Фелік Баторын (№123)

Анкета «Дзеяслова»

  1. Чым бачыцца Вам літаратурная творчасць: нябесным прызваннем, грамадзянскім абавязкам, прафесіяй, хобі, звычкаю? Што падштурхнула Вас да пісьменніцкай дзейнасці. Ці памятаеце свой творчы дэбют? Каго Вы лічыце сваім літаратурным “хросным бацькам”?

 Чым бачыцца мне літаратурная творчасць: нябесным прызваннем, грамадзянскім абавязкам, прафесіяй, хобі, звычкаю? Усім разам, і без містыкі. Творчы пачатак закладзены ва ўсіх людзей у генах. Любы від дзейнасці звязаны з нейкімі творчымі прыёмамі. Нават праца дворніка вымагае ў пэўных выпадках творчага падыходу. У адных людзей больш выражана схільнасць да адмысловых відаў творчасці, у іншых – да інакшых. Магчымасць жа рэалізаваць свой творчы патэнцыял залежыць ад канкрэтных жыццёвых акалічнасцяў і ад якасцяў асобы такіх, як уседлівасць, сіла волі, цікаўнасць, працавітасць альбо ленаватасць, ад матэрыяльнага дастатку сям’і, выхавання, адукацыі і г.д. Як усе без выключэння дзеці ранняга ўзросту, я ў маленстве меў схільнасць да рытмічнай мовы і рыфмавання. Мая старэйшая сястра Святлана, якая вельмі любіла мяне (і я яе не менш), ганарылася маімі “поспехамі” і без канца ўводзіла мне ў вушы, што я буду паэтам. Яна нара­дзілася ў траўні 1941 года, немаўляткам з маці трапіла ў эвакуацыю, дзе жыць давялося ў вялікай нястачы. Святлана цяжка захварэла і, нягледзячы на ўсе намаганні дактароў, памерла ў шаснац­цаць год. Незадоўга да смерці яна ўзяла з мяне, дзевяцігадовага, слова, што я не кіну складаць вершы. Я паабяцаў.

Мае дзеці, дарэчы, таксама ад нараджэння мелі схільнасць да творчага працэсу, звязанага з музыкай і са словам. Дачка Святлана скончыла музычнае вучылішча, інстытут культуры па класе віяланчэлі, выступала з музычнымі ансамблямі. Але на гэтай ніве ў яе, як той казаў, не склалася. Урэшце яна зрабілася педагогам-арганізатарам, працуе ў школе, арганізуе працу гурткоў самадзейнасці, сустрэчы дзяцей з музыкантамі, паэтамі. Сын Дзімітрый – кандыдат філалагічных навук, аўтар шматлікіх навуковых прац па беларускай філалогіі і культуралогіі.

Што ж тычыцца майго творчага дэбюту, калі ім лічыць першую публікацыю, то адбылося гэта так. У 1966 годзе мяне, актыўнага наведвальніка літаратурных аб’яднанняў пры некалькіх беларускіх перыядычных выданнях, запрасілі на семінар маладых пісьменнікаў у Каралішчавічах. Ініцыятарам запрашэння быў А. Русецкі. На семінары разам са мною былі вельмі таленавітыя хлопцы і дзяўчаты: Іван Кірэйчык, Валянціна Коўтун, Леанід Калодзежны, Ніна Мацяш, Ніна Шклярава, Анатоль Кірвель, Галіна Каржанеўская, Марыя Баравік… Усе яны былі куды больш таленавітыя за мяне, і пачуваўся я з гэтай нагоды ніякавата. Вялі семінар Анатоль Вярцінскі, Васіль Вітка, Мікола Аўрамчык. Вось менавіта Мікалай Якаўлевіч і звярнуў на мяне ўвагу, папрацаваў са мной індывідуальна. У выніку ў 1967 годзе ў 7-м нумары “Маладосці” ўбачыла свет мая першая падборка вершаў. Мікалай Якаўлевіч актыўна цікавіўся маімі поспехамі і дапамагаў добрымі парадамі доўгія гады. Потым у маім станаўленні як паэта адыгралі вялікую ролю У. Паўлаў, М. Стральцоў, Р. Барадулін. З падачы
В. Сёмухі і В. Рабкевіча я пачаў займацца перакладам. Шмат мне дало сяброўства з Л. Дранько-Майсюком, творчасцю якога я зачараваны з самага яго дэбюту. Духоўна ён вельмі блізкі мне. Часцяком у мяне мільгае нават зайздрослівая думка: ну чаму гэта напісаў ён, а не я… Вось колькі ў мяне “хросных бацькоў”.

