папросту ўжо не стае часу. Але здарыцца можа ўсялякае. Дарэчы, раман Кульбака “Мэсія з роду Эфраіма” перачытала ўжо тройчы. І гэта не апошні раз, спадзяюся. Геніяльны.
- Чаго, на Вашую думку, не хапае сучаснай беларускай літаратуры і што чакае яе ў будучыні? Што пажадалі б Вы тым, хто робіць першыя крокі ў літаратуры?
Для першага кроку патрэбна адвага і ўвага. Да сябе, да іншых, да наваколля. Сучаснай беларускай літаратуры не стае адкрытасці да свету, разняволення і арыстакратызму (вясковага і гарадскога). Час, у якім даводзіцца жыць, пры ўсіх жахах і пагрозах – выключны для адважнай творчасці, пазбаўленай фігавых апранах.