фелікс баторын (№127)

Дачакацца вясны…

*  *  *

Я прысніў фівінскага цара

Ў масцы двухгаловай птушкі Сірын.

Тхнула ад яго няўмольнай сілай,

А пагляд не абяцаў дабра.

І паўстаў Майсей перад царом.

Быў чамусьці ў крывіцкім уборы.

У паглядзе годнасць, непакора,

Голас ціхі, а гучаў, як гром.

Цар не чуў ніколі слоў такіх:

“Твой Егіпет у крыві патоне!

Адпусці народ мой, фараоне.

Нам тваіх не трэба пірамід”…

Час мінуў, а мне вяртае слых

Словы, што я сніў тады, і сёння:

“Адпусці народ мой, фараоне.

Нам тваіх не трэба пірамід”.

*  *  *

Сум, журбота, скруха і туга –

Не адзін праходзіў гэтым шляхам.

Нельга значна болей, чымся льга.

Яснасць саступае месца страхам.

Што расло й квітнела, стане прахам.

Прад вачыма ценяў мітульга.

Нельга значна болей, чымся льга.

Не адзін праходзіў гэтым шляхам.

*  *  *

Захлынуся ружовым блакітам світання

З яго водарам смол, з яго свежасцю рос –

І адбудзецца ўсё, як туману расстанне

З маладой зелянінаю белых бяроз.

І растану з туманам. І кропелькі слёз,

Як расінкі, асушыць вясёлае ранне.

*  *  *

Рассыпае жмені нотаў

Вар’яваты музыкант,

Нібы сотні зыркіх кнотаў

Назапальваў рызыкант.

А ў грудзях людзей саломы

Назапашана сухой.

А саломе, як вядома,

Досыць іскаркі адной…

Забяры з пляча ты скрыпку

І схавай у футарал.

Мір наўкол падманны, зыбкі,

Ён не раз ужо згараў.

Шмат было агню і чаду,

І апёкаў не злічыць…

Музыкант прыняў параду,

Але рэха ўсё гучыць.

*  *  *

Світанак выбіраецца з туману,

Выцягвае, як з багны, ногі дрэў,

Галлё якіх абсыпанае маннай…

Не! – попелам: то змрок начны згарэў.

Дурасліва я скочыў па-хлапечы,

Гады маленства ўспомніўшы свае –

І попел мне пасыпаўся на плечы

І за каўнерам знобка растае.

Пайду блукаць, пахрумстваючы сцежкай,

Са шчок рукой сціраючы мароз:

Мо стрэну дзе цябе дзяўчом з усмешкай

І парай смешных абынелых кос.

*  *  *

У Хлебным завулку, дзе боханны водар

Казыча не нос, а душу,

Сапраўдную оду, узнёслую оду

Надзённаму хлебу пішу.

Пяром у нататнічку я накалякаў:

“На хлебе трымаецца свет!”

Пры гэтым са смакам ем булачку з макам,

Шчэ й масла намазаў як след.

*  *  *

Кавалеры Высокае Веры,

Мо разыдземся ўсе па кватэрах,

Дзе пад песеньку “Ба́ю-баю́”

Закалышам мы Веру сваю.

З супастатаў мы будзем цвяліцца,

Ціхім шэптам на Веру маліцца –

І належнае нам аддадуць:

У труну нам яе пакладуць.

*  *  *

Я ніколі нізашто не паверу –

Сумнявацца даў мне права Гасподзь –

Што, пастукаўшы ў забітыя дзверы,

Я пачую у адказ: “Уваходзь!”

Ды аднойчы (як? – вялікая тайна)

Прагучыць адказ дакладна такі.

Ірвану я тыя дзверы адчайна

І іржавыя зламаю цвікі.

Я на крылах маладога паветра

У задушлівы ўварвуся пакой…

Ты пашлі, Гасподзь, мне гэткую веру:

Вельмі цяжка мне без веры такой!