  1. У чым адметнасць Вашай творчай працы? Які час сутак найбольш плённы? Да якіх “тэхнічных прыладаў” Вы найбольш звыклі: аловак, пяро, шарыкавая ручка, кампутар, дыктафон, інш.? Ці выкарыстоўваеце Вы “творчыя стымулятары”: кава, цыгарэты, віно, музыка, інш.? Што для Вас натхненне і ці чакаеце Вы яго, каб пачаць пісаць?

 Чытаючы біяграфіі многіх творцаў, сутыкаешся з тым, што ў пераважнай іх большасці ўсталяваны і пэўным чынам арганізаваны рабочы дзень. Я неарганізаваны чалавек. Спецыяльнага часу на творчасць не вылучаю. Рабіў спробы прымусіць сябе нешта напісаць. Нічога з гэтага не атрымалася. Задумкі ў мяне ўзнікаюць нечакана ў любыя гадзіны сутак і часцей за ўсё ў самы неспрыяльны час. Галоўнае, нешта павінна мяне моцна ўразіць. Не абавязкова падзея павінна адбыцца менавіта са мною. Гэта можа быць нешта прачытанае, пачутае ад людзей альбо сустрэтае ў СМІ. Іншым разам мною авалодвае нейкі рытм. Я мармычу нешта ў гэтым рытме, потым пачынаюць з’яўляцца адпаведныя рытму словы, строфы. Не заўсёды, пачаўшы верш, я ведаю, чым ён скончыцца. Калі б вы бачылі, на якіх выпадковых паперках накрэмзаныя мае чарнавікі!

Запісваю я іх звычайна шарыкавымі ручкамі. Здараецца – і алоўкам. Потым пачынаецца праца з вершам, бо адразу, на адным дыханні, не ўсё атрымліваецца найлепшым чынам.

Вось тут ужо я саджуся за працу спе­цы­яльна. Бывае, што ўдзень, бывае –
і сярод ночы, тым больш што бяссонне – нярэдкі мой госць. “Стымулятараў” дзеля творчай працы не ўжываю. Не куру, віна амаль не п’ю, не аматар. Каву п’ю ў час адпачынку. Гатовыя вершы апрабоўваю на жонцы, дзецях, сябрах. Амаль заўжды чую ад іх нейкія слушныя заўвагі, асэнсоўваю іх і перарабляю напісанае. Кампутарам карыстаюся для захавання і перасылкі тэкстаў. Калі згаданае вышэй і ёсць натхненне, то пішу я, значыць, толькі зазнаўшы натхненне. Вось калі я пісаў мастацка-дакументальную аповесць “Чорны год”, тады я працаваў, паставіўшы перад сабою творчую мэту. Я сустракаўся з удзельнікамі падзей, вёў з імі гутаркі, чытаў іхнія ўспаміны, вывучаў дакументы і садзіўся за стол мэтанакіравана.

  1. Якія цяжкасці паўстаюць перад Вамі падчас напісання твора? Якое значэнне Вы надаеце слову, фразе, рытму твора? Ці звяртаецеся падчас пісання да даведачнай літаратуры, слоўнікаў, энцыклапедыяў?

