Яна Будовіч (№124)

Заплюшчыш вочы –
і пабачыш больш…

*  *  *

                 мінуламу

Поўніла

прорву пад лёдам

поўня…

Чаму, чаму не сышлі мы

ў срэбранае бяздонне?..

 

…Дна не было, і ламаўся дол пад рукамі.

Нявінныя, як анёлы, анёламі сталі б самі…

 

Ужо не станем –

так накасячылі, хоць адбаўляй:

сплыло

срэбранае святло,

і наш – цяпер непатрэбны – рай…

Ведаць бы толькі, якую

праходзім з місій,

хто

і нашто

выцягнуў нас тады

з той ледзяной бяды,

цягне й цяпер,

пульсуючы ў думках адным:

“Не спыніся!

Не марна нішто. Вер!!!”

 

Зрабіўшы такую ласку,

ізноў Ён схаваўся ў казку –

гляне раз-пораз адтуль, лагодны,

на свет, што хвілінку – цёплы,

ды век – халодны…

 

…Ты існуеш ад стрэчы да стрэчы –

як справаздача – празрыстыя вершы…

Быццам у Бога вымольваеш тое,

чаго не было і не будзе ніколі…

 

Я – ад жыцця спрабую схавацца,

са сценкаю зліцца, зашыцца ў працу…

 

Вавёркай па пеклавым коле –

рэальнасці дотык вянчаны з болем…

 

…Слухай, а раптам праўда:

раз Ён ратуе,

значыць, бязмежна добры

і ўсё даруе…

Поўня глядзела ў палонку срэбрам.

Гэтак і Ён –

у бяздонне душы –

любоўю, пяшчотай, даверам…

 

 

*  *  *

Заплюшчыш вочы – і пабачыш больш.

Сусвет у сэрцы птушанём заціх.

Святло пульсуе, і пульсуе боль.

Няма мяжы між імі і для іх…

 

 

*  *  *

Мне дастаткова Do

То і няхай гучыць!

Там, дзе Аідам уласны дом,

Dominus, не маўчы!

 

Хай цішыню разрэжа

Dominus, Do ўразлёт.

Смерць – як мяжа, а жыццё – бязмежжа, –

Так ці наадварот?

 

Той, хто ўяўляе доўга

Бездань як шчэрыць рот, –

Робіцца невымоўным

Для ўсіх жыцця даброт.

 

Dominus, Do, гучы!

Кліч у сапраўдны дом!

Толькі ў Цябе ключы…

Шлях, які ёсць жыццём.

 

 

*  *  *

Паразмаўляй са мной,

Анёле мой,

калі народ

у ноч на Новы год

на вулку высыпаў у пошуках прыгод,

а мне – нясцерпная самота.

 

Сябры – за кратамі ці за мяжой,

і толькі ты заўжды

за спінаю маёй

ад ліха выратоўваеш употай.

 

А лепш пакінь мяне, Анёле мой,

адна пабуду рэшту ночы.

Ляці і перадай “люблю” таму,

каму

пра гэта не скажу сама.

Хай стане хоць на міг цяплей яму.

Згадае хай: палярная зіма

сканчаецца аднойчы…

 

…Салюты. Весялосць. Гірлянд агні.

Як вернешся, Анёле, адпачні.

Я абяцаю берагчы сябе

ад рознага вар’яцтва,

Таго, каго люблю,

чакаць і дачакацца…

 

 

*  *  *

Пакіне лета на рачным пяску

той сум, што ператвораны ў муку.

 

Ён быў – і больш няма: ураз вада

змывае, паглынае без сляда.

 

Навошта сум рацэ, цікава мне.

Я плыні ў думках выкажу сумнеў:

 

– Цяпер замест мяне журыцца ёй?

– Узорам сыдзе з пенаю рачной.

 

З нябёсамі зліецца ў люстры дзён,

а ўночы зор малюнкам стане ён.

 

– А мне – пустэча – лепей ад яго?

Кранае вецер пер’е трыснягоў:

 

– Ляці, душа, ты ведаеш сама:

Манетка мае рэшку і арла…

 

 

*  *  *

Сум па нябёсах пераплавіўшы ў святло,

Анёл, якога кінулі ў жыццё без крылаў,

мяне пашкадаваў і атуліў цяплом.

Каб тое, як было ля Бога, не забыла…

 

 

*  *  *

Аблокі з-пад акоў туману выступаюць –

ты ўжо нібы не тут – абрысы гор

для позіркаў сустрэчных адкрываюць

свой спаконвечны снежны ўбор.

 

І непрыступныя ўзвышаюцца абліччы,

як вартавыя часу ў прывідным жыцці.

Пакінуць звыклы свет маўкліва клічуць

і да нябёсаў узысці.

 

 

Зацкаванасць

Апатыя

з’ядае рэшткі эмоцый,

жывіцца ценямі страхаў…

Выходзіць за межы цела,

запаўняе ландшафт,

шырыцца да далягляду…

Людзі – як бутафорыі.

Дэкарацыі

ў пустыні са штучным святлом.

І ты сярод іх –

мішэнню…

 

 

*  *  *

Цыкады думак, лабірынт бяссоння.

Размоў мінулых анфілады…

Хімеры, страхі, як з бяздоння,

вылазяць з памяці шуфлядаў…

 

 

*  *  *

Нябачны ля пляча майго – анёл.

Святлом нябесным моўчкі атуліў,

сагрэў, нібы ў далонях птушанё.

Пяшчоты Боскай з’ява на зямлі…

 

Бязвер’я, недаверу краты, што

былі мацнейшымі за лёс і кон,

у невараць знікаюць без слядоў.

Яснее позірк Бога. Побач Ён…

 

 

*  *  *

                              Уладзіміру Караткевічу

Згасае свечка…

Дзень датлее.

І жыццё.

Ды цьмянае святло паміж магіл

вандроўніку адкрыецца наноў:

глядзі: у кроку – небыццё.

Утульна, цёпла ў ім –

хадзі, хадзі дамоў!..

 

Душа бадзяжная рванецца

вышэй крыжоў

і стомленага сэрца:

я ўдома ўжо!

Мой дом – паўсюль –

любоў…

 

 

*  *  *

Трывог ланцуг і невымерны суму цяжар –

увесь набытак дзённы надвячоркам ляжа

ў нататнік вершамі ў недасканалай форме.

…Анёл пабачыць з-за пляча. Крылом агорне…

 

 

*  *  *

                              Яне Цэгле

ты перасоўвала дні

ў календары маім –

без тваіх рук

час разарваўся –

стаў калатушай

на бездарожжы

між “тут” і “цяпер”

 

словы твае

вярталі жыццё

кветкам засохлым –

цяпер

сочацца ў шчыліны казематаў

і ажыўляюць камні

ў турэмным двары

 

ды што да таго

вясне

якая

не мае ў каго вучыцца

і памірае

ў пятлі разлукі

тут…

 

Спякота

Дзень вахту здаў: расслаблены, прылёг

на коўдры траў паміж вяргінь ля дома.

…Акно ахоўваў мёртвы матылёк,

не мог спыніць – насоўвалася ўтома.

 

Запаланіла ўсё: пакой, спакой,

і мроі, і ўспаміны, вечар зыбкі…

І далячынь з няўцямнаю тугой

злівалася ў адно: гучала скрыпка…


Апублікавана

у