*  *  *

Сярмяжная праўда, сурдутная праўда,

Парфірная праўда – вялікая наўда –

Працятыя – ўгледзься! – маною скразной,

А ісціна ўражвае

Галізной.

*  *  *

Разгадка вечнай таямніцы

Бліжэе, быццам небакрай,

Дзе дрэвы, дахі і званіцы

Краіны, што завецца Рай.

Не больш за два якія крокі

Да брамы, ўвітае лазой.

Чаму ж напоўнілася вока

Такой пякучаю слязой?

*  *  *

Маны няма, а толькі праўды розныя

Адна адну зацята абвяргаюць

І прагна, праўдзянятамі паросныя,

На мешанку й памыі налягаюць.

*  *  *

У пустаце, набітай розным хламам,

Самоцяцца асколкі і аскепкі,

І паўстае-ўзыходзіць над бедламам

З усмешкаю крывой нязводны скепсіс.

Але наіўнасць корпаецца ў друзе

І цешыцца нязбытнаю надзеяй

На тое, што спустошаныя грудзі

Жыццём напоўніць Вышняя Ідэя.

Ды з аскабалкаў мёртвых ідэалаў,

Як з пазлаў, не складаецца нічога,

А пад рукой то з трэшчынай піяла,

То бітая талерка, то панчоха…

*  *  *

Розных вераў на свеце досць.

Абыходзімся ж мы дзвюма:

Нехта верыць, што Бог – ёсць,

Нехта верыць, Яго няма.

*  *  *

Ноч спісала ўсё чарніла,

Казкі творачы свае.

Сны душа ўсе адасніла,

Дзень прад ёю паўстае –

Дзень суровы, нават жорсткі,

Як жарсцвянік, мулкі й шорсткі.

*  *  *

Стамілася ліць. Прарываюць вятры

У хмарах адтуліну – і на плячо мне

Кладзецца цяпло нечаканага промня –

Скупая пяшчота суровай пары.

Спакою душы аніяк не агораць.

А новай вясны ж дачакацца хачу.

Ах, восень! Як востра я сёння адчуў

Усю тваю даўкую слодыч і горыч…

*  *  *

Мо з іскаркі якой неасцярожнай

Пажар пажэр лясок, што рос за пожняй.

Згарэлі дрэвы, мох і травы ўсе.

Выжарны попел стыне пакрысе.

І не пазнаеш, борам альбо гаем

Быў гэты мёртвы шэры прах спярша.

Вось гэтак жа на попел выгарае

Ахопленая крыўдаю душа.

ГАРА З ГАРОЮ

Мне насустрач дзед стары ідзе:

Птушкі гнёзды ўюць у барадзе,

Шызы мох звісае з галавы,

Мае кій сучкасты і крывы.

Мне знаёмы нечым гэты дзед.

Я з сумневам вымавіў: “Альфрэд?”

Ён зірнуў са здзівам на мяне

І спытаўся: “Фелік? Ты ці не?”

У юнацтве мы былі сябры.

Шэсць дзясяткаў год з тае пары.

Мы глядзім адзін на аднаго

І сказаць у нас няма чаго.

ПІЖМА

Нібы зярняты сонца, піжма

Рассыпаная па зямлі.

Гудуць над ёю пчолак сціжмы

І аксамітныя чмялі.

У ледзяны крынічны кіпень

Мачае неба прамяні.

Гаркавай піжмай пахне ліпень,

І спеліць мёд ён дзень пры дні.

НАСЛЕДВАННЕ ДЖ. КІТСУ

Зыркае, як сонечны ўзыход,

Раптам палыхнула летуценне,

Нібы не было пражытых год,

Смутку і трывання, і цярпення.

Лёгка ацяжэлую душу

Падхапіла плынню жарсных крозаў.

Ды парогаў явы пенны шум

Горка працвярэзіў. Да́лей – проза.

*  *  *

Клён вясёлы, дуб разложысты,

Купка станістых бяроз…

Божа, гэты дзень пагожы ты

З траўня ў восень перанёс!