 Пры апрацоўцы чарнавікоў я, безу­моўна, звяртаю ўвагу на тэхнічныя дэталі, бо ў стыхійна паўсталых вершах не ўсё бывае ідэальна. Я прыхільнік класічнага рыфмаванага сілаба-танічнага верша, але з такой паэтычнай тэхнікі абсалюту не раблю. Ёсць творы, якія вымагаюць дольніка, верлібра, белага верша. Тут спрацоўвае і творчая інтуіцыя. Бывае, што дзеля большай выразнасці думкі трэба паламаць рытм. Здараецца, што нейкае слова здаецца не зусім адпаведным. Тады разгортваю сінанімічны альбо тлумачальны слоўнік. Слоўнікі я вельмі люблю, іншым разам зачытваюся імі, як мастацкім творам. Яны адкрываюць неверагодныя моўныя скарбы. Усім калегам, асабліва маладым, я раю: чытайце слоўнікі – дзвюх- і болей моўныя, арфаграфічныя, тлумачальныя, спецыяльныя, абласных гаворак, энцыклапедычныя – не пашкадуеце!

  1. Што/хто найбольш спрыяе ў рэалізацыі Вашых літаратурных задумаў? Што/хто найбольш перашкаджае Вам у гэтым? Ці ўплывае на Вашую творчасць ацэнка сяброў, рэдактараў, чытачоў? Ці вяртаецеся Вы да напісаных твораў, каб перапісаць іх, перарабіць, удасканаліць?

 Спрыяе мне ў творчасці перш за ўсё натхненне, а таксама зычлівае стаўленне да маёй творчасці рэдактараў выданняў, куды я дасылаю свае вершы. Да слухачоў, чытачоў, сяброў і блізкіх, рэдактараў я прыслухоўваюся безумоўна, але не бяздумна, прымаю не ўсе заўвагі, а толькі тыя, якія бачацца мне слушнымі. Перашкаджае ж часцяком творчаму працэсу неспрыяльны збег жыццёвых акалічнасцяў. Ад гэтага ніхто не застрахаваны. Часам у мяне ўзнікае жаданне перачытаць напісанае раней. Часцей за ўсё мае даўнейшыя творы мне ў нечым здаюцца недасканалымі, не ўсё ў іх падабаецца, за некаторыя робіцца сорамна. Але я іх не перарабляю, немагчыма перарабіць жыццё, якое ўжо адбылося.
А вершы – гэта маё жыццё. Хай застаюцца такія, як ёсць. Бывае, трапляецца кінуты на паўслове чарнавік, у ім нейкая цікавая думка, вобраз, але ў час напісання не хапіла нечага, каб давесці верш да канца. Вось у такіх выпадках я пачынаю працаваць над вершам нанова. Здараецца гэта не так і часта, але здараецца.

  1. Ці задаволеныя Вы сваімі творамі? Што ў Вас не атрымалася ў творчасці? Чым Вы найбольш задаволены? Якія эпізоды сваёй біяграфіі Вы хацелі б перажыць наноў? Наколькі Вашая біяграфія паўплывала на творчасць і адбітая ў творчасці?

Я ўжо часткова адказаў на пастаўленыя пытанні. Ёсць у мяне дзясяткі са два вершаў, якія мне цалкам удаліся і вытрымалі выпрабаванне часам. Задаволены я і тым, што мне ўдалося апублікаваць аповесць пра ўдзел майго бацькі і яго таварышаў у супраціве фашысцкай навале. Застаецца дадаць, што ў мяне нямала вершаў, якія можна лічыць аўтабіяграфічнымі. У іх занатаваныя мае перажыванні як сына, мужа, бацькі, урача, выкладзена тое, чаму я быў сведкам. Ды йнакш, напэўна, і не бывае. І ўсё ж не варта ставіць знаку тоеснасці паміж лірычным героем і аўтарам твора. А што б я хацеў перажыць нанова? Сустрэчы з дарагімі мне людзьмі, якіх больш няма. Але гэта немагчыма.

  1. Ці вядзеце Вы дзённікі? Як ставіцеся да правіла: “Ні дня без радка”? Ці знаёмае Вам пачуццё ляноты, ці змагаецеся Вы з ім (і як)? Калі “не пішацца”, што вы робіце, дзе/у чым шукаеце натхненне?

