Анатоль Брусевіч (№76)

Анатоль БрусевічЦішыня
 Калі на пыл шляхоў спадзе трывога
 І вернецца нарэшце Цішыня,
 Суцеш яе: яна шукала Бога,
 Але нікога так і не знайшла.
На жаль, не ўсе шляхі вядуць да Пана.
 Ёсць шлях, які вядзе да Цішыні.
 На ім няма ні горшых, ні абраных,
 А толькі вершаў бледныя агні…


 Маё акно
 Маё акно без поўні і без зор.
 Мароз на ім не піша свой узор.
Маё акно – варожы антысвет,
 Маё акно – забыты трыялет.
Маё акно – салодкае віно.
 Я п’ю яго, а дна ўсё не відно.
Маё акно – напятая струна.
 Не падыходзь так блізка да акна!


 Кожны чацвёрты
 Вясна. Халодны ветру звон.
 Туман шляхі пустыя ліжа.
 Сядзіць сябрына за сталом,
 Ды кожны трэці сябар – лішні.
Бо кожны трэці ўжо не той,
 Другім і першым з ім нягожа.
 Вясна. Згубіўся за смугой
 І не прыйшоў чацвёрты кожны…


 * * *
 Ноч – акіян пануры:
 Вокны дамоў – караблі,
 Якія з нябеснай буры
 Вяртаюцца ў штыль зямлі.
Неба крычыць: “Спакойна!
 Бура гартуе ваш дух!”
 Вокны стогнуць і тонуць,
 П’юць маўчання ваду.
Плача зямля: “Ранак,
 Не дай ім пайсці на дно!
 Ветразі жоўтых фіранак,
 Дзе вы? Мне вас не відно!”


 Вяртанне ў адсутнасць
 Назад у адсутнасць – у белую снежную сцюжу,
 У мёртвы сусвет адыходжу спакойны, як бог.
 Мой розум – мяжа, за якою мінулага ружы
 Скідаюць пялёсткі на вострыя руны шыпоў.
Смяецца душа ад бяссілля, ад стомы і здрады.
 Мінулага ружы сплятаюцца ў брыдкі вянок.
 Вяртаюся ў холад забытага райскага саду,
 Да гнёздаў, разбураных некалі мною знарок.


 * * *
 У дзень зачыненыя дзверы
 На два замкі – на ўсход і захад.
 Ізноў не спяць жывыя дрэвы,
 А кроплі стукаюць па даху.
То дождж, то снег, і трохі сумна,
 Што зараз – ноч, а потым – ранак,
 Што час – закінутая студня,
 І нельга ў ім убачыць твару.


 * * *
 Адзін. Напалову
 Нібыта рассечаны твар
 Лязом. На падлогу
 Кладзецца разбіты алтар.
Хай шэпчуцца думкі!
 Хай рвуцца на волю цвікі!
 А я агарнуся
 Малітваю жоўтай ракі.


 Радаўніца
 Забыўшыся на малітвы,
 Пакінуўшы цела труну,
 Мой Дух выклікае на бітву
 Маралі людской сатану.
Сябе забіваць не цяжка.
 Смакуючы свету боль,
 Цяжарныя Богам манашкі
 Крычаць: “Мы з табой, Анатоль!”
І я паслухмяна крочу
 Да іх па сямі грахах,
 Па ранах, стыгматах, мошчах
 З надзеяй на Божы Страх.
Падэшвамі цяжкіх ботаў
 Я трушчу маўчанне дзён,
 П’ю слёзы памерлых продкаў,
 Вітаю пекла праклён.

 Парушэнне пятага запавету
 Паэт забівае Хама,
 Што вершы чытаў услых.
 Паэту не чутны лямант –
 Ён рвецца з грудзей пустых.
Паэт забівае моўчкі,
 Шануючы слова бляск.
 І нават Паэта вочы
 Замоўклі на ноце “ля”.
І плавіцца сонца-пляма,
 І промнямі б’е пад дых.
 Яно забівае Хама,
 Што вершы чытаў услых.


 Баль
 Сатана правіць баль
 Шмаль
 Прабівае на дзікі смех
 Грэх
 У вачах пустата і сон
 Скон
 Студзіць вусны гаркавы смак
 Вакх
 Памірае між кветак і
 Тугі
 Не хапае на ўсіх святла
 План
 Ціха тлее а вінны бог
 Здох
 Мой апошні пусты намер
 Звер
 Правіць баль Сатана
 Хана


 * * *
 Мне ўнутраны голас сказаў:
 “Вазьмі і застрэлься да ліха.
 Калі надыходзіць адліга –
 Не вартая жалю сляза!
 Вазьмі сваю роспач і боль,
 Кахання наіўнага комплекс,
 І выплюні ў белую столь
 Усё да апошняе кроплі!
І збудзецца мараў буклет,
 І вернецца з выраю лета…”
 Застрэліўся пэўна б, але
 Не маю, на жаль, пісталета.


 * * *
 Даруй, мой Бог, што я адчуў нарэшце,
 За што Ты ненавідзіш гэты свет.
 Нашто любіць, калі жывыя вершы
 Не згодныя, што іх стварыў паэт?
Калі радкі, паўстаўлыя з нябыту,
 Адчуўшы моц і подых Твой святы,
 Зрабіліся не светлаю малітвай,
 А сведкамі бязглуздых парадыгм?
Калі ў чарговай літары і косцы,
 Што мусілі засведчыць Твой працяг,
 Чытаеш раптам здрадлівае “досыць”,
 Бы белы сцяг, узняты на касцях?
Даруй, мой Бог, нянавісці пальчатку,
 Якую Ты мне кінуў у спакой,
 Я не падняў, бо я – твая асадка,
 Але не верш, закрэслены Табой.


 Букет
 Смерць нібы кветка вяргіні –
 Не належыць ні лету, ні восені.
 Толькі нябёсам сінім,
 Толькі аблокам бялёсым,
 Толькі самотным паэтам
 Смерць свае дорыць кветкі –
 Жоўты букет вяргіняў
 І пацалунак-іней…


 * * *
 Хто там ведае, што нас чакае?
 У пярэстым тумане жыцця
 Я не бачу ні пекла, ні раю,
 Ні зямлі абяцанай абсяг.
Так і цягнуцца дні-пантамімы.
 Следам смерць, асядлаўшы віхор
 Па фарватары сну вершалінаў
 Жоўтых дрэў адплыве да зор.


 Карыда
 Восень, якая жыла яшчэ ўчора,
 Падала лісцем на твар тратуараў,
 Енчыла крыкам варон каля сметніц,
 Дыхала поўна грудзьмі цеплатрасаў,
 Сёння памерла. Плашчом матадора
 Ранак зімовы мільгнуў перад тварам.
 Бітва прайграная. Стомлены вецер
 Шле пацалункі. Бура авацый.

Апублікавана

у