Гэта золата па зелені,

Гэту мяккую цяплынь,

Гэты воблачак адбелены

Не знясі ў нябыт, пакінь!

Але вецер цэдзіць з холадам –

Злосць зацяла дух яму:

“Гэту зелень, гэта золата

І цяплынь я ўсю садзьму!”

*  *  *

У снежаньскае ранне сонца лінула.

У вочы вараннё сляпіцай лезе.

Вярба скупая, што казны не кінула,

Стаіць-дрыжыць у золаце і снезе.

Паслязавейнай белізной нязгаджанай

Напіцца ўволю немагчыма воку.

Кідайце, хлопцы, чортавыя гаджаты –

Гайда гуляць у снежкі і галёкаць!

*  *  *

Шляху не знайшоўшы да збавення,

Быццам рыба, страціўшы луску,

Одум пераходзіць у здранцвенне

У глухім жыццёвым тупіку.

Пыха ссохлай сыплецца ігліцай.

Ты бездапаможны. І таму

Застаецца толькі памаліцца.

Ды ніяк не ўспомніць: а каму?

*  *  *

Вачаніцы мае, вачадолы,

Вам хавацца не хочацца ў доле,

Без жывых заставацца вачэй

Цягам дзён сляпых і начэй.

Вы ўсяго толькі частка плоці,

А душа, што пры ёй, у палёце,

Покуль гэтую самую плоць

Не здалее злы мельнік змалоць.

Сам не рады ён славе чорнай,

Ды круціць няўмольныя жорны

Без святочных і вольных дзён

Ад Стваарэння пастаўлены ён.

Вачаніцы мае, вачадолы,

Я прад вечнасцю босы й голы.

Звечарэў мой імклівы лёс.

Я па шыю ўжо ў дол урос.

Мне не трэба ні пекла, ні раю.

Я рукамі жвір адграбаю.

Ды цякучы, рухавы, як вір,

Зноў да плоці вяртаецца жвір.

*  *  *

– Бачыш, мама, ты засмучалася, што я не скончыў

семінарыі, а я кірую вялікай дзяржавай!

– Ах, Сасо, лепш бы ты стаў святаром!

Што – гонар альбо пошлая гардыня –

Ва ўзнёслых душах нашых паўстае?

Ці не на жвіры мы ўзвялі цвярдыню,

Каб жорсткі подых часу знёс яе?

СЕНТЫМЕНТАЛЬНА-ІРАНІЧНЫ РАМАНС

У кавярні з тэрасаю “Верас”

Пад пашэптванне ліп і бяроз

Смакавалі мы “Цыцку” і “Херас”,

Заядалі салатай “ля Рос”.

Перастала быць спёка пякельнай,

Як тайм-аўт раптам ліпень узяў.

Быў галантным паслужлівы кельнер,

Ён табе кампліменты казаў.

Сталі лёгкімі думкі, як віны,

Што прыносілі нам да стала,

І луналі наўкол херувімы,

Парадызам кавярня была.

Часцяком і сягоння – паверыш? –

Калі ў кухні я рэдзьку крышу,

Успаміны пра “Цыцку” і “Херас”

Херувім мне ўкладае ў душу.

 ДА ЛЕПШЫХ ЧАСОЎ…

…лепшы час можа быць толькі адзін.

Ён называецца “Цяпер!”

Д. Шульман

Страўніку ежа няміла,

Круціць і ные ў назе.

Сэрца з апошняй сілы

Як воз на гару вязе.

Дыхаўку ветрам забіла,

А пад нагамі слата.

Птушка кроплю згубіла

На голаў мне…

Любата!

СЛУХАЮЧЫ КАНТАРСКІ СПЕЎ

Знаю: Псалтыр – не пластыр.

Не, не на целе парэзы –

Ён закрывае раны

І жорсткія язвы душы.

