Ахова птушак Бацькаўшчыны
* * *
Не двухгаловы арол
Не ожэл
З раскіданага
Але свайго гнязда
Паходжу
Неба п’ю шэрань
І шэрані гэтай малюся
На ружы вятроў
На крыжы дарог
На попеле Беларусі
Я не ведаю дзе
Магілы дзядоў
Уся краіна цяпер мне вырай
На мяжы ільдоў
Сівым валуном
Па смерці сваёй
Абярнуся
А пакуль пажыву
На сваю галаву
Упоперак крыўды і праўды
Буду сам называць
Буду сам выбіраць
Уласную волю і краты
І няхай языкі
На чатыры бакі
Словы мае абглыдаюць
Буду вялікім
Буду малым
Калі сам таго пажадаю
__
Дзіў напамінам
Пакінуў пяро
Знік у нерушы сцюжнай
Пёрка тоне
Нібы ў пяску
У сподзе тваёй фрэндстужкі
* * *
Ён сядае на дах праз дарогу і проста глядзіць
Чытае па рухах вачэй гісторыі сноў
Каб тое што мы так прагна імкнемся забыць
З сабою забраць і назаўтра вярнуцца зноў
Скрозь снег і холад ды проста глядзець на нас
Слабых і бязвольных ў бясконцай сваёй магуце
Без вычураў гульняў хітрасці ды прыўкрас
І думаць чарговы раз гэта проста людзі
За дзень да таго як пачнецца няспынны дождж
Альбо як агонь пад гарою ўвойдзе ў сілу
Князь Кук па пяры раздорыць сваю любоў
І болей у неба крылы свае не ўздыме
Бывай назусім дах насупраць сягоння пусты
Паціху цемра чапляе зоркі на грудзі
Й падхоплены рэхам лунае апошні ўздых
З якім на зямлі мы яшчэ колькі часу пабудзем
* * *
Калі абрынецца мур іроніі
За якім вы звілі гнёзды
Куды падзенецеся
За якім пабяжыце ветрам
/
Чуеце
Гэта не Марсія пазбаўляюць скуры
Гэта крычаць тыя
У каго забіраюць ілюзіі
Не даючы наўзамен іншых
/
Нашая краіна флюгер
Што кіруецца чужой воляй
Але заўсёды застаецца
На сваёй восі
/
Калі мы дагэтуль не агучылі
Нацыянальную ідэю
То хутчэй за ўсё гэта тое
У чым сорамна прызнавацца
/
Хто нам здрадзіць першы
Нашы дзеці альбо ўнукі
Каго мы цяпер клянём
Бацькоў дзядоў прадзедаў
/
Калі ў нас культ продкаў
То чаму пра прашчураў
Мы ведаем не больш
Як некалькі сказаў
/
Наша гісторыя
Развіваецца па спіралі
Спружыны якая тырчыць
З абадранай канапы
/
Абнуляем памяць
З надзеяй займець у будучыні
Толькі прыемныя ўспаміны
/
Ужо не чакаем герояў
У іх нарэшце з’явіцца шанец
/
Усе гатовыя ўзяцца за зброю
Ідуць лесам
/
Выдайце
Джэнтльмену ў белым
Вятрак і прычэп гною
/
Мінск – самая чыстая сталіца
Краіны бясконцых срачаў
/
На сёння хопіць
Гаварыць праўду бясплатна
Цяпер занадта дорага
/
Шчыра
Вашае
Гамаюн лайв стрым радыё
* * *
Дзе напаткаеш песню сваю
Давай паспрабуй адкажы
Можа быць на пялёстку ружы
Можа быць на нажы
Голас высах нібы ручай
Голас пясок і шкло
Немым крыкам крычыць адчай
Поўні ў крамяны лоб
Зноў вучуся сябе прамаўляць
І адчуваць услых
Быццам я зусім немаўля
Быццам зусім малы
Птушка сірын ляціць скрозь ноч
Песню трымае ў дзюбе
Бы птушаняці
У вусны мае
Радасць нясе
І згубу
* * *
Навокал адна вада
Не бачна зямлі і дна
Толькі смяротны бой
Па драбязе любой
Куды ты ляціш Страцім
Праўду вазьмі з сабой
Праз мітульгу тугу
Прорва цягне руку
Крыўдамі за спіной
Радасцю за вайной
Куды ты ляціш Страцім
Любоў забяры з сабой
Не перавесці дых
Песня маўчыць услых
Толькі вада адна
Наплакала што вясна
Куды ты ляціш Страцім
Ці будзе там месца нам
* * *
Тата тата глядзі
Птушка крыламі б’е ў агні
Замак палае
А па-над ім
Дым
Тата глядзі ў агні
Скача ваяр на кані
Скача
А па-над ім
Бела-чырвоны
Дым
Тата тата глядзі
Як мы знікаем ў агні
Што застанецца ад нас
Дым?