Дзённікаў я не вяду. Думаю, тут я не маю рацыі. Памяць – інструмент не надта надзейны, з цягам часу прытупляецца. Аднак праз сваю неарганізаванасць пераступіць не магу. Калі не пішацца, не пішу. Плінія з ягоным nulla dies sine linea паважаю, але я супраць пісання радкоў дзеля радкоў. Пачуццё ляноты? Калі чытаю ў Пушкіна, як ён аддаецца ляноце, я яго добра разумею. Натхнення не шукаю: яно само знаходзіць мяне.

  1. Ці чытаеце Вы творы сваіх маладзейшых і старэйшых калегаў? Хто з творцаў Вам найбольш блізкі – з беларускіх і сусветных аўтараў? Назавіце творы, якія Вы любіце чытаць і перачытваць? Ці ёсць такія ў сучаснай беларускай літаратуры?

 Чытаю я менш, чым хацелася б, праз праблемы са здароўем і бытавыя варункі часу катастрафічна не хапае, але перыёдыку праглядаю рэгулярна, мала­дзейшых аўтараў чытаю , а старэйшых калегаў – і пагатоў. Любімыя аўтары: Янка Купала, Максім Багдановіч, Лермантаў, Пастарнак, Мандэль­штам, Страль­цоў, Гейнэ (правільней – Гайнэ), Аўсей Дрыз, Ганна Ахматава, Ніна Мацяш, Самуіл Маршак, Анатоль Вярцінскі, Лёня Дранько-Майсюк. Перачытваць люблю Купалавыя “Курган” і “Магілу льва”, Караткевічавыя “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” і “Ладдзю роспачы”, франтавыя дзённікі Канстанціна Сіманава, розныя вершы Ніны Мацяш і Лёні Дранько-Майсюка, навелы Стэфана Цвейга (правільней – Цвайга). Не ведаю, можа я безнадзейна састарэў, але ў сучаснай моладзевай паэзіі прымаю далёка не ўсё. Засмучае павярхоўнасць, катэгарычнасць, неахайнасць тэхнікі. І яшчэ, часам мне здаецца, што ў нас памёр альбо ўпаў у летаргію інстытут рэдактарства. Ро­біц­ца горка, калі пад выглядам вытанчанасці думкі і высокай асацыятыўнасці чытачу прапануецца выяўная бязглуздзіца, набор цытатаў і псеўдарэмінісцэнцый, а то і (проста дзеля эпатажу) брыдкаслоўе, пры гэтым нічым не апраўданае. Засмучае высакамернае стаўленне некаторых юных геніяў да набыткаў папярэднікаў і да творчасці класікаў, імкненне да ідаласкідання і высмейвання. Чытайце, хлопцы-дзеўкі, Запавет: не судзі і асуджаны не будзеш. Вам у класікаў яшчэ дзесяць год трэба ваду насіць і дзяцей калыхаць!

  1. Чаго, на Вашую думку, не хапае сучаснай беларускай літаратуры і што чакае яе ў будучыні? Што пажадалі б Вы тым, хто робіць першыя крокі ў літаратуры?

 Сучаснай беларускай літаратуры перш за ўсё не хапае чытача. Нават шмат хто з тых, што лічаць сябе пісь­меннікамі, не чытае нікога, апроч сябе. Гэта бяда ўсёй сённяшняй сусветнай літаратуры. Мы жывем у часы “масавай культуры”, калі запатрабаваная літаратура забаўляльная, над якою не трэба ламаць стомленай бытам і ўсёю рэчаіснасцю галавы. Але ў Беларусі становішча больш трагічнае, бо фактычна робіцца мізэрна мала для прапагандавання роднага слова. Занядбанне мовы і праз гэта знікненне чытача непазбежна прывядуць да краху літаратуры.

Што пажадаць тым, хто робіць першыя крокі па дарозе на Парнас? Перш за ўсё Багушэвічава: “не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі”. Чытайце не толькі свае “неўміручкі”, але як мага больш твораў высокай літаратуры, вучыцеся працаваць са словам, будзьце жорсткімі крытыкамі сваіх тэкстаў, прыслухоўвайцеся не столькі да тых, хто вас хваліць, але раней да тых, хто тыцкае вас носам у вашыя хібы. І – per aspera ad astra (праз церні – да зор)!


Апублікавана

у