Кантар, зрабі ты ласку:

Чароўную Богаву казку,

Высокую Богаву песню

Ты мне ў сэрца ўпішы.

ПЕРАД ЛЮСТРАМ

У люстры адбіваюцца

Журботныя маршчыны.

Нішто не адбываецца

Без пэўнае прычыны.

Як проста і няпроста ўсё

І сёння, і ў мінулым.

Усё жыццё выпростваўся –

Яно ж мяне сагнула.

Кажу сабе: мінае ўсё,

Канец настане мукам.

Па звычцы разгінаюся –

І застаюся крукам.

ІРАНІЧНА-ФІЛАСОФСКАЕ

Інтэлігенцыі

Тры сасіскі і дзве сардэлькі

Між сабою спрэчку вялі.

Далучыўся кумпяк з-пад бэлькі

І азваўся бурак з зямлі.

Кожны важнасць сваю даводзіў.

Дык і рацыю ж кожны меў!

Кухар спрэчцы не перашкодзіў:

Ён сядзеў за сталом і еў.

*  *  *

Навірыла віроў завіруха,

Пазганяла з галін вераб’ёў.

А ў душы неадольная скруха

Праз біблійную марнасць гадоў.

Запакоўвай мінулае ў клункі,

Як старызну, яго не трасі.

Не шукай, з кім пазводзіць рахункі

І пазыкі хвілін не прасі.

Ты сябе неаднойчы адужаў,

За здубелы ўхапіўшыся гуж.

Акуніся ў завейную сцюжу,

Супраць ветру, схіліўшыся, руш.

НА МАТЫЎ “ЖОРСТКАГА РАМАНСА”

В. Жыбулю

Узбіўся слон

На маленькі ўслон –

Так сядзіцца ў лёсе і мне.

Як у дождж – вады,

Ма́ю я бяды.

Уцячы б куды на слане!

Я навошта змагаўся з млынамі ўвесь час,

Дзіду ў крылы ўтыкаў ім не раз?

Чысціню меў наўме,

Ды ў слановым дзярме

Аж па самыя плечы захрас.

На дварэ мароз.

Слон у лёд урос,

Просіць венікаў на абед.

Палясоўшчык, блін,

Не дае галін,

Ды яшчэ і лаецца ўслед.

Я навошта змагаўся з млынамі ўвесь час,

Дзіду ў крылы ўтыкаў ім не раз?

Чысціню меў наўме,

Ды ў слановым дзярме

Аж па самыя плечы захрас.

Марна дзень пры дні

Сню на яве сны.

Мне сябе няма куды дзець.

Я з табою, слон,

На адзін услон

Узаб’юся і буду сядзець.

Я навошта змагаўся з млынамі ўвесь час,

Дзіду ў крылы ўтыкаў ім не раз?

Чысціню меў наўме,

Ды ў слановым дзярме

Аж па самыя плечы захрас.

*  *  *

Раптоўна разлілася цішыня.

Я не аглух, бо чуў сваё дыханне.

І дыхала марознай парай ранне.

Парохкваў снег, як сытая свіння,

Калі яна распесціцца ў гуморы.

І не было Садома і Гаморы,

Дзе мусіў я круціцца ў дзень ды з дня.

А потым снег нудотна раставаў,

І чвякала пры кроках і без крокаў.

І хоць не веру ў сілу я сурокаў,

Ды хтось сурочыў ці начараваў.

Так і жыву, нібыта тая крыга:

Адліга – і мароз, мароз – адліга;

То я ў слязах, то ў трэшчынах увесь.

Я – проста лёд, замерзлая вадзіца.

Вясной зірне мінак – і ну дзівіцца:

Вось толькі быў і – глянь – падзеўся дзесь…

*  *  *

Было: абклала свет праказа.

Прарок, душу рвучы, прадказваў.

І дзе ён? Дым спіраль віе.

Адно траскучая сарока

Вяшчае штось накшталт прарока,

Натоўпы слухаюць яе.