Глянь паглядзі сынок
Фініст пад прысак лёг
Як знежывее ў душы
Прысак паварушы
* * *
Колькі там да відна
Колькі ўзмахаў крыла
Колькі ўсяго яшчэ
Ведаеш ты адна
З невараці ў нябыт
Нясі мяне вынасі
Такога мёртвага-мёртвага
Такога жывога-жывога
Нібы
Мясам маіх надзей
Крывёю спатоль сябе
Толькі ляці хутчэй
Скрозь прадзіва
Гэтых начэй
Калі любоў
не любоў
Калі жыццё
не жыццё
Калі я
не я
Калі толькі ноч
ноч
Колькі там да відна
Колькі ўзмахаў крыла
Ляціць і маўчыць
Нагай
Толькі есці і піць давай
* * *
Вось і ўсё.
Скора восень пярэстым крылом
Назаўсёды накрые
Зямлю і мяне.
І не вырвацца будзе
З гэтых акоў,
І не знойдзеш
Шчаслівей мяне.
Тут змяшчаецца радасць
І гэтакі боль,
Што не кожны
Здалее стрываць…
А з адкрытае раны
Пальюцца на дол
Словы, што
Ўрастуць у дзірван.
Праз які-небудзь час,
Калі крокі твае
Будуць зноў
Прабіваць цаліну,
Незаўважнаю ніткай
мяне ўпляцеш
У гісторыю толькі тваю.
І тады ты не вырвешся
З гэтых акоў,
І не будзе шчаслівей
цябе.
Назаўсёды накрыты
Пярэстым крылом
Ты напішаш вершы свае.
* * *
Маўчанне дастала
Ды лепей маўчаць
Калі табе не стае “сказала”
Гучанне прамоўленай пустаты
Больш неагучанага дастала
Што кажу і нашто кажу
І ці маю на нешта права
Прабачэння ў вас прашу
За дождж што выпаў так нечакана
Я пазбягаю вялікай вады
Я напэўна іду не туды
Да бязволля свайго прыкуты
Я напэўна не йду нікуды
Жаўтадзюбая маладосць
Што нам Хронас зязюльчыным дзецям
Стомлены бацька прамовіць досць
І дазволіць сабой наесціся
Я шукаў які-небудзь сэнс
Я згубіўся ў гэтым шуканні
А за спінай падняўся лес
Са сваімі да нас пытаннямі
Калі не пульсуе па венах біт
Сфармуляваць сябе глінай і каменем
Чакаць пакуль адгукне нябыт
Жыць чаканнем
Людзі гэтай зямлі ідуць
Птушкі гэтага неба лятуць
Што нясуць яны
Чаго прагнуць
Чым бясконцую
Спатоляць смагу
Свабода і роўнасць
Кінутыя сабаку
Косткай захраслі ў глотцы
Правы й абавязкі
Ніяк не змяшчаюцца
У аднамеснай лодцы
Адплата за крыўду
Смярдзіць крывёю
і гарам
Але ізноў і ізноў
Адплата мроіцца
У марах
Мы не рабы
Хочацца крыкнуць
Але замірае голас
Пернік і пуга
Пуга і пернік
Стакгольмскае кола
Можна перакуліцца ў камень
Гліну жалеза
Можна маўчаць крычаць
І шукаць сабе месца
Але толькі цяпло далоні
Разрэжа сэрца
І само цябе знойдзе месца
Тата вось карабель папяровы
Ручай
Пускай карабель
І бяжы
Вясна ў паўнаводдзе
Па кроплі збярэ капяжы
Пусці карабель у гэтае мора
І проста жыві
Вясна адгукнецца
На кожны прамень унутры