Куды б ні йшоў, куды б ні збочыў,

Усюды толькі трэск сарочы

І дым, і смалі даўкі пах..

А вецер гойсае па свеце,

З усіх кутоў прыносіць смецце,

Гайдае петлі на слупах.

*  *  *

Вучыцца я хацеў у мудрацоў,

Што век над манускрыптамі гарбелі.

Ды надта ж моцна плесняй патыхалі,

І пыл ляжаў на лысінах у іх.

Тады схацеў вучыцца я ў дзяцей,

Як раіў колісь Анатоль Вярцінскі.

Ды штонікі засюкала малеча

І частавала стравамі з пяску.

І зразумеў я: невукам памру,

Як і прадсказваў тата ўслед за дзедам.

*  *  *

Старасвецкі гадзіннік з размашыстай вагаю,

Асматычна хрыпіць і спазняецца біць;

Як рухомы нязводнай, спрадвечнаю цягаю,

Не спыняецца днямі, начамі не спіць.

Помніць пышныя балі, гавоты з мазуркамі,

Фракі зграбных паноў, строі гжэчных кабет.

Люд цяперашні, пэўна, ён бачыць кузуркамі.

А ў кузурак які можа быць этыкет?

Мы ўвайшлі ў новы век, а сюды ж нас не клікалі.

Нейкай рады й без нас тут не даць цеснаце.

Можа, мы састарэлі? Мы толькі рэліквіі,

Наша месца ў музеі, у пыльным куце?

Мітусяцца наўкол недавукі ды цынікі,

Што не ўмеюць па-людску ні жыць, ні любіць.

Нехта скажа, што мы, як такія гадзіннікі,

Асматычна хрыпім і спазняемся біць.

Яны лічаць лухтою наш досвед з развагамі,

Успрымаюць жыццё, як вясёлае шоў.

Мы ідзем і ідзем, і разгойдваем вагамі.

Вымяраем мы час. Наш завод не сышоў.

*  *  *

Душу я выварочваў на той бок.

Вылазілі вузлы, абрывы нітак

І адвароты швоў, дзе ў аверлок

Рукой краўца нябачнага спавіты

Тканіны край, каб не махрыўся ўток.

Не надта і прывабна выглядаў

Той бок, не так, як вонкавы – прыгожы.

О, высілкаў нямала прыкладаў

Я, каб нідзе ні зморшчынкі, крый Божа!

І з прыкрасцю я тое прыгадаў.

*  *  *

Фарбы гучалі нотамі,

Гралі акорды фарбамі,

Змучаныя згрызотамі,

Аплачаныя інфарктамі.

Крывёй набрыняла гармонія,

Спальваў сябе імпэт…

Сноб працадзіў: “Какафонія.”

“Мазня,” – зазначыў эстэт.

*  *  *

Вось-вось нябёсаў лёгкі шоўк

Рагожай мокраю правісне

І хмара, шэрая, як воўк,

Маланкаю ікласта блісне.

Пакуль жа сонца ўсё пячэ,

Пячэ з рашучасцю адчаю,

І час марудна тáк цячэ,

Што ажно сэрца знемагае.

ВІНЦЭСЮ МУДРОВУ

З нагоды дыскусіі ў фэйсбуку

Мудрацы вялі развагі,

Доўга-доўга вырашалі:

Каб узважваць, трэба вагі

Альбо ўсё-ткі лепей шалі?

Умяшаўся зух сярмяжны:

“Чым вас больш, тым толку меней!

Як узважыць нешта важна,

Гэта можна й на бязмене!”

*  *  *

О, на лепшае спадзяванні,

Ратавальны самападман!

Вы найгоршыя прадчуванні

Пахавалі не ў дол, а ў туман.

Я, як воз стары пад павеццю,

Мо спатрэблюся шчэ каму?

Мне не хочацца думаць пра вецер –

Вецер часу, што дзьме, як дзьмуў.


Апублікавана

у